Ад цвiка да дывана
Ад цвiка да дывана
Нават не ведаючы Вiцебска, немагчыма прамахнуцца мiма Горада майстроў, якi штогод робiцца неад'емнай часткай "Славянскага базару". Бо сюды, у гарадскi цэнтр рамёстваў "Задзвiнне" на былых саляных складах, няспынна цякуць не тое што ручайкi — рэкi людскiя, святочныя i яркiя. Дый паглядзець ёсць на што. Калi пажылых людзей прываблiваюць салодкiя пахi ад латкоў, што гандлююць мёдам — грэцкiм, лiпавым, рэдкiм кедравым, лугавым, кветкавым — аж слiнка набягае, то моладзь ахвотна iдзе на звон мячоў i гукi сярэднявечных iнструментаў да пляцоўкi, дзе адбываюцца рыцарскiя баi i танцавальныя пастаноўкi. Мамы з дзецьмi спыняюцца ля стэндаў з глiнянымi свiстулькамi i забаўнымi фiгуркамi, моднiцы-дзяўчаты навобмацак ацэньваюць рознакаляровыя льняныя сарафаны, сукенкi i спаднiцы, мужчыны захоплена прышчоўкваюць языкамi, гледзячы на тонкай работы вырабы кавалёў, да майстроў ганчарнай i ткацкай справы ўвогуле стаяць чэргi ахвотных узяць майстар-клас. Карацей, тут пры жаданнi можна знайсцi ўсё — i плашч, i цвiк для таго, каб павесiць плашч, i нават самаробны штыкетнiк, куды ўбiць той цвiк. І хоць пэўная частка прапанаваных у Горадзе майстроў вырабаў створана рукамi працалюбiвых кiтайцаў — куды без iх — усё ж наведнiкi беспамылкова знаходзяць сярод рынкавага шырспажыву творы беларускiх народных майстроў. — Гэтыя фарбы не выцвiтаюць i не змываюцца, захоўваюцца дзесяцiгоддзямi, — расказвае зацiкаўленым удзельнiца конкурсу маляваных дываноў Лiлiя Каваленка з Вiцебска, паказваючы свае работы — роспiсы на чорных i цёмна-зялёных тканых палотнах. — Бо грунтоўку мы робiм правiльную, па рэцэптах нашых продкаў, карыстаючыся ўзорамi, якiя пакiнуў у спадчыну наш знакамiты мастак Язэп Драздовiч. I хоць па ўмовах конкурсу нам адводзiлася ўсяго два днi для роспiсу дываноў, але ўсе рабiлi гэта на такiм уздыме! I паглядзiце — сярод удзельнiкаў хапае маладых педагогаў з абласных i раённых цэнтраў рамёстваў, у iх таксама свае вучнi, таму гэта мастацтва ў нас не знiкае, адраджаецца. Яно не памерла дагэтуль — не памрэ i цяпер. Шчыльнае кола гледачоў сабралася i вакол ткацкага станка, за якiм сядзiць Марына Гушча Г гарадка. У яе на кроснах — як быццам звычайны рушнiк... ды не зусiм звычайны, ажурнага пляцення. "Я ўжо гадоў 17 займаюся ткацтвам, i асаблiва падабаецца менавiта гэты кiрунак — ажурнае ткацтва, наш раён славiцца якраз гэтымi вырабамi, — тлумачыць Марына, не перапыняючы работы. — Пачынала з дробных габеленаў, а потым захапiлася, i мужа захапiла — ён у мяне спецыялiст па разьбе, гэта ён станок зрабiў невялiчкi перасоўны, якi можна не разбiраць бясконца, а перавозiць у рабочым выглядзе. Цяпер раблю ажурны рушнiк — бачыце, якая нiтка тонкая, работа патрабуе ўвагi i цярпення, пяшчоты нават, бо твой настрой перадаецца вырабу. Таму i ў вучнi я бяру не дзяцей, а ўжо дарослых дзяўчат, якiм цiкавыя традыцыi ткацтва i якiя гатовыя да доўгай, цярплiвай работы. Ад сябе нiчога не прыдумляю, аднаўляю гарадоцкiя традыцыi, хiба што нiткi сучасныя выкарыстоўваю". Некалькi гадоў таму, узгадвае Марына, яе работа перамагла тут жа, на "Славянскiм базары ў Вiцебску", у конкурсе ткачоў. Але цяпер прыехала не па прызы, а хутчэй, па вопыт — свой перадаць, у iншых павучыцца.Каваль з Лiды Генадзь Савонь вызначаецца не толькi схiльнасцю да гiгантаманii — яго за цвiкi i падковы памеру ХХХL заўсёднiкi ўжо назвалi "ляўша навыварат", але таксама адметным пачуццём гумару. Вось у дэкаратыўным пнi тырчыць жалезны прут вышынёй метра ў 1,5 — гэта, аказваецца, "апошнi цвiк, каб забiць на ўсё" (малаток у камплекце). А побач стаiць на хвасце, разявiўшы пастку, металiчная кобра. З подпiсам: "Партрэт мамы, калi тата не даў ёй грошай". Хлопцы рагочуць. Дзяўчаты абураюцца. — Ведаеце, што мне сказала жонка, убачыўшы гэту работу? — супакойвае iх майстар. — Зрабiць другую такую ж, з подпiсам "Тата, калi мама сказала, што абеду сёння не будзе, бо грошай у яе няма". Дарэчы, калi Горад майстроў наведаў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзiн, ён таксама спынiўся ля работ Генадзя. I атрымаў ад майстра адмысловы падарунак — "антыкрызiсную валюту", манеткi, аздобленыя пад даўнiну. "Калi крызiс перажыць не дапамогуць, то хоць настрой уздыме", — перакананы майстар. Уласна, у тым лiку i дзеля гэтага госцi i ўдзельнiкi фестывалю зазiраюць у Горад майстроў — бо выходзяць калi i без адмысловых сувенiраў, то дакладна з добрым настроем. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нават не ведаючы Вiцебска, немагчыма прамахнуцца мiма Горада майстроў, якi штогод робiцца неад'емнай часткай "Славянскага базару". Бо сю |
|