Жыццё працягваецца
Жыццё працягваецца
Якая сiтуацыя ў найбольш забруджаных рэгiёнах? Хойнiцкi раён адносiцца да лiку найбольш пацярпелых ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Адсюль было эвакуявана больш чым 20 тысяч жыхароў. У вынiку колькасць насельнiцтва за постчарнобыльскi перыяд скарацiлася амаль удвая. Прычым вяскоўцаў паменшала больш, чым гараджан. На тэрыторыi Хойнiцкага раёна знiклi 49 населеных пунктаў, 10 навучальных устаноў, 20 медыцынскiх i культурна-асветніцкіх, 5 будаўнiчых арганiзацый, 78 гандлёвых i 40 прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Няма 6 сельскiх Саветаў, лiквiдаваны 7 сельгаспрадпрыемстваў, кормазавод "Майдан". Гэта не толькi лiчбы статыстыкi, за кожным з такiх фактаў — лёс дзясяткаў тысяч людзей, якiя перажылi, напэўна, самы трагiчны час у сваiм лёсе. Цi акрыяў Хойнiцкi край пасля чарнобыльскай бяды, якiя змены тут адбылiся? Гэта я i паспрабаваў высветлiць падчас прэс-туру, якi быў наладжаны Беларускiм аддзяленнем Расiйска-беларускага iнфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прапанова на экспарт Па зразумелых прычынах Хойнiцкi раён датацыйны — 76 працэнтаў складае бюджэтная падтрымка. Але такая сiтуацыя нiколькi не абазначае, што тут сядзяць склаўшы рукi i чакаюць дзяржаўнай дапамогi. Зразумела, умовы ў параўнаннi з чыстымi рэгiёнамi няроўныя, аднак пры гаспадарскiм падыходзе можна дасягнуць многага. Пасля аварыi на ЧАЭС з сельскагаспадарчага абароту было выведзена амаль 32 тысячы гектараў, 88,1 тыс га перададзена Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалагiчнаму запаведнiку. Для выкарыстання засталося 39 тыс. га палеткаў. Гэтыя плошчы маюць шчыльнасць забруджвання цэзiем-137 вышэй за 1 кюры на кв. кiламетр. Вялiкая колькасць зямель адначасова забруджана i стронцыем-90. Цi магчыма ў такiх умовах гаспадарыць? Аказваецца, можна наладзiць паспяховую, эфектыўную вытворчасць. — У 2007 годзе была завершана пераспецыялiзацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, усе гаспадаркi зарыентаваны на выпуск рэнтабельнай прадукцыi, — заўважае старшыня Хойнiцкага райвыканкама Аляксандр Бiчан. — Імкнёмся выйсцi на якасна новы ўзровень вытворчасцi, прымяняць самыя сучасныя тэхналогii. Аргапрамысловы комплекс аснашчаны добрай тэхнiкай, вядзецца будаўнiцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў. Цiкавы факт: усе 8 сельгаспрадпрыемстваў раёна працуюць без страт. Найбольшую рэнтабельнасць сярод вiдаў дзейнасцi мае вырошчванне гароднiны i збожжа. Выгадна займацца i малаком. Як заўважаюць спецыялiсты, на працягу апошнiх гадоў збожжа i бульба, якiя вырошчвалiся гаспадаркамi раёна, адпавядалi патрабаванням рэспублiканскiх нарматываў па ўтрыманнi цэзiю-137. Адметна, што па малаку нормы тут значна больш жорсткiя, чым увогуле па Беларусi. Мiж тым сельгаспрадпрыемствы актыўна развiваюць менавiта вытворчасць малака. Куды ж рэалiзуюць такую сыравiну? Аказваецца, са збытам нiякiх праблем не ўзнiкае — перапрацоўкай займаюцца на мясцовым прадпрыемстве "Палескiя сыры". Завод быў пабудаваны ў 1984 годзе (дарэчы, гэта была апошняя вытворчасць такога тыпу, што была запушчана на тэрыторыi СССР) i паспяхова працаваў. Пасля аварыi на Чарнобыльскай АЭС поўнасцю быў спынены цэх па вытворчасцi сыру, а ў 1991-м — вытворчасцi абястлушчанага малака. Здавалася, што перспектыў у такой вытворчасцi не надта багата. Аднак, на шчасце, песiмiстычныя прагнозы не спраўдзiлiся. У пачатку 1990-х гадоў пераарыентавалiся на вытворчасць казеiну, якi i дасюль карыстаецца вялiкiм попытам за мяжой. — Малако, якое паступае ад гаспадарак Хойнiцкага i Брагiнскага раёнаў, выкарыстоўваецца толькi для вытворчасцi масла i тэхнiчнага казеiну, — адзначае дырэктар прадпрыемства "Палескiя сыры" Галiна Бондар. — Такiм чынам з сыравiны, якая мае перавышэнне па ўтрыманнi стронцыю, удаецца атрымлiваць чыстую прадукцыю. Кантроль у нас вельмi жорсткi. Пра якасць прадукцыi яскрава сведчыць той факт, што 80 працэнтаў яе рэалiзуецца на экспарт. Пастаўкi адбываюцца ў Польшчу, Германiю, ва Украiну, у Расiю, Кыргыстан. Актыўна асвойваем i беларускi рынак. Так што прадукцыя на складзе не залежваецца.Цудадзейныя дабаўкі З кастрычнiка 2007 года на прадпрыемстве "Палескiя сыры" выконваецца пiлотны праект у межах саюзнай праграмы. Яго мэта — укараненне новых тэхналагiчных працэсаў вытворчасцi. Летась уведзена ў дзеянне новая лiнiя па вырабе i ўпакоўцы плаўленых сыроў. Пашырэнне вытворчасцi — гэта i навiнкi ў асартыменце (а, значыць, павелiчэнне канкурэнтаздольнасцi), i новыя працоўныя месцы, што для сельскагаспадарчага раёна надзвычай актуальна. Летась на "Палескiя сыры" ўладкавалiся 15 маладых спецыялiстаў, а сёлета чакаюць яшчэ 8. Саюзныя праграмы толькi ўзгаданым праектам не абмяжоўваюцца. На мясцовым хлебазаводзе з дапамогай iнстытутаў радыёбiялогii, а таксама агульнай i арганiчнай хiмii арганiзавана вытворчасць прадукцыi з павышанай харчовай каштоўнасцю i прафiлактычнай накiраванасцю. Для насельнiцтва забруджаных тэрыторый гэты напрамак асаблiва актуальны. Дарэчы, прадукцыя хлебазавода ў першую чаргу рэалiзуецца спажыўцам Хойнiцкага i Брагiнскага раёнаў. Штодзённы асартымент складае да 40 найменняў. — Больш чым 60 працэнтаў хлебабулачных вырабаў — лячэбна-прафiлактычныя, — адзначае намеснiк дырэктара падраздзялення "Кааппрам" Хойнiцкага райспажыўтаварыства Таццяна Грамовiч. — Выпускаецца 7 найменняў з ёдаказеiнам для прафiлактыкi ёднай недастатковасцi. Тры найменнi з бетавiтону — гэта эфектыўны прафiлактычны сродак супраць анкалагiчных i сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Ахоўвае арганiзм ад уздзеяння радыяцыi i ўмацоўвае iмунную сiстэму. Сярод цiкавых напрацовак — хлябец з марской капустай. Рэкамендаваны для лячэбна-прафiлактычнага харчавання пры захворваннях шчытападобнай залозы, а таксама сардэчна-сасудзiстай сiстэмы. Вельмi карысны для прафiлактыкi хваробаў страўнiкава-кiшачнага тракта i перыстальтыкi страўнiка хлеб з вотруб’ем. Як заўважыла Таццяна Грамовiч, прадукцыя штодзённага рацыёну павiнна быць накiравана на ўмацаванне здароўя. Вельмi перспектыўны напрамак — выкарыстанне бiялагiчна актыўных дабавак, якiя былi распрацаваны беларускiмi навукоўцамi. На працягу 2007—2008 гадоў на Хойнiцкiм хлебазаводзе быў наладжаны выпуск вырабаў з прымяненнем дабавак "Дапiнат-1" i "Дапiнат-Селен". Сёлета таксама не абыдзецца без навiнак — мяркуецца ўвесцi ва ўжыванне яшчэ i "Дапiнат-ёд". Спецыялiсты сцвярджаюць: такiя дабаўкi маюць двайную функцыю. Перш за ўсё яны ўзбагачаюць арганiзм мiнеральнымi iнгрэдыентамi (сярод iх кальцый, фосфар, магнiй, жалеза, марганец, цынк, медзь, кобальт, селен, ёд i г.д.), а таксама спрыяе вывядзенню радыенуклiдаў i цяжкiх металаў (свiнца, ртуцi, кадмiю). Вопыт хойнiцкiх хлебапёкаў унiкальны для Беларусi. Таму налета плануецца выпрацаваць метадычныя рэкамендацыi па асваеннi прамысловага выпуску вырабаў з палепшаным мiнеральным складам, каб тэхналогiя атрымала шырокае распаўсюджанне. Інтарэс для прыватнiка Калi "праблемнае" малако можна выкарыстаць пры вытворчасцi масла i казеiну, то са збожжам цяжэй. Ва ўсiх гаспадарках раёна вырошчвалi зерне, прыдатнае на фураж i тэхнiчныя мэты. Аднак i тут iснуюць свае варыянты. Зерне пойдзе на выраб спiрту, прычым прадукцыя на перапрацоўку будзе паступаць з трох найбольш забруджаных раёнаў — акрамя ўласна Хойнiцкага яшчэ з Нараўлянскага, а таксама Брагiнскага. На Стрэлiчаўскiм спiртзаводзе да 1 лiпеня будзе поўнасцю зманцiравана абсталяванне i пачнецца выпуск спiрту. Прычым з гаспадаркамi будуць разлiчвацца як за харчовае збожжа, а не фураж. Такiм чынам удасца палепшыць эканамiчныя паказчыкi сельгаспрадпрыемстваў, ды i зерне не прападзе. Комплекс ахоўных мераў прымяняецца як у грамадскiм, так i прыватным сектары АПК. Для свойскай жывёлы ствараюцца культурныя пашы, выдзяляецца спецыяльны камбiкорм. Кожны можа без цяжкасцяў праверыць прадукцыю з уласнага падворка. Асаблiва трэба быць пiльнымi з "дарамi лесу", сярод правераных проб грыбоў i ягад нярэдка адзначалася перавышэнне адпаведных нарматываў. Органамi дзяржаўнага санiтарнага нагляду праводзяцца даследаваннi на ўтрыманне ў прадуктах харчавання цэзiя-137, а ў малаку i бульбе — адначасова i стронцыю-90. Такi манiторынг паказвае, што праблема i дасюль застаецца даволi вострай. Вядома, што, да прыкладу, малако з’яўляецца адным з асноўных дозаўтваральных кампанентаў рацыёну жыхароў забруджаных тэрыторый. На жаль, узровень экалагiчнай культуры насельнiцтва пакуль застаецца даволi невысокiм. Для таго, каб пэўным чынам выправiць сiтуацыю, спецыялiстамi Мiжнароднага дзяржаўнага экалагiчнага ўнiверсiтэта iмя А.Д. Сахарава ў Гомельскай i Магiлёўскай абласцях былi створаны 13 цэнтраў па праблемах радыяцыйнай бяспекi. Адна з такiх устаноў паспяхова працуе ў Хойнiках. Тут ёсць усё неабходнае абсталяванне. Праз iнтэрнэт цэнтр звязаны са школамi горада i раёна. — Дзецi вучацца жыць на забруджанай тэрыторыi, — заўважае прарэктар па навуковай рабоце Мiжнароднага дзяржаўнага экалагiчнага ўнiверсiтэта iмя А.Д. Сахарава Сяргей Мяльноў. — Такiя веды надзвычай важныя i маюць прыкладное значэнне. Мы стварылi спецыяльны iнтэрнэт-партал, дзе размяшчаецца ўся неабходная iнфармацыя. Праз дзяцей мы навучаем i дарослых. Хойнiцкi раён — даволi цiкавая тэрыторыя для iнвестараў. Апроч дзяржаўных тут дзейнiчае некалькi прыватных прадпрыемстваў. Адно з iх займаецца вытворчасцю палiўных брыкетаў з пiлавiння. Сваю прадукцыю прыватнiкi рэалiзуюць у Швецыю, Германiю, Галандыю. Яшчэ адна камерцыйная фiрма робiць шклопакеты. У раёне зарэгiстравана шэсць фермерскiх гаспадарак. Адметна, што адзiн з "зямельных" прыватнiкаў пераехаў сюды з Гомеля. Iнтарэс камерсантаў можна зразумець — яны маюць падатковыя льготы, а мясцовыя ўлады заўсёды iдуць насустрач iнiцыятыўным людзям. — Апошнiм часам адзначаецца павелiчэнне нараджальнасцi i адначасова змяншэнне смяротнасцi, — кажа Аляксандр Бiчан. — Рэгiструецца даволi шмат шлюбаў. Упершыню пасля аварыi на ЧАЭС летась выдзелена 16 зямельных участкаў пад новае будаўнiцтва. Сёлета будзе завершана газiфiкацыя Хойнiкаў. Усе пераўтварэннi адбываюцца ў iнтарэсах людзей. Жыццё працягваецца... Мiкалай ЛIТВIНАЎ, фота аўтара. Хойнiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якая сiтуацыя ў найбольш забруджаных рэгiёнах? Хойнiцкi раён адносiцца да лiку найбольш пацярпелых ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Адсюль было эвакуя
|
|