«Я свой Парнас уласны ўзводзiў сам»
26.06.2010
—
Новости Культуры
|
Пiсьменнiк з Любанi Iван Муравейка прызнае толькi духоўныя каштоўнасцi, галоўнай з якiх для яго на ўсё жыццё стала лiтаратурная творчасць Ён шчыра верыць, што ўсе дзецi не толькi любяць, але i самi пiшуць вершы. Чалавек, якi ад пачатку да канца прайшоў Вялiкую Айчынную вайну, бачыў смерць, бяду, але як непапраўны аптымiст, нават у свае 89 гадоў шмат пiша для дзяцей. Ён перакананы: нiякiя сучасныя тэхналогii не заменяць малому добрую кнiжку, яскравае выхаваўчае лiтаратурнае слова. Дзецi ў сваю чаргу таксама пiшуць яму: «Дзякуй за творчасць. Нядаўна наш клас удзельнiчаў у конкурсе на лепшае чытанне вашых вершаў. Перамога дасталася Паўлу Астапенку, якi расказаў верш «Чаканне». Нам таксама захацелася злавiць залатую рыбку, папрасiць яе аб выкананнi нашых жаданняў. З павагай вучнi чацвёртага класа...» Для многiх дастаткова сказаць, што гаворка iдзе пра Iвана Муравейку (на здымку), як яны адразу ж узгадаюць знаёмыя з дзяцiнства рыфмы. Але для астатнiх усё ж нагадаю: пiсьменнiк з Любанi, журналiст Iван Андрэевiч Муравейка. Шмат у яго розных узнагарод — два ордэны Айчыннай вайны i ступенi, ордэны Айчыннай вайны ii ступенi, Чырвонай Зоркi, медалi, сярод якiх асобна вылучаецца медаль Францыска Скарыны, званнi заслужанага работнiка культуры БССР, выдатнiка друку СССР, ганаровага члена Саюза пiсьменнiкаў Беларусi i ганаровага грамадзянiна Любанi, лаўрэата рэспублiканскай лiтаратурнай прэмii i прэмii iмя Васiля Вiткi... Сам Iван Андрэевiч так напiсаў у адным з вершаў: «...на фронце быў акопнiкам-салдатам,/ Сябе за спiны iншых не хаваў./ Настала ж цiшыня — я толькi ў свята/ Шкатулку з ардэнамi даставаў». Iван Андрэевiч заўсёды з задавальненнем гаворыць пра тое, што стала для яго сапраўдным сэнсам жыцця, — пра лiтаратурную творчасць. — Галоўнае для пiсьменнiка — прыдумаць удалы сюжэт, напiсаць — гэта нашмат прасцей. Зараз жа якую дзiцячую кнiгу ў рукi нi возьмеш — усе пра дожджык... У асноўным я пiшу для дзяцей. Лiчу, што рабiць гэта трэба так, як i для дарослых, але яшчэ лепш. Дзецi любяць вясёлыя i сюжэтныя вершы, апавяданнi, яны тонка адчуваюць фальш i нiколi яго не прымуць, — кажа Iван Андрэевiч. З гэтага разумення — пiсаць праўдзiва, адказна i шчыра, сугучна i складна — вырас журналiст i пiсьменнiк Муравейка. Хаця любы творчы працэс — рэч складаная, бясконцая ў сваёй дасканаласцi, тым больш што i лiтаратурнае жыццё Iвана Андрэевiча не спыняецца. Вось i адносiны са словам, быццам з сябрам, увесь час змяняюцца, растуць i сталеюць. Гэтае шчырае сяброўства дало нам каля 30 кнiг Iвана Муравейкi, большасць з якiх — для дзяцей: «Ручаiнкi», «Вось якiя мы», «Пра работу i ляноту», «Сняжынкi-смяшынкi», «Сем унукаў — сем дзядоў», «Вадзiцы з крынiцы», «Куды нi пойдзеш — цуды знойдзеш». У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» да 90-годдзя пiсьменнiка рыхтуецца кнiга «Растуць дзецi». Але шмат яшчэ кнiг-успамiнаў пра вайну: адна з першых — «Прынёс з вайны», адна з апошнiх — «Я — Iван з Беларусi», мноства асобных франтавых апавяданняў i нарысаў. Гэта тэма асаблiва блiзкая камандзiру мiнамётнага ўзвода, камсоргу палка, разам з тым — лiтсупрацоўнiку дывiзiйнай газеты, а потым i карэспандэнту армейскай газеты капiтану Iвану Муравейку. Сёння гэта яго маральны абавязак, патрэба душы i сэрца — перадаваць жывыя ўспамiны аб вайне. I нягледзячы на горыч франтавых падзей, Iван Андрэевiч можа дзякуючы свайму аптымiзму нярэдка расказваць пра гэта нават з гумарам. Напрыклад, як у сваёй першай ваеннай кнiзе «Прынёс з вайны», дзе аўтар малюе выпадак з уласнага франтавога мiнулага: «Братка, дай мне на хвiлiнку сваю вiнтоўку, — прасiў у свайго памочнiка ўзводны Муравейка. — Схаджу ў контратаку i адразу вярну. — Не, не магу, — адказаў старшы сяржант, — мне самому патрэбна. I малодшы лейтэнант пайшоў у контратаку з наганам у руцэ. А побач з iм з карабiнам без штыка крочыў такi ж малады i гарачы памкамузвода. Ён нiбыта гаварыў: «Не хвалюйцеся, камандзiр, я вас абараню ад варожага штыка». Бой працягваўся да самага вечара, мы адбiлi яшчэ некалькi варожых атак. Калi сцямнела, прыйшло падмацаванне — рота аўтаматчыкаў...» Дзед Пятро, якi часам апавядае ў дзiцячых творах Муравейкi, — прататып героя яго ваенных аповедаў ротнага гумарыста Пятра Перапечкi. Такая сувязь памiж героямi не выпадковая, робiць гэта лiтаратар не ад беднасцi фантазii ў пошуку персанажаў. Галоўная мэта любога дзiцячага апавядання — не толькi развесялiць малога, прывiць густ да добрай лiтаратуры, але i выхаваць яго на станоўчым прыкладзе. А калi прыдатныя для гэтага героi яшчэ i рэальныя людзi, тады i выхаваўчы эфект асаблiвы. Напрыклад, як у добра вядомай дзецям сцэне знаёмства з дзедавымi ваеннымi ордэнамi i медалямi — кожнае ж дзiця хутчэй прымервае iх на сябе. Але герой апавядання Муравейкi «Дзедаў медаль» Алесь разумее, што яшчэ не варты знака «За адвагу». Таму, перш чым прычапiць блiскучы медаль, ён спачатку вучыцца не баяцца ночы i сабак, хадзiць аднаму ў лес, садзiцца на каня... Вайна навучыла Iвана Муравейку любiць жыццё, i ён у сваiх творах раздае аптымiзм чытачам. Кожны дзень ходзiць на рыбалку, любiць кветкi i сваю старую лiпу, самую высокую ў Любанi, не забывае нi пра адзiн з 21 дня нараджэння траiх дзяцей, шасцярых унукаў i 11 праўнукаў i «ў сувязi з iнфляцыяй» стараецца штогод дабаўляць к падарункам, шмат пiша. — Чалавек, калi хоча жыць, павiнен нечым сур’ёзна займацца — цi то пiсаць, цi працаваць у агародзе. Калi нiчога не рабiць, дык занудзiшся i памрэш. Але нельга, што б нi здарылася, думаць пра смерць, — сцвярджае Iван Андрэевiч. За апошнiя чатыры гады Муравейка выдаў чатыры кнiгi, дзве з iх — «Была вайна» i «Лебядзiны край» — за сродкi Любанскага райвыканкама. Цэняць на радзiме свайго таленавiтага, але вельмi сцiплага земляка. У Тальскай сярэдняй школе створаны лiтаратурны музей Iвана Муравейкi, у Любанскiм музеi народай славы i Цэнтральнай раённай бiблiятэцы рэгулярна арганiзоўваюцца выставы творчасцi i жыцця Iвана Андрэевiча. А яно ж сапраўды было няпростым i прытым у многiм узорным. Размова не толькi пра ваеннае лiхалецце, якое апроч усяго «падаравала» Муравейку тры раненнi. Iван Андрэевiч 40 гадоў аддаў раённай газеце «Голас Любаншчыны», большасць з якiх быў на пасадзе адказнага сакратара. Iван Андрэевiч акуратна развязвае папку з рукапiсамi для новай кнiгi. Называцца яна будзе «Любасць». Чаму так? Па-першае, гэта мiлагучнае слова — складальнiк назвы роднай Любаншчыны, а яна i Муравейка — гэта ўжо даўно адзiнае цэлае. I гэта па-другое. Ён часта апявае свой цудоўны палескi край у вершах i прозе, робiць гэта адмыслова, натхнёна i шчыра. Так што чытачу таксама хочацца далучыцца да голасу аўтара: «Скажаце «Любань» — /I ў сэрцы адразу ж/ Заззяе суквецце/ Найлепшых слоў:/ Любы, любiць,/ Любавацца, любасць,/ Любiмы, любоўны,/ Любiцца, любоў.../ Так, нашы продкi/ Былi жыццялюбамi,/ Раз родны кут/ Ахрысцiлi Любанем». Вось i новая кнiга з прыгожай назвай будзе пра гэта ж: родныя лугi, палi i лясы, таленавiтых любанцаў, мiнулае i будучае. Але чакае свайго часу, улiчваючы, што выдаць кнiгу зараз — справа няпростая, яшчэ адна Муравейкава папка з назвай «Чые рукi прыгажэйшыя?». Дачка Святлана ўспамiнае, як у дзяцiнстве яна разам з малодшымi братамi-блiзнятамi былi першымi рэцэнзентамi бацькавых твораў. Зараз i крытыкi, i цэнзары перш-наперш праўнукi. Але ж яны не толькi крытыкуюць, але i самi ўдзельнiчаюць у творчым працэсе. Дастаткова было праўнуку Антошу сказаць бабулi Святлане камплiмент пра яе цудоўны белы... пах, як тут жа ў Iвана Андрэевiча нарадзiлiся рыфмаваныя радкi пра колер i пах. — Кажуць, Штраус не памятаў, як пiсаў многiя свае музыкальныя творы, бо рабiў гэта ноччу, а ранiцай не мог зразумець: хто гэта стварыў яму на нотным лiсце такi цудоўны вальс?.. Я таксама кладу блакнот пад падушку. Бывае, праснешся, напiшаш куплет, паўторыш хоць дзесяць разоў, але ранiцай ужо нiчога не памятаеш. Усё бывае ў творчасцi. Свой верш «Рыфмавалка» я пiсаў дваццаць гадоў — то цiкавага сюжэту не было, то дакладнай рыфмы, а за мiнулы год напiсаў не менш за трыццаць вершаў, — распавядае Iван Андрэевiч. Ён увесь у творчасцi, нягледзячы на ўзрост: пiша, шмат чытае, сустракаецца са школьнiкамi, цiкавiцца ўсiм, што адбываецца ў роднай краiне i свеце. Простыя жыццёвыя рэчы Iван Муравейка цэнiць больш за ўсё. Але хай ён сам пра гэта скажа: Я не прыдбаў нiякага багацця, Хаця гадоў багата за спiной. Жыву ў звычайнай у сялянскай хаце, Сасновым борам Пахне ад якой. Я не iмкнуўся на парнас высокi, Я свой парнас уласны ўзводзiў сам: Хадзiў пяшком на штатную работу, А па дарозе вершыкi пiсаў. Хадзiў у лес — з грыбамi на спатканне, Знаходзiў казкi мiж зялёных дзiў. Сядзеў над рэчкай з вудай на свiтаннi — Не карасi, а рыфмачкi лавiў... --------------------------------------- Фота: Вiктар ПАДУТА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пiсьменнiк з Любанi Iван Муравейка прызнае толькi духоўныя каштоўнасцi
|
|