Піяр на ўвесь свет
Піяр на ўвесь свет
Нямецкiя мас-медыя актыўна iнфармуюць пра ўзнаўляльную энергетыку Сёння мы з вамi гасцюем у Кёльне. Па славутасцi тут далёка хадзiць не трэба. Першае, што бачыць вандроўнiк — знакамiты Кёльнскi сабор. Вiд на легендарны будынак адкрываецца адразу ж з галоўнага вакзала. Ад велiчнасцi гатычных шпiляў захоплiвае дух, вежы самага высокага ў Германii сабора дасягаюць 157 метраў. Не расчароўвае ён i ўнутры — казачнай прыгажосцi вiтражы, дзiвосныя распiсныя падлогi. Тут захоўваюцца старадаўнiя фрэскi, епiскапскiя жэзлы, хрысцiянскiя святынi. А за самiм будынкам — iнсталяцыя: лесвiца ў неба, на прыступкi якой здолее ўзабрацца i самы стомлены вандроўца. Музеi тут — на любы густ, але найперш на салодкi: паласавацца ўсмак можна ў Музеi шакаладу. Кёльн яшчэ называюць горадам СМІ, узяць хоць бы штаб-кватэры буйных радыёвяшчальных арганiзацый, таму мы спяшаемся да будынка Заходнегерманскага радыё (WDR). Тут у нас прызначана сустрэча з Дэтлiфам Рыпэнам, рэдактарам аддзела "Навука, навакольнае асяроддзе, тэхналогii". Ён расказаў нам, што ў Германii ёсць публiчна-прававое i прыватнае радыё, да першага адносiцца i WDR . "Сiстэма публiчна-прававога радыё — гэта дзевяць вяшчальных арганiзацый, i мы ўсе працуем разам. I астатнiя станцыi, напрыклад, з Мюнхена, Гамбурга, могуць выкарыстоўваць нашы паведамленнi бясплатна, так што мы дапамагаем адзiн аднаму". Прыватныя кампанii жывуць амаль выключна за кошт прыбыткаў ад рэкламы, а публiчна-прававыя — за кошт збораў з насельнiцтва за карыстанне радыёпрыёмнiкамi (нешта накшталт абаненцкай платы), пры гэтым яны звязаны i пэўнымi прававымi абавязкамi адносна зместу праграм. На Заходнегерманскiм радыё шэсць каналаў. Апроч асноўнай праграмы (масавай), паводле слоў спадара Рыпэна, ёсць i спецыялiзаваныя — напрыклад, для самых юных i для людзей у шаноўным узросце з адпаведнай iх захапленням папулярнай музыкай, ёсць класiчная. "У гэтым будынку мы працуем над iнфармацыйнай праграмай, музыкi ў нас зусiм няшмат", — адзначае суразмоўца. Сам спадар Рыпэн на пасадзе рэдактара аддзела рыхтуе каля 160 паведамленняў па сваёй праблематыцы за год, i недзе трэць з iх — пра альтэрнатыўныя крынiцы. Як бачыце, у мас-медыя, разлiчаных на шырокую аўдыторыю, надаецца вялiкая ўвага экалагiчнай праблематыцы, энергазберажэнню, альтэрнатыўным крынiцам — немцаў гэта вельмi i вельмi цiкавiць. Ёсць i выданнi, якiя спецыялiзуюцца менавiта на ўзнаўляльнай энергii. Напрыклад, часопiс "Сонца. Вецер. Цяпло". Ён арыентаваны не на звычайных жыхароў, якiя заклапочаны тым, як ацяплiць дом, а на службовых асобаў i бiзнэсменаў у сферы альтэрнатыўнай энергетыкi. Гэта, зразумела, вызначае характар i мову артыкулаў. Дарэчы, ёсць i журналiсты, якiя спецыялiзуюцца менавiта на гэтай вузкай тэматыцы. Аднак, паводле прызнання нашага суразмоўцы, "на адной тэме не пражывеш, за выключэннем