21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Калi чыноўнiк паабяцаў, ён павiнен стрымаць сваё слова

26.08.2009 10:46 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калi чыноўнiк паабяцаў, ён павiнен стрымаць сваё слова

Памочнiк Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — галоўны iнспектар па Гомельскай вобласцi Iгар Пракапенка:

Знаёмiм з суразмоўцам

Iгар Мiкалаевiч — ураджэнец горада Горкi Магiлёўскай вобласцi. Пасля заканчэння ў 1979 го-дзе сярэдняй школы паступiў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмiю. Сем гадоў працаваў галоўным эканамiстам, намеснiкам старшынi ў гаспадарках Акцябрскага раёна Гомельшчыны. Далейшы працоўны шлях — на Вiцебшчыне, дзе спачатку займаў пасаду начальнiка аддзела эканомiкi аб’яднання "Вiцебскмелiярацыя", а потым, з 1994 па 1997 год — вядучага i галоўнага спецыялiста iнспекцыi Кантрольнай палаты па Вiцебскай вобласцi. Пасля скасавання яе працаваў на розных пасадах у Камiтэце дзяржаўнага кантролю Вiцебскай вобласцi пачынаючы ад галоўнага спецыялiста i заканчваючы памочнiкам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — галоўным iнспектарам па Гомельскай вобласцi.

 

— Iгар Мiкалаевiч, якiя ўказаннi даваў вам кiраўнiк дзяржавы, прызначаючы на гэту высокую пасаду?

— Памочнiк Прэзiдэнта — гэта прадстаўнiк першай асобы краiны на пэўнай тэрыторыi, i ён павiнен адлюстроўваць i выконваць тыя даручэннi, якiя даюцца яму на працяглую перспектыву цi на бягучы момант. А наказ такi: добра працаваць. Адным з галоўных пытанняў, якiя стаяць перад памочнiкамi Прэзiдэнта, — пытанне кадравай работы, пытанне прызначэння на вышэйшыя пасады кiраўнiкоў рознага ўзроўню выканаўчай улады. Гэта вялiкi i адказны ўчастак работы. I, вядома ж, садзейнiчанне ў вырашэннi праблем, якiя стаяць перад рэгiёнам, а гэта i чарнобыльскiя праблемы.

— З чаго пачыналi работу на новай пасадзе?

— З азнаямлення з людзьмi, прадпрыемствамi раёнаў.

— Маеце на ўвазе чарнобыльскiя?

— Так. А першая камандзiроўка была ў Добрушскi раён. Гэта лiтаральна праз дзесяць дзён з пачатку маёй работы на новай пасадзе. Мне давялося вывучаць сiтуацыю ў раёне, правесцi прыём грамадзян, пабыць у новай школе, што адкрывалася ў вёсцы Крупец. А наступныя камандзiроўкi былi ў Брагiнскi, Хойнiцкi, Нараўлянскi i iншыя раёны. I тут я хачу адзначыць наступнае.

У рэспублiцы ўсе ведаюць пра тыя беды, якiя ўчынiў чарнобыльскi атам. Але адна справа — ведаць, а другая — бачыць на свае вочы. Гэта зусiм розныя ўспрыманнi, таму што ты пранiкаешся праблемамi i болем тых людзей, якiя засталiся жыць на нашпiгаванай радыенуклiдамi зямлi, калi ўсведамляеш, што пакiнуты былi дыхтоўныя дамы i iншыя пабудовы, вытворчыя аб’екты i аб’екты сацкультбыту, а на ўрадлiвых землях, на месцы былых населеных пунктаў вырас быльнёг, кустоўе, дрэвы, з асаблiвай вастрынёй разумееш боль i праблемы людзей, стараешся дапамагчы iм.

Безумоўна, вельмi многае зроблена, каб мiнiмiзаваць наступствы чарнобыльскай трагедыi, але ў размове з людзьмi высвятляецца, што ёсць яшчэ пытаннi, якiя неабходна вырашаць.

— Напрыклад?

— Раней, яшчэ да падзей 1986 года, у той цi iншай вёсцы былi, скажам, клуб або нейкая iншая ўстанова. Сёння дзе-нiдзе гэтыя будынкi пустуюць, разбураюцца. I тут знаходзяцца пэўныя iнвестары, якiя хочуць узяць iх для арганiзацыi якойсьцi вытворчасцi. А ва ўладальнiкаў тых будынкаў, суб’ектаў гаспадарання — СВК або КСУПаў, на балансе якiх яны знаходзяцца, — часам няма дакументаў, па якiх вызначаецца iх кошт. Каб падрыхтаваць тую дакументацыю, патрэбны дадатковыя фiнансавыя сродкi, якiх у сельгаспрадпрыемства i без таго не хапае. Такiм чынам, кола замкнулася, i прадаць такiя збудаваннi нельга, бо зрабiць гэта не дазваляе нарматыўная база.

— Атрымлiваецца, што патрэбна ўмяшанне пэўных рэспублiканскiх iнстанцый?

— Абсалютна правiльна. Або яшчэ. У некаторых раёнах, напрыклад, у Веткаўскiм, насельнiцтва, якое пражывае на забруджаных радыенуклiдамi тэрыторыях, не мае магчымасцi ў поўнай меры карыстацца азёрамi, рэкамi, знаходзiцца ў лесе, бо людзям не рэкамендуецца не рабiць гэтага. Забараняюць, iншымi словамi, а ў выпадку парушэнняў штрафуюць. Вось таму жыхары звярнулiся да мяне, адны пiсьмова, другiя вусна з наступным пытаннем: пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС прайшло ўжо больш за дваццаць гадоў, i вядома, што частка зямель на Гомельшчыне рэабiлiтаваная. Дык цi не час ужо i iхнюю тэрыторыю перагледзець?

Пытанне пастаўлена, i на яго патрэбна адказваць. Таму ў вобласцi была створана рабочая група з прыцягненнем прадстаўнiкоў усiх кампетэнтных i зацiкаўленых арганiзацый, з людзьмi праведзены сходы, i пасля зiмы сiтуацыя будзе пераправерана. Цалкам магчыма, што статус асобных тэрыторый зменiцца.

— Вы наведалi ўжо большасць раёнаў вобласцi, пабывалi ў многiх працоўных калектывах. Якая ваша ацэнка кадраў, у тым лiку i выканаўчай, распарадчай улады? I што павучальнага Гомельшчына можа ўзяць у Вiцебшчыны, дзе вы працавалi працяглы час, i наадварот, у вырашэннi пытанняў сацыяльна-эканамiчнага плана?

— Цяжка даць такую ацэнку — што адзiн рэгiён можа запазычыць у iншага. Наша краiна невялiкая, i народ у ёй як на Гомельшчыне, так i на Вiцебшчыне ў дачыненнi да працы i па чалавечых якасцях аднолькава добрасумленны. I вырашаць, што лепш для той цi iншай вобласцi, самiм рэгiёнам, бо прыродныя ўмовы паўднёвай часткi рэспублiкi i паўночнай маюць сваю спецыфiку. Тое, што вырошчваецца на Гомельшчыне, не зусiм прымальнае для Вiцебшчыны, i, на мой погляд, пераносiць нешта адно да другога, — я не стаў бы так адназначна ставiць пытанне.

Гомельшчына летась спрацавала добра, у тым лiку i па сельскай гаспадарцы. Выкананне прагнозных паказчыкаў у вёсцы тут лепшае, чым у Вiцебскай вобласцi. Дасягнуты добры прырост па вытворчасцi збожжа, маюцца прыбаўкi i ў жывёлагадоўчай галiне. Нядрэнныя поспехi i ў iншых галiнах гаспадарання, што, безумоўна, не павiнна супакойваць кадры. Трэба мэтанакiравана iсцi наперад. I гэта ўсе разумеюць. Падбор жа кадраў на кiруючыя пасады ў вобласцi праходзiць з вялiкай уважлiвасцю i патрабавальнасцю, i таму яны адпавядаюць задачам сённяшняга дня. Адзначу, што на працягу аднаго-двух гадоў персанал раённых выканаўчых камiтэтаў i асаблiва старшыняў iх iстотна абнавiўся, i апошнiх можна аднесцi да катэгорыi маладых кiраўнiкоў, якiя праходзяць перыяд станаўлення, уваходжання ў пасаду.

— Нядаўна ў аблвыканкаме вы правялi прыём грамадзян. Сродкi масавай iнфармацыi паведамлялi пра яго час: з 11 да 15 гадзiн. Ён жа працягваўся да 20 гадзiн без перапынку. На iм давялося прысутнiчаць i мне. Скажу шчыра: здзiўляўся не толькi вашай кампетэнтнасцi ў розных пытаннях, але i ўважлiвасцi, цярпенню, тактоўнасцi, якiмi вы валодаеце. Бо ў асобных выпадках даходзiла да таго, што чалавек пераходзiў на павышаны тон размовы (i гэта лёгка сказана), заяўляў, што болей нiкому не верыць, таму што ў яго была апошняя надзея на памочнiка Прэзiдэнта — галоўнага iнспектара па Гомельскай вобласцi, якi i павiнен быў вырашыць яго праблему. А тут — расчараванне...

— Зразумеў вас i павiнен сказаць, што то быў сапраўдны доўгi дзень. На прыём прыехалi i прыйшлi 39 чалавек, некаторыя — без папярэдняга званка, i ўсе яны былi выслуханыя. Лiчу, што такi падыход быў правiльным. Тыя праблемы, якiя ўзнiмалi наведвальнiкi, былi для iх актуальныя. Гэта — iхнi боль у дачыненнi да сябе, родзiчаў, дзяцей. Спектр зваротаў — самы розны. Адны не могуць знайсцi згоды з суседзямi, i яны шукаюць управу на iх, другiя не згодныя з суровымi прыгаворамi судоў, трэцiя прасiлi разабрацца з несправядлiвасцю кiраўнiкоў, чацвёртыя скардзiлiся на парушэнне жыллёвых правоў. Пералiк таго, чым былi заклапочаны незадаволеныя людзi, можна працягваць i далей.

— Кiнулася ў вочы, што на прыёме выслухоўвалiся як наведвальнiкi, так i тыя пасадавыя асобы цi прадстаўнiкi кантралюючых арганiзацый, якiя мелi дачыненне да праблемы. А калi апошнiх не было, iх запрашалi сюды, каб расставiць усе кропкi над "i" тут жа. Адначасова па некаторых пытаннях давалiся даручэннi...

— Усё гэта сапраўды так. Таму частка пытанняў была знята з парадку дня адразу або будзе знята пасля. Аднак трэба сказаць, што група людзей засталася незадаволенай маiмi адказамi. I вось чаму.

Хто-нiхто нязгодны з рашэннямi судовых органаў. Разумею iх: гэта — iхнi боль. Але высвятляецца, што гэтыя скаргi разглядаў ужо Вярхоўны Суд рэспублiкi, самая высокая судовая iнстанцыя, i сёння я як памочнiк Прэзiдэнта не магу, не маю права ўмешвацца ў дзейнасць судовай улады. У нас ёсць норма закона, якая вызначае, хто i чым павiнен займацца, i калi звароты грамадзян прайшлi праз самую высокую судовую iнстанцыю, дапамагчы чалавеку ўжо не можа нiхто. I ён павiнен зразумець гэта. На жаль, не да ўсiх грамадзян даходзiць гэта.

— Атрымлiваецца, што пазiцыя такiх людзей наступная: павiнна быць па-iншаму, як iм зручна, а астатняе...

— Правiльна: iх не цiкавiць, хоць будуць ушчэмлены iнтарэсы iншых.

— Але ж здараецца, што людзей прымушаюць, як кажуць, стукаць у новыя дзверы няўвага, неабавязковасць, а то i абыякавасць асобных чыноўнiкаў або адсутнасць фiнансавых сродкаў на нейкiя справы...

— Згодзен. Маюцца такiя выпадкi. Гэта датычыцца i асобных службаў жыллёва-камунальных гаспадарак, i няма чаго граху таiць, некаторых чыноўнiкаў з мясцовых органаў улады. Безумоўна, гэта непарадак. Але калi ты абяцаў чалавеку нешта зрабiць, у нечым дапамагчы, калi называў пры гэтым тэрмiны, стрымай сваё слова. Так, усякае бывае. Нейкiя прычыны перашкодзiлi. У падобных выпадках папрасi прабачэння ў чалавека, растлумач сiтуацыю, скажы, калi зробiш. I не дапускай, каб у яго з’явiўся недавер да ўлады i да цябе, канкрэтнага чыноўнiка. Я лiчу, што належная патрабавальнасць да сваёй работы, сваiх абавязкаў персаналу выканаўчай улады знiме шэраг пытанняў па зваротах людзей у вышэйшыя арганiзацыi.

— Вам, Iгар Мiкалаевiч, даводзiцца весцi прыёмы i на раёнах. Цi ёсць якая рознiца ў параўнаннi з прыёмамi ў абласным цэнтры?

— Ёсць. Па сваiм характары i колькасцi зваротаў грамадзян яны несувымяральныя. Калi ў раёне чалавек прыходзiць на папярэднi запiс, работнiкi органаў выканаўчай улады даведваюцца пра яго праблему i да майго прыезду стараюцца вырашыць яе. Лiчу, што такая практыка слушная.

— Вам даводзiцца выконваць асабiстыя даручэннi Прэзiдэнта?

— Яны iдуць праз Адмiнiстрацыю кiраўнiка дзяржавы. Часцей за ўсё гэта датычыцца разгляду нейкiх пытанняў, якiя туды паступаюць, праверкi выканання ў поўным аб’ёме нейкiх скаргаў, каб зняць iх з кантролю, даручэннi, прыцягненне да адказнасцi вiнаватых i да т.п. Адзiн з апошнiх прыкладаў — скарга на дрэнную якасць узведзенага жылля для шматдзетных сем’яў у Жлобiне, у вынiку чаго вiнаватыя былi пакараны, а будаўнiчыя недаробкi лiквiдаваныя.

— Якiя ўзаемаадносiны памочнiка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь з абласным выканаўчым камiтэтам i Саветам дэпутатаў?

— Самыя дзелавыя. Я бяру ўдзел у пасяджэннях аблвыканкама i сесiях абласнога Савета, дзе разглядаюцца самыя значныя праблемы рэгiёна, абмяркоўваюцца i адпрацоўваюцца пэўныя рашэннi. Кожны, у тым лiку i памочнiк Прэзiдэнта, у ходзе дыскусiй выказваюць свае погляды, i гэта — адна з формаў нашай сумеснай работы.

Гутарыў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iгар Мiкалаевiч — ураджэнец горада Горкi Магiлёўскай вобласцi. Пасля заканчэння ў 1979 го-дзе сярэдняй школы паступiў у Беларускую сельскагаспадарчую
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика