Сяброўства ўмацоўваецца справамі
19.11.2010
—
Новости Культуры
|
Тэма нядаўняга літаратурнага вечара ў мінскім “Кніжным салоне” была адметнай: гаварылі пра беларуска-літоўскае добрасуседства
Летась шырока адзначалася тысячагоддзе першага згадвання назвы Літва ў пісьмовай крыніцы — адной з нямецкіх хронік. У сувязі з юбілеем у абедзвюх суседніх краінах прайшлі вечары, былі выдадзены адмысловыя кнігі. Беларускую анталогію, укладзеную паэтам Сяргеем Панізнікам, так і назвалі: “Тысяча гадоў добраму суседству”. У саліднае выданне ўвайшлі гістарычныя дакументы, творы беларускіх пісьменнікаў пра нашу бліжэйшую суседку, вершы літоўскіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову. Анталогія “Тысяча гадоў добраму суседству”, як і іншыя юбілейныя выданні, была прадстаўлена на вечары “Беларуска-літоўскае добрасуседскае сужыццё”, праведзеным у мінскім “Кніжным салоне”: ён спецыялізуецца на продажы літаратуры, выдадзенай у іншых краінах ці прысвечанай грамадска-культурным сувязям Беларусі з замежжам. На вечары выступіў сакратар Пасольства Літвы ў Беларусі Ёнас Даняляўскас. Вяла ж імпрэзу Вірджынія Тарнаўскайтэ, вядомая дзяячка літоўскай дыяспары ў Беларусі. Выступілі паэт Алесь Разанаў, які даўно перакладае літоўскую паэзію, а нядаўна нават пачаў пісаць вершы на літоўскай мове, і дырэктар выдавецтва “Кнігазбор”, дзе пабачыла свет названая анталогія, Кастусь Цвірка, і доктар філалагічных навук Арсень Ліс, які толькі што выдаў тоўсты зборнік сваіх твораў, сярод якіх ёсць і даследаванні, прысвечаныя Язэпу Драздовічу і Пётры Сергіевічу — мастакам, чый лёс звязаны з Вільняй-Вільнюсам. Ды і іншым, у тым ліку і мне, было што сказаць пра кантакты з сябрамі-суседзямі. Засяроджвалі ўвагу: Год тысячагоддзя Літвы сёлета непрыкметна перарос у неабвешчаны Год Літвы ў Беларусі. Пра гэта сведчаць і нядаўні паспяховы візіт у Мінск прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, і летні тур на веласіпедах па гарадах і сёлах Беларусі літоўскай урадавай эліты на чале з прэм’ер-міністрам, і плённыя перамовы паміж міністрамі культуры абедзвюх краін наконт абмену музейнымі экспанатамі, аднаўлення ў Вільнюсе Музея імя Івана Луцкевіча, і дамоўленасць аб спрошчаных паездках за мяжу жыхароў 50-кіламетровай прыгранічнай зоны. Адзначалася, што ў кантактах з Беларуссю Літва яўна лідзіруе сярод краін Еўрасаюза. Доказам актывізацыі грамадска-культурных дачыненняў з’яўляецца і выданне Аляксандра Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І. Вільня”. У кнізе змешчаны матэрыялы пра Віленскую беларускую гімназію, Беларускі пасольскі клуб, перыядычны друк, інтэрв’ю з віленскімі беларусамі. Дарэчы, малады даследчык мяркуе прысвяціць нашай дыяспары ў Літве яшчэ чатыры кнігі. На вечары спяваліся літоўскія і беларускія песні, дэкламаваліся вершы, ішоў фільм пра жыццё карэнных літоўцаў у Астравецкім раёне. Выклікала інтарэс і выстава пра беларуска-літоўскае культурнае ўзаемадзеянне, падрыхтаваная Сяргеем Панізнікам. Адам Мальдзіс Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма нядаўняга літаратурнага вечара ў мінскім “Кніжным салоне” была адметнай: гаварылі пра беларуска-літоўскае добрасуседства
|
|