Вольны...Елізар’еў
Вольны...Елізар’еў
Мастацкi кiраўнiк i дырэктар Нацыянальнага Вялiкага тэатра балета Валянцiн Елiзар’еў
падаў заяву аб звальненнi з тэатра.
Гэта было зроблена яшчэ 12 студзеня. 17 студзеня заява была падпiсана мiнiстрам культуры Уладзiмiрам Мацвейчуком . Такое нечаканае развiццё атрымаў працэс уз’яднання дзвюх труп — балетнай i опернай — пад дахам Вялiкага тэатра пасля рамонту яго будынка. Нехта павiнен быў стаць дырэктарам аб’яднанага тэатра. Елiзар’еву прапанавалi стаць толькi мастацкiм кiраўнiком балета. — Мне прапанавалi заняць тое месца, з якога я пачынаў сваю працу ў Беларусi, калi мне было 26 гадоў, — паведамiў Валянцiн Елiзар’еў. — На месцы дырэктара ўз’яднанага тэатра мiнiстэрства бачыць чыноўнiка, а не творчую асобу. Але мне здавалася, што мае веды i досвед могуць быць запатрабаваныя дзяржавай i прыносiць карысць. 17 гадоў я з’яўляўся дырэктарам i мастацкiм кiраўнiком тэатра балета. Умеў быць i менеджарам, i iмпрэсарыё. А цяпер мой вопыт не спатрэбiўся. Змiрыцца з гэтым я не мог. Я лiчу, што аддаць у гэтым выпадку кантроль над сiтуацыяй у тэатры — значыць, загубiць яго. Яго можна загубiць вельмi проста — развалiўшы творчы калектыў, якi ствараўся не адно iмгненне i цаной вялiкiх намаганняў. У такой сiтуацыi мая прысутнасць у тэатры становiцца пакутлiвай. Таму я прыняў такое рашэнне. Навiна сенсацыйная, яна з тых, што выклiкаюць шок. Усе чакалi, што пасля доўгага рамонту аб’яднаны тэатр у родных сценах нарэшце запрацуе на поўную моц. Аднак сiтуацыя можа скласцiся дакладна адваротная. Таму што ўслед за сваiм мужам рашэнне пакiнуць тэатр прыняла Маргарыта Ізворска, якая з’яўлялася мастацкiм кiраўнiком Тэатра оперы. — Нехта можа сказаць: яна зрабiла кар’еру, таму што з’яўляецца жонкай такога чалавека, — патлумачыла Маргарыта Iзворска. — Я магу сказаць: ганаруся тым, што з’яўляюся жонкай такога майстра. Але кар’еру — можа нават больш проста — я магла б зрабiць, калi б не з’яўлялася яго жонкай. У мяне добрая квалiфiкацыя, я скончыла Балгарскую кансерваторыю, Ленiнградскую; маю званне прафесара. Я была карысная ў тэатры не толькi як жонка. Беларуская опера выпрабаваннi, якiя былi звязаныя з рамонтам, перажыла, пры гэтым стваралiся новыя пастаноўкi. I цяпер, калi можна было пачаць працаваць у нармальным рэжыме, у нас паўстаюць пытаннi кiраўнiцтва. Мастацкi кiраўнiк — творчая асоба, яна ведае, што патрэбна тэатру. Такога мастацкага вопыту не мае нi адзiн адмiнiстратар. Таму я лiчу, што сыход Валянцiна Мiкалаевiча — жудасная несправядлiвасць. Рашэнне кiраўнiкоў вельмi эмацыянальна ўспрынялi артысты. Каб iх супакоiць мiнiстр асабiста прыйшоў у тэатр, абяцаў паставiць начале аб’яднанага тэатра кiраўнiка, якi будзе добрым гаспадарнiкам. Чаго хаваць — гаспадарка сапраўды вялiкая. I, напэўна, яна з разраду тых, якую чалавек збоку хутка не асвоiць: каб разабрацца, што да чаго на гэтым "прадпрыемстве", яму спатрэбiцца немалы час. I гэты час можа стаць фатальным для трупы, прынамсi балетнай, якую збiраў, выхоўваў менавiта Елiзар’еў. Нездарма артысты яму давяраюць. Дзякуючы выдатным пастаноўкам, якiя ажыццявiў на сцэне беларускага тэатра гэты чалавек, трупу выдатна прымалi на гастролях у iншых краiнах. Чаго хаваць: iмя Елiзар’ева стала сiмвалам беларускага балета. Яму ёсць за што дзякаваць, за iм вялiкi вопыт працы. Напэўна таму Валянцiн Мiкалаевiч мог разлiчваць пасля заканчэння рамонту на тое, каб узначалiць аб’яднаны тэатр. Мiж iншым, ён быў якраз тым чалавекам, якi вельмi перажываў тое, як рамонт можа адбiцца менавiта на творчым стане трупы, i марыў вярнуцца ў родныя сцены... Сам працэс рамонту ў яго выклiкаў шмат пытанняў, i як нi дзiўна, мастацкi кiраўнiк быў пазбаўлены магчымасцi неяк паўплываць на ход работы. — Аднак пры ўсiх абставiнах мы скончылi мiнулы год блiскуча, як нiколi. У нас даўно не было такiх даходаў — у месяц у сярэднiм 200 — 230 мiльёнаў рублёў. Было шмат гастроляў за мяжой. Нi ў каго ў Рэспублiцы Беларусь няма такiх паказчыкаў, — падкрэслiў Валянцiн