Лепш перанос, чым водпуск без аплаты
Лепш перанос, чым водпуск без аплаты
Няпоўны працоўны тыдзень, прастоi, магчымыя скарачэннi — вось цi не самыя папулярныя тэмы для размоў апошняга часу. Сапраўды, даводзiцца канстатаваць, што масавых звальненняў работнiкаў, а тым больш закрыцця прадпрыемстваў у Беларусi пакуль не было. І разам з тым ведаць, як паводзiць сябе ў "форс-мажорных" сiтуацыях, справа таксама нялiшняя. Каго i на якiх умовах могуць часова перавесцi на iншую працу, як змяняюцца ўмовы аплаты, а таксама калi магчыма накiраванне ў водпуск без захавання зарплаты? Разабрацца з усiм гэтым мы паспрабуем з дапамогай загадчыка юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарата Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Уладзiмiра Iванавiча ШАЛКОВIЧА. Iншае месца — не назаўсёды Няма заказаў — i няма работы. На жаль, сёння для многiх прадпрыемстваў гэта сiтуацыя стала амаль звычайнай. Мiж тым, цi магчыма ў такiх варунках... даручэнне персаналу выканання якiх-небудзь "дадатковых" работ? — У выпадку вытворчай неабходнасцi наймальнiк можа перавесцi супрацоўнiка на iншую, не абумоўленую працоўным дагаворам, работу — у тым лiку па iншай спецыяльнасцi, квалiфiкацыi, на iншую пасаду. Апроч таго, магчымы нават часовы перавод да iншага наймальнiка, — адзначае Уладзiмiр Шалковiч. — Прычым пад вытворчай неабходнасцю тут маецца на ўвазе неабходнасць папярэджання катастрофы цi аварыi, лiквiдацыi iх наступстваў, наступстваў стыхiйнага бедства, папярэджання няшчасных выпадкаў, прастою, знiшчэння маёмасцi наймальнiка або iншай маёмасцi, астатнiя выключныя выпадкi, а таксама замена работнiка, якi часова не можа выконваць свае абавязкi. Разам з тым трэба памятаць некалькi нюансаў. Па-першае, супрацоўнiка нельга пераводзiць на работу, якая супрацьпаказана яму па стане здароўя. Па-другое. Часовы перавод у сувязi з вытворчай неабходнасцю без згоды работнiка робiцца максiмум на месяц, а ў сувязi з неабходнасцю замены калегi, якi не можа выконваць свае абавязкi, такi перавод не можа быць большым за месяц на працягу каляндарнага года — з 1 студзеня па 31 снежня. Праўда, па пагадненнi бакоў гэтыя тэрмiны могуць быць павялiчаныя. Трэцi цiкавы момант. Часовы перавод у сувязi з вытворчай неабходнасцю ў iншую мясцовасць дапушчальны выключна са згоды работнiка. I цi не галоўнае. Пры часовым пераводзе зарплата на новым месцы можа быць большай, чым на месцы ранейшым. Аднак атрымлiваць менш работнiк не павiнен. — Асобная размова аб часовым пераводзе ў выпадку прастою, адсутнасцi работы на працягу да 6 месяцаў, — працягвае Уладзiмiр Шалковiч. — У "сваёй" арганiзацыi падчас прастою перавод работнiка з улiкам прафесii, спецыяльнасцi цi пасады можа рабiцца на ўсе 6 месяцаў. А вось перавод да iншага наймальнiка ўжо абмежаваны месяцам. Прычым нi ў адным, нi ў другiм выпадку перавод у сувязi з прастоем у iншую мясцовасць не дапускаецца. Што ж да аплаты, то пры ўмове выканання ўсiх нормаў зарплата работнiкаў-"пагадзiннiкаў" пасля пераводу зноў-такi не можа быць меншай, чым зарплата на ранейшым месцы. А работнiкам, якiя нормы не выконваюць, аплата робiцца паводле фактычных вынiкаў працы, але яна не нiжэйшая за iх тарыфную стаўку.Не пагадзiўся — плацiць будуць Даволi распаўсюджаны крок у цяжкiх эканамiчных умовах — вымушаны водпуск. Ён можа быць як з захаваннем, так i без захавання зарплаты. Ад чаго залежыць той цi iншы варыянт? — Накiраванне ў водпуск без захавання зарплаты магчыма толькi пры адной умове — са згоды самога работнiка, — падкрэслiвае Уладзiмiр Шалковiч. — Адпаведна, калi работнiк такой згоды не дае, наймальнiк будзе абавязаны аб’явiць прастой. І плацiць падчас яго не менш за 2/3 ад тарыфнай стаўкi. Дарэчы, у выпадку адсутнасцi работы ёсць яшчэ адно, ужо больш прымальнае для ўсiх выйсце. Замест водпуску без захавання зарплаты ў няпросты для арганiзацыi перыяд могуць даць частку "звычайнага" працоўнага водпуску. Аднак на тое патрэбна ўзаемная згода наймальнiка i работнiка. Менш толькi з папярэджаннем за месяц Змяненне ўмоў аплаты працы — мера непапулярная. Але часам зноў-такi вымушаная. — Пайсцi на ўвядзенне новых або змяненне цяперашнiх умоў аплаты працы наймальнiк можа, — кажа Уладзiмiр Шалковiч. — Аднак абавязак таго ж наймальнiка — папярэдзiць работнiка аб новаўвядзеннях не пазней як за месяц i атрымаць згоду. Сапраўды, калi такой згоды няма, праз месяц работнiка могуць проста звольнiць з выплатай двухтыднёвай выхадной дапамогi. Аднак таксама трэба падкрэслiць: калi папярэджанне зроблена не было, новыя ўмовы аплаты прымацца не павiнны. А абскардзiць iх увядзенне можна ў камiсii па працоўных спрэчках, судзе, дзяржаўнай iнспекцыi працы цi прававой iнспекцыi прафсаюзаў. Вольны час для пошукаў Безумоўна, самая непрыемная сiтуацыя — скарачэнне штату. Разам з тым, пэўныя правiлы ёсць i ў гэтым выпадку. Скажам, звальненне тут магчыма ў выпадку, калi работнiка нельга перавесцi на iншае месца, i ў тым лiку перавесцi з перанавучаннем. Забараняецца таксама звальненне работнiкаў, якiя знаходзяцца на "бальнiчных" цi ў водпуску, цяжарных жанчын, жанчын з дзецьмi ва ўзросце да 3 гадоў i адзiнокiх жанчын, якiя маюць дваiх i больш дзяцей ва ўзросце да 14 або дзiця-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў. Плюс да ўсяго наймальнiк абавязаны пiсьмова папярэдзiць работнiкаў аб скарачэннi не пазней чым за два месяцы або, як варыянт, замянiць тэрмiн папярэджання выплатай сярэдняга заробку. Дарэчы, нагадвае Уладзiмiр Шалковiч, пры скарачэннi работнiку павiнны выдзяляць адзiн свабодны дзень у тыдзень для пошуку варыянтаў далейшага працаўладкавання без захавання, а паводле дамоўленасцi з наймальнiкам — i з захаваннем сярэдняй зарплаты. Тры зарплаты як кампенсацыя Варта заўважыць, што ў выпадку скарачэння штатаў, лiквiдацыi арганiзацыi цi спынення дзейнасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка работнiку павiнна выплачвацца выхадная дапамога — як мiнiмум 3 сярэднямесячныя зарплаты. Прычым памер выплат можа быць i большым — калi гэта прадугледжана калектыўным дагаворам. Разам з тым трэба заўважыць, што права на выхадную дапамогу ў гэтым выпадку атрымаюць не ўсе — у прыватнасцi, яго не маюць сумяшчальнiкi. А што далей? Калi захаваць працоўнае месца ўсё ж не ўдалося, застаецца адно — шукаць новае. I ў тым лiку праз службу занятасцi. Пры гэтым усе паслугi па падборы вакансiй, атрыманнi iнфармацыi, кансультацыi, прафесiйная перападрыхтоўка цi павышэнне квалiфiкацыi тут будуць бясплатнымi. Плюс да таго, будуць магчымасцi атрымлiваць дапамогу па беспрацоўi i часовыя заробкi — за ўдзел у грамадскiх работах. — Трэба таксама нагадаць, што грамадзяне, якiя маюць працяглы стаж i былi звольненыя да дасягнення агульнавызначанага пенсiйнага ўзросту, могуць выйсцi на датэрмiновую пенсiю, — заўважае Уладзiмiр Шалковiч. — Аднак для гэтага такiм грамадзянам неабходна зарэгiстравацца ў службе занятасцi. А ў сваю чаргу служба занятасцi павiнна канстатаваць адсутнасць магчымасцяў для iх працаўладкавання. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Няпоўны працоўны тыдзень, прастоi, магчымыя скарачэннi — вось цi не самыя папулярныя тэмы для размоў апошняга часу. Сапраўды, даводзiцца канстатаваць, |
|