Жывая хронiка
Жывая хронiка
Найстарэйшае iнфармацыйнае агенцтва краiны — БелТА — сёння спраўляе 90-годдзе Яго вялiкасцi Факту верай i праўдай служыла не адно пакаленне белтаўцаў. Хвiлiна за хвiлiнай, год за годам яны вялi хронiку краiны. Вачыма фотакораў i журналiстаў мы i зараз можам пабачыць тагачаснае жыццё, пагартаўшы старыя падшыўкi. Сёння БелТа выпускае прыблiзна паўтары сотнi паведамленняў i сто фотанавiнаў з усiх куткоў краiны штодзень. Акрамя агенцтва ў структуры медыя-асiлка яшчэ штотыднёвая газета "7 дзён", часопiсы "Эканомiка Беларусi" i "Беларуская думка". Плюс выдавецкая дзейнасць, а таксама стварэнне сайтаў. БелТА зрабiла сабе iмя i ў дадатковых рэкамендацыях не мае патрэбы. Iншымi сталi маштабы працы, аднак нязменным застаўся прынцып. Хронiка як яна ёсць. Не ўчора, не заўтра, а менавiта сёння, лiтаральна зараз. Белтаўцы Першае, што бачыць наведвальнiк, трапляючы ў працоўны кабiнет генеральнага дырэктара БелТА Дзмiтрыя Жука — выслоўе Чэ Гевары на дзвярах "Стамiўся — адпачнi. Але пасля гэтага ты нiколi не будзеш байцом рэвалюцыi". Дык вось якi падыход да працы ў агенцтве? — Калi ты працуеш з iнфармацыяй, i ўпусцiў хоць нешта, расслабiўся на момант, то ўзнавiць ланцуг падзей практычна немагчыма. Вось гэта, напэўна, галоўнае ў рабоце рэпарцёра — ён павiнен быць пастаянна ў курсе ўсiх падзей, — упэўнены спадар Жук, якi сам пакаштаваў рэпарцёрскага хлеба. — Работа ў iнфармагенцтве дыктуе прэтэндэнту шэраг умоў. Па-першае, гэта павiнен быць чалавек усебакова адукаваны. Па-другое, мець выразнае мысленне i вылучаць галоўнае ў падзеi, яе сутнасць. I потым гэта лаканiчна i выразна перадаваць — так, каб дадатковых пытанняў у тых, хто спажывае iнфармацыю, не ўзнiкала. Па-трэцяе, валодаць прафесiйнай сумленнасцю. Ён не мае права выказваць сваё стаўленне да падзеi, калi рыхтуе паведамленне, — толькi яе ўдзельнiкаў цi аўтарытэтных у гэтай сферы спецыялiстаў. Аднак гэта зусiм не азначае, што журналiсты БелТА не маюць свайго меркавання. Для гэтага ёсць шмат iншых жанраў. Тыя ж каментарыi, якiя робяць журналiсты для ленты, акрамя таго, мы выдаём газету, часопiсы, таму спектр прымянення iх творчасцi вельмi шырокi i аналiтыкi таксама хапае. Па-чацвёртае, трэба, каб чалавек быў псiхалагiчна гатовы да працы ў нас. Персанал, прызнаецца кiраўнiк, падабраць цяжка. Таму многiх спецыялiстаў БелТА рыхтуе сваiмi сiламi: — Каб да нас трапiць, нельга прыйсцi на пятым курсе i сказаць "Я хачу працаваць у вас". Мы вядзём 7 — 10 журналiстаў пачынаючы з другога курса, гады праз два-тры разумеем, каго з iх хацелi б бачыць у сябе, i тады яны працуюць у нас на палову стаўкi. Фактычна яны праходзяць тут яшчэ i вытворчае навучанне, як гэта раней называлася. На жаль, выпускнiкi Iнстытута журналiстыкi слаба ведаюць асновы дзяржаўнага ладу, нацыянальнай эканомiкi. 