У калекцыі старэйшага на Шчучыншчыне фатографа - 30 фотакамер розных часоў. 21.by

У калекцыі старэйшага на Шчучыншчыне фатографа - 30 фотакамер розных часоў

22.03.2010 12:53 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У калекцыі старэйшага на Шчучыншчыне фатографа - 30 фотакамер розных часоў, многімі з якіх ён “занатоўваў” гісторыю раёна.
Калі я завітаў у госці да Сцяпана Парчэўскага, мяне ўразіла вялікая колькасць фотакамер і ўсемагчымых аксесуараў для таго, каб рабіць рознафарматнае чорна-белае фота.
 
- У маёй калекцыі, - расказвае Сцяпан Іосіфавіч, - трыццаць фотакамер, у тым ліку і драўляная, а яшчэ - “Зеніты”, “Фэды”, “Кіевы” і нават плёначны аўтаматычны японскі “Кэнан”. Самы стары сярод фотаапаратаў - касетны “Фотакор” фармата дзевяць на дванаццаць. Не сакрэт, што Парчэўскі быў адным з першых фатографаў на пасляваеннай Шчучыншчыне. Яго партрэтныя і сямейныя здымкі, напэўна, знойдуцца ў кожным доме карэнных жыхароў. Прычым не толькі гараджан, але і вяскоўцаў.
 
- Чым прывабіла вас фатаграфія? - пытаюся я.

 
- Некалі пры Доме афіцэраў, які доўгія гады размяшчаўся ў палацы Друцкіх-Любецкіх, існаваў гурток кінамеханікаў і фотааматараў, які я з задавальненнем наведваў, - з маладымі агеньчыкамі ў вачах распавядае Сцяпан Іосіфавіч. - А ў 1951 годзе пачаў самастойна працаваць фатографам у Астрыне. Потым па волі лёсу пераехаў зноў у Шчучын, працаваў у дзяржаўнай арцелі (сённяшні камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва), адсюль і на пенсію пайшоў. Фатаграфія стала маім лёсам і маім сродкам для самавыяўлення…
 
Сцяпан Іосіфавіч вельмі ўдала знайшоў сваю палавінку, бо Леакадзія Уладзіміраўна стала для яго спадарожніцай не толькі ў жыцці, але і ў рабоце. Яны займаліся фатаграфіяй разам. Сцяпан Іосіфавіч рабіў здымкі, а Леакадзія Уладзіміраўна іх рэтушыравала – уручную, алоўкам, што зараз нават уявіць цяжка, асабліва калі выконваць гэту аперацыю на камп’ютэры ў праграме “Фоташоп”.
 
- Якая фатаграфія ў мінулыя часы была асабліва запатрабаванай?
 
- Вельмі папулярна было здымаць вяселлі і чамусьці … нябожчыкаў. Многа фатаграфавалі ў школах выпускнікоў, ды і проста аднакласнікаў напрыканцы кожнага навучальнага года. Каб атрымаць партбілеты, пашпарты, камсамольскія дакументы, народу таксама былі патрэбны фотаздымкі. А ў выхадныя прыходзілі разам з дзецьмі і сваякамі дружныя сем’і – зрабіць фота на доўгую памяць, так бы мовіць, для сямейнага архіва. І ўсім фотакартачкі патрабаваліся чамусьці вельмі-вельмі тэрмінова, а распачаць іх выраб мы маглі толькі тады, калі плёнка будзе выкарыстана да апошняга кадра. Толькі пасля гэтага браліся за праяўку, сушку, друк пры спецыяльным чырвоным ліхтары... О, гэта было асаблівае таінства.
 
- Сцяпан Іосіфавіч, а ці ёсць у вас любімыя здымкі?
 
– Ёсць. Усе яны звязаны з маёй сям’ёй…Я маю дзвюх дачок: старэйшая Людміла па адукацыі аграном, Ганна - урач-педыятр, ужо загадчыца дзіцячай кансультацыі ў Шчучыне. Асаблівы гонар - чатыры ўнукі. Вельмі люблю разглядаць іх фота.
 
Дарэчы, калі выйшаў на пенсію, Сцяпан Іосіфавіч у складаныя 90-я адзін з першых у нашым райцэнтры адкрыў сваю прыватную фотастудыю “Усмешка” на вуліцы Маладзёжнай, дзе ў асноўным рабіў здымкі на дакументы. Заўжды з ім побач была і ёсць яго верная калега і каханая жанчына - жонка Леакадзія Уладзіміраўна.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У калекцыі старэйшага на Шчучыншчыне фатографа - 30 фотакамер розных часоў, многімі з якіх ён “занатоўваў” гісторыю раёна. Калі я завітаў у госці да Сцяпана Парчэўскага, мяне ўразіла вялікая колькасць фотакамер і ўсемагчымых аксесуараў для таго, каб рабіць рознафарматнае чорна-белае фота.      - У маёй калекцыі, - расказвае Сцяпан Іосіфавіч, - трыццаць фотакамер, у тым ліку і драўляная, а яшчэ - “Зеніты”, “Фэды”, “Кіевы” і нават плёначны аўтаматычны японскі “Кэнан”.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика