22 января 2009 Культура
Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BYУ новым праекце "Як TUTэйшыя змянялi свет" мы распавядзем вам пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай. TUTэйшыя — легендарныя постацi, якiмi ганарацца на розных мацерыках i кантынентах, паходзяць з беларускiх этнiчных абшараў, хоць (за невялiкiм выключэннем) нiколi не атаясамлiвалi сябе з Беларуссю. Найчасцей iхнiя каранi звязваюць з Расіяй, Польшчай, Лiтвой цi Украiнай. Галоўная таму прычына — беларусы аформiлiся як "народ дзяржаўны" пазней за суседзяў. Больш за тое, працэс нацыястварэння ў нас не завершаны i дагэтуль. Сёння, на 18-м годзе незалежнасцi, ратуючыся ад наступстваў сусветнага фiнансавага крызiсу, мы ўзялiся за iмiдж краiны, але так i не зразумелi, што без шанавання гiстарычнай спадчыны ўсе iншыя высiлкi будуць марныя.
АЛЬБЕРТ БРУС САБIН (Albert Sabin, сапраўднае прозвiшча — Саперштэйн)
Нарадзiўся 26 жнiўня 1906 г. у Беластоку (Расійская Імперыя)
Памёр 3 сакавiка 1993 ў Вашынгтоне (ЗША).
Фота: Энцыклапедыя Britannica
26 жнiўня 2006 году навуковы свет адзначыў 100-годдзе чалавека, якi выратаваў планету ад аднаго з самых жахлiвых захворванняў мiнулага стагоддзя — полiямiэлiту. Аднак мала хто ведае, што амерыканец Альберт Брус САБIН паходзiць з гiстарычна беларускага горада Беласток, якi пасля Другой сусветнай вайны Саветы перадалi Польшчы.
СВАЁЙ ДАРОГАЙ
У 1921-м (паводле iншай iнфармацыi ў 1920-м), ратуючыся ад новай хвалi габрэйскiх пагромаў, бядняцкая сям'я 14-гадовага Альберта тады яшчэ Саперштэйна эмiгруе за акiян. Натуральна, што па прыбыццi ў Штаты хлопчык не ведаў ангельскай мовы. Але, як сцвярджае легенда, за два тыднi, праведзеныя ў кампанii амерыканскiх кузэнаў, ён навучыўся нiштавата разумецца i хутка паступiў у адну з сярэднiх школ Нью-Джэрсi. У выпускным класе заможны дзядзька Альберта, якi зрабiў капiтал на лячэннi зубоў, звярнуўся да пляменнiка з цiкавай прапановай. Ён браўся аплацiць усе выдаткi хлопца на адукацыю, калi той засвоiць дантысцкае рамяство i працягне сямейную справу.
Альберт перабраўся ў Нью-Ёрк, аднак дзядзькаў занятак яго зусiм не завабiў. Захоплены бэстсэлерам амерыканскага мiкрабiёлага Поля де Круi "Паляўнiчыя за мiкробамi" (Microbe Hunters, 1926), Саперштэйн паступае ў Школу медыцыны пры Нью-Ёркскiм унiверсiтэце. Тамсама новаспечаны грамадзянiн ЗША (атрымоўваючы амерыканскi пашпарт, ён змянiў габрэйскае прозвiшча на больш мiлагучнае — Сабiн) распачаў навуковыя даследаваннi ў галiне бiямедыцыны, за што i атрымаў ступень доктара.
ПЕРШАЕ АДКРЫЦЦЁ
У 1931 годзе доктар Сабiн зрабiў сваё першае адкрыццё. З дапамогай доследаў ён давёў, што распаўсюджаныя ў той час тэсты на скуры (па якiх вызначалi, цi схiльны чалавек да захворвання полiямiэлiтам), не мелi пад сабой падстаў.
Наступныя некалькi гадоў Альберт атрымлiваў загартоўку ў нью-йоркскiм шпiталi Белеўю i Лiстэраўскiм iнстытуце прафiлактычнай медыцыны ў Лондане, дзе практыкаваўся ў паталагiчнай анатомii i хiрургii. У 1935-м доктар вярнуўся ў ЗША i вырашыў прысвяцiць сваё жыццё даследаванню полiямiэлiту — невылечнага тады захворвання, якое забiла цi скалечыла мiльёны людзей па ўсёй планеце. Падчас працы ў Ракфелераўскiм iнстытуце медыцынскiх даследаванняў у Нью-Ёрку (1935-1939) ён упершыню прадэманстраваў навуцы, што полiявiрус можа памнажацца ў культуры нервовай тканкi — па-за чалавечым арганiзмам.
МАГIЧНЫ ШТАМ
Галоўныя вынаходніцтвы Альберта Сабiна ажыццявіліся дзякуючы шматгадоваму супрацоўнiцтву з Унiверсiтэтам i Даследчым цэнтрам дзiцячага шпiталя Цынцынацi (штат Агаё, 1939-69). Спачатку ён абверг агульнапрынятую тэорыю пра перадачу полiямiэлiту паветрана-кропельным шляхам i даказаў, што хвароба мае кiшэчнае паходжанне. Потым яму пашчасцiла атрымаць саслабелыя формы полiямiэлiтнага вiруса, здольныя забяспечыць доўгатэрмiновы iмунiтэт. Ягонае адкрыццё абапiралася на адзiн з асноўных прынцыпаў iмуналогii: iнфекцыя з бяспечным штамам вiруса стымулюе вытворчасць антыцелаў, што абараняюць арганiзм ад больш атрутных штамаў. У 1957 годзе першая процiполiямiэлiтная пераральная (прымаецца ўнутр) вакцына паспяхова прайшла выпрабаваннi ў Чылi, Галандыi, Японii, Мексiцы, СССР i Швецыi. Праз тры гады жыватворчы сродак атрымаў дазвол на распаўсюд у ЗША.
Альберт Сабiн i Ёнас Солк (справа)Цiкава, што яшчэ ў 1955-м сваю вакцыну з мёртвага вiруса (прычаплялася iн'екцыйна) запатэнтаваў другi амерыканскi даследчык Ёнас Солк. Але менавiта вынаходку Альберта Сабiна Сусветная арганiзацыя аховы здароўя (СААЗ) прызнала больш дзейснай i простай ва ўжытку (усяго пару кропель на кавалачак цукру). Паказальна, што адрозна ад Солка, Сабiн адмовiўся патэнтаваць сваё адкрыццё, жадаючы, каб бясплатная вакцына патрапiла ва ўсе куткi зямной кулi.
Напачатку 1960-х больш за 200 мiльёнаў еўрапейцаў ды амерыканцаў (у асноўным — дзецi) атрымалi прышчэпкi ад полiямiэлiту, што, паводле ацэнкi СААЗ, прадухiлiла 500 тысяч смерцяў i 5 мiльёнаў выпадкаў iнвалiднасцi. Страшная навала адступiла.
НА КАРЫСЦЬ ЧАЛАВЕЦТВА
"Навуковец, — сказаў аднойчы Альберт Сабiн, — не мае права адпачываць у той час, як на палiцы пыляцца веды, якiя б маглi паменшыць чалавечыя пакуты". Апроч полiямiэлiту Сабiн паспяхова вывучаў пнеўманiю i рак, вызначыў вiрус маскiтавай лiхаманкi, стварыў вакцыны ад лiхаманкi Дэнге i японскага энцэфалiту, прапанаваў аэразольны шлях вакцынацыi для лiквiдацыi адру Пасля актыўнай даследчыцкай дзейнасцi Альберт Сабiн стаў аўтарытэтным лектарам i кансультантам урадаў ЗША i iншых краiнаў, ўзяўшыся i за барацьбу з нявiруснымi "хваробамi" — жабрацтвам i непiсьменнасцю.
"Навуковец да мозгу касцей, валасы якога пасiвелi яшчэ ў сярэнiм веку, ён працягваў працаваць напоўнiцу i падарожнiчаць i пасля сямiдзесяцi, — пiсала ў некралогу The New York Times. — Навукоўцы, якiя ведалi доктара Сабiна асабiста, гаварылi аб ягоным непаўторным красамоўстве i надзвычайнай складанасцi перамагчы яго ў навуковым дыспуце. Гэты талент ён захаваў на ўсё жыццё. Гэтаксама, як i здольнасць гаварыць праўду без усялякiх дыпламатычных выкрунтасаў".
Так, у 1980-м 74-гадовы Сабiн выправiўся ў Бразiлiю, дзе ў той час набiрала моц чарговая ўспышка полiямiэлiту. Вывучаючы сiтуацыю, ён прыйшоў да высновы, што яшчэ напачатку 1970-х бразiльскi ўрад сфальсiфiкаваў прадстаўленыя ў СААЗ i ААН даныя аб маштабе захворвання. У 1980 годзе, паводле ягоных ацэнак, колькасць сапраўдных хворых на полiямiэлiт у Бразiлii ў 10 разоў перавышала афiцыйныя лiчбы. Ён асудзiў нежаданне ўладаў забяспечыць масавую вакцынацыю насельнiцтва, пасля чаго пачуў, што ў ягонай дапамозе ўрад больш не мае патрэбы.
За сваю медыцынскую i гуманiтарную дзейнасць доктар Сабiн атрымаў 46 ганаровых званняў ад унiверсiтэтаў свету. Сярод яго незлiчоных ўзнагародаў — Нацыянальны медаль навукi ЗША (1970) i ордэн Дружбы народаў СССР (1986).
Вялiкi навуковец i гуманiст, народжаны i пражыўшы у беластоцкiм асяродку першыя 14 гадоў, адышоў у лепшы свет 3 сакавiка 1993 года i быў пахаваны ў пантэоне Злучаных Штатаў — на Арлiнгтонскiх нацыянальных могiлках у Вашынгтоне.
"Нiводзiн чалавек у гiсторыi не прысвяцiў столькi часу i не зрабiў гэткага велiзарнага ўнёску ў даследаванне полiямiэлiту, як Сабiн", — адзначыў прафесар Ельскага ўнiверсiтэту Джон Пол.
22 января 2009 Культура Кастусь ЛАШКЕВІЧ, TUT.BY У новым праекце "Як TUTэйшыя змянялi свет" мы распавядзем вам пра людзей, без якiх гiсторыя сусветнай цывiлiзацыi была б няпоўнай.
Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей.
Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.