21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

2008-мы ў беларускай культуры

26.08.2009 15:01 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

30 декабря 2008 Культура
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY Напярэдадні Новага года TUT.BY звярнуўся да экспертаў з просьбай акрэсліць падзеі-2008 у галіне культуры.

2008-мы ў НАЦЫЯТВАРЭННІ

Валянцін АКУДОВІЧ, філосаф, літаратар:

— Нацыі выдумляюцца ў інтэлектуальных лабараторыях, але творацца праз штодзённыя практыкі рэальнага жыцця. Таму для нацыястваральных працэсаў самымі важнымі з’яўляюцца не ідэалагічныя, а сацыяльна-эканамічныя і палітычныя падзеі краіны. У 2008 годзе такіх было багата. Сярод найбольш маштабных згадаю аб’яўленую лібералізацыю і першыя спробы ўлады злучыць Беларусь з Еўропай. Апошняе асабліва істотнае. Без Еўропы Беларусь заўсёды будзе непоўнай. Інакш кажучы, пакуль мы не набярэмся да патрэбнай нам меры еўрапейскасці, датуль, як нацыя, будзем заставацца недаробленымі. І ў гэтым плане прамінулы год можа апынуцца “гістарычным”, калі чарговая прыхамаць улады зноў не заблакуе нас ад Захаду.

Што да ўласна нацыянальна-культурнага кантэкста, дык тут апошнім часам нічога значнага не адбывалася. Хіба што варта згадаць нядаўна распачатую агульнанацыянальную ініцыятыву “Будзьма”, якая ставіць сабе за мэту ахапіць культурнымі практыкамі ды імпрэзамі ўсю краіну. Невядома, як яно будзе далей, але пачалася ініцыятыва і эфектна і эфектыўна.

Ні з кім персанальна 2008 год у мяне не асацыюецца. Прынамсі, новых “герояў” я не заўважыў, а былых хапала адно на тое, каб трымацца свайго статусу.

2008-мы ў ЛІТАРАТУРЫ

Пятро ВАСЮЧЭНКА, літаратар, крытык, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту:

— Галоўнай літаратурнай падзеяй году ў Беларусі лічу стварэнне выдавецтва “Галіяфы”, арганізатарамі якога з’яўляюца паэты Зміцер Вішнёў і Міхась Башура, куратарам — акадэмік Уладзімір Гніламёдаў. Гэтая ініцыятыва спрыяе пашырэнню беларускага слова і найноўшай літаратуры на “другім фронце мастацтваў” — выдавецкім. Можна казаць і пра культурны выбух: у “Галіяфах” ужо выйшла з дзесятак кніжак.

Другая падзея — 125-гадовы юбілей Вацлава Ластоўскага, які, на маю думку, адзначаўся досыць сціпла. Напэўна, гэта самы загадкавы аўтар нашай літаратуры. Па сутнасці, мастацкія адкрыцці, якія Ластоўскі здзейсніў на пачатку ХХ стагоддзя, апелююць да эпохі постмадэрнізму, і. натуральна, заслугоўваюць большай увагі.

Нельга абмінуць і галоўную падзею году ў свеце, якая ў хуткім часе стане прадметам літаратуры, — фінансавы крызіс. Мне ўсё гэта падаецца другім апакаліптычным знакам чалавецтву (першым было глабальнае пацяпленне), што яно абрала няправільны шлях развіцця. У свеце столькі грошай і рэчаў, колькі чалавеку не трэба. Далейшае напампоўванне доларамі эканомікі і павышэнне валавага прадукту ні да чаго не прывядзе. Рана ці позна нам прыйдзецца рэфармаваць уласныя патрэбы, адмаўляцца ад рэчаў матэрыяльнай культуры дзеля жывой прыроды, клімату, духоўнасці. Гэтаму прысвечаныя дзве мае новыя кнігі, што пабачылі свет сёлета: экалагічная казка “Каляровая Затока” і зборнік вершаў "Пiрамiда Лiннея". Так спраўдзілася мая мара: спляліся два захапленні юнацтва — літаратура і біялогія.

Што да падзеяў літаратурнага жыцця, адзначу абранне Андрэя Хадановіча новым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру. 35-гадовы паэт стаў самым маладым кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі ў гісторыі Беларусі.

2008-мы быў і годам стратаў. Сёлета ад нас адышлі літаратуразнаўцы Генадзь Кісялёў і Алег Лойка, паэтка і перакладчыца Ніна Мацяш. Кожны з іх быў цэлай эпохай для айчыннай літаратуры, і іх адыход — незаменны.

2008-мы ў ПОП-КУЛЬТУРЫ

Максім ЖБАНКОЎ, культуролаг, кінааналітык:

— Падсумоўваючы культурніцкія вынікі 2008-га году, варта адзначыць: асаблівых знаходак і прарываў не было. На мой погляд, падзеі характарызаваліся з большага аднастайнасцю і прадказальнасцю. Што да тэндэнцыяў, варта адзначыць перадусім калькаванне старых канцэптаў і схемаў культурнага жыцця, пры дапамозе якіх нашыя культурныя героі прэзентавалі сябе. Маю на ўвазе, напрыклад, такія малавыразныя рэчы, як сольны рэліз Лявона Вольскага “Куплеты і прыпевы” альбо абсалютна няўдалы рымэйк старога савецкага фільма “Розыгрыш”, зробленага нашым рэжысёрам Андрэем Кудзіненкам на расійскую замову. Паспяховы праект “Свабодны тэатр” сёлета таксама працаваў хай і стабільна, але прадказальна.

Іншая тэндэнцыя: крэатыўны правал замежных праектаў для (альбо з нагоды) Беларусі. Гэта абсалютна пусты і кан’юнктурны канцэрт у Варшаве “Салідарныя з Беларуссю”, (дзе той Беларусі амаль й не было), а таксама прапагандысцкі, правінцыйны і павярхоўны тэлеканал “Белсат”, які, атрымаўшы на пачатку велічэзны крэдыт даверу ад беларускага гледача, так і не здолеў за год свайго існаваньня яго паспяхова выкарыстаць.

Трэцюю тэндэнцыю можна акрэсліць як глабальную “бульбашызацыю” афіцыйнай поп-прасторы. Яна выяўляецца ў апалогіі і прапагандзе дуркаватых, жыццярадасных персанажаў як нейкай формулы беларускай нацыянальнай свядомасці. Вельмі паказальна, што на айчынным ТБ год пачаўся з “бульбашаванай” “Паўлінкі-New” і цяпер скончыўся па сутнасцю той самай “паўлінкай”, толькі на экспарт — афіцыйным канцэртам беларускай папсы ў Варшаве. У абодвух выпадках атрымалася прафанацыя нацыянальнай ідэі, яе пераўтварэнне ў своеааблівы комікс для замежнікаў, калі замест годнага, свядомага іміджу нацыі маем няўцямных сялян з патаемным комплексам непаўнавартасьці.

Што да пазітыву і крэатыву, ён знайшоў сваё адлюстраванне не ў сістэмных, а ў лакальных “партызанскіх” акцыях. Згадваецца два вельмі розныя, але якасныя нонканфармісцкія праекты: альбом “Маніфест” “Ляписа Трубецкого” і кніга берасцейскага паэта Сяргея Прылуцкага "Дзевяностыя forever". Менавіта гэтыя рэчы, якія дэманструюць аўтарскую свабоду і незалежнасць ад заезджаных ідэалагічных канцэптаў, і ёсць, магчыма, будучыня нашай культуры. Мне падаецца, што мы апынуліся напярэдадні радыкальнай ратацыі культурных герояў. Старое мастацтва губляе сваю вартасьць на нашых вачах. Варта чакаць новай хвалі белкульту. І ёсць спадзеў, што гэта адбудзецца менавіта ў наступным годзе.

2008-мы ў МУЗЫЦЫ

Сяргей БУДКІН, музычны крытык, каардынатар праекту “Тузін гітоў”:

— Гэты год з пэўнасцю можна назваць годам "Ляпісаў". Летась яны выдалі вельмі моцны альбом "Капітал", але тады ім знайшліся канкурэнты — новыя альбомы якраз запісалі іншыя рок-каралі — НРМ і “Нейра дзюбель”. Сёлета каманды Вольскага і Куллінковіча нічым новым не парадавалі, а "Ляпіс" ізноў запісаў магутнейшую працу — "Маніфест". На кружэлцы — палова хітоў: цудоўная "12 обезьян", "Зорачкі" і, канешне ж, “Belarus Freedom”. Да ўсяго відэаўвасабленні песень Міхалка працягваюць пераможнае шэсце па планеце — эстафету ад кліпа на "Капітал" пераняў іншы ролік Аляксея Церахава - "Аганькі".

З вартых альбомаў году — "Сон-трава" і "Жар-Жар" ад "Троіцы", перасэнсаванне на беларускі манер савецкіх шлягераў "З бацькоўскай кружэлкі" ад Алеся Камоцкага, цудоўны дыск інструмэнтальных п'есаў ад майстра Аляксандра Растопчына, новыя альбомы "ДзеціДзяцей" і IQ48.

З падзеяў калямузычных хочацца адзначыць дзьве журналісцкія працы. Унікальны радыёцыкл Віктара Сямашкі "Беларускі андэграўнд 60-70 - х", што трансляваўся на радыё “Юністар”, а потым быў змешчаны на "Тузіне Гітоў" — першае падобнае даследаванне ды яшчэ з прыцягненнем архіўных матэрыялаў (песьні, здымкі, ўспаміны). І выхад "Энцыклапедыі беларускай поп-музыкі" Змітра Падбярэзскага — такога выданьня даўно не ставала.

2008-мы ў МАСТАЦТВЕ І НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СПАДЧЫНЕ:

Сяргей ХАРЭЎСКІ, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры:

— Гэты год быў цікавым для аматараў выяўленчага мастацтва. У сакавіку ў мінскім “Палацы мастацтваў” прайшла кранальная й змястоўная выстава твораў славутага беларускага мастака, аўтара эталону герба "Пагоня" Яўгена Куліка.

Працягвала экспанавацца выдатная выстава Пікаса, Лежэ і ягонай жонкі Надзеі Хадасевіч са збораў Нацыянальнага мастацкага музею. Шкада, што яна не засталася стацыянарна ў асноўнай экспазыцыі. Тамсама, у будынку Нацыянальнага музею прайшла ўнікальная вялікая выстава твораў Ніколы Пірасманішвілі. Падонага няма як паглядзець нават на радзіме мастака ў Грузіі.

Забаўная канцэптуальная выства "Арт-Бульба" ладзілася ў мастацкай галерэі "Інстытут Культуры". Дзіўна, але гэта адзінае яркае мерапрыемства, што прайшло ў міжнародны Год бульбы. Таксама дзіўна, чаму ніхто не адзначыў належным чынам 70 годдзя Саюзу мастакоў Беларусі…

У салёне-галерэі "Падземка" выстаўляліся творы Міхаіла Гуліна, Руслана Вашкевіча, Зоі Луцэвіч, што былі недапапушчаныя цэнзураю да Першага біэнале сучаснага мастацтва.

Сёлета ж, заўчасна сыйшоў з жыцця мой калега і сябра, слынны беларускі фотамастак, культурны герой Валеры Лабко. Вечная памяць!

У 2008 годзе былі знішчаныя дзясяткі помнікаў архітэктуры і археалогіі па ўсёй краіне. Гэтак да Дажынак у Воршы знеслі будынак старасвецкай карчмы ХІХ ст., вакзальны гатэль пачатку ХХ стагоддзя, будынак прыстанцыйнай школы 1905 году, цагляны будынак апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя па вуліцы Мінскай, увесь комплекс старых будынкаў вуліцы Савецкай. Тамасама, у Воршы, перанеслі помнік Караткевічу, каб на ягоным месцы зрабіць… туалет.

А ў Мінску, не гледзячы на пратэсты грамадскасці і дзеячоў культуры, на месцы помніка Максіму Багдановічу будуюць дэкаратыўны фантан. У сталіцы за гэты год зруйнавалі таксама нямала ўнікальных помнікаў Вехняга гораду XVIII-ХІХ стагоддзяў па вуліцы Рэвалюцыйнай, Гандлёвай, Кірылы і Мяфоды, на плошчы Свабоды, якія на ахоўнай тэрыторыі фармальна мелі статус недатыкальных. Знішчаныя таксама гістарычныя дамы па вуліцы Камсамольскай і Энгельса… І гэты сумны спіс не скончаны.

Сёлета вельмі значнымі, а дакладней, знакавымі былі мерапрыемствы, звязаныя з 200-годдзем нараджэння Дуніна-Марцінкевіча, 90-годдзем БНР, 65 гадавінаю знішчэння Мінскага гета.

Што да юбілея класіка айчыннай літаратуры, мерапрыемстваў было нямала, але, відавочна, яны прайшлі не на дзяржаўным узроўні.

Не выпадала чакаць ад уладаў і спрыяння ў святкаваньні 90 гадоў БНР. Тым больш прыемным сюрпрызам стаў круглы стол у рэдакцыі “Советской Белоруссии". Пасля гэтага з’явіліся шматлікія публікацыі і ў іншых дзяжаўных СМІ. Аднак ані мемарыяльных знакаў, ані адмысловых выставаў, маштабных грамадскіх мерапрыемстваў улады не дазволілі. Тым больш каштоўнымі былі шматлікія ініцыятывы, зладжаныя людзьмі на грамадскіх пачатках у Гродне, Мінску, Брэсце…

Увосень у Беларусі ўшаноўвалі памяць ахвяраў Халакосту і 65 гадоў знішчэння Мінскага гета. Гэтым разам маштаб мерапрыемстваў быў куды большы, чым раней. Але жалобныя ўрачыстасці раскрылі і бездань няведання беларусамі адной з самых вусцішных старонак нашай гісторыі.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 декабря 2008 Культура Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY Напярэдадні Новага года TUT.BY звярнуўся да экспертаў з просьбай акрэсліць падзеі-2008 у галіне культуры.2008-мы ў НАЦЫЯТВАРЭННІВалянцін АКУДОВІЧ, філосаф, літаратар: — Нацыі выдумляюцца ў інтэлектуальных лабараторыях, але творацца праз штодзённыя практыкі рэальнага жыцця.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика