Жыццёвая сіла “Нёмана”. 21.by

Жыццёвая сіла “Нёмана”

26.11.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У суполцы беларусаў Данецкай вобласці шануюць родную мову
Пад час фэстаў і святаў беларусы Данеччыны сустракаюць гасцей хлебам-соллюЗ нагоды 10-гадовага юбілею Данецкай абласной грамадскай арганізацыі “Культурна-асветніцкае таварыства беларусаў “Нёман” прайшлі ўрачыстае пасяджэнне, а таксама канферэнцыя “Беларусы Данеччыны ў этнічнай разнастайнасці”. Месцам сяброўскіх сустрэч стаў будынак Данецкай гандлёва-прамысловай палаты. “Данбас — шматнацыянальны край, і годнае месца ў духоўным, нацыянальным, навуковым і культурным яго развіцці належыць сярод розных нацыянальнасцяў і старажытнаму беларускаму народу, — гаварыла на ўрачыстасці старшыня суполкі Сафія Пасынкава. — Адраджаючы сваю нацыянальную самасвядомасць, данецкія беларусы ў адзінай сям’і з прадстаўнікамі іншых народаў Данбаса актыўна ўдзельнічаюць у развіцці рэгіёна”.
Да прысутных звярнуліся Данецкі гарадскі галава Аляксандр Лук’янчанка, часовы павераны ў справах Беларусі ва Украіне Анатоль Канапляннікаў, прадстаўніца абласной адміністрацыі Святлана Кузняцова, прэзідэнт Данецкай гандлёва-прамысловай палаты, ганаровы прэзідэнт Данецкага аб’яднання беларусаў Генадзь Чыжыкаў, старшыня абласнога савета ветэранаў Аляксандр Сергіенка. Яны віншавалі беларусаў з юбілеем, уручылі ўзнагароды актывістам у справах нацыянальнага адраджэння, ветэранам вайны. Да пачатку ўрачыстасцяў у храме святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі прайшла святочная літургія. Атмасферу свята стваралі ў зале артысты вакальнага ансамбля “Палессе”, бард Віктар Варапаеў, працавала выстава кніг беларускіх выдавецтваў, фотавыстава данецкага беларуса Дзмітрыя Пячкоўскага. На юбілейным канцэрце ў Данецку, прысвечаным 10-м угодкам суполкі “Нёман”, не абышлося без вясёлых народных танцаў
Для чаго нашы землякі стварылі суполку? “Самае галоўнае — каб зберагаць, перадаваць у спадчыну нашчадкам народныя традыцыі, беларускую культуру і мову, — гаворыць Сафія Пасынкава. — Мы хочам, каб дзеці нашыя ведалі гісторыю, жылі ў сяброўстве і паразуменні з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў рэгіёна. Садзейнічаем развіццю эканамічных, навуковых і культурных сувязяў паміж Данеччынай і нашай Бацькаўшчынай”. Цяпер у суполцы каля дзвюх тысяч чалавек, па гарадах вобласці — 11 падраздзяленняў, таварыствы ў Данецку, Шахцёрску, Макееўцы, Беліцкім маюць памяшканні. Сафія Віктараўна асабліва задаволена дзейнасцю землякоў на чале з Аленай Барылай у Макееўцы. Там рэгулярна праводзяцца заняткі, на якіх можна больш даведацца пра Беларусь, традыцыі і культуру беларусаў, вядомых людзей, сучаснае жыццё краіны і шмат чаго іншага. У горадзе Беліцкае, дзе суполкай кіруе Зінаіда Хацкевіч, шмат увагі надаецца ветэранам Вялікай Айчыннай, а хор “Ветэран” карыстаецца там павагай і папулярнасцю. Намаганнямі Галіны Астапчык, старшыні беларускага цэнтра ў Шахцёрску, арганізаваны беларускі куток у гарадскім музеі, адкрыта бібліятэка беларускіх кніг. Там цікава праводзяцца сямейныя святы, дні беларускай культуры. Увогуле на Данеччыне праводзіцца шмат мерапрыемстваў, якія даюць магчымасць тамтэйшым беларусам годна адчуваць сябе на зямлі Украіны.
У абласной газеце “Данеччына” рэгулярна выходзіць старонка на беларускай мове “Нёман”: там ёсць навіны з Беларусі, пра справы таварыства, пад рубрыкай “Хатняя школа” друкуюцца матэрыялы для тых, хто вывучае беларускую мову.
Сафія Пасынкава пераканана: найпаўней выяўляюць сваю любоў да этнічнай радзімы і гонар за яе тыя, хто актыўна працуе на адраджэнне, зберажэнне нацыянальнай культуры. На Данеччыне шмат энтузіястаў беларускага песенна-музычнага мастацтва і тых, хто шануе народныя звычаі, абрады, займаецца рамёствамі. Дадатковы стымул для дзеянняў – Дні беларускай культуры, ужо традыцыйныя фестывалі народнай творчасці “Садружнасць”, “Мой горад — мой дом”, “Фестываль нацыянальнай кухні”, Дзень роднай мовы і пісьменнасці, памятныя даты з гісторыі Бацькаўшчыны. На шматлікіх імпрэзах суполку часта прадстаўляюць ансамбль “Палессе”, якім кіруе заслужаны работнік культуры Украіны Людміла Архімандрытава, і дзіцячы калектыў “Беларусінкі” (кіраўнік А. Ламакіна). Шмат увагі ветэранам: аформлены стэнд, выдадзена кніга “У памяці захоўваем”, сабраны матэрыял пра ўклад беларусаў Данеччыны ў развіццё краю, Украіны. Штогод 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, тут згадваюць тых, хто вызваліў беларускую зямлю ад фашыстаў. Сёлета суполка “Нёман” пры падтрымцы мясцовай гандлёва-прамысловай палаты ўшанавала ветэранаў-вызваліцеляў Беларусі, ім уручылі беларускія юбілейныя медалі, кветкі. Была памінальная служба па ўсіх загінулых у гады вайны ў царкве. Ветэраны атрымалі падарункі, для іх ладзіўся святочны канцэрт.
Беларусы Данеччыны сёння падтрымліваюць цесныя кантакты з Бацькаўшчынай. Дарэчы, шмат папрацаваў на стварэнне і развіцце суполкі Анатоль Акушка, які стаў Ганаровым консулам Беларусі ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. Штогод пры садзеянні “Нёмана” і таварыства “Радзіма” прадстаўнікі СМІ з Мінска ўдзельнічаюць у маладзёжным фэсце “ЖМІ на RECORD”. А на фэст “Песня без межаў” ездзілі калектывы “Дзіас” з Узды, “Уладары” з Ваўкавыска, “Маладзея” з Маладзечна. У нашых землякоў на Данеччыне гасцявалі ансамблі “Песняры”, “Палац” і іншыя.
Цяпер у таварыства ёсць грунтоўны падмурак для росту. Сафія Пасынкава адзначае: “Нам лягчэй працаваць, адчуваючы падтрымку такіх людзей, як Герой Украіны, акадэмік Валерый Казакоў, рэдактар Данецкай абласной газеты “Данеччына” Ігар Зоц, прэзідэнт гандлёва-прамысловай палаты Генадзь Чыжыкаў і, канешне, гарадскі галава Аляксандр Лук’янчанка. Імкнёмся справы весці так, каб гэта было на карысць і нашаму Данецкаму краю, і суайчыннікам з Беларусі. Дарэчы, да ўкраінцаў беларускага паходжання тут ставяцца з павагай. А нашы дзеці, любячы Данеччыну, Украіну, зберагаюць традыцыі, мову продкаў, ганарацца сваім паходжаннем”.

Галіна Навіцкая,
каардынатар праектаў
таварыства “Радзіма”

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суполцы беларусаў Данецкай вобласці шануюць родную мову
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика