Тэлевiзар — рэч патрэбная, але газету мне нiколi не заменiць...
Тэлевiзар — рэч патрэбная, але газету мне нiколi не заменiць...
"Такiх адданых падпiсчыкаў, як у "Звязды" няма нi ў адной газеты", — пастаянна чуем мы ад работнiкаў пошты. Чуем, ведаем, ганарымся, i з кожнай сустрэчай яшчэ больш упэўнiваемся, што нашы падпiсчыкi — гэта сапраўды, мусiць, цi не самы каштоўны здабытак газеты за ўсё яе доўгае насычанае падзеямi жыццё. Вось i цяпер, едучы ў службовай "Волзе" з прызавым "Вiцязем" па шэрых напрадвеснi вулiцах сталiцы мы не проста спадзявалiся, а былi ўпэўненыя, што сустрэнем цiкавага, разумнага суразмоўцу, i проста, банальна кажучы, добрага чалавека. Сушко Фёдар Парфёнавiч мiнчанiнам стаў не вельмi даўно — у 2003 годзе. Пасля смерцi жонкi пераехаў са сваiм няхiтрым скарбам да сына з нявесткай. Так на сталiчнай вулiцы Шпалерная на аднаго падпiсчыка "Звязды" стала больш, а ў Салiгорску, дзе жыў да гэтага Фёдар Парфёнавiч, спадзяёмся, не менш. Жыццё, як гэта часта бывае, i крыўдзiла, i шанавала гэтага чалавека. У паўтарагадовым узросце бацькава сястра, гуляючы, не ўтрымаўшы малога, зламала яму пазваночнiк, i да шасцi гадоў хлопчык не хадзiў, але выжыў — ён i яшчэ трое з 12 дзяцей ў сям’i. Нягледзячы на абмежаваныя фiзiчныя магчымасцi Фёдар Парфёнавiч знайшоў сваё прызванне: быў бухгалтарам, рэвiзорам, даслужыўся да пасады начальнiка машына-лiчыльнага бюро будаўнiчага трэста. Ажанiўся. Пра сваю гаспадыню ён расказваў з гордасцю i цеплынёй. Жыццё нiбы вырашыла ўраўнаважыць становiшча i дало Фёдару Парфёнавiчу спрытную моцную целам i духам жанчыну, не дзiва што яна абрала сабе "мужчынскую прафесiю". Спачатку, скончыўшы курсы трактарыстаў, працавала ў калгасе, а потым начальства, заўважыўшы яе здольнасцi, накiравала на курсы шафёраў, якiя Варвара Паўлаўна нягледзячы на два класы адукацыi, скончыла з першага разу i стала вадзiцелем у дырэктара машынна-трактарнай станцыi. Да прафесiйнага i "незвычайнага" работнiка прыгледзеўся першы сакратар Старобiнскага райкама партыi i дамовiўся аб пераводзе. Так Варвара Паўлаўна стала "партыйным" вадзiцелем. З жонкай Фёдар Пятровiч ладзiў цудоўна, разам выгадавалi, паставiлi на ногi двух сыноў. Цяпер дзед Фёдар багаты на чацвёра ўнукаў i двух праўнукаў. У сям’ю Сушко "Звязда" прыходзiць ужо больш за 40 гадоў. І было вельмi прыемна даведацца, што "звяздоўскi" тэлевiзар падаспеў якраз да дзевяностагадовага юбiлею нашага паважанага падпiсчыка, якi ён будзе святкаваць у красавiку. Хто пасля гэтага скажа, што лёс "сляпы"? Мы, вядома ж, непакоiлiся — цi не перацягне "абноўка" ўсю ўвагу, цi не перастане Фёдар Парфёнавiч чытаць i выпiсваць "Звязду"? — Вы ведаеце, — адказаў на гэта наш прызёр,— тэлевiзар — рэч патрэбная i падарунак цудоўны, але газету мне нiколi не заменiць. Па тэлевiзары я гляджу толькi цiкавыя фiльмы, а "Звязду" чытаю ад пачатку да апошняга абзаца i чытаць, i выпiсваць буду, пакуль жыву. Ну што пасля такога скажаш? Нам засталося толькi пажадаць доўгiх гадоў жыцця i моцнага здароўя Фёдару Парфёнавiчу Сушко i ўсiм нашым падпiсчыкам. А пра сябе ў чарговы раз з гонарам адзначыць, што такiя ёсць толькi ў "Звязды". Таццяна Ляўковiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Такiх адданых падпiсчыкаў, як у "Звязды" няма нi ў адной газеты", — пастаянна чуем мы ад работнiкаў пошты. Чуем, ведаем, ганарымс
|
|