Сродак для iснавання
Сродак для iснавання
Карцiнкi з глыбiнкi
На першы погляд гэта звычайная сям'я, толькi шматдзетная. Мацi сямейства — даярка, так бы мовiць, новай фармацыi. Не, яны з сяброўкамi не змагаюцца за рэкордныя надоi. Яны ходзяць у стыльных джынсах, фарбуюць пазногцi, перад дойкай пацягваюць моцную каву з цыгарэтай, гэта калi няма грошай на больш моцны напой... Малодшы яе хлопчык не ходзiць. Дзiцяцi чацвёрты год. І галоўнае, яго можна вылечыць, патрэбна толькi зрабiць аперацыю ў клiнiцы адпаведнага ўзроўню. "Завезцi на аперацыю ў мяне няма грошай", — заяўляе яна надакучлiвым суседкам, сельсавецкiм работнiкам, мясцоваму фельчару. Грошы ёй ужо два разы выдзялялi з фондаў роднага сельгаспрадпрыемства. Адзiн раз заявiла, што паехала ў Мiнск з дзiцем, там грошы ўкралi, вярнулася нi з чым. Другi раз такая ж гiсторыя здарылася з "клапатлiвай матуляй" у абласным цэнтры. А потым на падпiтку яна гаварыла: "Ды я нiколi яго лячыць не буду, я за яго кошт жыву". Так, на iнвалiда плацяць дапамогу большую, чым на здаровае дзiця. Няшчаснага малога яна пакiдае звычайна на старэйшых дзяцей. Муж ёсць, яна працуе. Дзецi апрануты ў асноўным з гуманiтарнай дапамогi альбо з таго, што аддадуць аднавяскоўцы. Калi прыязджаюць прадстаўнiкi раённай службы апекi, робяць выснову, што дзецi як быццам не галодныя, не закiнутыя зусiм, каб пазбаўляць вясковую даярку i яе мужа бацькоўскiх правоў. А самы маленькi не раскажа пра сваё вялiкае гора... "Лiшнiя людзi" Калi мужчына спiваецца, жонцы ён не патрэбны, ён застаецца патрэбны толькi мацi, — казала мая былая каляжанка Тамара Сяргееўна. Сапраўды, цяпер ледзь не ў кожнай вёсцы ёсць катэгорыя мужчын, што пабывалi жанатымi i вярнулiся пад бацькоўскi дах, каб стаць горам для пажылых матуль. Вось ездзiць на веласiпедзе яшчэ даволi малады, дзябёлы барадаты дзядзька. I ў жыццi яго толькi адзiн клопат, адна задача, адна праблема: дзе знайсцi выпiць. Да маёй адзiнаццацiгадовай дачкi, напрыклад, ён звяртаецца з пытаннем: "Дзяўчынка, у цябе вiна няма?" Гэтаму ўжо нiчога не страшна, як-небудзь дажыве свой век. У яго некалi была работа, была сям'я. Хоць у нейкай ступенi грамадзянiн аддаў абавязак соцыуму. А лiтаральна за тыдзень суседнiя вёскi пахавалi двух маладых хлопцаў, якiя не паспелi нiчога. Адзiн, 23-гадовы, загiнуў ад банальнага атручэння сурагатным спiртавым напоем. З яго равеснiкам было яшчэ горш. Бацькi апошняга прыезджыя, нетутэйшыя. Бацьку за яго раскошную знешнасць i падабенства з вядомым артыстам нават мянушку далi па iменi кiнагероя. Узнагародзiць жа Бог нiкчэмнага чалавека такой прыгажосцю! Сыны знешнасцю пайшлi ў бацьку. Малодшы, найбольш стараннямi дырэктара школы, паступiў вучыцца ў сталiцу. А старэйшы пайшоў дарогай бацькоў. Гэта значыць, амаль не працаваў, выпiць любiў. Дзе каму дапамогуць з бацькам па гаспадарцы — сняданак альбо абед i выпiўка гарантаваныя. Дык вось у адной бабулькi прапала вялiкая сума грошай. Прыехала да яе аператыўная група: хадзiлi, глядзелi, людзей распытвалi. I трэба ж