21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Беларускi прафесар з iтальянскiм прозвiшчам

26.08.2009 10:44 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускi прафесар з iтальянскiм прозвiшчам

Уладзiмiр Альбертавiч Лалiнi — прафесар, доктар медыцынскiх навук, акадэмiк нарадзiўся ў Італii. У ягоным пашпарце старога ўзору ў графе "нацыянальнасць" так i напiсалi — iтальянец. Большую частку жыцця жыве ў Беларусi. Каля 10 гадоў — галоўны ўрач Вiцебскага абласнога кардыялагiчнага дыспансэра. Пра сям’ю Лалiнi можна зняць добры кiнафiльм. Гiсторыя знаёмства яго бацькоў нагадвае сюжэт "Альпiйскай балады" Васiля Быкава. Ды i лёс прафесара вельмi цiкавы нечаканымi падрабязнасцямi. Уявiце — у гады "халоднай вайны" ён скончыў Балонскi ўнiверсiтэт у Iталii...

Як пажартаваў падчас нашай размовы прафесар, у Iталii мясцовыя журналiсты размаўляюць з iм "як з рускiм", а ў нас — "як з iтальянцам".

— Калi рыхтаваўся да размовы з вамi, знайшоў у iнтэрнэце, што прозвiшча Лалiнi, аказваецца, i ў вядомага на ўвесь свет фiлатэлiста. Цi не ваш сваяк?

— Гэты Лалiнi зрабiў некалькi вельмi ўдалых каталогаў па касмiчнай тэматыцы. А другi знакамiты Лалiнi — буйны спецыялiст у галiне прэсаў. У Iталii паспяхова дзейнiчае ягоная буйная фiрма. Яны жывыя, спадзяюся, здаровыя. Я не скажу, што ў Iталii Лалiнi прозвiшча вельмi распаўсюджанае. Мой брат стрыечны высветлiў, што прозвiшча Лулiн (з дзвюма лiтарамi "л" у сярэдзiне ў рускiм варыянце) сустракалася з ХIV стагоддзя ў Верхняй Савоi. Гэта — паўднёвая правiнцыя Францыi, што на мяжы з iтальянскiмi Альпамi. I, напэўна, нашы продкi перасялялiся ў Iталiю. Адпаведна i прозвiшча ў iх змянiлася на Лалiнi — на iтальянскi лад. Канчатак на "i" часцей за ўсё сустракаецца ў Iталii. Там, дарэчы, я адшукаў магiлу майго прапрадзядулi, якi нарадзiўся ў 1813 годзе. Гэта ў Сант-Антонiо. Недалёка ад Балонii, дзе я нарадзiўся.

— Прабачце, а ў якiм годзе?

— У 1947-м...

— О, малады чалавек!

— Так, безумоўна...

— А як вашы бацькi пераехалi ў Беларусь?

— Гiсторыя, я сказаў бы, нейкiм чынам нагадвае "Альпiйскую баладу". А пiсьменнiк, журналiст Мяжэвiч напiсаў кнiжку невялiкую — гiсторыю бацькоў.

Бацька мой — карэнны iтальянец. З 1940 па 1943-i ваяваў у Югаславii i Албанii. У 1943 годзе ў вераснi Iталiя капiтулявала. Вайсковае фармiраванне, дзе змагаўся бацька, расфармiравалi. I яны iшлi пешшу ў Iталiю. Немцы акружылi. Вырашылi, што яны могуць спатрэбiцца ў якасцi рабочай сiлы. Адвезлi на ваенны аб’ект у Германiю. I яны працавалi на ваенным заво-дзе. Канцлагер i побач ваенны завод. Авiябомбы рабiлi. Там ён з восенi 1943-га i знаходзiўся. Мацi — карэнная беларуска. Бацька Альберт Анжэлавiч...

— А iмя па бацьку, напэўна, у Iталii такога няма?

— Няма Анжэла — яго бацька. Мой дзед. Гэта ўжо ў нас у пашпарце бацькi так напiсалi. А мацi мая, Надзея Iванаўна, нарадзiлася ў вёсцы Рыжкавiчы Шклоўскага раёна. Мацi ў 1942 годзе вывезлi ў Германiю. Цэлы чыгуначны састаў 15—16-гадовай моладзi. I там яна працавала ў сельскай гаспадарцы, у нейкага мясцовага спадара даiла кароў, агароды апрацоўвала i гэтак далей. Канцлагер, дзе быў вязнем бацька, i гэтае месца, дзе мацi працавала, былi побач. У 17—18 гадоў, зразумела, нягледзячы на вайну, усё роўна хацелася неяк адпачываць. Вось яны — дзяўчаты — збiралiся i ішлi да канцлагера. У вязняў — вячэрняя прагулка. З таго боку дроту палякi, iтальянцы i iншыя палонныя, а з другога — яны. Там лiтаральна праз дрот i пазнаёмiлiся. У красавiку 1945 года былi вызваленыя Чырвонай Армiяй. Бацька выйшаў з канцлагера, мацi яго чакала. I ў першай жа царкве, што сустрэлася iм на дарозе, пажанiлiся. Нават ёсць дакумент са свастыкай аб рэгiстрацыi шлюбу.

— Прабачце, а як яны падчас знаёмства пераадольвалi моўны бар’ер?

— Мацi расказвала, што гутарылi па тыпу эсперанта. Палякi трохi ведалi рускую мову, iтальянцы — польскую... Яны памiж сабой мелi стасункi дзе жэстамi, дзе словамi. Пажанiлiся, i ў красавiку 1945-га пешшу адправiлiся ў Iталiю. I прыйшлi ў вераснi таго ж года. Тады ж транспарт не хадзiў. Проста iшлi групай — былыя ваеннапалонныя пехатою ў Iталiю. З 1945 па 1957 год сям’я жыла ў Iталii. Там у бацькi жылi браты, сёстры. Потым, у 1957-м, наступiў час, якi ў гiсторыi вядомы як "хрушчоўская адлiга". Бацькi мае вырашылi прыехаць у Шклоў — да бацькоў мацi. Тады, дарэчы, шмат iтальянцаў прыехалi — змешаныя шлюбы. Каля 60 сем’яў. Але засталiся назаўсёды ўсяго дзве альбо тры сям’i. I бацькi мае ў iх лiку. У iтальянскiм пасольстве я даведаўся пра гэта. Потым пераважная большасць з’ехалi. Ужо ў 1957 годзе Iталiя актыўна развiвалася. Яна таксама была вельмi разбураная, але не так, як Беларусь, Расiя. Але тым не меней там жыццё таксама не было салодкiм. Iталiя параўнальна хутка нядрэнна аднавiлася. А бацькi прыехалi сюды i не пажадалi з’язджаць. I вось з 1957 года наша сям’я тут i жыве.

— А чым тады займалiся ў нас вашы бацькi?

— Бацька быў токарам, працаваў на шклоўскай папяровай фабрыцы...

— А ён i да вайны быў токарам?

— Не, ён ужо тут навучыўся. У яго ў Iталii не было нiякай спецыяльнасцi. А мацi таксама працавала на гэтым жа прадпрыемстве — на машыне, што фарбуе паперу.

— А ў вас яшчэ ёсць родныя браты, сёстры?

— У мяне дзве сястры, у Шклове жывуць. Адна — настаўнiца, другая бухгалтарам працуе. Я — сярэдняе дзiця ў сям’i. Малодшая ўжо тут нарадзiлася ў 1959 годзе. А я i старэйшая сястра — у Iталii... У мяне двое дзяцей. Жывуць у Вiцебску. Сын — доктар, дачка працуе ў Вiцебскiм дзяржаўным унiверсiтэце, дацэнт. Дзве ўнучкi ў мяне. Каханая жонка цяпер на пенсii, а раней выкладала бiялогiю.

— На сваёй гiстарычнай радзiме часта бываеце?

— Раней практычна кожны год. Цяпер шмат клопатаў на працы, сямейных спраў.

— А ў вас, прабачце, грамадзянства iтальянскае ёсць?

— Па iтальянскiх законах iснуе двайное грамадзянства. Па беларускiх — не. Як народжаны ў Iталii i карэннага iтальянца сын, у мяне няма нiякiх праблем з атрыманнем грамадзянства Iталii. Заява — i ўжо праз два тыднi ты атрымлiваеш iтальянскi пашпарт. Мне гэта не трэба.

— А калi ў першы раз наведвалi Iталiю, памятаеце?

— У 1969-м. Па запрашэннi сваякоў. Мы з бацькам паехалi. З маiмi сваякамi, якiя жывуць i цяпер у Iталii, падтрымлiваю сувязь па iнтэрнэце i па тэлефоне. У мяне там тры браты бацькi i чатыры ягоныя сястры — мае цёткi. Самай пажылой — 98 гадоў, потым — 96, 92 i...самаму маладому дзядзьку — 78.

— Вы добра ведаеце iтальянскую мову?

— Так. Я ж у Iталii скончыў пачатковую школу — вучыўся з 1953 па 1957 год. А потым рэгулярна займаўся iтальянскай мовай. Вучыўся на медыка ў Балонскiм унiверсiтэце, дзе атрымаў дыплом на дзённым аддзяленнi. Гэта было ў 1977 — 1978 гадах.

— А як гэта было магчыма? Усё-такi СССР i Iталiя. Апошняя — краiна Заходняй Еўропы...

— Я таксама думаў тады — немагчыма. З Беларусi там вучыўся адзiн. Ужо праз дзясяткi гадоў на сайце "Аднакласнiкi" знайшоў чалавека, якi ў той жа час вучыўся там. Але ён з Ерэвана. А да гэтага, у 1970-м, я скончыў у нас медiнстытут. У Iтальянскую "альма-матэр" як трапiў? Мой дзядзька-iтальянец дапамог паступiць (ён узначальваў тады буйны iтальянскi прафсаюз). Быў знаёмы з рэктарам...

— Платна вучылiся?

— Так. Але навучэнне было даступным. Вядома, што пры навучаннi асноўныя выдаткi — жыллё i харчаванне. Мне ў Iталii было дзе жыць — у сваякоў, там i харчаваўся. Дзядзька машыну даў. У 1973-м я ў нас абаранiў кандыдацкую дысертацыю. Скончыў медiнстытут у 22 гады, а ў 25 стаў адным з самых маладых кандыдатаў медыцынскiх навук. Дарэчы, у Iталii нiяк не маглi зразумець — што гэта за навуковая ступень? У iх проста — доктар навук. Яны доўга думалi i вырашылi — калi я скончу шосты курс, напiшу дыпломную работу i здам дзяржаўныя экзамены, будзе ўсё добра. Вось за год усё гэта i пераадолеў. Атрымаў дыплом Балонскага ўнiверсiтэта з правам працы ў любой краiне свету. Гэта быў 1978 год.

Безумоўна, сiстэмы навучэння ў нас i ў iх карэнным чынам адрознiваюцца. У iх як? Мы цябе вучым, а ты цi хочаш вучыцца, цi не — гэта твае праблемы. А ў нас бывае, чамусьцi, студэнта прымушаюць вучыцца... Я вучыўся ў савецкай ВНУ, i нiчога не магу сказаць дрэннага наконт узроўню медыцынскай падрыхтоўкi.

— Вы з’яўляецеся акадэмiкам Мiжнароднай навуковай акадэмii iнфарматызацыi. Ад медыцыны — адзiны ў Беларусi. Акадэмiкамi з’яўляюцца такiя свяцiлы медыцынскай навукi, як Леа Бакерыя, Вiктар Савельеў. За якiя дасягненнi вам такi гонар?

— Заснавальнiкаў акадэмii зацiкавiла мая доктарская дысертацыя, якую я абаранiў яшчэ ў 1989 годзе ў Каўнасе.

— А чаму менавiта ў Каўнасе?

— Справа ў тым, што тады iснавала толькi пяць вучоных саветаў па кардыялогii. Мне вызначылi Каўнас. Дысертацыя прысвячалася новым для таго часу методыкам апрацоўкi бiялагiчных сiгналаў. У клiнiках рабiлi электракардыяграмы, рэнтгенаграмы i глядзелi — цi ёсць iнфаркт i гэтак далей. А мы разам з вiцебскiмi матэматыкамi i праграмiстамi вывелi рад алгарытмаў, праграм, што дазваляюць паставiць дыягназ з дапамогай лiчбаў. Запрашэнне стаць кандыдатам у акадэмiкi было для мяне нечаканасцю. Патэлефанавалi з Масквы, запрасiлi прыехаць. Выступiў з дакладам... Стаў акадэмiкам тры гады таму.

— Ведаю, сёння вы дзяжурылi на "гарачай лiнii" ў гарадской газеце "Вiцьбiчы". Званкоў было многа?

— Вельмi шмат. Дзве праблемы для мяне высветлiлася. 99 працэнтаў з тых, хто патэлефанаваў — людзi з павышаным артэрыяльным цiскам. Скардзiлiся — урачы не могуць "нармалiзаваць цiск". I што рабiць? I яшчэ — чаму так цяжка трапiць да кардыёлага? Апошняе — няпраўда. Вы асабiста можаце зараз пайсцi ў рэгiстратуру i запiсацца. Толькi пашпарт патрэбны. Праблема ў iншым — каб прыйсцi пракансультавацца таму, хто пра гэта не ведае, трэба мець накiраванне з палiклiнiкi. А там вас прымусяць зрабiць рэнтген i так далей. Тыдзень давядзецца хадзiць...

I яшчэ: "Вось мне дрэнна, туды хадзiў, сюды...". Я пытаю: "А што вы зрабiлi, каб вам было добра? Вам паставiлi дыягназ, сказалi, як лячыцца, а што далей? Што, доктар павiнен хадзiць да вас кожны дзень? Вы павiнны самi вымяраць цiск, прымаць таблеткi"...

На Захадзе хворыя не будуць так "тэрарызаваць" дактароў. Гэта — дорага, па-другое, разумеюць, здароўе — багацце асабiстае. Чалавек сам павiнен клапацiцца пра сваё здароўе, блiзкiх. Не вiнавацiць ва ўсiм урачоў. Маўляў, яны ва ўсiм вiнаватыя. Прасцей за ўсё крайнiмi зрабiць медыкаў. Упэўнены, у прыватнасцi, большасцi нашых старых не патрабуецца лячэнне, а банальны догляд, увага з боку дзяцей. Калi гэтага няма, чалавек сыходзiць у хваробу, памiрае...

— Вернемся да "iтальянскай тэмы". Знакамiты iтальянскi тэмперамент — рыса вашага характару?

— Напэўна. Толькi што пад гэта "можна падвесцi"? Стараюся не павышаць голас на людзей. Напорыстасць — гэта ёсць. Мяне лiчаць жорсткiм кiраўнiком. Але стараюся заўсёды зразумець сваiх супрацоўнiкаў...

— Цi можаце прыгатаваць класiчныя iтальянскiя стравы? Цi ёсць наогул у вас хобi?

— Я вельмi люблю гатаваць. Спагецi па-балонску i iншыя iтальянскiя стравы i не толькi iх раблю з задавальненнем. На дачы люблю з сям’ёй бавiць вольны час. Не, бульбу не саджаем. Купiць — танней абыдзецца. Люблю вырошчваць кветкi. Магу нешта прыбiць, зрабiць уласнымi рукамi. У асноўным па доме ўсё раблю сам.

— Як вы ставiцеся да алкагольных напояў i якiя з iх, на ваш погляд, лепш ужываць?

— Я лiчу, што выпiць нядрэнна, але якасныя напоi. Ёсць некалькi дастойных напояў. Сухiя вiнаградныя вiны. Яны — з даказанай прафiлактычнай эфектыўнасцю. Лепш чырвонае вiно. З моцных напояў — вiскi, гарэлка i каньяк. Вядома, у разумных дозах.

— А як жа шампанскае?

— Лепш за ўсё шампанскае "брут", бо цукар у яго не дадаюць. Гэта — фактычна натуральны вiнаградны сок, вядома ж, з градусам. Лепш, безумоўна, сухое чырвонае вiно. Наконт "прывычкi выпiваць" узгадваецца наступнае. Iтальянскi журналiст растлумачыў мне аднойчы — чаму iтальянцы вясёлыя, а рускiя — сумныя? У Iталii шмат сонца, вiна. Ад добрага вiна ты не можаш ап’янець да страты пульсу. Ты — цвярозы, але вясёлы пад уздзеяннем вiна. У вас усё па-iншаму. У вас суровая зiма, холадна, вы п’яце гарэлку, а ад яе балiць галава i рэзка пагаршаецца настрой. I таму — вы такiя сумныя!

Хочацца пажадаць, каб мы былi ўсе весялейшымi i без вiна. Каб урэшце зразумелi, што здароўе — скарб, якi трэба захоўваць. У першую чаргу трэба самастойна пра яго клапацiцца i ведаць, што медыкi не могуць яго вярнуць, а толькi дапамагчы ў крытычнай сiтуацыi.

Аляксандр ПУКШАНСКI. Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладзiмiр Альбертавiч Лалiнi — прафесар, доктар медыцынскiх навук, акадэмiк нарадзiўся ў Італii. У ягоным пашпарце старога ўзору ў графе "нацыяна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика