Крызiс песнi не замiнка
Крызiс песнi не замiнка
Добрыя весткі
Народны дзiцячы калектыў "Рудабельскiя зорачкi" (фота) гатоў карагоды вадзiць вакол новага будынка цэнтра вольнага часу, якi толькi што адчынiўся ў гарадскiм пасёлку Акцябрскi. А ўдзельнiкi мясцовага народнага ансамбля "Веснiца" спачатку нават збянтэжылiся, калi на свае вочы пабачылi тыя ўмовы, якiя створаны для iх мастацкай творчасцi. — Ой, дзяўчаты! Такой глядзельнай залы, мабыць, i ў Гомелi няма! Мiж iншым, тут кардынальна зменена не толькi глядзельная зала. Рэформы закранулi ўсё: ад назвы да тэхнiчнага напаўнення будынка. Гэта калiсьцi тут быў традыцыйны "Дом культуры". Сёння — "Цэнтр вольнага часу". За сорак гадоў будынак састарэў i маральна, i матэрыяльна. І таму рамонт, якi пачаўся ў 2004 годзе, павiнен быў рэвалюцыйна змянiць яго. Атрымалася. Хоць праводзiць рэканструкцыю давялося ў некалькi этапаў. За пяць гадоў пабудову лiтаральна не пазнаць. Зменена архiтэктурнае аблiчча, зроблена цеплавая рэабiлiтацыя, праведзена сучасная афарбоўка фасадаў, расказвае намеснiк старшынi Акцябрскага райвыканкама Сяргей Зарычны. — У сувязi з тым, што залаў для заняткаў спортам у пасёлку дастаткова, мы былую спартыўную залу пераўтварылi ў дыскатэчную з безалкагольным барам. Тут у нас размешчаны залы для работы гурткоў, у тым лiку харэаграфiчная, для заняткаў вакалам, для хору... Самай вялiкай праблемай было зрабiць сучасную глядзельную залу. Але ж нарэшце i гэтыя работы завяршылiся. Мiж iншым, на будаўнiцтва было затрачана амаль чатыры мiльярды бюджэтных сродкаў. Удзельнiкi чатырох народных калектываў Акцябрскага: ансамбля танца "Веснiца", вакальнага ансамбля "Вербачка", фальклорнага калектыву "Рудабельская пацеха" i хору работнiкаў культуры, якiя звычайна цешаць землякоў добрай песняй i танцам, знайшлi, што ўмовы для iх — што трэба. I распецца, i растанчыцца ёсць дзе. I скразняк, як раней, не прадзьме. Праўда, кажуць, калi сталiчныя зоркi даведаюцца, якая ў iх тут добрая сцэна, будуць прыязджаць i выступаць так часта, што i мясцовым можа часу не застацца. — Усiм хопiць i часу, i месца, — запэўнiвае намеснiк дырэктара цэнтра вольнага часу Алена Сiлiкшанава. — Сапраўды, мы плануем хаця б раз у квартал запрашаць да нас лепшых сталiчных выканаўцаў. Спадзяёмся, што i яны ацэняць наш новы цэнтр. На свята 8 Сакавiка новую сцэну ўжо апрабоўваў абласны драматычны тэатр. Вы ж толькi паглядзiце: усё зроблена з прымяненнем сучасных апрацоўчых матэрыялаў. Поўнасцю заменена мэбля, адзенне сцэны... А такое сучаснае святлотэхнiчнае абсталяванне як у нас, ёсць, мабыць, толькi ў абласным цэнтры. А на сцэне тым часам iдзе рэпетыцыя. I я чую, як салiстка фальклорнага калектыву "Рудабельская пацеха" задзiрыста заводзiць: "Крызiс песнi не замiнка..." Iрына АСТАШКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны дзiцячы калектыў "Рудабельскiя зорачкi" (фота) гатоў карагоды вадзiць вакол новага будынка цэнтра вольнага часу, якi толькi што адчы
|
|