21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Усё трэба ўмець!

26.08.2009 12:08 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Усё трэба ўмець!

Вясна... Ад яе i ўспамiны.

Гэта не пры мне было. Недзе ў канцы саракавых гадоў у нашу сямiгодку пару маладых настаўнiкаў прыслалi — толькi пажанiўшыся. Яна — мясцовая, наша, паводле дыплома — бiёлаг, ён — нетутэйшы, выкладчык беларускай. Жытло iм нейкае далi, лапiк зямлi пры iм... Паша, Паша Ільiнiчна (апроч iншага) вырашыла там цыбулi насадзiць.

Муж папярэдне спытаў, цi ўмее яна. Але тут жа сумеўся: ну сапраўды — маладая жонка, але ж вясковая ды i бiёлаг... Павiнна ўмець.

Таму ён са спакойным сумленнем падаўся ўскопваць граду. Паша за насенне ўзялася. Села, перабрала ўсё, пакруцiла цыбулiнкi ў руках — узгадала, што мацi перад пасадкай нешта абразала ў iх, каб пер’е хутчэй прарасло. А вось што?

Як бiёлаг яна, мусiць, разважыла, што "вяршкi" — нельга. Трэба — карэньчыкi. Вось i абрэзала. Потым выйшла ў агарод, нарабiла на градцы роўных радочкаў, уверх "ранкамi" паўтыкала цыбулiнкi, зямелькай прысыпала. Зроблена справа.

Праз тыдзень-другi ў iншых гаспадынь радкi пазелянелi ўжо. У iх — нават знаку няма. "Чаму ж гэта?" — пытаецца гаспадар. "Не ведаю, Валодзечка, я вельмi добранька садзiла", — адказвае яму гаспадыня.

Пайшоў ён паглядзець. Выкапаў адну цыбулiнку, другую, зразумеў i жонцы расказвае. Тая ў слёзы...

I каб было чаго? Супакоiў яе муж, разам пасмяялiся i, можа, забылiся б. Але праз колькi часу да слова недзе прыйшлося, пажартаваў ён: маўляў, як садзiць цыбулю, у маёй Iльiнiчны вучыцеся — от ужо спецыялiст! А людзям жа цiкава — давай распытваць, а што ж яна такое ведае i робiць, бо адукаваная ж — бiёлаг...

Ну ён i расказаў.

Колькi дзесяцiгоддзяў прайшло, а ў вёсцы i дагэтуль, калi нехта з жанчын пачынае казаць, пра "не ўзышло", людзi пытаюцца: "Ты мо пасадзiла, як Паша цыбулю?"...

Што ж — гаспадынямi не нараджаюцца, iмi становяцца. А вось настаўнiкамi, як мне падаецца, гэтыя людзi былi адразу. Пазней я вучылася ў iх, любiла. Абаiх. I дакладна ведаю: вершы (у тым лiку — "Пахне чабор") так, як Валодзечка, не чытаў нiхто.

Соф’я Кусянкова,

в. Лучын, Рагачоўскi раён.

Рагачоўскi раён.

Разлiк на месцы

Тэхнiкай я захапляўся змалку. Спачатку бацькi купiлi мне веласiпед, потым — мапед, потым я ўжо сам, зарабiўшы грошай на ўборачнай, — матацыкл "Мiнск", а перад службай у войску — i "Ява" з’явiлася. Хочаце верце хочаце не, але ў час службы яна мне снiлася не радзей, чым Яня, дзяўчына, якая абяцала чакаць.

Мо таму i гiсторыя мая зусiм не пра яе — пра iншую...

Пачну з таго, што пасля армii я адразу сеў за руль аўтамабiля. Ды так i не вылез — праца падабаецца, ведаю яе, як "Ойча наш". А яшчэ маю звычку падвозiць людзей.

Дык вось, значыць, неяк вясною, пад вечар, выязджаю я з Мiнска, бачу — ластаўка стаiць пры дарозе. У сэнсе — дзяўчына, але адзенне на ёй нейкае дзiўнае — са спiны i знiзу чорнае, а на грудзях — белае. Акурат як у птушкi. Спынiўся, дзверцы адчынiў. Яна знiзу крычыць:

— Падвязiце... Тут блiзка.

Я ёй:

— Блiзка?.. Тады не, не павязу (твар у ластаўкi адразу спахмурнеў). А вось каб далёка... Ды з такой прыгожай...

Дзяўчына ў рогат.

Карацей, села яна, паехалi. Я ёй нешта расказваю (i нiчога такога, як быццам), а яна смяецца, аж залiваецца. Вясёлае дзяўчо i добрае, вiдаць. Да дзеда з бабуляй ехала ў вёску.

За жартамi ды размовамi мы, як бачыш, туды дабралiся. Яна хвалявацца стала — як жа мне разлiчыцца?

Я — не будзь дурнем — кажу:

— Дзве буськi давай — i свабодная.

А яна смяецца.

— Дзве, — кажа, — не атрымаецца, а вось адну... Пачакайце, я зараз.

З кабiны выскачыла i бягом да дзедавай хаты.

Дзверы адчынiла там, за сабой зачынiла. А я ў машыне сяджу — дурань дурнем: паехаць не магу, бо яе рэчы на сядзеннi засталiся (куртачка, пакет нейкi). Выставiць iх — няёмка... Следам пайсцi — таксама...

На гадзiннiк не глядзеў — не ведаю, колькi часу прайшло, аж выходзiць тая дзяўчына з хаты, iдзе да машыны, нясе нешта белае i лыбiцца на ўсе 32.

Дзверцы адчынены. Залазiць яна ў кабiну, разгортвае наўлечку, а ў ёй... кот.

Я вочы вытарашчыў (бо не разумею ж нiчога), а ластаўка тая давай шчабятаць, што гэта, маўляў, Буська, iх котка... Што перад Калядамi яна прапала была, i Буськай дзед з бабуляй цялушку назвалi. А цяпер вярнулася. Атрымалася, што Бусек — дзве. Але тую, другую, старыя не аддадуць. А вось гэту — калi ў добрыя рукi, то калi ласка..

Котка ўсё гэта слухала. Я не вытрываў — пагладзiў. Яна тут жа перайшла да мяне, села на каленi. Прычым так, як быццам сядзела там усё жыццё.

— Бач ты — гаспадыня? — здзiвiўся я.

Котка падняла галаву на мой голас, а потым, паставiўшы пярэднiя лапы на грудзi, палезла да мяне... цалавацца.

Такога "нахабства" я, зразумела ж, не чакаў. I дзяўчына — заходзiлася ад смеху.

— Ды ў вас, — кажа, — цi не каханне з першага позiрку?

Магчыма, яно i так, бо ўцякаць ад гэтых пачуццяў я не стаў — паехаў дадому з коткай.

Яна ў нас жыве i цяпер — вельмi ласкавая, разумная, прыгожая. Таму я цяпер у якасцi разлiку бусек у спадарожнiц не прашу.

Максiм Т., г. Баранавiчы.

г. Баранавiчы.

Не будзi лiха...

Было гэта ў Вiцебску. I ў той час, калi трамваi хадзiлi праз плошчу Свабоды. Сеў я, значыць, тамака, еду да вулiцы Фрунзе. Пасажыраў у салоне мала, месцы вольныя ёсць, але ж некалькi чалавек у праходзе стаiць. Ля кампосцера, прынамсi, кабета гадоў 40, але апранута — ну як у 18: спаднiца караценькая, а ўжо вузенькая... Сядзь у такой — чаго добрага можа не вытрымаць — лопнуць. Ды i не ўбачыць нiхто нi аголеных ног, нi пругкiх клубоў. Трэба, значыць, стаяць?

Што ж, маладым (цi тым, хто "косiць" пад iх) — маладое, старым — старое. Побач з той кабетай бабулька сядзiць — ногi выцягнула аж на праход, там жа кавеньку паставiла. Рукi на дзяржаннi ляжаць, галава — на руках, вочы заплюшчаныя. Дрэмле сабе спакойна, соладка.

Але ж да часу: пакуль на нейкiм прыпынку мужык не ўвальваецца — сярэдняга веку, на добрым падпiтку. Стаiць — у тым жа праходзе — хiстаецца, але ж з кiшэнi талончык дастае, досыць далiкатна кранае за плячо тую маладзiцу i просiць (тут i далей — на мове арыгiнала. — Аўт.):

— Жэншчына, прабiце, пажалуста.

Тую ад гэтага звароту як варам аблiло.

— К вашему сведению, — гнеўна "зашыпела" яна, — я — девушка.

Мужчына ў адказ толькi вачыма залыпаў — не ведае, што i казаць.

На выручку бабця прыйшла: падняла галаву i досыць гучна так кажа:

— Цьфу ты!.. Нашла чым гардзiцца!

Шыбы ў салоне задрыжалi ад рогату, трамвай спынiўся — "девушка" выйшла.

Дакладней, выскачыла.

Л.Р. Кароткiн,

в. Вярэнькi, Пастаўскi раён.

Пастаўскi раён.

Дзе зiмуюць... аленi

Ёсць у нас у класе хлопец — Сяргей — не дурны, у прынцыпе, але, як збоку гледзячы, дык трохi прыдуркаваты. Прынамсi, дужа спрачацца любiць. I каб толькi з сябрамi, з аднакласнiкамi — яшчэ палова бяды была бы. А то ж ён i з настаўнiкамi... Некалькi разоў яны яго правучвалi ўжо — ставiлi двойкi. Мы думалi, што пасля iх ён паразумнее. Не!

У чарговы раз жаданне паспрачацца прачнулася ў Сяргея на ўроку геаграфii.

Да яго кожнаму вучню настаўнiца задала даклад пра пэўную краiну. Выдатнiкi ўзялiся рыхтаваць iх, двоечнiкi — i не думалi. Бо настаўнiца (клас гэта ведаў) не будзе глядзець, у каго напiсаны даклад, а ў каго няма. Яна будзе слухаць. А прачытаць жа можна i тое, што напiсалi iншыя.

Так разлiчвалi многiя, толькi не Сяргей. Ён вырашыў, што пра Манголiю ведае, ну, калi не ўсё, то вельмi шмат i без праблем, без усялякiх там паперак зможа распавесцi. Самаўпэўнены малады чалавек.

Ёсць у яго i яшчэ адна дрэнная звычка — спазняцца на ўрок.

Дык вось, значыць... Званок празвiнеў. Вучнi ўсе ў класе — апроч яго. Зайшла настаўнiца, села запаўняць журнал. Заходзiць Сяргей, у руках дзве булачкi трымае. Кажа, у сталоўцы вялiкая чарга была — увесь перапынак прастаяў, не мог пайсцi без пакупкi.

Настаўнiца выслухала яго, дазволiла сесцi. I, лiчы, тут жа падняла — выклiкала. Сяргей кашлянуў (мо папярхнуўшыся той булачкай, мо для таго, каб з нечага пачаць), i стаў гаварыць пра мангольскiя нацыянальныя традыцыi, пра клiмат, пра людзей i iх заняткi...

Ну вядома ж — толкам ён нiчога не ведаў, чуў звон, як кажуць... Але гаварыў досыць складна.

Можа гэта i выратавала б яго, калi б, перайшоўшы да заключнай часткi аповеду пра Манголiю, ён не ляпнуў штось пра традыцыйнае там паляванне — на... аленяў.

Цяжка апiсаць стан настаўнiцы. Бо яна ж, бедная, думала, што такiя вiдавочныя рэчы, як адсутнасць аленяў у Манголii, мы засвоiлi (тэму гэту, дарэчы, праходзiлi тры ўрокi таму). А высвятляецца — не?!

Такiм чынам, амаль заробленая Сяргеем шасцёрка стала рэзка кацiцца ў бок двойкi. Хлопцу, у прынцыпе, да iх не прывыкаць. Але ж тут якраз абудзiлася яго жаданне спрачацца. Ён абурана заявiў, што ў Манголii ў свой час былi яго тата i дзядуля, i таму ён лепей ведае, ёсць там аленi цi не.

Настаўнiца гэты выклік годна прыняла. Сказала паставiць яму аж тры дзясяткi, калi ён прынясе ёй хоць нейкi доказ таго, што аленi ў Манголii ёсць.

На наступны ўрок геаграфii Сяргей не спазнiўся. Больш за тое, ахвяраваўшы пяццю не ўзятымi падручнiкамi, ён прывалок вялiкую чырвоную кнiгу. Нам ён яе не паказваў, але было ясна, што гэта велiзарная энцыклапедыя. Адразу пасля званка на ўрок геаграфii Сяргей паклаў яе на стол перад настаўнiцай, разгарнуў на патрэбнай старонцы i, ткнуўшы ў нешта пальцам, пераможна ўсмiхнуўся. Настаўнiца, паставiўшы хлапцу чарговую двойку, таксама.

...На перапынку мы-такi ўгаварылi Сяргея паказаць нам тую энцыклапедыю — адгарнулi закладзеную старонку i ўбачылi там фотаздымак. На iм на фоне высокiх заснежаных гор, вiднеўся статак жывёлы. Адназначна — не аленяў. I адназначна — не ў Манголii. Пад здымкам даволi буйным шрыфтам, было падпiсана: "Ласi на Алясцы".

Павел Балышаў, г. Мiнск.

г. Мiнск.

Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясна... Ад яе i ўспамiны. Гэта не пры мне было. Недзе ў канцы саракавых гадоў у нашу сямiгодку пару маладых настаўнiкаў прыслалi — толькi пажанiўшыс
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика