У ГЛЫБОКІМ ПРАЙШОЎ ВОСЕНЬСКІ КІРМАШ
10.10.2018
—
Афиша
|
У мінулую нядзелю на Цэнтральнай плошчы горада прайшоў традыцыйны восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш, дзе можна было набыць зерне, бульбу, гародніну, рыбу, мясную і малочную прадукцыю, саджанцы і шмат чаго іншага. Адметнасць глыбоцкага кірмашу заключаецца ў тым, што на ім можна зрабіць не толькі запасы на зіму і набыць штось неабходнае з тавараў народнага спажывання, а яшчэ цудоўна адпачыць, атрымаць добры настрой, а пры жаданні і самім выйсці ў круг пад музыку баяністаў і гарманістаў.
Як заўсёды, доўжыліся чэргі каля палатак, дзе прадавалі мясную, малочную прадукцыю, рыбу. У хаду была і гародніна. На хвіліну-другую спыніўся каля палаткі аграсэрвіса, дзе на продаж былі выстаўлены карыта свіное (“Такое карыта можна купіць толькі ў нас”, — заўважыла прадавец), лёгкія лаўкі для лазні, мангал ручной работы. Шмат пакупнікоў было каля палатак Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры. Парадаваў пакупнікоў і Глыбоцкі прафліцэй, дзе можна было купіць зерне, бульбу, бурачкі, цыбулю, саджанцы, перац і многае іншае. —І ўсё гэта вырашчана з дапамогай нашых навучэнцаў, — заўважыла намеснік дырэктара ўстановы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Эла Ждановіч. А майстар вытворчага навучання Яніна Судзінко дапоўніла, што к святу яны прыгатавалі моркву па-карэйску, вараныя бурачкі, караваі, рулеты, выпечку. А яшчэ выкладчыкі ліцэя частавалі ўсіх смачнай кашай, і, скажу вам шчыра, ахвотнікаў перакусіць пад музыку і песні знайшлося нямала.
Павіншаваўшы работнікаў навучальнай установы з Днём настаўніка, які адзначаўся ў гэты ж дзень, прадоўжыў свой шлях і не мог не спыніцца каля вельмі прыгожага падворка Залескай СШ: у сваё свята вясковыя педагогі прывезлі на кірмаш і сваю прадукцыю. А ўбачылася шмат чаго: памідоры, перац, капуста, морква, яблыкі, рэдзька, нават маленькі кавун. Шчырыя віншаванні са святам, фота на памяць, і я паспяшаўся на адно з самых цікавых мерапрыемстваў у рамках сельскагаспадарчага кірмашу – на агляд-конкурс падворкаў, які заўсёды праходзіць весела і цікава і які ўсе мы вельмі любім. І як яго не любіць? Строгае журы ацэньвае не толькі афармленне падворкаў, адметнасць і смакавыя ўласцівасці прадукцыі на іх, але і, так бы мовіць, мастацкую частку конкурсу: уменне як мага лепей падаць сябе, праспяваць, сыграць на гармоніку ці баяне, а то і станцаваць. І тут ужо канкурсанты стараліся, як маглі, і паказалі сябе з найлепшага боку. Таму было і весела, і смешна, і радасна ад таго, наколькі таленавітыя яны, людзі нашай вёскі. Кірмаш прадаўжаўся, члены журы заняліся падвядзеннем вынікаў конкурсу, а мы дададзім колькі слоў да таго, што яшчэ не сказалі. Напрыклад, пра латарэю “Шчаслівы выпадак”, у якой штогод ахвотна ўдзельнічаюць многія гараджане. Хочацца ж праверыць, ці шчаслівы ты? І парадавацца, выйграўшы буйны прыз. А выйграць можна было шмат чаго: ад качана капусты, веніка, мяшка бульбы – да цяля або прычэпа арганікі. І шчасліўцы выйгралі.
І які ж кірмаш без музыкі і песень? Таму на святочнай сцэне гледачы ўбачылі лепшыя самадзейныя калектывы горада і раёна, лепшых салістаў. Канцэрт прадоўжыўся і пасля таго, як былі падведзены вынікі конкурсу- А падвёў іх і ўручыў пераможцам узнагароды старшыня райвыканкама Алег Морхат. У сваім выступленні Алег Віктаравіч выказаў словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам вёскі за шчырую працу, за дасягнутыя вынікі, цёпла павіншаваў з Днём настаўніка работнікаў адукацыі, якіх было нямала ў гэты дзень на плошчы, адзначыў належны ўзровень правядзення кірмашу, у ходзе якога прайшла акцыя — ветэранаў вайны бясплатна забяспечылі бульбай, пажадаў усім дабра, шчасця і сямейнага дабрабыту. * * *Першае месца ў аглядзе конкурсу на лепшы падворак прысуджана Бабічоўскаму падворку ААТ “Залатая падкова”, другое – заезджаму двару “У Ігната” Празароцкага і Зябкаўскага сельвыканкамаў, трэцяе – падворкам Карабоўскага і Удзелаўскага сельвыканкамаў. Дыпломам у намінацыі “Самы ўраджайны падворак” узнагароджана сялянска-фермерская гаспадарка Сяргея Кавалёнка. Дыпломамі ў намінацыі “Самыя смачныя прысмакі” – фермерская гаспадарка Якава Серафімовіча і асабістая падсобная гаспадарка “Краіна Мар” Аксаны Лашкевіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую нядзелю на Цэнтральнай плошчы горада прайшоў традыцыйны восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш, дзе можна было набыць зерне, бульбу, гародніну, рыбу, мясную...
|
|