98 са 100 выпускнiкоў, якiя прыходзяць да нас, хочуць пiсаць пра культуру... Таму апошнiм часам мы сталi аддаваць перавагу выпускнiкам факультэта мiжнародных адносiнаў, маладым эканамiстам. Шмат набiраем праграмiстаў, бо актыўна развiваемся ў iнтэрнэце. Сярэднi ўзрост працаўнiкоў агенцтва — 37 гадоў. Эпахальныя падзеi Найстарэйшая iнфармацыйная служба i дзяржава — аднагодкi. Першая нават узнiкла сямю днямi раней. Таму вехi яе гiсторыi — гэта цэлая эпоха. — Бюро БелРасТА (Расiйскага тэлеграфнага агенцтва) было адкрыта за тыдзень да стварэння БССР. Многiя гiсторыкi мяркуюць, што якраз-такi з мэтай асвятлення менавiта гэтай падзеi, — распавядае малады гендырэктар БелТА, якi займае сваю пасаду пяць гадоў. — Далей гэта, безумоўна, гады грамадзянскай вайны, а пасля гады аднаўлення, будаўнiцтва. Тады выкарыстоўвалiся разнастайныя формы, вельмi далёкiя ад тых, што мы сёння бачым — гэта i плакаты, i тэлеграмы, нават агiтканцэрты, выступленнi перад калектывамi. Найбольш актыўным, напэўна, у той час было Вiцебскае аддзяленне. Магчыма, таму што ўсё ж такi частка тэрыторыi Беларусi была акупавана. А можа з-за крэатыўнасцi, як цяпер прынята казаць, яго кiраўнiцтва. Адным з супрацоўнiкаў — спадаром Мернiным — у 1921 годзе былi выведзены вельмi цiкавыя запаведзi журналiста, актуальныя i сёння. Вось напрыклад "Не пiшы нi аднаго такога артыкула, прачытаць якi ў цябе самога не хапiла б цярпення" — грашым гэтым, праўда? Калi казаць пра сутнасць журналiсцкай працы цi пра тыя задачы, якiя ставiлiся на зары стварэння iнфармацыйнай службы Беларусi, яны ў прынцыпе засталiся нязменнымi. Хутка, выразна, праўдзiва iнфармаваць насельнiцтва краiны i сусветную супольнасць аб рашэннях улады, падзеях, якiя адбываюцца ў дзяржаве. I праўдзiвасць пры гэтым не прыносiцца ў ахвяру аператыўнасцi. Белтаўцы ведаюць кошт памылцы i выразна ўсведамляюць рознiцу памiж "даведацца першым" i "даведацца напэўна". — У Беларусi зарэгiстравана дзевяць iнфармагенцтваў, так што канкурэнцыя ёсць. Той, хто кажа другiм, ужо апраўдваецца. На жаль, гэтага не разумеюць многiя нашы дзяржаўныя чыноўнiкi. У вынiку яны самi апраўдваюцца i вымушаюць за сябе апраўдвацца журналiстаў. Зразумець, што заявiць першым сваю пазiцыю — гэта не дрэнна, а наадварот, выйгрышна, сёння нямногiя здольныя. Хоць ёсць i прыемныя выключэннi. Мы iмкнёмся апярэдзiць канкурэнтаў, але i даражым сваiм iмем — даём толькi правераную i дакладную iнфармацыю. Таму БелТА сёння мае аўтарытэт i немалую нiшу на рынку. У нашых паведамленнях вы не сустрэнеце "крынiц з блiзкага акружэння палiтыка" або "дзеяча, якi пажадаў застацца неназваным". Сёння да нас вяртаюцца многiя клiенты, якiх мы страцiлi са з’яўленнем iнтэрнэту, калi iнфармацыя стала даступнай (такi адток адчулi тады ўсе iнфармагенцтвы). Проста яны зразумелi, што для прыняцця рашэнняў патрэбна дакладная, праўдзiвая iнфармацыя. А тое, што прапануе сёння iнтэрнэт, не заўсёды адпавядае рэчаiснасцi. Калi мы прыходзiм у краму, то ўзяўшы ў рукi тавар, даведваемся пра яго вытворцу, тэрмiн прыдатнасцi i гэтак далей. Чаму тады мы такiя бесклапотныя ў тым, што датычыцца iнфармацыi? Калi на сайце вы не ўбачылi, хто з вамi кантактуе па той бок манiтора, варта крытычна ставiцца да напiсанага i не ўсё прымаць на веру. У Дзмiтрыя Жука на гэты конт даволi катэгарычныя погляды. У свой час ён нават прапаноўваў стварыць нешта накшталт Асацыяцыi адказных iнтэрнэт-выдаўцоў, якiя бралi б на сябе пэўныя абавязкi ў плане прадастаўлення iнфармацыi i маглi б карыстацца адмысловым лагатыпам аб’яднання — гэткiм знакам якасцi. Як сустрэлi iнiцыятыву калегi? — Яна, безумоўна, знайшла водгук — розны... Тым не менш, сур’ёзныя iнтэрнэт-выдаўцы падтрымалi гэту iдэю. Аднак у хуткiм часе ўступiць у сiлу новая рэдакцыя закона аб СМI, там у прыватнасцi рэгламентавана работа iнтэрнэт-версiй традыцыйных мас-медыя. Таму больш правiльна будзе паглядзець, як стане развiвацца сiтуацыя ў сувязi з гэтым. Пасля таго, як мы ўбачым, як аформiлася iнфармацыйнае iнтэрнэт-поле, можна будзе меркаваць, як арганiзоўваць асацыяцыю. Ну а пакуль медыйны знак якасцi не распрацаваны, БелТА можа пахвалiцца шмат якiмi iншымi знакамi адрознення: у яго скарбонцы — безлiч узнагарод, у тым лiку нязменная "Залатая лiцера", а таксама Спецыяльная прэмiя Прэзiдэнта за серыю плакатаў "За Беларусь!". Так-так, маляўнiчыя выявы, знаёмыя кожнаму гараджанiну — таксама "справа рук" БелТА. — Мы вярнулiся крыху да сваiх традыцый — тых "Вокнаў РосТА", дзе былi плакаты. Над гэтым праектам працаваў цэлы калектыў — мастакi, фатографы, рэдактары. Тут праявiўся, як нi ў якiх iншых момантах, карпаратыўны дух, работа на адзiную мэту. Ну i для мяне асабiста ў гэтым праекце прыемна тое, што ўсе плакаты пазiтыўныя. На жаль, сёння гэтага ў нашым жыццi вельмi нестае. I гэта праца не спыняецца, плакаты "Мы — беларусы" i многiя iншыя — усё гэта выходзiць з творчай майстэрнi БелТА. Адной нагой у будучынi Сказаць, што iнтэрнэт развiваецца вельмi iмклiва, — фактычна прамаўчаць. Здаецца, навiнку яшчэ не паспелi прыдумаць, як яна ўжо састарэла. Такiя яны, высокiя тэхналогii. I ў беларускiм медыйным полi гульцоў становiцца ўсё больш. Як не згубiць i не згубiцца ў канкурэнтнай барацьбе? Цi плануе кампанiя, у складзе якой сёння не адзiн сродак масавай iнфармацыi, выходзiць яшчэ i на рынак аўдыёвiзуальных медыя? — У першую чаргу БелТА — гэта iнфармацыйнае агенцтва, — падкрэслiвае Дзмiтрый Жук. — I ўсё астатняе, што робiцца ў нашым агенцтве, я не называў бы гэта холдынгам, — заснавана на стварэннi iнфармацыi. У аснове ўсiх нашых праектаў — дзве службы: служба iнфармацыi i рэдакцыя фотаiнфармацыi. Усё астатняе — вытворнае. 20 гадоў таму была створана газета "7 дзён". Востры, "зубасты" штотыднёвiк хутка знайшоў сваiх чытачоў. Сёння ён арыентаваны на сям’ю, працуе як асобная рэдакцыя, але ў аснове яго ляжыць iнфармацыйная пляцоўка БелТА. Больш як 40 тыс. падпiсчыкаў, прычым ведамасная падпiска — каля пяцi працэнтаў, а ўсё астатняе — iндывiдуальныя падпiсчыкi. За гэту газету народ галасуе рублём. Для нас гэта дарагога каштуе, i мы стараемся не падмануць iх спадзяваннi, быць цiкавымi. Часопiсы таксама выраслi з таго, што мы валодаем iнфармацыяй, банкам звестак фотаздымкаў. У нас ёсць людзi, гатовыя аналiзаваць, друкаваць, выдаваць. Дарэчы, у выдавецтве за мiнулы год 36 кнiг выпусцiлi. Сёлета плануем больш. А вось ствараць сваю радыёстанцыю цi тэлеканал... Навошта? Гэта не патрэбна нi краiне, нi нашаму прадпрыемству. У нас сёння дастаткова i fm-станцый, i радыёстанцый, якiя працуюць у сярэднiм, кароткiм дыяпазоне, i арыентаваных на замежжа. Чатыры цэнтральныя тэлеканалы, а колькi яшчэ праграм у рэгiёнах... Аднак сайт, безумоўна, будзе развiвацца. I невялiкiя вiдэа-сюжэты не выключаны. Мы працуем таксама над пашырэннем моўных версiй нашага сайта (мiж iншым, англамоўная версiя БелТА летась атрымала "Iнтэрнэт-прэмiю" як найлепшы iншамоўны партал пра Беларусь. — Аўт.). Але ведаеце, мне здаецца, сутнасць iнтэрнэту не толькi ў сэрвiсах, але i ў тым, што мы туды выкладваем. На сайце БелТА размешчана толькi ўласная iнфармацыя, падрыхтаваная нашымi журналiстамi. I казаць аб тым, што мы будзем канкурыраваць па наведвальнасцi з сайтамi, якiя выкарыстоўваюць 5 — 10 крынiц, — не даводзiцца. Аднак калi параўнаць такiя паказчыкi, як наведвальнасць i цытуемасць, то бачна, што ў многiх наведвальных рэсурсаў цытуемасць невысокая i наадварот. Да рэкламы тут падыходзяць вельмi i вельмi асцярожна, дазiравана: "У нас сайт — гэта спосаб паведамлення iнфармацыi, а не iнструмент зарабляць грошы", — тлумачыць прынцыповую пазiцыю гендырэктар БелТА. У планах юбiляраў — пашырацца, пашырацца i яшчэ раз пашырацца: каб спажыўцоў актуальнай i супераператыўнай iнфармацыi станавiлася ўсё больш. Пашыраюцца i замежныя сувязi. — У нас вельмi добрыя кантакты з цэнтральнымi iнфармацыйнымi агенцтвамi краiн СНД. Супрацоўнiчаем з такiмi буйнымi агенцтвамi, як Сiньхуа, Рrеnsа Lаtinа, наша iнфармацыя iдзе на Рэйтар. На стадыi падпiсання цяпер пагадненне з Юнхапньюс — карэйскiм агенцтвам. З’яўляюцца даволi шырокiя эканамiчныя кантакты з Паўднёвай Карэяй, i мы стараемся дапамагаць у атрыманнi iнфармацыi. Карэспандэнцкая сетка таксама разрастаецца: апроч традыцыйных для абласных цэнтраў бюро БелТА, створаны пункты ва ўсiх памежных з Беларуссю дзяржавах, акрамя Латвii. Аднак i гэты прабел кiраўнiцтва ў хуткiм часе разлiчвае запоўнiць. Сабкары БелТА ёсць у Варшаве, Вiльнюсе, Маскве, Кiеве, Кiшынёве i нават Нью-Ёрку. Адмысловае свята 90-годдзе — асаблiвая дата: ёсць нагода для лiрычнасцi i медытатыўнасцi. Таму i святкаванне асаблiвае. — Гэта не будзе святкаваннем у звыклым сэнсе. Да юбiлею мы падрыхтавалi фотаальбом. I сёння правядзём яго прэзентацыю ў кiнатэатры "Беларусь", — кажа Дзмiтрый Жук. — Альбом па сутнасцi пра гiсторыю Беларусi — 90 гадоў разам з краiнай. Гэта погляд сучаснiка на сучаснiка. Я заўважаў, што людзi, разглядваючы старыя фотаальбомы, вельмi ўважлiва ўзiраюцца ў твары, нiбы спрабуюць зразумець, чым жылi гэтыя асобы. Мне здаецца, гэты альбом крыху прыадкрые заслону... Няхай i надалей БелТА застаецца гэткiм першаадкрывальнiкам — пралiвае святло на вартыя ўвагi падзеi, з’явы, а ў яго аб’ектыве будзе сучаснiк — герой нашага часу, — такi, як ёсць. Шчыра вiншуем калег з юбiлеем! Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Найстарэйшае iнфармацыйнае агенцтва краiны — БелТА — сёння спраўляе 90-годдзе Яго вялiкасцi Факту верай i праўдай служыла не адно пакаленне белтаўца
|
|