21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр Патупа: бiзнэсу — два ўзроўнi абароны

26.08.2009 12:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аляксандр Патупа: бiзнэсу — два ўзроўнi абароны

Дыскусiйная трыбуна

 

Базавымi пазiцыямi ў стартавым пакеце лiбералiзацыi павiнны стаць: гарантыi, абгрунтаваннi, кансультацыi, сiстэмная расчыстка адмiнiстрацыйных бар’ераў

Другое пасяджэнне Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi запланавана на 24 красавiка. Напярэдаднi гэтай падзеi мы папрасiлi Аляксандра Патупу, ганаровага старшыню Беларускага саюза прадпрымальнiкаў, члена Грамадска-кансультацыйнага савета падзялiцца праблемамi, якiя ён плануе абмяркоўваць на пасяджэннi.

— У мяне ёсць прапановы, па-першае, непасрэдна па тэматыцы пасяджэння — гэта прапановы па правядзеннi лiбералiзацыi i па супрацьстаяннi крызiсным з’явам. І па-другое, шэраг прапановаў па працы самога савета. Напрыклад, прапаную разабрацца, што ставiцца на галасаванне на пасяджэннi: калi толькi пытаннi вядзення пасяджэння, то ўсё ў парадку. А калi пытанне аб прыняццi або непрыняццi канкрэтнага праекта — то такi падыход няправiльны. Бо менавiта каштоўныя заўвагi i дадаткi астатнiх членаў савета або iх альтэрнатыўныя праекты дазваляюць сфармiраваць найбольш поўны пакет для разгляду ў адпаведных iнстанцыях. Ну, i яшчэ я прапаную запрашаць на пасяджэнне Грамадска-кансультацыйнага савета прадстаўнiкоў Саўмiна i Мiнэканомiкi для абмеркавання нашых прапаноў, а таксама больш шырокае кола прадстаўнiкоў СМI, бо першае пасяджэнне паказала, што да дзейнасцi савета праяўляецца вялiкая цiкавасць, асаблiва ў недзяржаўных СМI.

— Аляксандр Сяргеевiч, а якой Вы бачыце асноўную задачу Грамадска-кансультацыйнага савета?

— На цяперашнiм этапе — стварэнне дыялогавай экспертнай сеткi. У эканамiчнай сферы павiнна з’явiцца Мiжведамасная камiсiя па эканамiчных рэформах, якая займалася б працэсам сiстэмнай лiбералiзацыi, выпрацоўвала б неабходныя захады па адаптацыi да крызiснай сiтуацыi, абмяркоўвала найбольш важныя нарматыўныя акты ў эканамiчнай галiне. Яна б магла выконваць ролю каардынатара для ўжо дзейных груп i саветаў (па падатковай сiстэме, па штрафах i санкцыях, па адмiнiстрацыйных працэдурах, па ўдасканальваннi працоўнага заканадаўства) i для яшчэ планаваных (па эканамiчных праблемах аховы здароўя, адукацыi, высокiх тэхналогiяў). Такiя камiсii былi б каштоўнымi i ў галiне правоў чалавека, выбарчага заканадаўства. Я лiчу, што стварэнне гэтых камiсiй было б найбольш моцнай дэманстрацыяй пазiтыўных намераў улады весцi дыялог з недзяржаўнымi экспертамi. А галоўнае, зразумела, не ў прыгожым афармленнi, а ў сутнасцi распачатых працэсаў.

— Як, на Ваш погляд, павiнен праходзiць працэс сiстэмнай лiбералiзацыi?

— Я мяркую, што базавымi пазiцыямi ў стартавым пакеце лiбералiзацыi павiнны стаць: гарантыi, абгрунтаваннi, кансультацыi, сiстэмная расчыстка адмiнiстрацыйных бар’ераў. Лiчу, што агульны пераход эканомiкi на рынкавую фазу i падтрымка прадпрымальнiцтва павiнны быць абазначаны Дырэктывай Прэзiдэнта, а новы ўзровень гарантый — зададзены адпаведным Дэкрэтам Прэзiдэнта, якi потым дэталiзуецца ў Законе аб развiццi прадпрымальнiцтва ў Беларусi. Дырэктыва павiнна ў цэлым акрэслiць павышэнне ўзроўню абгрунтавання нарматыўных актаў, а таксама неабходнасць сiстэматычных кансультацый з бiзнэс-асацыяцыямi i недзяржаўнымi даследчымi структурамi. Безумоўна, было б мэтазгодна аформiць дакументы прамога дзеяння, напрыклад, Указ аб стандарце абгрунтавання нарматыўных прававых актаў, каб усе праекты нарматыўных прававых актаў абмяркоўвалiся або на Грамадска-кансультацыйным савеце, або вядучымi бiзнэс-асацыяцыямi яшчэ да iх прыняцця. Я лiчу, што ўсе праекты нарматыўных актаў павiнны разглядацца па прынцыпе "няма абгрунтавання — няма працэдуры!". Гэта дазволiць iстотна павысiць каэфiцыент каштоўнага дзеяння працы па фармiраваннi i аптымiзацыi рынкава арыентаванай прававой дзяржавы.

— Якую вы можаце прапанаваць антыкрызiсную стратэгiю для краiны?

