Сродак ад вiрусу забыцця
Сродак ад вiрусу забыцця
Ужо шмат гадоў паспяхова выконвае ролю пасрэднiка памiж мiнулым, цяперашнiм i будучым iнтэлiгенцыя Вiлейскага раёна. Дзякуючы яе намаганням гiсторыя краю ўзбагачаецца новымi ведамi i фактамi аб слынных земляках-мастаках. Прывiтанне кiтайскiм братам па розуме Як вы думаеце, чаму жыхары i ўлады кiтайскага горада Фучжоу для ўпрыгожвання яго набярэжнай выбралi менавiта гэту скульптурную кампазiцыю беларускага аўтара пад назвай "У лодцы"? Мiж iншым, цяжка ўявiць, каб такая вялiкая скульптура з вельмi дарагой бронзы памерамi пяць амаль на два метры (фатаграфiю яе вы бачыце), з'явiлася б на беразе Дняпра, Сожа цi Вiлii. Не той менталiтэт, не тое ўспрыняцце мастацкiх твораў. У нас з бронзы паставiлi б нешта адназначнае i аптымiстычнае, больш зразумелае, што заклiкае наперад, скажам, у гонар мясцовых герояў-працаўнiкоў. Але гэта да слова. Вiдаць, кiтайцы ў скульптурнай лодцы Уладзiмiра Слабодчыкава ўбачылi самiх сябе, ды i нас з вамi таксама. А таму, на мой погляд, гэта скульптурная кампазiцыя была б вельмi да месца i на беразе Вiлii ў аднайменным Вiлейскiм раёне, дзе ў вёсцы Далгiнава ў сям'i настаўнiкаў нарадзiўся аўтар "Лодкi". Не адкрыю вялiкага сакрэту, калi скажу, што сапраўднае мастацтва па сутнасцi з'яўляецца iнтэрнацыянальным. Творы Уладзiмiра Іванавiча не раз адзначалiся на мiжнародных выставах i сiмпозiумах. У тым жа Кiтаi ў конкурсе "Скульптурнае афармленне Алiмпiйскага парку" ў Пекiне ён узнагароджаны прэмiяй. Яго творы набываюць калекцыянеры Германii, ЗША, Швейцарыi i iншых краiн. Так, у Iталii ў галерэi горада Пардэнонэ захоўваецца незвычайная скульптура Слабодчыкава "Месяц майго дзяцiнства". Вiлейскае прывiтанне iтальянцам. — Як мне здаецца, твор ураджэнца нашага раёна Уладзiмiра Слабодчыкава "У лодцы" адпавядае агульначалавечаму стаўленню (не толькi кiтайцаў) да рэчаiснасцi, маўляў, усе мы плывём у адной лодцы па бясконцай рацэ часу. Як плылi некалi нашы продкi i як будуць плыць па ёй нашчадкi. I гэта скульптура на беразе далёкай кiтайскай ракi напамiнак нам усiм пра няспыннасць часу, пра тое, што ўсё праходзiць, усё мiнае. А мастацкiя творы застаюцца. Яны — сляды на зямлi, пэўныя вехi нашага культурнага развiцця, якiя пакiдаюць таленавiтыя суайчыннiкi. За гэта мы абавязаны iх памятаць i шанаваць, — кажа старшыня Вiлейскага райсавета Яўген Iгнатовiч. Ён, дарэчы, адзiн з заўзятых у раёне абаронцаў, калi так можна сказаць, нашай гiстарычнай i культурнай спадчыны ад забыцця. А пагроза такая iснуе — у мiтуснi будняў, як i паўсюдна, яго землякi-сучаснiкi жывуць пераважна надзённымi праблемамi i клопатамi. I важна iм дапамагчы не забыць i не згубiць тое, што засталося нам у спадчыну. Цi, як вобразна кажа Яўген Антонавiч, мiсiя iнтэлiгенцыi ў тым, каб выконваць ролю пасрэднiка памiж мiнулым, цяперашнiм i будучым.Скарбамi не раскiдваюцца Пра тое, як "У лодцы" — своеасаблiвае прывiтанне братам па розуме з Фучжоу — трапiла да кiтайскiх прыхiльнiкаў яго таленту, я даведаўся з выдання "Мастацкiя скарбы Вiлейскага краю". Скажу шчыра, спачатку гэта назва здалася мне занадта пафаснай i па-правiнцыйнаму прэтэнцыёзнай, накшталт "Скарбы Луўра" цi "Скарбы Эрмiтажа". Але потым, калi глыбей пазнаёмiўся са зместам гэтага, безумоўна, цiкавага выдання, у мяне яго назва ўжо не выклiкала iронii. Наадварот, узнiкла пачуццё глыбокай павагi да тых энтузiястаў, якiя сабралi багаты матэрыял аб творцах-земляках, што жылi ў раёне ў розныя эпохi, пераканалi райвыканкам i райсавет знайсцi немалыя сродкi на выданне гэтай кнiжкi-альбома на выдатнай паперы i з прыгожымi якаснымi каляровымi iлюстрацыямi. Аўтар-складальнiк выдання — настаўнiца выяўленчага мастацтва гiмназii № 2 Вiлейкi Святлана Чабатар. Ёй актыўна дапамагалi настаўнiкi i краязнаўцы Анатоль Рогач, Вiталь Кастэнка, Лiлiя Анiкеенка, мастак Барыс Цiтовiч i многiя iншыя, хто неабыякавы да гiсторыi сваёй зямлi. Трапныя, простыя i кранальныя словы ў сваёй кароткай прадмове да выдання знайшоў Яўген Iгнатовiч. Хочацца працытаваць: "Вiлейшчына — край цiхi i лагодны. Хоць да сталiцы рукой падаць, усяго нейкая сотня кiламетраў, тут свой фон цывiлiзацыi, свой этнiчны каларыт, сваё стаўленне да гiстарычнай памяцi. Вось чаму як сродак ад рэцыдыву забыцця Вiлейшчына ўзводзiць памятныя знакi, мемарыялы, праз з iх з вечнасцi вяртаюцца забытыя iмёны". Дададзiм, некалi слынных землякоў. Вольны мастак з Санкт-Пецярбурга Сярод ураджэнцаў "Вiлейскага краю" нямала людзей знакамiтых, якiя пакiнулi культурны след за межамi Беларусi, але сёння амаль невядомыя шырокай публiцы. Напрыклад, таленавiты мастак Нiкадзiм Сiлiвановiч, якога, на жаль, ведае абмежаванае кола спецыялiстаў. Хоць яго цiкавая постаць дае шмат падстаў ганарыцца iм як земляком. Сiлiвановiч больш за 32 гады прапрацаваў у Iмператарскай акадэмii мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, дзе ўдзельнiчаў у выкананнi вельмi адказных работ. Яго рука мае непасрэднае дачыненне да стварэння галоўных унутраных элементаў шэдэўра сусветнага значэння — Iсакiеўскага сабора. Такую вось фантастычную па тым часе творчую кар'еру зрабiў сын дзяржаўнага селянiна з вёскi Цынцэвiчы Вiлейскага павета. Яго бацькi прыклалi гераiчныя намаганнi, каб сын атрымаў адукацыю ў прывiлеяваным, для дваранскiх дзяцей, пяцiкласным вучылiшчы. Потым была вучоба ў Пецярбургскай акадэмii мастацтваў, дзе ён спецыялiзаваўся як партрэтыст. Маладому чалавеку неўзабаве было прысвоена званне "вольнага мастака". У гэтым званнi ён вярнуўся на радзiму. Замоваў ад жыхароў павета амаль не паступала i Сiлiвановiч паступова захапiўся царкоўным жывапiсам. I даволi хутка дасягнуў у iм пэўных вышынь: пiша абразы, партрэты царкоўных iерархаў. Затым яго прыцягвае мастацтва мазаiкi, у якой ён дасягнуў вядомасцi i павагi. Сiлiвановiча запрашаюць весцi мазаiчныя работы ўнутры Iсакiеўскага сабора. Гэты вiд афармлення складаны i вельмi марудны. Цяжка ўявiць, што выкарыстоўвалася каля 12 тысяч адценняў колеру. Дастаткова сказаць, што мазаiчныя работы ў саборы пачалiся ў 1851 годзе i працягвалiся аж да самай рэвалюцыi. Сiлiвановiч удзельнiчаў у стварэннi такiх сусветнавядомых шэдэўраў, як мазаiчныя творы "Тайная вячэра" галоўнага iканастаса i "Пацалунак Iуды", велiчныя i велiзарныя выявы евангелiстаў Матфея, Марка, Лукi, iншыя ўпрыгажэннi галоўнага купала сабора.У 1903 годзе даследчыкi творчасцi нашага земляка страчваюць яго след. Ёсць меркаванне, што пасля выхаду на пенсiю ён пераехаў жыць у Вiльню, дзе i памёр прыкладна ў 1918—1919 гадах. На карысць гэтага сведчыць i той факт, што ў фондах Лiтоўскага музея захоўваецца амаль 20 работ мастака, а ў нашым Нацыянальным мастацкiм музеi толькi адна. У Вiлейцы ганарацца земляком, яго iмя носiць мясцовая галерэя. Да 175-цi годдзя з дня нараджэння Нiкадзiма Сiлiвановiча ў яго роднай вёсцы мяркуецца адкрыць памятны знак. У Вiлейку па натхненне Магчыма, чалавека новага i недасведчанага Вiлейскi раён нiчым асаблiвым i не ўразiць. Ну хiба маляўнiчымi мясцiнамi, самым вялiкiм у краiне штучным вадасховiшчам i рамантычнымi рачулкамi. Так, маюцца тут свае славутасцi. Але нечым падобным могуць пахвалiцца многiя iншыя раёны. Аднак ёсць у Вiлейскага раёна свая адметная рыса, яе характэрная асаблiвасць: сюды ехалi i едуць па натхненне натуры творчыя, няўрымслiвыя, якiя тут потым паспяхова працуюць на нiве мастацтва. Вось два лёсы, памiж якiмi суцэльная эпоха. Беларускi мастак-авангардыст Уладзiслаў Стрэмiнскi нарадзiўся ў Мiнску яшчэ да рэвалюцыi. Яго настаўнiкам быў сам знакамiты Казiмiр Малевiч. У 1919 годзе Стрэмiнскi працуе над афармленнем Мiнска. Потым мастак пераязджае ў Вiлейку. Тут у яго пачынаецца, як адзначаюць мастацтвазнаўцы, пераход да постiмпрэсiянiзму, звязаны з абстрактнымi формамi. Але час быў неспакойны. Неўзабаве Стрэмiнскi пакiдае Вiлейку, шмат вандруе, але ў 1939 годзе зноў тут пасяляецца, стварае ваенны цыкл "Заходняя Беларусь". Хутка пачынаецца вайна, i мастак зноў пакiдае Вiлейку, на гэты раз назаўсёды. А вось наш слынны сучаснiк Барыс Цiтовiч, якi не мае патрэбы ў тым, каб яго знаёмiлi з публiкай (пра яго шмат ужо напiсана), вiдаць, асеў у вёсцы Заброддзе назаўсёды. Тут яму выдатна працуецца як мастаку i грамадскаму дзеячу. Як, дарэчы, i яго сыну Данiiлу. Цi то гены перадалiся, цi то паспрыяла мясцовая творчая атмасфера, але малады скульптар — удзельнiк ужо больш за 20 салiдных выстаў, у тым лiку i замежных, iнiцыятар першага мiжнароднага пленэра ў Заброддзi на тэму Першай сусветнай вайны. Спiраль з валуноў Якiм чынам дапамагчы людзям захоўваць памяць пра мiнулае i адначасова не быць банальна надакучлiвым у гэтай высакароднай справе? Як знайсцi цiкавы i нестандартны ход, каб выклiкаць у людзей цiкавасць, станоўчыя эмоцыi? У Вiлейцы, здаецца, навучылiся адказваць на гэтыя пытаннi. Была вёска i знiкла, а памяць пра яе засталася. Прычым трывала, надзейна i надоўга. I зноў дзякуючы iнiцыятыве i намаганням мясцовай iнтэлiгенцыi. Населеных пунктаў, якiя знiклi з-за розных абставiнаў, за апошнiя дзесяцiгоддзi ў Вiлейскiм раёне мясцовыя краязнаўцы налiчылi аж 253. Для параўнання: сёння ў раёне засталося 407 вёсак. Уяўляеце маштаб уплыву калектывiзацыi, iндустрыялiзацыi, урбанiзацыi i глабалiзацыi? Магчыма, знiкненне вёсак i вёсачак i натуральны працэс, але ўсё адно сумны, што б нi казалi пра перавагi жыцця на цэнтральных сядзiбах гаспадарак, у аграгарадках. I задумалi мясцовыя краязнаўцы пры падтрымцы Вiлейскага райсавета стварыць у гонар вёсак, што не вытрымалi цiску часу, не менш як мемарыяльны комплекс. Што i казаць, любяць у Вiлейцы гучныя назвы. I прымеркавалi гэту справу да правядзення Года роднай зямлi. Увекавечаны сёння назвы тых вёсак не ў архiўных паперах, а ў магутных 13 камянях-валунах, што аб'яднаныя ў адзiны мемарыял — па колькасцi сельсаветаў у раёне. Каля кожнага валуна — мармуровая шыльда з надпiсам назваў знiклых вёсак. Выкананы мемарыяльны помнiк у выглядзе спiралi невыпадкова: яна — сiмвал жыцця. Сад камянёў — гэта, хутчэй, японская традыцыя, чым беларуская. Ну i што з таго. Камянi, як мора, наводзяць на глыбокi роздум, на iх можна глядзець бясконца i думаць, успамiнаць былое. Бо адна з галоўных вартасцяў чалавечай памяцi — здольнасць забываць. I, на шчасце, дрэннае, i, на жаль, нярэдка добрае. А гэты вiлейскi помнiк з камянёў, хочацца спадзявацца, будзе нагадваць маладым жыхарам раёна аб каранях iх роду, паселiшчах iх дзядоў. Леанiд Лахманенка. Вiлейскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вы думаеце, чаму жыхары i ўлады кiтайскага горада Фучжоу для ўпрыгожвання яго набярэжнай выбралi менавiта гэту скульптурную кампазiцыю беларускага
|
|