Што адбывалася на галоўнай вуліцы Мінска ў 1919-1940 гадах. 21.by

Што адбывалася на галоўнай вуліцы Мінска ў 1919-1940 гадах

07.07.2010 14:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Леанід Маракоў напісаў новую кнігу - "Галоўная вуліца Мінска. 1910-1940". Гэта даследаванне аб вуліцы Савецкая (цяпер пр-т Незалежнасці) у беларускай сталіцы, аб яе жыхарах і тых страшных падзеях, што напаткалі мінчукоў з прыходам бальшавікоў.

"НН": З чаго ўзнікла такая кніга?

Леанід Маракоў: Працуючы над біяграфіямі рэпрэсаваных у гады сталінскай дыктатуры жыхароў Беларусі, мне неаднаразова трапляўся на вочы мінскі гадонім - вуліца Савецкая. Я пастаянна сутыкаўся з масавымі прыкладамі рэпрэсій у дачыненні да жыхароў гэтай вуліцы. І аднойчы вырашыў, што проста абавязаны распавесці аб пераследах таталітарным рэжымам жыхароў галоўнай вуліцы Беларусі. Высветліць, чаму менавіта на ёй у 1920-1930-х гадах жыць было нашмат небяспечней, чым на амаль паўтысячы іншых вуліц, завулкаў, пляцаў і гэтак званых нумарных лініях. Колькі і хто з жыхароў галоўнай вуліцы змог выжыць у канцлагеры і вярнуцца дахаты, калі такія былі?

"НН": І ў чым была небяспека менавіта гэтай вуліцы?

ЛМ: Небяспечна стала жыць на галоўнай вуліцы. Пасля сыходу немцаў у 1918 з’явіліся "свае", якія аказаліся горшымі за чужых, горшымі за захопнікаў. Са студзеня па ліпень 1919 яны ўвесь Мінск ператрэслі. Арышты, расстрэлы, рабаванні. У Маскве прыдумалі як "узаконіць" рабаванні. Рада народных камісараў РСФСР 30 кастрычніка 1918 выдала дэкрэт аб "надзвычайным рэвалюцыйным падатку ў 10 мільярдаў рублёў". З Мінскай губерні пастанавілі "вырваць" 60 мільёнаў (палову - з Мінска). Але як толькі 10 снежня 1918 бальшавікі ўвайшлі ў Мінск, сума "падатку" з горада без усякага тлумачэння і абгрунтавання была павялічана да 200 мільёнаў. Яе падзялілі на "абраных" жыхароў Мінска. Тых, хто не мог выплаціць вызначаную суму, бралі ў закладнікі. Маўляў, хай сваякі думаюць, як дапамагчы блізкім выйсці на волю. Так, за вызваленне Ядвігі Кастравіцкай (жыла на вул. Савецкая, 24), патрабавалі 1 000 000 руб. Былі схоплены тысячы іншых. Сумы вагаліся ад 5-10 тысяч (для шаўцоў, краўцоў, кавалёў, шорнікаў) да 5-10 мільёнаў для заможных людзей.

Раней лічылася, што галоўную вуліцу Мінска "зачышчалі" шэсць разоў (1930, 1933, 1936-38, 1939-41, 1944-45, 1947-49). Але адкрыліся шматлікія факты рэпрэсій 1919 года, а таксама новыя аб пазнейшых злачынствах. Выявілася, што ў 1930-х гадах на Савецкай вуліцы не было ніводнага дома, у якім бы не пабывалі няпрошаныя начныя "госці" ў сініх галіфэ з чырвонымі пятліцамі і "Наганам".

"НН": А чаму пасля 1920-га, калі палякі пакінулі Мінск, на галоўнай вуліцы горада "зачысткі" да 1930 года не праводзіліся? Відавочна, што пасмакаваўшы крыві, звер прагне яе і пасля.

ЛМ: Ведаеце, звер так напіўся крыві за грамадзянскую вайну, што калі б ён працягваў яе піць і далей, дык здарылася б адно з двух: або ён захлынуўся, або не засталося б тых, чыю кроў піць. У 1920-х гадах арышты, канешне ж, не спыніліся, але яны не былі масавымі. У 1920-х пачалося іншае — канфіскацыя маёмасці: забіралі нават заручальныя пярсцёнкі (у маёй бабулі, да прыкладу, яго проста сарвалі з пальца), адзенне, ежу. Я не кажу ўжо пра дарэвалюцыйная кнігі, часопісы, газеты.

"НН": У 1919 годзе палякі стварылі камісію па расследаванні злачынстваў бальшавікоў. Вам вядомыя вынікі?

ЛМ: У часопісе "Bielaruskaje Zyccio" (№11, 1919) паведамлялася, што камісія была створана па ініцыятыве амерыканскай місіі ў Варшаве. У яе склад уваходзілі палкоўнік амерыканскага войска (жанчына), дактары Рогоўскі, Абязерскі і член польскага суда Мурзіч. На момант публікацыі было раскапана 60 магіл, у кожнай з якіх было мінімум па 5-6 трупаў. У большасці ахвяр рукі былі звязаныя дротам. Камісія прыйшла да заключэння, што частку людзей закопвалі жывымі. Ахвярамі стала ў асноўным цывільнае насельніцтва. Такія магільнікі знайшлі на Койданаўскім тракту, на Камароўцы, у лесе Ваньковіча і каля Лошыцы. "Сярэднявечная інквізіцыя здаецца дзіцячай забавай", - падсумоўвалася ўбачанае ў часопісным артыкуле.

"НН": Вуліца Савецкая - гэта сотні дамоў. І вы адшукалі звесткі аб жыхарах кожнага з іх?

ЛМ: І аб жыхарах, і аб установах. Але напачатку, падчас збору інфармацыі, я тройчы кідаў працу над кнігай. Ахоплівала роспач. Выявіць, хто жыў і працаваў у амаль 200 дамах (насамрэч гэта 500-600, бо да кожнага дома далучаўся ўчастак зямлі, на якім стаяла яшчэ некалькі будынкаў) на працягу 30 гадоў, вылічыць іх нумарацыю, якая не раз змянялася ў дакастрычніцкі і пасля бальшавіцкага перавароту міжваенны перыяд, здавалася задачай зусім невыканальнай. Але вада камень точыць. Дзень за днём спраўджвалася інфармацыя. І паступова карціна стала высвятляцца. Таксама я зразумеў, што для больш поўнага і шырокага паказу гісторыі вуліцы ў яе неабходна ўключыць і звесткі аб першых яе дарэвалюцыйных уладальніках - дзяржаўных дзеячах, дваранах, гандлярах, прадпрымальніках, службоўцах, працоўных, сялянах - усіх тых, хто яе засяляў, будаваў і ствараў.

Гэта праца - своеасаблівы даведнік, у якім, здавалася б, прыводзяцца толькі сухія факты, дакументы, фатаграфіі, планы. Але іх шматграннасць стварае нескажоную гісторыю вуліцы Савецкай - сённяшняга праспекта Незалежнасці, сталіцы адной з еўрапейскіх дзяржаў.

ЛМ: Паштоўка (1934 г.) з калекцыі лекара Васіля Іванавіча Каляды (1914-1995) падпісана: "Мінск. 1-ы Дом Саветаў". І цалкам лагічна, што за "1-ы Дом Саветаў" увесь час прымалі будынак на пярэднім плане (цяпер - Савецкая, д. 19). Аднак даследаванні паказалі, што "1-ы Дом Саветаў" - будынак, узведзены ў 1911 годзе банкірам і аматарам спорту Эмануілам Абрампальскім, змешчаны за домам на пярэднім плане і найбліжэйшы да касцёла святых Сымона і Алены (над абодвума дамамі відаць адна з яго вежаў). Далей, за дрэвамі, правы бок Дома Ураду. Злева ад яго - 2-павярховы дом мешчаніна Сямёна Аляксеевіча Сушы. У 1910-х гадах у хаце жылі вядомая мецэнатка княгіня Магдаліна Радзівіл, член Мінскага земскага ўпраўлення Ваяводскі, землеўласнікі Рамуальд Хялхоўскі, Ваньковіч, генерал арміі Іванаў, дырэктар сіндыката Мечыслаў Пароўскі, інжынер Гібнер і іншыя.

У 1930-х гадах у доме жылі і былі арыштаваны наркам земляробства Дзмітрый Прышчэпаў, яго намеснік Аскар Сапрыцкі, сакратар ЦВК БССР Максім Ляўкоў, загадчык сакратарыята ЦК КП(б)Б Рыгор Каўцэвіч, шэраг іншых вышэйшых партыйных і гаспадарчых кіраўнікоў, культурных і грамадскіх дзеячаў БССР.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Леанід Маракоў напісаў новую кнігу - "Галоўная вуліца Мінска. 1910-1940". Гэта даследаванне аб вуліцы Савецкая (цяпер пр-т Незалежнасці) у беларускай сталіцы, аб яе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика