Людзі з невядомай планеты
Людзі з невядомай планеты
...Як толькi хлопец увайшоў у маршрутку, стала зразумела, што гэта псiхiчна нездаровы чалавек: ён уголас размаўляў сам з сабой, крычаў вадзiцелю, калi той павiнен паварочваць, раiў пасажырам, якiмi купюрамi лепш расплацiцца за праезд. Але не гэта здзiўляла, а тое, як людзi рэагавалi на такога пасажыра. Адна дзяўчына пачала дэманстратыўна адварочвацца ад хлопца, а калi той выпадкова дакранаўся да яе, тут жа абцiрала сваю вопратку. Іншыя толькi хiхiкалi, назiраючы за незвычайным пасажырам. А мне стала сорамна: сорамна i за сябе (бо ў нейкi момант я заўважыла, што пачала разглядаць хлопца, нiбы бачу жыхара невядомай планеты), i за iншых пасажыраў, якiя не хавалi сваiх адносiнаў да гэтага чалавека. Няўжо ў нашым грамадстве не навучылiся правiльна рэагаваць на такiх людзей, не грэбаваць iмi, не пагарджаць? Але, дзякуй Богу, ёсць яшчэ сярод нас тыя, хто здольны па-чалавечы ставiцца да чужой немачы i нават дапамагаць такiм людзям. Сярод iх — супрацоўнiкi праекта "Вясёлка", якi ўжо пяць гадоў iснуе ў сталiцы. Працуе праграма пры Яўрэйскiм дабрачынным фондзе "Хэсэд Рахамiм" i створана для рэабiлiтацыi i адаптацыi ў грамадстве маладых iнвалiдаў з псiханеўралагiчнымi захворваннямi, арганiзацыi iх прафесiйнай арыентацыi, вольнага часу, а таксама для дапамогi сем’ям, дзе жывуць такiя людзi. — Калi мы пачыналi сваю дзейнасць, да нас прыходзiла толькi 5 чалавек, — узгадвае кiраўнiк "Вясёлкi" Алена Кавалевiч. — Цяпер нас — амаль 30. Акрамя таго, з 15 падапечнымi мы займаемся дома. Хоць "Вясёлка" i стваралася для яўрэяў, але да нас ходзiць i беларуская моладзь. Хлопцы i дзяўчаты з "Вясёлкi" розныя, i ў кожнага свая гiсторыя хваробы. Хтосьцi ўжо нарадзiўся з фiзiчнай цi псiхiчнай немаччу, да некага яна "прычапiлася" пасля працяглага захворвання, у кагосьцi з’явiлася ў перыяд палавога выспявання цi пасля няшчаснага выпадку. Такi адбыўся з адным з падапечных праекта. Дужы, самастойны, прыгожы малады бiзнэсмен, якi ведаў дзве замежныя мовы i марыў пра шчаслiвы лёс, у вынiку аўтамабiльнай траўмы страцiў усё: здароўе, былыя навыкi i веды. Засталiся толькi мары... Хворага сына спачатку даглядала мама, потым хлопец патрапiў на заняткi ў праект. Цяпер ён зноў пачаў вывучаць англiйскую мову, вучыцца жыць. Дарога яшчэ аднаго маладога i прыгожага, Жэнi, у "Вясёлку" была не без праблем. Пачалося ўсё з таго, што гэтаму чалавеку не дазвалялася праходзiць на тэрыторыю Яўрэйскага дома, бо паводзiў ён сябе неадэкватна: нiхто не мог прадбачыць, што ў наступную хвiлiну "выкiне" Жэня. Але дзякуючы Алене Кавалевiч малады чалавек атрымаў магчымасць удзельнiчаць у праекце. — Я ўзяла усю адказнасць за паводзiны Жэнi на сябе, — успамiнае кiраўнiк "Вясёлкi". — Калi ён прыходзiў на заняткi, мяне выклiкала варта i я хлопца брала за руку i праводзiла ў групу. Трэба сказаць, што гэта вельмi таленавiты малады чалавек: ён можа iграць на любым музычным iнструменце, якi патрапiць яму ў рукi. Я сама была сведкай таго, як вiртуозна спраўляецца Жэня з баянам i фартэпiяна. Талент хлопца выкарыстоўваюць супрацоўнiкi праграмы: нярэдка малады чалавек iграе на спектаклях, святах, занятках. У праекце практыкуецца методыка паступовасцi. Спачатку людзi адаптуюцца. Калi супрацоўнiкi праграмы заўважаюць, што чалавек ужо маральна i фiзiчна можа далучыцца да групы, запрашаюць яго. Але гэта не адбываецца iмгненна. Напрыклад, ужо тры гады iдзе праца з адным хлопцам, але бачна, што да групавых заняткаў ён яшчэ не гатовы. — Напачатку нашай дзейнасцi да нейкiх iдэй мы даходзiлi iнтуiтыўна, — кажа кiраўнiк праграмы. — Потым, дзякуючы шчаслiваму выпадку, патрапiлi на трохмесячную практыку ў Германiю. Усё, што мы там пабачылi, прывезлi з сабой i пастаралiся ажыццявiць. Гэта зусiм новая сiстэма, якая да гэтага ў Беларусi не практыкавалася. Сутнасць сiстэмы — у комплексным падыходзе. Спецыялiсты "Вясёлкi" выкарыстоўваюць усе магчымыя сродкi для работы са сваiмi выхаванцамi: гэта i тэатр, i творчасць, i сацыяльна-бытавая арыенцiроўка, i спорт, i iпатэрапiя, i работа на камп’ютары. Такiм чынам дзецi (як iх з любоўю называюць супрацоўнiкi праекта, хоць некаторым споўнiлася ўжо 40 гадоў) маюць магчымасць развiвацца ўсебакова. На пачатку новага года спецыялiсты праграмы вызначаюць, якi накiрунак iх дзейнасцi будзе галоўным. Напрыклад, калi рыхтавалiся да паездкi на спецыяльныя Алiмпiйскiя гульнi ў Кiтай, 2007-ы быў аб’яўлены Годам спорту. — Мы не маглi "вырваць" дзяцей, якiя ехалi на спаборнiцтвы, з рытму звычайных заняткаў, таму ўсiх гадаванцаў "Вясёлкi" далучылi да iх, — кажа псiхолаг Кацярына СЯРГЕЕВА. — Да нас тады прыязджала шмат замежных гасцей. Каб дзецi не спужалiся, пачуўшы незразумелыя чужыя словы, мы ўвялi асновы англiйскай мовы. Таксама хлопцы i дзяўчаты вучылi прывiтанне на кiтайскай. Гэта акрамя таго, што была моцная спартыўная падрыхтоўка. Вядома, тыя гадаванцы "Вясёлкi", якiх чакала паездка на Алiмпiйскiя гульнi, займалiся спортам яшчэ дадаткова. Рыхтаваў будучых пераможцаў iнструктар па рэабiлiтацыi, чэмпiён свету, майстар спорту, суддзя I катэгорыi Барыс Бачкоўскi. А пачалася спартыўная "кар’ера" выхаванцаў "Вясёлкi" ў 2006 годзе. Тады ў Стайках на Усебеларускiх алiмпiйскiх гульнях яны заваявалi каля 20 медалёў, палова з якiх — залатыя. Пасля гэтага стала зразумела: можна рыхтаваць дзяцей i на Гульнi ў Кiтай. Адтуль каманда "Хэсэд Рахамiм" прывезла 9 медалёў (залаты i 8 бронзавых). Цяпер спартсмены рыхтуюцца да паездкi ў Амерыку. 29 студзеня сумесная каманда "Вясёлкi" i Рэспублiканскага цэнтра рэабiлiтацыi (усяго 7 чалавек) паедзе на спецыяльныя Алiмпiйскiя гульнi, дзе iх чакае гонка на каньках. А 2008 год быў прысвечаны тэатральнай дзейнасцi. Падапечныя "Вясёлкi" рыхтавалi свае спектаклi да розных святаў, удзельнiчалi ў фестывалях як у Беларусi, так i за мяжой. Фiнальным акордам стала паездка ў Кiеў на фестываль, дзе свае спектаклi паказваюць людзi з абмежаванымi магчымасцямi. Там "нашы" сталi лаўрэатамi. Але не па ўзнагароды ды славу паехалi ва Ўкраiну. Галоўнае — было проста выехаць (прычым гэта першая паездка, якая планавалася без бацькоў!) — Як мне было страшна, думаю, i казаць няма чаго, — дзелiцца Алена Кавалевiч. — Многiя з нашых дзяцей увогуле нi разу не ездзiлi ў цягнiку, не ведалi, як там карыстацца прыбiральняй. Я вельмi хвалявалася: такую адказнасць на сябе ўзвалiлi. Некаторыя бацькi, калi нас праводзiлi, казалi на станцыi: "Ой, глядзiце, не дай Бог што якое"... Але нiчога такога, на шчасце, не адбылося. Падапечныя Алены Iгараўны паводзiлi сябе вельмi прыстойна. Яны не саромелiся, размаўлялi з iншымi пасажырамi цягнiка, прычым тыя вялi з дзецьмi размовы з задавальненнем. Група "Вясёлкi" ўвесь час расце. Таму на 2009-ы першапачатковая задача, якую паставiлi перад сабой супрацоўнiкi праграмы, — наладзiць iндывiдуальны падыход да кожнага. — Яны ўсе такiя розныя i па ўзросце, i па характары, i па магчымасцях, — тлумачыць псiхолаг праекта. — Па-першае, мы павiнны арыентавацца на iнтарэсы сваiх гадаванцаў, а, па-другое, — на патрэбы жыцця. Мы абавязаны навучыць iх усяму, на што яны здольныя, каб найбольш жыццёвых навыкаў яны мелi. Але не трэба думаць, што ўсе тыя таленты "Вясёлкi", якiмi сёння ганарацца супрацоўнiкi праекта, адкрылiся самi па сабе — гэта вынiк пяцiгадовай працы. Спачатку, як толькi дзецi пачалi прыходзiць на заняткi, адны сядзелi спiнай да групы i нi з кiм не хацелi размаўляць, другiя трымалiся за мамiну руку i не выпускалi яе. Праз нейкi час яны руку адпусцiлi, пазней мамiна крэсла адсунулася далей. Цяпер нават той, хто вельмi адданы маме, з лёгкасцю адпускае яе на час заняткаў. Навучанне праводзяць тры разы на тыдзень: аўторак i чацвер па 2,5 гадзiны, а ў нядзелю — 4-5 гадзiн. Гэты час супрацоўнiкi стараюцца запоўнiць як мага больш насычана. Каб падапечныя не стамiлiся i iм не надакучыла займацца, заняткi чаргуюцца. Напрыклад, 40 хвiлiн з iмi працуе псiхолаг. У Кацярыны Сяргеевай вельмi шмат методык: гульнетэрапiя, праца з лялькамi, тэатратэрапiя, танцатэрапiя, i многiя-многiя iншыя. Затым, пасля перапынку, дзецi разам з Аленай Яфрэменкай займаюцца творчасцю: робяць вырабы сваiмi рукамi, малююць, лепяць. У нядзелю хлопцы i дзяўчаты кулiнараць. Пачыналася ўсё з бутэрбродаў, а сёння гадаванцы "Вясёлкi" могуць самастойна прыгатаваць, напрыклад, салату "алiўе". Уласнымi кулiнарнымi шэдэўрамi потым частуюць сваiх бацькоў. Тры гады запар, летам, дзецi разам са сваiмi настаўнiкамi ездзяць у Тарасава. Там, на тэрыторыi праваслаўнай царквы, за дабрачынныя сродкi пабудаваны сацыяльны дом для людзей з абмежаванымi магчымасцямi. Для "Вясёлкi" такiя паездкi — сапраўднае свята. Першыя выезды туды былi разам з бацькамi, цяпер на два тыднi гадаванцы наведваюцца туды толькi з супрацоўнiкамi праекта. Гэты час выкарыстоўваецца, каб па-сапраўднаму заняцца творчасцю, калi няма абмежаванняў нi ў часе, нi ў прасторы, каб адпачыць ад надакучлiвай атмасферы, убачыць новых людзей, атрымаць новыя ўражаннi. Яшчэ гадаванцам "Вясёлкi" пашчасцiла 12 дзён адпачыць у аздараўленчым цэнтры "Надзея" Вiлейскага раёна. Там дзецi маглi прайсцi медыцынскую рэабiлiтацыю. Акрамя цiкавых заняткаў ды паездак, гадаванцы "Вясёлкi" не адмаўляюць сабе i "выйсцi ў людзi". Ходзяць у тэатр, планетарый, басейн, з верасня па снежань мiнулага года пабывалi ў трох месцах. Цяпер у супрацоўнiкаў праекта з’явiлася новая форма работы са сваiмi падапечнымi — вiдэаздымка. Гэта iдэя нарадзiлася, калi прыдумвалася праграма святкавання пяцiгоддзя "Вясёлкi". У ролi герояў фiльма — гадаванцы праекта. Я пазiрала на экран i бачыла шчырых, адкрытых, мiлых людзей. Было зразумела, што яны больш не баяцца iншых людзей, не саромеюцца сваёй немачы, а навучылiся жыць з ёю i атрымлiваць ад жыцця асалоду. Дзецi сталi больш самастойнымi i ўжо не ў такой ступенi залежаць ад дапамогi бацькоў, як раней. Дзiўна, але цяпер неяк незвычайна пачалi адчуваць сябе бацькi: некаторыя мамы не ведаюць, што iм рабiць у час, калi iх дачка цi сын застаецца на занятках. Калi iм прапануецца заняцца сваiмi справамi, высвятляецца, што ў мамы, якая усё жыццё жыве толькi праблемамi свайго дзiцяцi, няма асабiстых спраў. Такая мама пачынае прасiцца: "Дазвольце мне застацца, я пасяджу на кухнi i буду бульбу смажыць, бо мне няма чаго рабiць, няма ў мяне планаў на вольны час". З героя, якi ўсе сiлы, час i энергiю паклаў на барацьбу з немаччу роднай крывiнкi, такая мама ператварылася ў звычайнага чалавека, якому, нарэшце, можна падумаць пра сваё ўласнае жыццё. Праблема ў тым, што, аказваецца, асабiстага жыцця ў яе i няма. Але, напэўна, калi чалавек справiўся з немаччу i хваробай роднага чалавека, i з такой праблемы ён знойдзе выйсце. Марына ЛЯВОШКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Як толькi хлопец увайшоў у маршрутку, стала зразумела, што гэта псiхiчна нездаровы чалавек: ён уголас размаўляў сам з сабой, крычаў вадзiцелю, калi
|
|