Выйсце — новая прадукцыя?
Выйсце — новая прадукцыя?
Прыборабудаванне, радыёэлектронiка, станкаiнструментальная вытворчасць, машынабудаванне, металургiя, прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу... Не сакрэт, што фiнансавыя ўзрушэннi перш-наперш адбiлiся менавiта на гэтай сферы — у канцы снежня амаль 80 працэнтаў са 182 айчынных прадпрыемстваў галiны працавалi па "скарочаным" працоўным тыднi або вымушана стаялi. Цi змянiўся малюнак за апошнi час i наколькi актуальнай застаецца праблема няпоўнай занятасцi зараз? Каб адказаць на гэтыя пытаннi, карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з загадчыкам сацыяльна-эканамiчнага аддзела Рэспублiканскага прафсаюза работнiкаў прамысловасцi Аляксандрам РЫМШАЙ. — На думку многiх экспертаў, першыя ацэнкi сiтуацыi можна рабiць толькi па вынiках студзеня. Якiмi яны аказалiся? Што ж да прычын, то варта заўважыць: большасць "складаных" прадпрыемстваў шчыльна прывязаныя да расiйскага рынку. Практычна 74 працэнты прадукцыi таго ж "Аўтагiдраўзмацняльнiка" спажываў КамАЗ, якi, як вядома, апошнiм часам не працаваў. Пры гэтым цi не галоўная задача айчынных экспартных прадпрыемстваў на сёння — не страцiць абаротныя сродкi. Зразумела, што перабоi з паступленнем грошай могуць прывесцi да спынення вытворчасцi. Тым часам сiтуацыя тут няпростая: некаторыя айчынныя вытворцы вымушаны заключаць кантракты з расiйскiмi партнёрамi на ўмовах адтэрмiноўкi разлiкаў у 45-60 дзён. — Адвечнае пытанне — што рабiць? — Адзiн з варыянтаў у гэтым выпадку — пошук новых партнёраў, i ў тым лiку паступовая пераарыентацыя на ўнутраны рынак. Вось прыклад. Яшчэ ў кастрычнiку да 80 працэнтаў прадукцыi РУП "Рэчыцкi метызны завод" iшло на экспарт, не ў апошнюю чаргу ў Германiю i Францыю. Потым замовы зменшылiся. Як вынiк, прадпрыемства стала больш актыўна працаваць з беларускiмi спажыўцамi i не прайграла. Завод, стан якога быў не лепшым у снежнi, выканаў студзеньскi план на 110 працэнтаў, "стаў" у графiкi па рэалiзацыi прадукцыi, працуе ў звычайным рэжыме, многiя работнiкi выходзяць на свае месцы па суботах, больш за тое, з лютага тарыфная стаўка І разраду тут павялiчылася на 10 працэнтаў. Аднак тут жа трэба адзначыць — для прасоўвання на ўнутраным рынку неабходна рабiць стаўку на асваенне новых вiдаў прадукцыi. Скажам, практыка паказвае: нам па сутнасцi не патрэбныя цяперашнiя аб’ёмы вытворчасцi тых жа электрабытавых помпаў. I з iншага боку застаюцца напрамкi, якiя зараз "закрывае" iмпарт. У прыватнасцi, гаворка аб цылiндрах для трактароў — мы маглi б рабiць iх i самi, але пакуль купляем за мяжой. — Калi з’яўляюцца эканамiчныя цяжкасцi, адразу ж паўстае пытанне пра "лiшнiх" работнiкаў. Якая верагоднасць скарачэнняў у галiне? — Сёння пытанне пра рэзкiя скарачэннi не стаiць. У горшым выпадку прадпрыемствы пераходзяць на чатырохдзёнку цi трохдзёнку, i гэта — якраз шлях да захавання працоўных калектываў. Так, у гэтым выпадку ёсць адзiн нюанс. На некаторых заводах у маi падыходзяць да заканчэння тэрмiны многiх кантрактаў, i як тут будзе развiвацца сiтуацыя надалей — сказаць пакуль цяжка. Разам з тым мы спадзяёмся, што прафсаюзы здолеюць паўплываць на канчатковае рашэнне наймальнiкаў. Да таго ж неабходна падкрэслiць: у крайнiм выпадку змяншэнне колькасцi занятых у галiне можа адбыцца толькi за кошт кiруючага персаналу. Аднак не за кошт рабочых — рабочых, асаблiва з высокай квалiфiкацыяй, па вялiкiм рахунку ў нас недастаткова. — Не менш папулярны варыянт эканомii — абмежаванне гарантый па калектыўных дагаворах. Цi сталася гэта рэалiяй? — Дзе-нiдзе калектыўныя дагаворы насамрэч прыпыненыя, прычым з гэтым пагадзiлася большасць работнiкаў — людзi разумеюць, што галоўнае захаваць вытворчасць, працоўнае месца i зарплату. Аднак прыпыненне некаторых дадатковых гарантый трэба ўспрымаць менавiта як часовыя захады. Прынамсi, нягледзячы на ўсе цяжкасцi, на сёння змест нiводнага калектыўнага дагавора не пераглядаўся, нiводнае прадпрыемства не пайшло на знiжэнне тарыфнай стаўкi I разраду. — Яшчэ адна вострая тэма — магчымая прыватызацыя шэрагу прадпрыемстваў. Як падчас яе будуць паводзiць сябе прафсаюзы? — Вызначана, што ў найблiжэйшы час большасць прамысловых прадпрыемстваў ператворацца ў акцыянерныя таварыствы. А затым не выключаецца варыянт змены ўласнiка. Гэта працэс аб’ектыўны — разам з новымi ўласнiкамi ў галiну павiнны прыйсцi iнвестыцыi. У той жа час, з улiкам вопыту расiян, мы добра разумеем, што для працоўных калектываў гэты працэс можа быць неадназначным. Таму прафсаюзы будуць настойваць на дакладным выкананнi нормаў тарыфнага пагаднення, сярод якiх — удзел прафкамаў у распрацоўцы ўсiх новых праектаў развiцця прадпрыемства, абавязковая згода прафсаюза на перапрафiляванне цi продаж аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, забеспячэнне "дапрыватызацыйнага" ўзроўню занятасцi як мiнiмум на працягу 6 месяцаў, захаванне ранейшых гарантый i льгот работнiкам. Плюс да таго, абавязковая ўмова — захаванне прафкама. Тым больш, што для падтрымкi стабiльнасцi ў гэтым павiнен быць зацiкаўлены i сам уласнiк. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыборабудаванне, радыёэлектронiка, станкаiнструментальная вытворчасць, машынабудаванне, металургiя, прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу... Не
|
|