Белы шпак як добры знак
Белы шпак як добры знак
Альбiносы ў дзiкай прыродзсустракаюцца даволi рэдка. За сваё жыццё такiх жывёл цi птушак даводзiлася бачыць хiба што па тэлевiзары. І калi патэлефанаваў знаёмы i сказаў, што ў Палонцы з’явiўся белы шпак, то назаўтра ранiцой я ўжо быў у гэтай лясной вёсцы. Думаў, што ўпраўлюся хутка, але давялося затрымацца да абеду, бо шпак не хацеў пазiраваць: прысядзе на хвiлiнку — ды назад у поле шчыраваць. А пакуль навядзеш аб’ектыў, то яго ўжо няма цi сядзе сярод галiн... Альбiносам была самка, а гэта ўскладнiла маю задачу, бо калi яе партнёр, распусцiўшы крылы, спяваў — то самка была ўся ў турботах, як iншым разам бывае ў людзей, калi ўсё трымаецца на жанчыне. Гаспадары некалi працавалi настаўнiкамi, а сёння iм ужо па восемдзесят гадоў. Цiкавая ў нас атрымалася размова. Праўда, раз-пораз даводзiлася выходзiць з хаты, каб паспрабаваць зрабiць здымак. — У людзей, калi нехта выпадае з калектыву цi не такi, як усе, — стаўленне варожае — заштурхаюць, а ў птушак — не. Вось бегае белы шпак па траве разам з чорнымi, i на яго не звяртаюць увагi, — разважаў Уладзiмiр Iванавiч. — Хоць, калi я працаваў дырэктарам Гарадзецкай дапаможнай школы-iнтэрната, здарыўся такi выпадак. Маладыя буслы яшчэ вучылiся лятаць, i вось адзiн з iх сеў на 30-метровую трубу кацельнi i не ўтрымаўся — упаў у яе. Старыя буслы кружаць над той трубой i не могуць супакоiцца. Давялося качагару выбiваць цэглу i даставаць небараку. Выцягнулi бусла, а ён ад сажы чорны. Апрытомнеўшы, бусел падняўся на крыло — i да суродзiчаў, а тыя — ад яго. Ходзяць буслы па лузе, а як толькi чорны да iх — белыя ў бакi. Супакоiлiся птушкi праз некалькi дзён, калi пайшоў дождж i вымыў бедалагу. А як успрымаюць з’яўленне белага шпака гаспадары? Магчыма, гэта нейкi знак? — Калi i знак, то добры, — сказала Нiна Iгнацьеўна, — людзi i з суседняй вёскi прыходзiлi паглядзець! Петручэнi хоць i былыя педагогi, але вераць у сусветную сiлу, хоць i кажуць, што многае залежыць ад чалавека. I добра калi тут удаецца дасягнуць гармонii. — На Прыроду не трэба крыўдаваць, — разважае У. Петручэня, — а неабходна ўспрымаць такой, якая яна ёсць. Вось некалi, падчас вучобы ў Нясвiжскiм педвучылiшчы, мы кожную суботу выпраўлялiся пешшу дамоў — мне ў Капыльскi раён пад трыццаць кiламетраў, а Нiне столькi ж у Уздзенскi, i нiчога — iшлi ў любое надвор’е. З той пары ў нас i павялося любавацца прыродай, нягледзячы на мароз цi спякоту.... Праўда, прагульвацца ўжо здароўе не дазваляе. Падалося, што на гэтай сядзiбе ўсё пад добрым знакам. Перад хатай стаяць вуллi, быццам, нядаўна пафарбаваныя. Гаспадар вядзе дзённiк, у якiм усё пра пчол запiсвае: калi пасля зiмы зрабiлi аблёт, колькi назапасiлi мёду... I тут год на год не прыходзiцца. Напрыклад, у 2001 годзе з 9 пнёў удалося ўзяць 440 кiлаграмаў. У 2004 годзе — 428. Былi сезоны ўдвая слабейшыя, а ў 2007 годзе шыкаваць не давялося — 70 кiлаграмаў мёду з 8 вуллёў. Цяжкiм выдаўся i 2008 год, пасля зiмы ў многiх пчаляроў пчолы прапалi, а ў Петручэнi ўсе перазiмавалi. Аднаму з пчоламi ўпраўляцца ўжо цяжка, а ў жонкi праблема з нагамi — артроз даймае. Але Нiна Iгнацьеўна хоць з дымаром пастаiць — i то дапамога. А вось вiнаграднае вiно гаспадыня добрае вырабляе. Выпiць не давялося, бо быў пры машыне, але, прыгубiўшы, магу сказаць, што пах i смак вiно мае. Да бацькоў сын i дзве дачкi яшчэ прыслухоўваюцца, няма нараканняў на ўнукаў i праўнукаў, то чаго яшчэ хацець у такiм узросце?! Здароўя i яшчэ пажыць. Час незваротны, i ён iдзе толькi ў адным кiрунку — ад мiнулага да будучага. Але мiнулае пастаянна нагадвае пра сябе. Уладзiмiр Iванавiч паказаў артыкул з газеты "Звязда" i здымак, на якiм зафiксавана, як пад вялiзным партрэтам Сталiна ў Баранавiчах прайшло Свята песнi, прысвечанае чавёртай гадавiне Перамогi, у якiм удзельнiчалi Петручэнi. Тады разам выступiлi 3200 спевакоў i танцораў, быў i зводны аркестр з 52 акардэанiстаў, 12 скрыпачоў... Выконвалi беларускiя народныя песнi, а закончылi "Песняй пра Сталiна" i гiмнам Савецкага Саюза. I з усяго таго засталiся толькi нашы народныя песнi. Хто мог падумаць? Але вернемся да белага шпака. Пакуль мы стаялi на падворку i прыглядалiся да шпакоў, якiя праляталi над намi, пад’ехаў з суседняй вёскi Дзеколы прыхiльнiк птушак Уладзiмiр Жукоўскi з жонкай. — Цiкава, а якiя будуць птушаняты? — паставiў ён пытанне. — А раптам пойдуць у матку? Сказаў i з’ехаў. Калi ў тыграў-альбiносаў нараджаюцца белыя дзецi, то чаму такога не можа быць у птушак? А раптам з’явiцца белая папуляцыя шпакоў. Можна спадзявацца на цуд, але за лепш будзе пачакаць, калi птушаняты пакiнуць шпакоўню. А самым удалым здымкам атрымаўся апошнi. Шпакi прыляцелi парай, на iмгненне затрымалiся на ўсохлай грушы i пырхнулi за дарогу — у траву. Праз платы я кiнуўся за iмi, i не падыходзячы блiзка, навёў аб’ектыў.... Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Альбiносы ў дзiкай прыродзсустракаюцца даволi рэдка. За сваё жыццё такiх жывёл цi птушак даводзiлася бачыць хiба што па тэлевiзары. І калi патэлефанав
|
|