Мастак на пенсiю не выходзiць!
Мастак на пенсiю не выходзiць!
Калi папрасiць Мiколу Макарцова — рэжысёра, акцёра i пiсьменнiка самому адрэкамендаваць сябе, ён абавязкова прыдумае што-небудзь паэтычнае, накшталт "чараўнiк прасторавага тэатра", "майстра святочнага дзеяння" i г.д. Чаму б i не? Сапраўды, азначэнне "рэжысёр" сухавата i цеснавата гучыць для стваральнiка першага ў краiне фальклорнага тэатра, аўтара шэрагу шырокiх вiдовiшчаў i масавых святаў. Калiсьцi ў Гомелi Мiкола Фёдаравiч стварыў адзiны ў Беларусi фальклорны тэатр "Жалейка": "Былi ў нас i танец, i песня, i нават элементы цыркавога вiдовiшча. Я сам пiсаў сцэнарыi i ставiў паводле iх тэатральныя спектаклi... Гэта былi пастаноўкi, не падобныя нi на якiя iншыя... Сярод "артыстаў" лiчылiся ў нас нават казёл, конь ды певень. Так з гэтай жыўнасцю i гастралявалi, прычым не толькi па Беларусi. Шмат паездзiлi па краiнах былога Саюза, Прыбалтыцы, былi ў Польшчы, Чэхаславакii, Індыi... Спачатку тэатр меў статус самадзейнага, але дарос, так бы мовiць, i да прафесiйнага ўзроўню, калi пачаў працаваць пры Гомельскай абласной фiлармонii. Тады ў тэатра з’явiўся план, i мы давалi да дваццацi выступленняў у месяц...". Неяк ад самага пачатку Мiколу цiкавiла рэжысура святочная. Такой спецыяльнасцi, зразумела, нiдзе не вучылi, але ён усё ж такi стаў такiм рэжысёрам. Бо ўмеў бачыць i вучыцца. У самых розных расiйскiх, беларускiх, прыбалтыйскiх пастаноўшчыкаў спектакляў, танцаў, масавых сцэн у кiно... Дарэчы, i сам здымаўся, у тым лiку ў масоўцы — у стужках "Атланты i карыятыды", "Новая зямля", а ў "Анастасii Слуцкай" не толькi зняўся, але i прыклаў руку да пастаноўкi адной з масавых сцэн. Усё, што давялося прыкмячаць, спрабаваў увасабляць ва ўласных пастаноўках святаў — фальклорных, народных, гiстарычных, гарадскiх, лiтаратурных... Святкаваць апошнiя давялося ў працяглай колькасцi раёнаў усiх абласцей. Цяпер майстра кажа, што "зведаў Беларусь увачавiдкi". Падчас жа незлiчоных пераездаў Мiкола пiсаў новыя сцэнары, у тым лiку гiстарычныя, ствараў вершы, на некалькi з якiх створаны песнi. З-пад пяра Макарцова выйшлi кнiгi "Беларусь святочная", даследаванне народнай тэатральнай культуры "Каб крынiца не перасыхала", рэжысёрскiя нататкi "Па святочных шляхах Беларусi", аповеды пра малую радзiму "Песнi вандроўнiка". Зараз Мiкола Фёдаравiч працуе над кнiгай "Майстар народнай сцэны", прысвечанай яго першаму тэатральнаму настаўнiку Валянцiну Ермаловiчу. Склаў праграму "Усмешкi дзядзькi Дабрадзея", у межах якой чытае са сцэны ўласныя i чужыя байкi. Як кажа аўтар, якому ў студзенi споўнiлася 60 гадоў, — каб не згасаў аптымiзм. Як быццам, апошнi можа знiкнуць у чалавека, багата адоранага гэтай якасцю самой прыродай... Нарадзiўся Мiкола на Магiлёўшчыне, у Быхаўскiм раёне, у вёсцы В’юн. У сям’i пастухоў. З двума братамi — Мiхасём ды Iванам, бацькам ды матуляй сям’я жыла ў вялiкай хаце. Самай вялiкай з навакольных, з-за чаго апошняя пасля вайны нават служыла клубам. Кiно звычайна паказвалi па вечарах, калi стомлены Мiколка пацiху засынаў. Але ж сёе-тое з гульнi незнаёмых дзядзькаў-цёткаў запала малому ў душу. Можа, гэта кiно i падштурхне праз колькi гадоў да выбару творчага занятку? Фiзiчны тады, вядома, быў у большай пашане. Бацька заўсёды навучаў сына зарабляць капейку сваiм мазалём. Праўда, звычайная сялянская праца ўсё роўна чамусьцi нараджала ў хлопчыка... узнёслыя настроi, творчую фантазiю. — Сын пастуха, я таксама пасвiў авечак, бычкоў, цялят, качак, гусей, свiней, — узгадвае Мiкола Фёдаравiч. — Пасвiў на полi, прылеску, лузе, ля ракi. Я ведаў, у каго з гэтых жывёл якi характар, ад каго можна чакаць шкоды. Слухаў прыроду, гаварыў з той жа авечкай, цялём... Пасвiў i зачытваўся аповесцю "Салавей" Змiтрака Бядулi... Я атрымаў добрае разуменне аб сялянскiм жыццi. Араў, касiў, на конях добра катаўся. Настолькi спасцiг псiхалогiю ўсяго жывога, што мог бы, напэўна, i дысертацыю па заалогii абаранiць... Яшчэ памятаю, збяруцца хлопцы-дзяўчаты ў круг дзе-небудзь на прыродзе, а я ў цэнтры нейкiя байкi распавядаю. Бывае, дарослыя iдуць мiма, дый прысядуць — паслухаць, што там Колька балбоча. Вось так, верагодна, i нарадзiўся "тэатр аднаго акцёра". А першы раз прафесiйную гульню акцёраў я пабачыў пасля заканчэння школы, у Магiлёве, дзе трапiў на класiчную драматургiчную пастаноўку. Надта дзiўна мне было, як гэта артысты дзве гадзiны на памяць нешта чытаюць. А ўжо як нехта парык зняў, ды замест старога чалавека малады аказаўся... Вельмi мяне пераўвасабленне здзiвiла. "На гэтага" i пайду вучыцца, вырашыў. Тату, праўда, не сказаў, бо ён такога "гультайства" не разумеў. Бацька Мiколы адпасвiў калгасную жывёлу каля трыццацi гадоў, з-за чаго атрымаў ганаровую мянушку "палкоўнiка". Потым, калi Мiкола пойдзе служыць, жартоўна "прызнаецца", што паходзiць з сям’i палкоўнiка. Жарт ацанiлi: хiба можна з такiм сваяцтвам апынуцца ў ракетных войсках у Казахстане? Скончыў Мiкола Магiлёўскае культурна-асветнае вучылiшча iмя Н.К. Крупскай, тэатральнае аддзяленне. Асновы рэжысуры выкладаў тады Валянцiн Ермаловiч, брат вядомага гiсторыка Мiколы Ермаловiча. Валянцiн Iванавiч выразна размаўляў па-беларуску, быў глыбокiм, высокаадукаваным, прафесiйным выкладчыкам, якi аказаў, бадай, самы моцны ўплыў на хлопца з добрай заалагiчнай падрыхтоўкай. — Я не адчуваю ўзросту, — кажа цяпер юбiляр. — Мастак на пенсiю не выходзiць. Куды паклiчуць ствараць маштабнае свята, туды i паеду... I паспрабую знайсцi час для напiсання п’есы, прысвечанай Мiрскаму замку... Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi папрасiць Мiколу Макарцова — рэжысёра, акцёра i пiсьменнiка самому адрэкамендаваць сябе, ён абавязкова прыдумае што-небудзь паэтычнае, накшталт &
|
|