Каб людзі менш пілі, трэба, каб яны больш зараблялі
19.12.2009
—
Новости Культуры
|
Пісьменнік і ўласнік гарэлачнага завода. Як гэта спалучаецца ў адным чалавеку? З Леанідам Дайнекам гутарыць Наталка Бабіна.
Леанід Дайнека — празаік і паэт, аўтар дзевяці раманаў. Ягоныя творы ўваходзяць у школьную праграму. Ён багаты бацька — мае трох сыноў, і багаты дзядуля — ганарыцца пяццю ўнукамі. А яшчэ ён — паспяховы бізнэсовец, уладальнік прадпрыемства «Белпі», якое размешчана ў вёсцы Жажэлка пад Жодзінам і выпускае алкагольныя напоі — у тым ліку «Крамбамбулю». Размова з такім рознабаковым чалавекам, натуральна, тычылася і сям’і, і творчасці, і вытворчасці. Да размовы далучылася і яшчэ адна цікавая асоба — персанальны цэнзар, рэдактар, кухар, кіроўца і муза спадара Дайнекі — ягоная жонка Зінаіда. Наталка Бабіна: Спадар Дайнека, адкуль Вы, хто Вашыя бацькі? Раскажыце пра жонку, сыноў, унукаў. Вы шчаслівы ў сям’і? ЛД: У маім прозвішчы балцкі корань: «дайна», песня. Нездарма ёсць некалькі вядомых спевакоў з такім прозвішчам. А ёсць яшчэ меркаванне, што дайнекамі ў XVII стагоддзі называлі людзей, якія баранілі ад нападнікаў — маскоўскіх войскаў, казакоў Хмяльніцкага — землі Вялікага Княства. Наша сям’я з Цэнтральнай Беларусі, з Клічаўшчыны. Імя бацькі — Марцін — для мяне яшчэ адно напамінанне пра еўрапейскасць. Як і імя маці — Тэкля. Продкі былі свабодныя людзі, не прыгонныя. Аднадворцы, магчыма, шляхта. Ёсць у нас Данэйкі — шляхецкі род, і,я думаю, наша прозвішча — тое ж, толькі наўмысна перакручанае нейкім царскім пісарам. Бо продкі мае былі свабодалюбівыя — мяркую па характары дзеда Сцяпана — і змагаліся за вольнасць нашых зямель. Беларуская мова для мяне натуральная з дзяцінства, я скончыў беларускую школу, адно толькі ваенная справа была па‑расійску. Мая мама ведала на памяць безліч вершаў. Як для любога сына, маці для мяне — святая. З такой самай любоўю і пашанай стаўлюся да адзінай і каханай жонкі Зінаіды, якая нарадзіла мне трох сыноў. Я сваёй сям’ёй шчаслівы. Я бачу, што мае сямейнікі мяне паважаюць і слухаюцца, і я таксама прыслухоўваюся да іх. Маскультура замяніла літаратуру НБ: Што з напісанага Вамі лічыце найбольш важным? ЛД: Нельга вылучыць са сваіх твораў больш ці менш удалыя — як нельга вылучыць больш ці менш удалага з сыноў. Ніколі не пісаў на замову. Я — індывідуаліст. Таму і стаў пісьменнікам, што гэта прафесія для індывідуаліста. Зараз пішу дзесяты па ліку раман. Ён, відаць, будзе называцца «Той, каго ўдарылі па шчацэ» і прысвечаны будзе беларускаму пакутніку, біскупу Язафату Кунцэвічу, якога забілі ў Віцебску ў 1623 годзе. Увогуле, ганаруся, што я беларускі пісьменнік. Беларуская літаратура мае сваю таямніцу. Яшчэ пры канцы XIX стагоддзя яна была забароненая, яе практычна не было. І раптам у 1920‑я яна, як паводка, дае цэлую плойму пісьменнікаў і паэтаў — яркіх, таленавітых. Феномен! НБ: Вашыя кніжкі выдаваліся накладамі ў сорак тысяч. Зараз наклад беларускай кніжкі — добра, калі адна‑дзве тысячы. Чаму змізарнелі наклады? ЛД: Прычына ў тым, што знікла беларускамоўная школа. А яшчэ ў тым, што ўсё зараз забівае тэлебачанне, эстрада, паўголыя спявачкі. Раней вылузваліся са скуры, каб паказаць адзенне, а зараз вылузваюцца з адзення, каб паказаць скуру. Спевакі, акцёры занялі месца пісьменнікаў. А хто такія акцёры? У Сярэднявеччы акцёраў не лічылі свабоднымі людзьмі, іх выганялі з гарадоў. А пісьменнік заўсёды быў настаўнікам і нават месіяй… І з часам літаратура яшчэ зойме годнае становішча. Яна будзе жыць. Нягледзячы на мікраскапічныя наклады, безграшоўе, кпіны. Яна — сапраўды дух народа. НБ: Хто з сучасных пісьменнікаў для вас найцікавейшы? ЛД: Вось раскалоўся наш саюз пісьменнікаў. Я застаўся ў старым — у якім былі Купала, Колас, Танк, Шамякін. Не бачу сэнсу бегчы на новы літаратурны карабель — куды я пабягу ад сябе? Зараз у нашай літаратуры мне найбольш цікавыя два Уладзіміры — Някляеў і Арлоў. Сур’ёзныя пісьменнікі. Княгіня нашай літаратуры — Вольга Іпатава. Як не згадаць і Леру Сом, Леаніда Дранько‑Майсюка, Васіля Зуёнка… Рабіць гарэлку — не грэх НБ: Калі і чаму Вы вырашылі заняцца гарэлачным бізнэсам? ЛД: На пачатку 1990‑х, калі памёр Савецкі Саюз, я вырашыў пайсці на вольны хлеб. Была тады магчымасць ствараць малыя прадпрыемствы, і 5 снежня 1990 года я зарэгістраваў сваё. Я хацеў ні ад каго не залежаць і сам сябе забяспечваць. Бо літаратура ж не корміць! Я быў пэўны, што ствараць трэба вытворчасць, а не бізнэс тыпу «купі‑прадай». НБ: А не грэх — рабіць гарэлку? ЛД: Мяне часам папракаюць: ты спойваеш народ, алкаголь — смерць народу. Дык я скажу: ніякая гэта не смерць! Алкаголь быў і будзе з людзьмі заўсёды. Спіртавыя клеткі даюць энергію, і нават жыццё ў протаакіяне пачыналася са спіртавых клетак. І на генным узроўні мы пра гэта памятаем. Алкаголь стаіць на стале і на вяселлі, і на хаўтурах. Жыць без алкаголю нецікава. Апошнія словы вялікага Чэхава былі: «Шампанскага!» Каго я спойваю? Нашы гарэлкі разлічаны на сярэдні клас, на чалавека, які мае грошы і хоча набываць якасны напой. НБ: Вы б ухвалілі сухі закон у Беларусі? ЛД: Адназначна, не. Гэта не спрацоўвала ніколі. Сухі закон — гэта мафіязацыя грамадства, росквіт крыміналу. Каб людзі не злоўжывалі алкаголем, трэба, каб яны больш зараблялі. Каб не куплялі барматуху розную, а набывалі якасныя напоі. Каб чалавек быў упэўнены, радасны, спакойны. Калі ён паўгалодны, калі ў яго процьма праблем, лягчэй за ўсё напіцца. Да таго ж, у нас зусім няма кавярняў, шынкоў, дзе б людзі маглі спакойна пасядзець за куфлем піва, за кавай ці й за чарачкай… Улады зразумелі, што бізнэс патрэбны НБ: Складана было пачынаць справу? ЛД: Прыходзілася і на канвееры стаяць начамі. Бо сутыкнуліся з тым, што вяскоўцы, якіх мы спачатку набіралі на працу, фізічна не могуць восем гадзін працаваць. Яны адвыклі ад працы. І цяпер мы прывозім працаўнікоў з Жодзіна. І заўважна, што моладзь працуе значна лепш. Мне адна казала: не хачу рабіць на пана! Я ёй адказаў: які я табе пан? Ты п’яная з раніцы, а я на канвееры стаю. Такое панства. Зінаіда Дайнека: Калі пачыналі прадпрыемства, мне было 54 гады. І кожны дзень мы ездзілі з Мінска ў Жажэлку, я была за рулём. Прыязджаем з раніцы — цёмна і ціха, уся вёска спіць. Вечарам з’язджаем — усе зноў спяць, а нам яшчэ гадзіну да Мінска ехаць… Таму крыўдна слухаць размовы пра тое, што бізнэсоўцы не працуюць, а толькі дывідэнды атрымліваюць. НБ: Ці цяжка канкураваць у гэтай сферы? ЛД: Ракфелер казаў: «Бізнэс — нешта сярэдняе паміж спортам і вайной». Ты рызыкуеш маёмасцю, адказваеш і за поспехі, і за няўдачы. Побач працуюць канкурэнты — у нашым выпадку гэта вялізны «Крышталь» са стогадовай гісторыяй, абласныя заводы. Напачатку нам казалі: ды вы не вытрываеце два месяцы! А мы вырашылі, што зоймем нішу, якую не дадумаўся заняць ніхто: будзем выпускаць беларускі нацыянальны брэнд — «Крамбамбулю». Цяпер на нашым прадпрыемстве працуе 60 чалавек. Пастаўляем прадукцыю прыкладна ў тысячу крамаў. Плацім падаткі, і немалыя. Плацім заробкі, прычым па ведамасці. Увогуле, не прымаем махінацый. Аднойчы да мяне прыйшоў адзін маладзён, кажа: «Дайце мне на тыдзень завод, і я абагачуся!» А я сказаў: «Хлопча, ты ўжо на наступны дзень будзеш сядзець на нарах!» Бізнэс немагчыма весці наскокам. Толькі карпатлівым будаўніцтвам. Сёння я ўжо на пенсіі, а на заводзе працуюць мае сыны Сяргей, Зміцер, Сцяпан. НБ: Як Вы ацэніце, ці спрыяльны ў Беларусі клімат для прыватнага бізнэсу? ЛД: Апошнім часам бізнэсам стала займацца лягчэй. Менш праверак, гуманней дзейнічае падатковая інспекцыя. Улады зразумелі, што бізнэс — гэта патрэбна. Раней на заводзе праверкі не пераводзіліся. Не заўсёды паводзілі сябе карэктна. Бывалі выпадкі, калі да мяне, дырэктара, у кабінет урываліся нейкія людзі і першае, што гаварылі: «Маўчаць! Сядзець!» Цяпер такога няма. Спірытус — значыць «дух» НБ: Вы падтрымліваеце шматлікія культурныя мерапрыемствы? Чаму? ЛД: Спірытус — гэта на лаціне «дух». Але мы ж павінны падтрымліваць і дух культуры! Мы дапамагалі музыкам, спевакам — Піту Паўлаву, Славу Кораню, Лявону Вольскаму, гурту «Стары Ольса», N.R.M… Дапамаглі літаратарам: выдалі кнігу «Голас» добрага паэта Васіля Гадулькі, які, на жаль, рана памёр, выдалі калектыўны зборнік маладых паэтаў «Літаратурны праспект»… На жаль, зараз, ва ўмовах крызісу, не заўсёды можам выдаткаваць грошы на такую дзейнасць. Але будзем спадзявацца, хутка надыдуць лепшыя часы. НБ: А яны надыдуць? ЛД: Калі нарадзіўся на свет чалавек — трэба і жыць. Не баяцца жыцця. Як сказаў Папа Ян Павал II: «Не бойцеся!» Леанід Дайнека нар. у 1940. Пісьменнік. Аўтар дзевяці раманаў, у тым ліку культавых «Меч князя Вячкі» і «След Ваўкалака». Ягоныя творы ўваходзяць у школьную праграму. Уладальнік прадпрыемства «Белпі», якое размешчана ў вёсцы Жажэлка пад Жодзінам і выпускае алкагольныя напоі — у тым ліку «Крамбамбулю». Бацька трох сыноў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пісьменнік і ўласнік гарэлачнага завода. Як гэта спалучаецца ў адным чалавеку? З Леанідам Дайнекам гутарыць Наталка Бабіна.
|
|