7 чэрвеня — Дзень меліяратара
05.06.2020
—
Новости о Коронавирусе
|
![]() Брыгада на чале з майстрам Сяргеем Лысёнкам на ўкладцы пліт у новым меліярацыйным канале ў ААТ “Ельня-Агра” У першую нядзелю чэрвеня ў нашай краіне адзначаюць прафесійнае свята спецыялісты, чыя працоўная дзейнасць звязана з меліярацыяй зямель і воднай гаспадаркай. Сёння меліярацыя з’яўляецца прыярытэтным накірункам эканомікі нашай рэспублікі, важным фактарам інтэнсіфікацыі вытворчасці. Яна адкрывае шырокія магчымасці для павышэння ўраджайнасці, стварэння трывалай кармавой базы жывёлагадоўлі, асваення пустуючых і забалочаных зямель. На працягу пяцідзесяці год гэтай справай у нашым рэгіёне займаецца Шаркаўшчынскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Дарэчы, пра юбілей арганізацыі мы раскажам чытачам у бліжэйшых нумарах нашай газеты. Існуе такое вядомае выказванне: “У даўніну заможнымі былі тыя краіны, прырода якіх была найбольш багатая на рэсурсы, цяпер жа заможнейшымі лічацца тыя краіны, у якіх чалавек найбольш дзейсны”. Шаркаўшчынскія меліяратары — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Яны прыкладаюць максімум намаганняў, каб справіцца з самымі складанымі задачамі дзеля дабрабыту нашага рэгіёну. Нягледзячы на тое, што сёння арганізацыя перажывае не самыя лепшыя часы ў плане эканамічнага становішча, кіраўніцтва, спецыялісты і звычайныя рабочыя прымаюць усе магчымыя захады, каб прадпрыемства меліярацыйных сістэм не страчвала свае пазіцыі. Пра дзейнасць Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм карэспандэнту раённай газеты расказаў яго дырэктар Анатолій Сямёнавіч Дзіковіч: — На сённяшні дзень працуем на будаўніцтве новай меліярацыйнай сістэмы ў ААТ “Ельня-Агра”. Пакуль работы вядуцца на ўчастку ў 160 гектараў, у перспектыве будаўніцтва працягнецца на тэрыторыі ў 170 гектараў. Пачалі выкарчоўку дрэваў на тэрыторыі Лужкаўскага лясніцтва каля вёскі Крыўкі. Там таксама займаемся будаўніцтвам лесагаспадарчай дарогі. Вялікія аб’ёмы работ выконваем на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Таксама ўвялі ў выкарыстанне лесагаспадарчую дарогу ў Верхнядзвінскім раёне. Вядома ж, падтрымліваем у належным стане меліярацыйныя сістэмы, якія знаходзяцца ў зоне нашай адказнасці. Сярод нашых непасрэдных абавязкаў: прачыстка каналаў, праверка дрэнажнай сістэмы, выдаленне кустарнікавай расліннасці, абкос травы. ![]() трактарыст Шаркаўшчынскага ПМС Валерый Цітовіч сярод лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Шаркаўшчыны-2019» Сумленныя, адказныя і кваліфікаваныя работнікі прадпрыемства ўпэўнена працуюць на карысць нашага раёна, вобласці і краіны. Прыемна, што наш трактарыст Валерый Сяргеевіч Цітовіч быў сёлета ўдастоены ганаровага звання «Чалавек года Шаркаўшчыны-2019». Валерый цалкам заслугоўвае гэтага звання, на працягу многіх гадоў працуе на бульдозеры, заўсёды сумленна выконвае вялікі аб’ём працы. Асаблівую падзяку хочацца выказаць нашаму галоўнаму механіку Андрэю Пятровічу Янушу. На жаль, наша тэхніка знаходзіцца не ў ідэальным стане, даводзіцца рабіць многа рамонтаў, шукаць запчасткі. Усё гэта патрабуе вялікіх намаганняў. Віншую работнікаў Шаркаўшчынскага ПМС, а таксама калег з іншых раёнаў з прафесійным святам, зычу шчасця ў асабістым жыцці, дабрабыту, добрага настрою і працоўных здзяйсненняў, якія будуць ацэньвацца па заслугах. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|