— Трэба разумець, што Беларусь трапiла ў поле крызiсных працэсаў, якiя на паўтара-два парадкi перавышаюць нашы эканамiчныя магчымасцi. Таму нам трэба сканцэнтравацца на адаптацыi да наяўных умоваў (у тым лiку i экспарта-iмпартных), на мiнiмiзацыi стратаў i на падрыхтоўцы краiны да посткрызiснага развiцця. Скажам, апiсаная вышэй сiстэмная лiбералiзацыя накiравана на павышэнне iнвестыцыйнай прывабнасцi краiны зараз i на перспектыву. А новы ўзровень такой прывабнасцi i адкрывае шлях да стварэння рэальнага фондавага рынку. Зараз, я лiчу, важна правесцi комплексы мераў па мiнiмiзацыi стратаў i паляпшэннi эканамiчных магчымасцяў у будучынi. Прынамсi, для падрыхтоўкi сур’ёзнай прыватызацыi неабходна правесцi поўную "холдынгiзацыю", гэта значыць перадачу кiравання дзяржаўнай маёмасцю спецыяльным дзяржаўным холдынгам, карпарыцыям або агенцтвам. I тады мiнiстэрствы i ведамствы змогуць засяродзiцца па праблемах эканамiчнай палiтыкi i рэальна ажыццяўляць канстытуцыйнае палажэнне аб роўнасцi ўсiх формаў уласнасцi. Паралельна трэба акуратна перагледзець i сацыяльную праекцыю прыватызацыi, у рамках чаго давесцi дапамогу па беспрацоўi да нармальнага ўзроўню. Неабходна неадкладнае стымуляванне малога бiзнэсу да стварэння дадатковых працоўных месцаў — гэта будзе цывiлiзаванай альтэрнатывай скарачэнню колькасцi працоўных месцаў на буйных i сярэднiх прадпрыемствах. Хацеў бы яшчэ адзначыць ролю РR у часы крызiсу. З улiкам таго, што крызiс у значнай ступенi праблема сацыяпсiхалагiчная, людзей трэба iнфармацыйна падтрымлiваць у спробах лакальна супрацьстаяць крызiсным стратам, у пошуках новых шляхоў прымянення ўласнай актыўнасцi. I, нарэшце, варта памятаць, што посткрызiсны свет будзе трошкi iншым. Ёсць падставы лiчыць, што будучы рывок у росце сусветнай эканомiкi будзе звязаны з нана- i бiятэхналогiямi, што заўважна зменiцца структура экспартна-iмпартных патокаў. То бок мы павiнны гэтыя змены прадбачыць i стымуляваць працы ў галiне высокiх тэхналогiй i падрыхтоўцы якасна новых прадуктаў i паслуг.

— А што вы думаеце наконт праграм i платформаў iншых людзей цi аб’яднанняў?

— Я хацеў бы пазбегнуць прамой крытыкi, бо з павагай стаўлюся да зробленай працы. Там шмат важных i перспектыўных думак. Скажу толькi, што я скептычна стаўлюся да патрабаванняў, складзеных у дэкларатыўна-лозунгавай форме. На мой погляд, для любых iдэй трэба ствараць дыялогавыя пляцоўкi, бо камандныя прадпiсаннi нiколi не ажыццявяцца. I зразумела, метадалагiчная аснова дыялога павiнна быць нармальнай, якая б забяспечвала высокi каэфiцыент каштоўнага дзеяння.

— Якiм бы вы хацелi бачыць iнвестыцыйны клiмат у краiне?

— Мне хацелася б, каб варыянты абмежавання правоў i экспрапрыяцыi былi абгрунтаваны на судова-следчым узроўнi, каб спробы пагоршыць умовы вядзення бiзнэсу натыкалiся на два ўзроўнi абароны — гэта патрабаванне ад чыноўнiкаў сур’ёзнага абгрунтавання новых нарматыўных актаў i зменаў у заканадаўстве, а таксама iх экспертыза ў бiзнэс-асацыяцыях. Каб праводзiлася сiстэматычная, iнтэнсiўная праца ўрада разам з бiзнэс-асацыяцыямi па "зачыстцы" прававой прасторы ад неабгрунтаваных абмежаванняў i канфiскацый, каб нармалiзавалiся падатковая i працэдурная нагрузкi, каб адсутнiчаў так званы "белы рэкет", калi выцягваюцца грошы на "сацыяльна значныя мэты". I, нарэшце, каб не было небяспекi знешняй блакады, для чаго памiж уладай i недзяржаўнымi экспертамi павiнны iснаваць дыялогавыя пляцоўкi па правах чалавека i па ўдасканаленнi выбарчай сiстэмы. На жаль, калi, напрыклад, замежны iнвестар папросiць ацанiць iнвестыцыйную сiтуацыю ў краiне, то нi адзiн добрасумленны эксперт зараз не дасць цалкам станоўчага заключэння. Мне б вельмi хацелася, каб гэтая сiтуацыя радыкальна змянiлася.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Базавымi пазiцыямi ў стартавым пакеце лiбералiзацыi павiнны стаць: гарантыi, абгрунтаваннi, кансультацыi, сiстэмная расчыстка адмiнiстрацыйных бар’ер
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика