Перапiс-2009 будзе праводзiцца на дзвюх мовах
23 января 2009 Общество
Сяргей ГРЫБ, Звязда Колькi нас, хто мы i як мы жывём? Не выпадае сумнявацца, што гэтыя пытаннi цiкавыя не толькi для дэмографаў, сацыёлагаў цi эканамiстаў, але i для абсалютнай большасцi жыхароў краiны. Што да шляху "пошуку" дакладных адказаў, то тут ён вядомы — агульны перапiс насельнiцтва. Прычым варта нагадаць: наступны перапiс пройдзе менавiта сёлета. I высветлiць некаторыя яго асаблiвасцi мы паспрабуем з дапамогай старшынi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта Беларусi Уладзiмiра Iванавiча ЗIНОЎСКАГА. Канкрэтны дзень, канкрэтная гадзiна Перапiс-2009 пройдзе з 14 па 24 кастрычнiка. Гэта адразу на 3 днi больш, чым падчас падобнай акцыi дзесяць гадоў таму. Разам з тым, як i раней, сёлета ўсе звесткi будуць збiрацца толькi на канкрэтны момант — 0 гадзiн 14 кастрычнiка. — Персанальныя звесткi пра падзеi пасля вызначанага часу ўлiчвацца не будуць, — распавядае Уладзiмiр Зiноўскi. — Так, перапiсныя лiсты не стануць запаўняцца на дзяцей, што нарадзiлiся пасля 0 гадзiн 14 кастрычнiка, але на асобаў, якiя памерлi ўжо пасля гэтага моманту, перапiсныя лiсты запаўняюцца. "Прапiска" значэння не мае Перапiс будзе праводзiцца па месцы пастаяннага жыхарства. А ў сваю чаргу пад такiм месцам маецца на ўвазе населены пункт, дом, кватэра цi iншае жылое памяшканне, дзе чалавек праводзiць большую частку свайго часу. I пры гэтым — незалежна ад рэгiстрацыi, iнакш кажучы, ад "прапiскi". — Калi ёсць адразу некалькi месцаў жыхарства, то пастаянным будзе лiчыцца тое, у якiм рэспандэнт пражывае разам са сваёй сям’ёй, — тлумачыць Уладзiмiр Зiноўскi. — Скажам, чалавек мае ўласную кватэру, зарэгiстраваны ў ёй, але фактычна жыве з сям’ёй у кватэры, якая зарэгiстравана на жонку — у такiм выпадку збор звестак будзе рабiцца па месцы жыхарства рэспандэнта з сям’ёй. Цi таксама даволi распаўсюджаная сiтуацыя. Рэспандэнт працуе ў адным, а жыве ў iншым населеным пункце i прыязджае да сям’i толькi па выхадных — у такiм разе перапiсны лiст будзе зноў-такi запаўняцца па месцы жыхарства сям’i. Калi на працягу перапiсу не ўдалося сустрэцца з рэспандэнтам, якi, напрыклад, з’ехаў у камандзiроўку, то не выключаецца варыянт атрымання персанальных звестак ад iншых поўнагадовых членаў яго сям’i — пры ўмове, што члены сям’i могуць даць поўныя адказы на ўсе пытаннi перапiснога лiста. Калi ж атрымаць такiя адказы немагчыма, то перапiсчык будзе абавязаны наведаць жылое памяшканне яшчэ раз i апытаць грамадзянiна, якi адсутнiчаў, асабiста. Плюс да таго, у Нацыянальным статкамiтэце заўважаюць: у асобных выпадках звесткi пра рэспандэнта, якi адсутнiчае, могуць быць атрыманыя праз даныя дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый. Звесткi будуць тайнай Любы перапiс — гэта апытанне. Тым часам што будзе ў выпадку, калi чалавек проста адмовiцца ад адказаў? — Заканадаўства абавязвае грамадзян не перашкаджаць правядзенню перапiсу i даваць дакладныя персанальныя звесткi па ўсiх пытаннях перапiснога лiста, — адзначае Уладзiмiр Зiноўскi. — Так, сiтуацыю, калi з тых цi iншых прычын хтосьцi з рэспандэнтаў адказваць на пэўнае пытанне не захоча, выключаць сапраўды нельга. Аднак тут трэба падкрэслiць, што канфiдэнцыйнасць i нераспаўсюджанне персанальных звестак гарантуецца Законам "Аб перапiсе насельнiцтва", i нiхто, ад старшынi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта да перапiсчыка, распаўсюджваць гэтыя звесткi не мае права. Да таго ж iнфармацыя аб канкрэтным чалавеку або канкрэтнай сям’i нiякiм чынам не стане адлюстроўвацца ў вынiках перапiсу — нас цiкавiць выключна агульны малюнак. Пра што нас запытаюць? Каб атрымаць падрабязныя звесткi аб дэмаграфiчнай, нацыянальнай, культурнай i сацыяльна-эканамiчнай сiтуацыi, у перапiсны лiст уключана 37 пытанняў — аб узросце, знаходжаннi ў шлюбе, месцы нараджэння, узроўнi адукацыi, грамадзянстве, нацыянальнасцi, мове (родная мова, мова, якая выкарыстоўваецца дома, а таксама iншыя мовы, якiмi свабодна валодае рэспандэнт), занятасцi, крынiцах iснавання, жыллёвых умовах, добраўпарадкаванасцi жылых памяшканняў, наяўнасцi камп’ютара i падключэння да iнтэрнэту i гэтак далей. Прычым, у адрозненне ад апошняга перапiсу 1999 года, з’явiлiся новыя напрамкi: яны датычацца унутранай i знешняй мiграцыi, а таксама так званай "маятнiкавай" мiграцыi — для вывучэння фармiравання працоўных рэсурсаў на ўзроўнi адмiнiстрацыйных раёнаў, гарадоў i пасёлкаў гарадскога тыпу. Прычым, як i раней, у перапiсным лiсце не будзе пункта аб канфесiйнай прыналежнасцi. Гэта, заўважае Уладзiмiр Зiноўскi, тлумачыцца адсутнасцю дакладнай класiфiкацыi рэлiгiйных груп i аднясення да iх рэспандэнтаў. "Моўнае" пытанне Як вядома, цi не найбольш спрэчным момантам перапiсу-99 стала мова. Сёлета, лiчаць у Нацыянальным статкамiтэце, падобныя пытаннi ўзнiкнуць не павiнны. — Форма перапiснога лiста падрыхтавана як на рускай, так i на беларускай мове, да таго ж, па жаданнi рэспандэнта, пытаннi перапiсу могуць быць зададзеныя на любой з дзвюх дзяржаўных моў, — кажа Уладзiмiр Зiноўскi. — У прыватнасцi, падчас навучання перапiсчыкаў асаблiвая ўвага будзе надавацца менавiта правiльнасцi правядзення апытання па-беларуску. Дарэчы, апроч работнiкаў статыстыкi, шэрагу iншых мiнiстэрстваў i ведамстваў, да ўдзелу ў сёлетнiм перапiсе плануецца прыцягнуць каля 50 тысяч добраахвотнiкаў. Гэта будуць супрацоўнiкi розных арганiзацый, студэнты, навучэнцы i пенсiянеры. Пасведчанне, значок, партфель Бяспека — справа не лiшняя нiколi. I асаблiва гэта тэма становiцца актуальнай падчас перапiсу. Зрэшты, зазначае Уладзiмiр Зiноўскi, жыхары краiны змогуць "пазнаць" перапiсчыка без асаблiвых цяжкасцяў — па спецыяльным значку, партфелi з лагатыпам, урэшце, па пасведчаннi, якое будзе абароненым ад падробак i падпiсанае старшынямi райвыканкамаў, гарвыканкамаў або кiраўнiкамi адмiнiстрацый раёнаў сталiцы. — Што да бяспекi самiх перапiсчыкаў, то тут прадугледжана значная падтрымка з боку Мiнiстэрства ўнутраных спраў, — падкрэслiвае Уладзiмiр Зiноўскi. — Так, з 14 па 24 кастрычнiка службы аховы правапарадку будуць праводзiць манеўр з мэтай iх наблiжэння да месцаў правядзення перапiсу i перапiсных участкаў, плануецца работа мабiльных груп, вызначана, што мiлiцыя будзе суправаджаць перапiсчыкаў падчас вiзiтаў да асобаў, якiя схiльныя да правапарушэнняў i знаходзяцца на ўлiку. Апроч таго, нагадаю: паводле пастановы Савета Мiнiстраў вызначана добраахвотнае страхаванне перапiсчыкаў ад няшчасных выпадкаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
23 января 2009 Общество Сяргей ГРЫБ, Звязда Колькi нас, хто мы i як мы жывём?
|
|