Елiзар’еў. У 1973 годзе Елiзар’еў узначалiў балетную трупу Беларускага Вялiкага тэатра. За гэты час наш балет набыў свой твар i сусветную вядомасць. Так жа, як i яго кiраўнiк, якi стаў народным артыстам БССР i народным артыстам СССР. Дарэчы, у калiсьцi вялiкай краiне, пра якую мы часам любiм узгадваць, балет з’яўляўся справай дзяржаўнай важнасцi. Ён не толькi паказваў перавагу высокой духоўнасцi над каштоўнасцямi буржуазнага свету, але i быў самым канвертуемым мастацтвам — зарабляў грошы не толькi на сябе, але i даваў прыбытак у казну. У Беларусi ўсё было дакладна гэтак жа. Балет дэманстраваў сусветны ўзровень нашага мастацтва, акрамя таго, зарабляў грошы. Менавiта Елiзар’еўская харэаграфiя ў спектаклi "Страсцi", якi прысвечаны нацыянальнай гiсторыi, была высока адзначана ў 1996 годзе ў Францыi на конкурсе менавiта за харэаграфiю, а сам майстар атрымаў званне "лепшы харэограф года". Гэты ж спектакль прынёс Валянцiну Мiкалаевiчу высокую ўзнагароду — Дзяржаўную прэмiю Рэспублiкi Беларусь. "Эпоха Елiзар’ева". Сапраўды, так можна сказаць. У 23 гады ён гучна заявiў пра сябе, калi стаў лаўрэатам конкурсу балетмайстараў Масквы. У 26 гадоў Елiзар’еў прыехаў у Беларусь — стаў галоўным балетмайстарам Дзяржаўнага акадэмiчнага вялiкага тэатра оперы i балета. I з таго часу прымушаў гаварыць пра сябе — яго балетныя пастаноўкi вылучалiся асаблiвым стылем якi быў сугучны часу — i здзiўляў знаходкамi, неардынарным поглядам на балет. Нездарма ў Мiнск да Елiзар’ева прыязджалi зоркi савецкага балета, каб ён стварыў для iх харэаграфiчныя пастаноўкi, якiмi можна здзiвiць самае прыдзiрлiвае журы самага прэстыжнага мiжнароднага конкурсу. I справа не толькi ў колькасцi балетаў, якiя паставiў Елiзар’еў на сцэне беларускага тэатра — iх шмат, самых розных. Справа не толькi ў тым, каб сказаць яму за гэта "дзякуй". Справа яшчэ i ў тым, што ў Беларусi няма другога такога чалавека, якi б ведаў усе нюансы i асаблiвасцi гэтага вiду творчасцi. I зараз не той час, каб высвятляць прычыны. Яшчэ адзiн беларускi тэатр апынуўся на раздарожжы. Напэўна, не будзеш ты, то будзе тры i ахвотныя заняць гэтае месца знойдуцца. Пытанне ў тым, цi здолеюць яны ў такой сiтуацыi атрымаць давер трупы? Што гэта значыць, мы ўжо бачылi на прыкладзе канфлiктаў у iншых беларускiх тэатрах, якiя разгарэлiся менавiта з-за недаверу да асобы кiраўнiка i творчага застою. У Нацыянальным вялiкiм тэатры сiтуацыя ўсё ж такi iншая. Тут нiхто не гаворыць пра творчы крызiс. Але ёсць несупадзенне адмiнiстрацыйных iнтарэсаў, якое прывяло да таго, што сiтуацыя выбухнула самым нечаканым чынам. Але вырашэнне яе будзе нашмат цяжэйшым, чым у сiтуацыi з Купалаўскiм тэатрам — ужо надта спецыфiчнае мастацтва, i асобы ўзроўню Елiзар’ева на гарызонце няма... Гэта, здаецца, галоўная праблема ў сiтуацыi, якая склалася. Пакуль "за балет" будзе адказваць народны артыст Беларусi Юрый Траян. Артысты якiя вельмi перажываюць, аднак не збiраюцца даводзiць справу да зрыву спектакляў. Пра гэта iх прасiў былы кiраўнiк: каб не пацярпела публiка, якая любiць балет. Напэўна, Валянцiн Мiкалаевiч без працы не застанецца. Яму трошкi за 60. Гэта той узрост, якi дазваляе быць у рангу "трэнера" не толькi спартсменам. Яго ведаюць у iншых краiнах, дзе Елiзар’еў ажыццяўляў балетныя пастаноўкi. Напэўна, без працы ён не застанецца. Ён сам гэта разумее: — Я нiколi не займаўся чыстым зарабляннем грошай. Я працаваў дзеля творчасцi. I калi вы паглядзiце на тэатральную афiшу балета, то ўбачыце там мае спектаклi, пастаўленыя ў розныя гады, але цiкавасць да iх з боку публiкi не згасае. Таму я збiраюся працягваць ставiць спектаклi. Перш за ўсё ў Расii, якая мне блiзкая. Акрамя таго, магу цяпер прысвяцiць час сваiм унукам. Я не збiраюся парываць сувязi з трупай, салiстамi. У мяне няма крыўды на краiну... Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мастацкi кiраўнiк i дырэктар Нацыянальнага Вялiкага тэатра балета Валянцiн Елiзар’еў падаў заяву аб звальненнi з тэатра. Гэта было зроблена яшчэ 12 ст
|
|