КРОПКА НА КАРЦЕ. Вам цікава, адкуль пайшла назва вашай вёскі, ракі ці возера, дзе вы бавілі час у дзяцінстве, а можа, шляху, які праходзіць праз ваш населены пункт?
06.05.2011
—
Новости Культуры
|
Дасылайце свае пытанні! Вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ дапаможа разблытаць этымалагічны клубок любых тапанімічных назваў. Чакаем вашых пытанняў! Спадар Капылоў, зноў турбую просьбай: падкажыце, калі ласка, адкуль пайшла назва вёскі Лемяшэвічы Пінскага раёна.Ніна ГОРГУЛЬ, Мінск— Паважаная спадарыня Ніна, вельмі прыемна, што вы цікавіцеся тапаніміяй свайго краю. І робіце гэта недарэмна, паколькі ўласныя геаграфічныя назвы часта дапамагаюць адкрыць невядомыя старонкі нашай гісторыі і заключаюць у сабе ўнікальную комплексную інфармацыю, якую часам немагчыма атрымаць з іншых крыніц: тапонімы адлюстроўваюць ментальнасць жыхароў, змя-шчаюць звесткі пра іх духоўную і матэрыяльную культуру, сацыяльна-эканамічнае развіццё, прыродна-геаграфічнае асяроддзе, узаемасувязі і кантакты з іншымі народамі. Вось і назва Лемяшэвічы з’яўляецца сведчаннем таго старажытнага перыяду, калі існавала абшчыннае землеўладанне. Аснова наймення ўказвае на імя-мянушку заснавальніка роду Лемеша, а фінальная частка назвы -ічы — на яго нашчадкаў, якія ў свой час аддзяліліся ад бацькі і заснавалі на новым зямельным участку сваё паселішча. А каб захаваць родавую пераемнасць у назве, вёску назвалі Лемяшэвічы. У сваю чаргу імя-мянушка Лемеш узнікла ад слова “лемех”, якое ў гаворках вашай мясцовасці ўжываецца ў адносінах да непаваротлівага, пазбаўленага зграбнасці, лоўкасці ў рухах чалавека. Зразумела, што не самая лепшая характарыстыка, але з песні слова не выкінеш: такую вызначальную рысу заўважылі нашы далёкія продкі і замацавалі ў імені-мянушцы. Дарэчы, імя-мянушка, а пазней і прозвішча Лемеш у старабеларускіх пісьмовых помніках сустракаецца менавіта на вашых землях. На іншых беларускіх тэрыторыях (у прыватнасці, у паўночна-заходніх гаворках) зафіксавана слова “лямеш”, якое мае значэнні: від печыва і частка плуга, што падразае пласт зямлі знізу. Але ў адносінах да геаграфічных назваў і прозвішчаў Піншчыны гэтыя значэнні не маглі паслужыць асновай матывацыі. Мяне цікавіць, што азначае назва вёскі Зуі, якая знаходзіцца ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Там нарадзіліся мая маці, дзядуля і шматлікія яго дзеці.Зоя Кастрычка, Крычаў Магілёўскай вобласці— Паважаная спадарыня Зоя, вы можаце па праву ганарыцца месцам, дзе нарадзіліся вашы родныя: вёска Зуі Лабковіцкага сельсавета Крычаўскага раёна адносіцца да ліку старажытных беларускіх паселішчаў. Упершыню ў пісьмовых крыніцах яна ўпамінаецца ў пачатку 17-га стагоддзя, а ўзнікла намнога раней. У 1604 годзе ваша паселішча фіксуецца як сяло Зуй Крычаўскага староства. На той час яно з’яўлялася казённай уласнасцю. У сярэдзіне 18-га стагоддзя (1747 год) у вёсцы было ўсяго 8 двароў, але пры гэтым быў свой млын і карчма. У канцы 18-га стагоддзя (1779 год) колькасць двароў павялічылася больш чым у два разы і вёска стала ўласнасцю памешчыка. Да канца 20-га стагоддзя колькасць гаспадарак узрасла да 105. Назва вёскі Зуі адносіцца да ліку так званых патранімічных найменняў: яна ўказвае, што дадзены населены пункт заснавалі прадстаўнікі аднаго роду, пачынальнікам якога з’яўляўся чалавек з імем-мянушкай Зуй. Словам “зуй” ва ўсходнеславянскіх гаворках называюць невялікіх кулікоў. Магчыма, што некаторыя прыкметы гэтых птушак былі перанесены і на імя чалавека. У асобных раёнах Магілёўшчыны слова “зуй” выкарыстоўваюць з мэтай даць негатыўную характарыстыку чалавеку: звычайна гэта слова ўжываюць у адносінах да рослых хлопцаў з паводзінамі дзіцяці. Якое са значэнняў слова было пакладзена ў аснову старажытнага імя-мянушкі пачынальніка роду Зуёў, сёння адназначна сказаць немагчыма. Адно можна пэўна сцвярджаць, што ад гэтага імя-мянушкі ўтварылася вялікая колькасць усходнеславянскіх, у тым ліку і беларускіх, прозвішчаў: Зуеў, Зуёнак, Зуйко, Зуйкоў, Зуйкевіч, Зеньчык, Зуеўскі і іншыя. Што тычыцца назвы вёскі Зуй, то яна не адзіная на карце Беларусі: аднайменныя паселішчы сустракаюцца ў Віцебскім, Гарадоцкім і Лёзненскім раёнах Віцебскай вобласці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дасылайце свае пытанні! Вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ дапаможа... |
|