Летапіс дзяржавы захоўвае шмат сакрэтаў
Летапіс дзяржавы захоўвае шмат сакрэтаў
1594 год. Пад кiраўнiцтвам канцлера Вялiкага Княства Лiтоўскага Льва Сапегi пачынаецца перапiс старых архiўных дакументаў — метрык. Магчыма, гэты славуты дзеяч прадбачыў, што iнфармацыя, сабраная папярэднiкамi, можа не захавацца, старыя метрыкi пазней загiнулi, а "перавыдадзеныя" канцылярыяй у канцы ХVІ — пачатку ХVII стагоддзя дажылi да нашых дзён. Цэлы штат сачыў за тым, каб копii адпавядалi арыгiналам, пра што сведчаць запiсы на палях метрык. I цяпер дзякуючы метрыкам можна атрымаць iнфармацыю пра гiсторыю Беларусi i сумежных дзяржаў, пачынаючы з ХV па ХVIII стагоддзе. Копii разнастайных дакументаў, якiя выдавалiся ад iмя вялiкага князя або ўпаўнаважаных прадстаўнiкоў вярхоўных органаў улады, кiравання i суда, а таксама прыватныя дакументы, якiя траплялi ў канцылярыю, старанна збiралiся. Яны аб’ядноўвалiся ў асобныя сшыткi, а пасля сшывалiся ў кнiжкi. Метрыка стала асновай дзяржаўнага архiва Вялiкага Княства Лiтоўскага. Звесткi з яе выкарыстоўвалiся ў юрыдычных i даведачных мэтах як прадстаўнiкамi вышэйшай улады, дзяржаўнымi ўстановамi, так i мяшчанамi. На аснове архiўных матэрыялаў па адпаведных запытах выдавалiся юрыдычна завераныя дакументы. Метрыка была своеасаблiвым пашпартам краiны, атрыбутам дзяржаўнага ладу, судовай i прававой сiстэм Вялiкага Княства Лiтоўскага. На сёння захавалася больш за 600 такiх кнiг, i ў параўнаннi з многiмi архiўнымi дакументамi iншых краiн нашы знаходзяцца ў някепскiм стане. Не кожная краiна можа пахвалiцца такiм захаваннем сярэднявечнай архiўнай спадчыны. Вось толькi, на жаль, знаходзяцца гэтыя дакументы не ў нас, а ў Расii, куды вывезены яшчэ ў ХVIII стагоддзi пасля далучэння Беларусi да Маскоўскай iмперыi. Не многiя навукоўцы могуць паехаць працаваць з архiвамi ў iншую дзяржаву, акрамя таго, каб мець доступ да фалiянтаў, патрэбна атрымаць шэраг дазволаў. А яшчэ чалавек, пасля таго, як пакарыстаўся пэўным архiўным дакументам, не можа ўзяць яго зноў на працягу года. Усё гэта ўскладняе вывучэнне старажытных крынiц. Але сёння ў нас з’яўляюцца сучасныя перавыданнi "Метрык", i таму больш народу атрымае доступ да iнфармацыi, якую старанна iмкнулiся захаваць нашы продкi. Нiводная з вялiкiх прац па гiсторыi Беларусi, Лiтвы, Украiны, i, безумоўна, Вялiкага Княства Лiтоўскага не зможа абысцiся без вывучэння "Метрыкi". Але гэтыя архiўныя дакументы, нягледзячы на тое, што яны ўжо не раз траплялi ў рукi розных даследчыкаў, тояць ў сабе шмат разнастайных сакрэтаў. Каб нават толькi перавыдаць усе "Метрыкi Вялiкага Княства Лiтоўскага" сiламi нават цэлага Iнстытута, хопiць працы не на адно пакаленне, упэўнены супрацоўнiк аддзела спецыяльных гiстарычных навук Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi, археограф Валерый Мянжынскi. Працы з Метрыкамi ён аддаў ужо больш за 25 гадоў, i дзякуючы яму на Беларусi надрукавана ўжо чатыры кнiжкi запiсу (яшчэ 2 падрыхтаваны калегамi). Перавыданнем метрык займаюцца i навукоўцы iншых краiн. Так, у Лiтве выйшла з друку ўжо каля трыццацi кнiжак. Але калi ў нас пакуль выданнем метрык стала займаецца толькi адзiн вучоны (яго калегi працуюць над метрыкамi, калi выпадаюць асобныя дзяржаўныя "гранты" пад гэтую справу), у суседзяў iснуе цэлая праграма, па якой кнiжкi рыхтуе вялiкi калектыў навукоўцаў з Iнстытута гiсторыi Лiтвы i з Вiленскага ўнiверсiтэта. Таму i выданне кнiг там iдзе значна большымi тэмпамi. Хоць, як заўважае Валерый Мянжынскi, у метрыках утрымлiваецца больш iнфармацыi, якая геаграфiчна датычыцца Беларусi, у многiх кнiгах яе ад 45 да 75 працэнтаў, астатнiя звесткi датычацца iншых краiн — Лiтвы, Польшчы, Украiны. Перавыданне старажытных дакументаў — не таннае задавальненне, у Беларусi маюцца толькi iх мiкрастужкi, а каб падрыхтаваць якасную кнiжку, неабходна працаваць з арыгiналамi ў маскоўскiм архiве, усё ж кожная метрыка "жывая". На яе палях можа быць iнфармацыя, пакiнутая карыстальнiкамi як у старажытнасцi, так i ў нашы часы, археограф здольны расшыфраваць гэта, толькi трымаючы ў руках арыгiнал. А яшчэ яму трэба бачыць, у якiм стане знаходзiцца кнiга, якога колеру папера, якiя вадзяныя знакi на ёй, як выглядаюць пячаткi, якiмi завяралiся дакументы. У такiх выданняў, як "Метрыкi", невялiкi наклад, што адбiваецца на сабекошце. Таму i складана навукоўцу было вырашаць пытаннi з выхадам кнiжак у друк. Напрыклад, першая "Метрыка", падрыхтаваная беларускiм вучоным, чакала свайго выдання тры гады. Затое, як яна выйшла, набыць яе пажадалi больш за дзесяць замежных унiверсiтэтаў, у тым лiку Кембрыдж i Оксфард. Пазнейшыя выданнi таксама маюць попыт у навукоўцаў з розных краiн, калi нашы вучоныя едуць за мяжу, вязуць з сабой "метрыкi", замоўленыя замежнымi калегамi. — Мне прапаноўвалi выдаваць кнiгi ў замежжы, але я адмовiўся. Так атрымалася б, што гэта не наша спадчына, метрыкi падрыхтаваныя ў Беларусi, залiчвалiся б "у актыў" iншай краiны — выдаўца, — упэўнены Валерый Мянжынскi.— А мiж iншым, такiя крынiцы разнастайнай гiстарычнай iнфармацыi, будуць служыць стагоддзi. Метрыкi могуць быць цiкавымi не аднаму пакаленню самых розных даследчыкаў: гiсторыкаў, правазнаўцаў, этнографаў, лiнгвiстаў, генеолагаў, асобаў, якiх цiкавiць старажытная вопратка, зброя, нумiзматыка. Цiкавай кнiга будзе i проста для людзей, якiя вывучаюць свой радавод, займаюцца краязнаўчымi даследаваннямi. Скажам, у апошняй падрыхтаванай Валерыем Мянжынскiм Метрыцы — кнiжцы 30 (1480—1546 гады) сустракаецца каля 800 асобаў. Гэта людзi розных сацыяльных груп, заняткаў, нацыянальнасцяў. Магнаты, князi, дваране, святары, шляхта, сяляне. Тут узгадваюцца такiя асобы, як Вiтаўт, Жыгiмонт I Стары i Жыгiмонт Аўгуст, княгiня Бона. А, напрыклад, у 43-й кнiзе дзяржаўнага архiва Вялiкага Княства Лiтоўскага ёсць звесткi пра больш чым 300 асобаў, сярод iх i звесткi, звязаныя з жыццём Астафiя Валовiча, князямi Гальшанскiмi, Слуцкiмi, Радзiвiламi. Дзякуючы вывучэнню самiх метрык можа быць адкрыта шмат цiкавых фактаў, звязаных з гiсторыяй нашай краiны. Рыхтуючы метрыкi да перавыдання, я знаходзiў шмат рэчаў, пра якiя не чуў раней. Iнфармацыя пра некаторых асобаў, якiя называюцца ў гэтых канцылярскiх дакументах, можа сустракацца i ў iншых крынiцах, але тут яна даецца больш пашырана цi з нейкiмi нюансамi. Звестак пра многiх людзей, "задакументаваных" у гэтым дзяржаўным летапiсе, асаблiва, калi яны не маюць высокага статусу, напрыклад, як дробная шляхта, не знойдзеш нi ў якiх iншых крынiцах, — заўважае вучоны. Дакументы метрык сведчаць пра тыя факты, якiя ўтойвалiся ад самiх жа насельнiкаў Беларусi. Так, маскоўскiм самадзержцам нявыгадна было, каб беларусы ведалi сваю гiсторыю, трэба было стварыць уражанне, што наша краiна добраахвотна далучалася да iмперыi, хоць метрыкi паказваюць зусiм iншае: што пачынаючы з ХV стагоддзя на нашай тэрыторыi бясконца iшлi войны... Ёсць i такiя дакументы, з якiх бачна, што наша краiна ўвесь час рыхтавалася да абароны, напрыклад, што князь клапацiўся пра ўзвядзенне спецыяльных умацаванняў у мястэчках — парканаў. Калi чытаеш метрыкi, бачна, што княства нi на кога не нападала, большасць з войнаў неслi абарончы характар, альбо мелi на мэце адваяваць раней захопленыя землi. Тут сабраныя дакументы, пачынаючы з распараджэнняў Вялiкага князя аб стварэннi мястэчак, прывiлеях да разбору маёмасных спрэчак сярэдняй шляхты. Кнiгi насычаны рэалiямi паўсядзённага побыту, звычаяў, традыцый розных пластоў грамадства, з "Метрык" можна даведацца пра матэрыяльную культуру продкаў, iх духоўнае жыццё, менталiтэт насельнiцтва ВКЛ. Вядома, гэта даецца не прамым тэкстам, а ўпамiнаецца ў сувязi з нейкiмi падзеямi, што адбывалiся ў княстве, цi звязана з пэўнымi распараджэннямi кiраўнiцтва дзяржавы. — Мяне ўразiлi дакументы, якiя сведчылi пра жыццё тагачасных сялян, пералiк маёмасцi селянiна часам займаў многа радкоў, у яго было шмат рознай жывёлы i багата рознай птушкi, — расказвае Валерый Мянжынскi.— Старажытныя дакументы абвяргаюць навязаны нам у дзяцiнстве школьнымi падручнiкамi стэрэатып пра тое, што паны прыгняталi сваiх падданых. Гаспадарам было выгадна, каб iх людзi моцна "трымалiся на нагах". Метрыкi даюць магчымасць даведацца пра вядучыя кiрункi ўнутранай i знешняй палiтыкi на працягу больш як трох стагоддзяў, пра змены у судовай сiстэме, рэальнае эканамiчнае i грамадскае жыццё Беларусi, Лiтвы, Украiны, Польшчы i iншых дзяржаў, пра палiтычныя, культурныя, гандлёвыя сувязi ВКЛ з iншымi краiнамi. — Адна з мэтаў маёй працы — вяртанне гiстарычнай памяцi. Гэтыя крынiцы становяцца даступнымi вучоным, на iх аснове пiшуцца артыкулы i манаграфii, найноўшыя распрацоўкi трапляюць у падручнiкi i так становяцца вядомымi грамадству наогул, — заўважае Валерый Мянжынскi. — Акрамя таго, такiя крынiцы могуць быць карысныя людзям мастацтва. Метрыкi ўтрымлiваюць шмат цiкавых фактаў з жыцця асобных людзей, дзяржавы. Па iх можна ствараць творы, фiльмы розных жанраў, напрыклад, гiстарычныя раманы, трагедыi, дэтэктывы. Некаторыя дакументы метрык сведчаць пра моры, халеры, ёсць iнфармацыя пра забойствы, атручваннi. Судовыя разборы тут вялiся на высокiм узроўнi. Прынамсi, археограф, рыхтуючы "Метрыкi", не проста перадае змест. Навукова-даведачны апарат кожнай кнiжкi ўтрымлiвае iмянны, геаграфiчны, прадметны паказальнiкi. Вучоны праводзiць шмат дадатковых даследаванняў, сядзiць у архiвах, працуе з iншымi крынiцамi, вывучае старажытныя карты, каб знайсцi для будучага чытача карысную iнфармацыю. Калi ў метрыках называюцца нейкiя населеныя пункты, навуковец шукае iх сучасныя адпаведнiкi, паказвае, як мянялiся назвы. Так, вёска Гайна раней была мястэчкам Айна, а сучасны Драгiчын меў назву Давечаровiчы. Прозвiшчы прадстаўнiкоў аднаго i таго ж роду ў розных дакументах маглi пiсацца з заменай лiтар, што таксама не засталося без увагi Мянжынскага. У вынiку, звярнуўшыся да гэтай першакрынiцы, грамадства можа на парадак узняць узровень краязнаўчай дзейнасцi. Магчыма, дзякуючы таму, што "Метрыкi" становяцца даступнымi большаму колу даследчыкаў, некаторыя з населеных пунктаў Беларусi, як i iншых краiн, звязаных з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм, пасталеюць на некалькi стагоддзяў, бо краязнаўцы знойдуць пра iх больш сталыя напамiны. "Метрыкi" выдадзеныя на старабеларускай мове, але адаптаваныя пад сучаснага чытача. Тэкст, змешчаны ў арыгiнале, не многiя вучоныя здольныя прачытаць. Трэба разабрацца з почыркамi, а часам, як рэбусы расшыфроўваць запiсы, бо некаторыя лiтары цi склады прапушчаны, iншыя змешчаны над радком. У скорапiсе лiтары маглi злiвацца ў адну, мець некалькi варыянтаў напiсання. Так "я" была падобная на "ю". У старажытным тэксце не было знакаў прыпынку. Тэкст пiсаўся разам без падзелу на словы i сказы. У перадрукаваных "Метрыках" лiтары, што выйшлi з ужытку, заменены сучаснымi, вынасныя лiтары i склады ўстаўлены ў радок, прапушчаныя i адноўленыя археографам, пададзены ў квадратных дужках. Спецыяльная сiстэма сiмвалаў, пададзеная ў сучасных кнiгах, утрымлiвае iнфармацыю, цiкавую для даследчыкаў-лiнгвiстаў, якiм з’яўлялася беларускае пiсьмо ў ХV—ХVI стагоддзях. Прынамсi, адну з метрык, якiя выдадзены дзякуючы Валерыю Мянжынскаму, я ўзяла ў бiблiятэцы дамоў. У ёй мы знайшлi асобаў, якiя насiлi прозвiшча майго мужа i жылi ў ХVI стагоддзi. А таксама трапiў на вочы дакумент за ХVI стагоддзе, у якiм называецца адна з вёсак Iўеўскага раёна — Каркеняты, якая iснуе i па сёння (раней звесткi пра яе мне траплялiся толькi пачынаючы з канца ХVII стагоддзя). Цяпер сваiх цёзкаў па прозвiшчы, а хто ведае, мо i прамых продкаў, у метрыках шукаюць мае знаёмыя. Мы атрымлiваем выдатную магчымасць адчуць сваю сувязь з папярэднiмi пакаленнямi. Напэўна, вяртанне "Метрык" на радзiму, i вядомасць iх "начыння" шырокаму колу грамадства, калi i не праз непасрэднае звяртанне да дакументаў, а праз iх папулярны пераказ, праз падручнiкi, праз мастацкую лiтаратуру i нацыянальныя гiстарычныя кiнастужкi, не толькi верне беларусам нейкiя забытыя факты гiсторыi, але i паспрыяе развiццю гiстарычнай свядомасцi. Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
1594 год. Пад кiраўнiцтвам канцлера Вялiкага Княства Лiтоўскага Льва Сапегi пачынаецца перапiс старых архiўных дакументаў — метрык. Магчыма, гэты слав
|
|