хiба што медыцыны — тэма шырокая сама па сабе, да таго ж, здароўем цiкавяцца ўсе": такiя майстры пяра працуюць пазаштатна — рыхтуюць матэрыялы па адной праблематыцы, але для многiх выданняў... Падчас вялiкай сусветнай канферэнцыi па ўзнаўляльнай энергетыцы ў Боне, дзе па запрашэннi нямецкага ўрада ўзялi ўдзел больш як паўтары сотнi краiн, Дэтлiф Рыпэн быў лiдарам пулу нямецкага публiчна-прававога радыё. "Мы арганiзавалi невялiкi пул з пяцi чалавек — з нашай арганiзацыi, з Берлiна, Гановера. Мы асвятлялi ўсе гэтыя тэмы. У нас было 4-5 дзён, мы падрыхтавалi 150-200 паведамленняў. Сiстэма гарантаваных выплат за кiлаваты ўзнаўляльнай энергii, якая iснуе ў Германii, настолькi папулярная i паспяховая, што многiя iншыя краiны, нават за межамi Еўропы, перанялi гэта. Так што iнтарэс быў вельмi вялiкi. Канферэнцыю ў Боне асвятляла мноства журналiстаў — i з астатнiх еўрапейскiх краiн, i нават з Афрыкi i Паўночнай Амерыкi". Асвятлялiся i такiя тэмы, як узнаўляльная энергiя для Афганiстана або Цiхаакеанскага рэгiёна Афрыкi. "Вельмi часта людзi глядзяць на ўзнаўляльныя крынiцы як на вельмi дарагiя. Аднак калi узяць у нейкай цёплай краiне аддалены раён, дзе не праведзены лiнii электраперадач, тады дарагая сонечная энергiя ў адзiн момант становiцца там вельмi таннай. Такiя раёны становяцца аўтаномнымi i могуць самi забяспечваць сябе энергiяй. А паколькi сонца ў iх шмат, гэта адкрывае новыя магчымасцi прыбытку. Мы таксама рабiлi паведамленнi пра гэта падчас канферэнцыi. Гутарылi мы i пра магчымасцi паўднёвых еўрапейскiх краiн. Найвялiкшы патэнцыял — у Iспанii. На плошчах, непрыдатных для сельскай гаспадаркi, там размяшчаецца мноства сонечных установак". Адным з канкрэтных вынiкаў канферэнцыi стала тое, што Германiя iнвеставала 500 млн еўра на падтрымку i развiццё ўзнаўляльнай энергетыкi ў свеце, што развiваецца. "Некаторыя еўрапейскiя краiны далучылiся да гэтых намаганняў — Швецыя, Iспанiя, Нiдэрланды", — дадае Дэтлiф Рыпэн. "Асноўны ўрок — гэта адкрыццё таго, што ўзнаўляльная энергiя — не раскоша i не абавязак з-за клiматычнага крызiсу, гэта шлях развiцця, тое, што можа даць энергааўтаномнасць". Праўда, сёння ў Германii ўжо з’яўляюцца iншыя праблемы. "Некаторыя людзi — i гэта немалая колькасць — лiчаць, што ветраэнергетыка перашкаджае, псуе краявiды", — кажа журналiст. "Людзi турбуюцца з-за гэтых вялiкiх турбiн, якiя прадуцыруюць энергiю, асаблiва ў Паўночнай Вестфалii. I кiраўнiчыя сiлы тут змагаюцца супраць ветраэнергетыкi. I вось якiя ў iх аргументы: чым больш альтэрнатыўных крынiц, тым больш дарагой энергiя становiцца ў гэтай частцы Германii. Яны спрабуюць абаранiць вытворчасць ад высокiх цэнаў на электрычнасць". Спадар Рыпэн падзялiўся з намi i ўласным меркаваннем: "Я не лiчу, што ў нас дастаткова месца для прадуцыравання ветранай энергii, i як рэдактар па экалагiчнай тэматыцы, я не хачу, каб пейзаж напаўняўся гэтымi ўстаноўкамi. Затое ў нас бясконцае месца на дахах — для сонечнай энергii ёсць вялiкi патэнцыял, асаблiва для ацяплення (сонечная тэрмiя). Ён дагэтуль не рэалiзаваны. Варта выкарыстоўваць i любую мясцовасць, прыдатную для гiдраэнергетыкi. I на фоне таго, што няшмат плошчаў засталося для ветранай энергетыкi, найбольшы прырост сёння ў сферах сонечнай i гiдраэнергетыкi. А другая рэч — мы толькi пачалi ўжываць у Германii, ды i наогул у Цэнтральнай Еўропе (апроч Iсландыi i Iталii, зразумела), геатэрмальную энергiю. I тут таксама багаты патэнцыял. Я нiколi не думаў пра гэта раней, хоць спецыялiзаваўся таксама i на геалогii, аднак у большасцi абласцей Германii можна ўжываць геатэрмiю. Да таго ж, яна падаецца найбольш экалагiчна бясшкоднай". Згадаў Дэтлiф Рыпэн i яшчэ адну актуальную праблему ў развiццi альтэрнатыўнай энергетыкi — транспартная сфера: "з-за вялiкага спажывання бензiну i дызелю ў гэтым сектары". Аднак поўны пераход на альтэрнатыўныя крынiцы журналiст лiчыць рэальным —пытанне толькi ў часавым прамежку. "Так, для "пiянераў" альтэрнатыўнай энергетыкi гэта была ахвяра — спачатку iнвеставалi грошы без звароту. Аднак праз законы i павелiчэнне цэнаў на энергiю, сiтуацыя станавiлася ўсё больш выйгрышнай". I сваiх слухачоў радыёжурналiсты максiмальна знаёмяць з магчымасцямi выкарыстання альтэрнатыўнай энергii, эканамiчнымi i экалагiчнымi бонусамi, канкрэтнымi расцэнкамi, iнфармуюць пра стварэнне новых працоўных месцаў. I гэта дае свой плён: "яшчэ 10 гадоў таму людзi былi настроены скептычна, цяпер яны ўспрымаюць гэта вельмi сур’ёзна", — так кажа пра настроi аўдыторыi рэдактар. Пераважная большасць паведамленняў пра ўзнаўляльную энергетыку, якiя гучаць у радыёэфiры, — пазiтыўнага характару. "Так, людзi, скардзяцца на высокiя цэны, аднак негатыўных момантаў становiцца ўсё менш, гэта вопыт", — прызнаецца спадар Рыпэн. "Затое ўводзiцца мода на ўзнаўляльную энергетыку. Напрыклад, калi на фасадзе моднай крамы можна пабачыць фотагальванiчныя ўстаноўкi. Альбо вось чатыры з 18 футбольных клубаў бундэслiгi пакрылi дахi стадыёнаў фотагальванiкай". Пагадзiцеся, найлепшага пiяру i не прыдумаеш. Таму i многiя жыллёвыя кааператывы, якiя займаюцца аднаўленнем дамоў, iнвестуюць у альтэрнатыўную энергетыку. Новыя вокны i дзверы забяспечаць лепшую цеплаiзаляцыю, а тая цi iншая ўстаноўка будзе прадуцыраваць энергiю. Героi рэпартажаў Дэтлiфа Рыпэна разважалi так: "калi ўсё роўна даводзiцца трацiць грошы, лепш патрацiць iх на ўзнаўляльныя крынiцы". Яны ведаюць, што выплаты за такую энергiю гарантаваныя на наступныя два дзясяткi гадоў, iнфармацыя аб узнаўляльных крынiцах дасягае шырокай аўдыторыi. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нямецкiя мас-медыя актыўна iнфармуюць пра ўзнаўляльную энергетыку Сёння мы з вамi гасцюем у Кёльне. Па славутасцi тут далёка хадзiць не трэба. Першае
|
|