Квартал жаданняў
Квартал жаданняў
У Магiлёўскiм аблвыканкаме прааналiзавалi вынiкi работы прамысловасцi ў 1-м сёлетнiм квартале. Па ацэнках эканамiстаў, гэта быў самы складаны квартал за апошняе дзесяцiгоддзе. У Магiлёўскiм аблвыканкаме прааналiзавалi вынiкi работы прамысловасцi ў 1-м сёлетнiм квартале. Па ацэнках эканамiстаў, гэта быў самы складаны квартал за апошняе дзесяцiгоддзе."Не трэба ўсе свае няўдачы спiсваць на крызiс", — пераконваў старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Пётр Руднiк. Эканомiцы рэгiёна крышку не хапiла, каб застацца на пажаданых леташнiх пазiцыях. Вынiк у 94,9 % па аб’ёмах вытворчасцi магiлёўскiя ўлады лiчаць недапрацоўкай. — Мы апошнiмi ўвайшлi ў крызiс, але Беларусь павiнна першай з яго выйсцi, — нагадаў Пётр Руднiк выканаўчай уладзе на месцах i дырэктарскаму корпусу задачы, якiя перад iмi ставiць кiраўнiцтва краiны. Што ж, крызiсныя з’явы не маглi не закрануць прамысловасць Магiлёўшчыны, якая каля паловы сваёй прадукцыi экспартавала. Цяпер традыцыйныя рынкi збыту звузiлiся, i давядзецца шукаць новыя. — Гэта сiтуацыя навучыць нашы прадпрыемствы вырабляць прадукцыю, якая запатрабавана, — упэўнены Пётр Руднiк. Напрыклад, "Магiлёўхiмвалакно" здолела наладзiць вытворчасць бiядызелю, i ад правалу ў студзенi падышла да выканання прагнозных паказчыкаў у сакавiку. Затое вельмi трывожная сiтуацыя захоўваецца на Магiлёўскiм металургiчным заводзе, якi ў першым квартале працаваў толькi на трэць ад леташняга, а пры абмеркаваннi сiтуацыi на прадпрыемстве ўжо прагучала слова "банкруцтва". Аднак, па словах Пятра Руднiка, сёння якраз самае галоўнае — захаваць вытворчасцi i працоўныя калектывы: — Дысцыплiна i парадак на прадпрыемствах — гэта парадак у краiне. Кожны працаўнiк павiнен прыносiць дадому заробак, а не дапамогу па беспрацоўi. Трацiна прадпрыемстваў вобласцi знiзiлi аб’ёмы вытворчасцi. Аднак i запасы на складах застаюцца значнымi: яны павялiчылiся за квартал болей чым на 30 % i цяпер ацэньваюцца ў 725 мiльярдаў рублёў. Трацiна ад запасаў — прадукцыя "Белшыны", вялiкая частка i прадпрыемстваў машынабудаўнiчай галiны. Затое ёсць некаторыя здабыткi ў знешнеэканамiчнай дзейнасцi: экспарт перавышае iмпарт на 30 мiльёнаў долараў. Сума пакуль сцiплая: да канца года яе трэба павялiчыць у дзесяць разоў. У Магiлёўскiм аблвыканкаме лiчаць, што ў цяперашняй сiтуацыi шмат залежыць ад iнiцыятывы кiраўнiкоў прадпрыемстваў, iх здольнасцi "круцiцца" i прымаць нестандартныя рашэннi. Напрыклад, Магiлёўскi мясакамбiнат упершыню стаў гандляваць з такiмi краiнамi, як Арменiя, Малдова, Украiна. Магiлёўскi жэлацiнавы завод пашырае асартымент прадукцыi i асвойвае выпуск жэлацiну для медыцынскiх мэтаў, якi можна экспартаваць. Машынабудаўнiчыя прадпрыемствы спрабуюць прадаваць тэхнiку ў Венесуэлу, Індыю, Саудаўскую Аравiю. — Для нашага паспяховага развiцця патрэбен экспарт! — заявiў Андрэй Кабякоў, якi браў удзел у магiлёўскiм пасяджэннi. — Трэба гандляваць сваёй прадукцыяй, i не нiжэй за сабекошт! Намеснiк старшынi Урада Беларусi асобна цiкавiўся прамымi замежнымi iнвестыцыямi. Выявiлася, што замежны iнвестар днямi аднавiў свой праект на Бабруйскiм заводзе вiнаградных вiнаў i гатовы выдаткаваць на яго рэалiзацыю 15 мiльёнаў долараў. Там мяркуецца разлiваць французскiя каньякi i якаснае вiнаграднае вiно. У Клiмавiчах на кiтайскiм абсталяваннi будзе працаваць завод па вытворчасцi газасiлiкатных блокаў. Расiяне выдаткуюць грошы на малочны завод у Асiповiчах. Англiйская фiрма зацiкавiлася будаўнiцтвам завода па перапрацоўцы смецця ў Бабруйску. Замежнiкi апошнiм часам звяртаюць увагу на беларускае льнаводства. Сёння ствараецца спiс iнвестыцыйных праектаў, у вынiку ажыццяўлення якiх новыя вытворчасцi змогуць працаваць на мясцовай сыравiне. Гэта дазволiць стварыць новыя працоўныя месцы i папоўнiць падаткамi мясцовыя бюджэты. Больш за мiльярд рублёў падаткаў паступiла ў бюджэт ад наваствораных фiрмаў i вытворчасцяў. Аднак гэта меней, чым было запланавана: да двухпрацэнтнай долi ў бюджэце дацягнуць не ўдалося. Сярэднi паказчык долi бюджэтных даходаў у вобласцi ад новых суб’ектаў гаспадарання — 1,8 %. У лiдарах тут Чавускi раён, дзе наладзiлi сiстэму працы з прадпрымальнiкамi i цяпер маюць ад новых фiрмаў болей за 6 % даходаў у бюджэце. Старшыням райвыканкамаў нагадалi: грошы трэба зарабляць, а падаткi новых прадпрыемстваў iдуць якраз у мясцовыя бюджэты. Старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць на пасяджэннi аблвыканкама назваў паказчыкi 1-га квартала "сярэдняй тэмпературай па бальнiцы", якая не задавольвае. — Мы гатовы падключыцца да працы i канкрэтна разбiрацца па кожным прадпрыемстве, — запэўнiў Зянон Ломаць. Сапраўды, ёсць праблемы i пытаннi, над якiмi ўладам давядзецца меркаваць асобна. Напрыклад, чаму мясцовыя фiрмы карыстаюцца паслугамi замежных аўтаперавозчыкаў? Чаму завозiцца з-за мяжы i карыстаецца попытам iмпартная мука, калi свае КХП вырабляюць якасны прадукт на сучасным абсталяваннi? Хто з’еў за два месяцы больш за 1,2 тысячы тон бананаў, якiя паставiла прыватная фiрма з Магiлёва? Гэта значна болей, чым летась, i каштавала каля мiльёна долараў. Мiж тым, да валюты цяпер выпадае ставiцца ашчадна. Таму iмпартныя закупкi знаходзяцца пад асаблiвай увагай уладаў. "Трэба прадаваць больш, каб было ўдосталь валюты," — такую лагiчную параду атрымалi прамыславiкi на пасяджэннi аблвыканкама. Замежныя камандзiроўкi, а дакладней — iх вынiкi, таксама становяцца прадметам пiльнага вывучэння. Старшыня Камiтэта па эканомiцы аблвыканкама Мiкалай Дудзiнскi расказаў, як тры работнiкi аднаго з прадпрыемстваў адправiлiся ў Расiю: за 29 дзён яны здолелi толькi вывучыць рынак, правесцi некалькi перамоваў i ўзгаднiць тэрмiны вяртання запазычанасцi. Магiлёўскi аблвыканкам правёў аналiз працы ў першым квартале: i не толькi агулам, а з разборам сiтуацыi на канкрэтных прадпрыемствах i вытворчых аб’яднаннях. Жаданне ўладаў — як мага хутчэй выйсцi на ўзровень мiнулага года i перавысiць леташнiя паказчыкi. Пакуль яно застаецца нявыкананым, але па меркаваннi кiраўнiцтва, дасягальным у найблiжэйшай перспектыве. Людзi, вядома ж, згодны з уладамi: яны хочуць працаваць i атрымлiваць заробак. У такой сугучнасцi жаданняў шчыруем далей. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёўскiм аблвыканкаме прааналiзавалi вынiкi работы прамысловасцi ў 1-м сёлетнiм квартале. Па ацэнках эканамiстаў, гэта быў самы складаны квартал
|
|