Толькi нам слёзы iх не вiдны...
Толькi нам слёзы iх не вiдны...
Паважаная рэдакцыя "Звязды", з задавальненнем адзначаю, што апошнiм часам газета ўсё часцей друкуе вострыя, надзённыя матэрыялы, на якiя проста немагчыма не адгукнуцца, не выказаць свой пункт погляду. У мiнулы раз мяне закранула публiкацыя iнтэрв’ю Ірыны Асташкевiч з айцом Савам па праблемах выкарыстання нашай роднай мовы, дзякуй газеце, што надрукавала i маё меркаванне. А сёння звярнуцца ў газету мяне натхнiла публiкацыя Сымона Свiстуновiча пра абарону пералётных птушак. Вельмi ўдзячная i "Звяздзе", i аўтару за ўзнятую тэму. Я не паляўнiчы. Сярод маiх родных i блiзкiх таксама нiкога няма, хто б займаўся гэтым вiдам дзейнасцi, магчыма, пра гэта ў мяне вельмi слабае ўяўленне, але i яго хапае, каб абурацца такiм "адпачынкам". Я магу зразумець нашых далёкiх продкаў, для якiх паляванне было сродкам выжывання. Магу зразумець адстрэл дзiкай жывёлы ў змушаным парадку: цi то перанасяленне нейкай мясцовасцi, цi нанясенне вялiкай шкоды гаспадарцы. А дзеля задавальнення... Сама я па адукацыi настаўнiк лiтаратуры, таму нават маiх любiмых Тургенева i Някрасава з iх душэўнасцю i дабрынёю асуджаю за iх залiшняе захапленне паляваннем. З публiкацый ведаю, што Беларусь — мая любiмая Беларусь! — адзiная ў Еўропе краiна, дзе дазволены адстрэл вясною пералётных птушак. Мы, беларусы, лiчым сябе талерантнымi, душэўнымi, мiласэрнымi — i бяздушна цэлiм у птушак, якiя вяртаюцца на радзiму. Я лiчу сябе патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, ганаруся ёю, яе людзьмi, яе гiсторыяй, культурай, лiтаратурай, мовай. Але тут мне сорамна за нашу жорсткасць. Выходзiць, i я падтрымлiваю гэтую жорсткасць, калi маўчу. Таму — не маўчу. I паўтараю за паэтам: Я славiў плёс, я лес спяваў; На плёсе, у лесе правiў месу, Я нешта дзеяў, павучаў На пасяджэннях i кангрэсах. Чаму ж я не пракляў свой лёс, Калi даўно i знаў, i бачыў: Ён нiкне, лес, ён нiкне, плёс — Змiраюць рыбы, птушкi плачуць?.. Пагроза прыродзе вiдавочная, да яе ўсё блiжэй падбiраюцца калi чалавечая прагнасць, а калi i чалавечая абыякавасць. А мы ж — часцiнка прыроды. Калi i мусiм нешта браць у яе, то павiнны яшчэ больш ёй аддаваць. А то ўжо да нас набралi зашмат. Дык чаму ж мы страляем па птушках, якiя ляцяць да сваiх гнёздаў? У мяне была надзея на Год роднай зямлi, але яна пакуль не спраўдзiлася. I зноў хочацца ўзгадаць паэтава (тым больш, што сёння, дарэчы, Сусветны дзень паэзii): Калi ў вочы мне глядзяць Калека — лес, Рака — калека, — Мне вочы хочацца схаваць Ад сораму, Што чалавек я. Мару, каб пралятаючы над маёй Белай Руссю, чароды птушак бачылi са свайго паднябесся прыязныя погляды людзей, якiя радуюцца iм, а не ўспышкi з дулаў стрэльбаў, што нясуць смерць. Хiба ж для таго яны лятуць на Поўнач? Мару ,каб чародамi выраёвымi любавалiся i мае дзецi, i мае ўнукi i праўнукi. I зноў чатырохрадкоўе: Забiваем, калечым i ранiм Без вiны, абвяшчэння вайны... Горка плачуць i конi, i ланi, Толькi слёзы iх нам не вiдны. Iрына Рудкоўская, в. Хатынiчы Ганцавiцкага раёна. Выкарыстаны вершы Мiхася Рудкоўскага. Зб. "Гарынь", 1992 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паважаная рэдакцыя "Звязды", з задавальненнем адзначаю, што апошнiм часам газета ўсё часцей друкуе вострыя, надзённыя матэрыялы, на якiя про
|
|