было яму, на бяду, трапiць на вочы аператыўнiкам, ды яшчэ выходзячы з крамы з бутэлькай гарэлкi. У тых адразу падазрэнне: непрацуючы, адкуль грошы? Ну i завезлi ў акалотак. Людзi расказваюць, што моцна пабiлi хлопца. Хто цяпер даведаецца, як там было? Толькi дабраўся ён дадому вечарам, зайшоў у гумно i павесiўся. На пахаваннi яшчэ жанчыны перагаворвалi, што нiхто ва ўсёй вёсцы не паверыць у версiю выкрадання iм грошай. Што пiў — так, але злодзеем нiколi не быў. I ўсё адно гарэлка да магiлы давяла, не прамым, дык абходным шляхам. Дажыць да пенсii Марына, назавём яе так, чакала пенсii нiбы манны нябеснай. Не, яна не шчыравала ад зоркi да зоркi на калгасных палетках. На працу хадзiла сяды-тады, найбольш калi давалi дзялку буракоў палоць. А вось пажыць прыгожа любiла заўсёды. Таму даўно пазбавiлася ад каровы, свiней, курэй, не карпела над агародам. Як прынясе Рыгор зарплату, то i пажывуць тыдзень з размахам, а затым: Бог дасць дзень, дасць i астатняе. Дык вось да юбiлею i першай пенсii рыхтавалася даўно, нават шпалеры купiла, але рамонт быў адкладзены, як i многае iншае. I вось нарэшце атрымала i пенсiю, i матэрыяльную дапамогу з нагоды выхаду на пенсiю. Нават газету выпiсала, першы раз у жыццi. Гаспадар на наступны ж дзень запынiў паштальёна з пытаннем, дзе iхняя газета? Ён думаў, як заплацiў, то назаўтра i павiнны прынесцi выданне. Адным словам, пажылi... з паўмесяца. А потым? Потым зноў у краму, праўда, не зусiм звычайную. Крама, дзе даюць без грошай Цiкавы спосаб барацьбы за пакупнiка вынайшаў мясцовы прадпрымальнiк, гаспадар прыватнай крамы. Ён адпускае тавар i без грошай. Гандляр мае пастаяннае кола клiентаў накшталт вышэйапiсанай наваспечанай пенсiянеркi. Яны прыходзяць, набiраюць пакет прадуктаў, кошт пакупкi прадавец занатоўвае ў сшытачак. Потым, з атрыманнем пенсii цi зарплаты, яны разлiчваюцца з крэдыторам, а купляць прыходзяць зноў у доўг. Вядома, ён бярэ плату з "працэнтамi". Кантынгент спецыфiчны, пералiчваць на калькулятары не будуць, ды i якi рэзон крэдытаваць вяскоўцаў за так? Хоць такiм чынам ён яшчэ i адцягвае значную частку пакупнiкоў ад райспажывецкай крамы, якая з'яўляецца манапалiстам па продажы спiртнога, таму аўтаматычна аказваецца па-за канкурэнцыяй. Цiкава, што асаблiвымi клiентамi названага гандлёвага пункта ўсё болей становiцца пенсiянерак-жанчын, якiя раней нармальна працавалi, павыгадоўвалi дзяцей, а потым, як сказаў вясковы дзядзька, адчулi смак у гарэлцы. * * * Чаму ж так сталася, што ў вёсцы ўсё больш людзей розных пакаленняў не пражываюць жыццё, а прапiваюць яго? Разважаю над гэтым i прыходжу да высновы, што ад беспакаранасцi. У Бога не вераць, грамадскага асуджэння не баяцца, як гэта было з паўвека таму. Маральных бар'ераў не засталося, а матэрыяльныя перадумовы, каб выжыць знаходзяцца — ну i гуляй душа. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На першы погляд гэта звычайная сям'я, толькi шматдзетная. Мацi сямейства — даярка, так бы мовiць, новай фармацыi. Не, яны з сяброўкамi не змагаюцц
|
|