Дзе Крыж Еўфрасінні Полацкай?. 21.by

Дзе Крыж Еўфрасінні Полацкай?

28.06.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзе Крыж Еўфрасінні Полацкай?

Навукоўцы лічаць, што ён знік яшчэ некалькі стагоддзяў таму, а не пад час Вялікай Айчыннай Вайны.

Вядома, да Першай сусветнай вайны Крыж амаль увесь час захоўваўся ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім храме. У 20-я гады ХХ стагоддзя кіпарысавы цуд разам з іншымі царкоўнымі каштоўнасцямі канфіскавала дзяржава. Толькі ў 1928 годзе намаганнямі беларускага гісторыка і пісьменніка Вацлава Ластоўскага Крыж удалося перадаць Беларускаму дзяржаўнаму музею ў Мінску. Пазней па рашэнні ўлад святыню адправілі ў Магілёў. Спачатку змясцілі ў музейную экспазіцыю, а потым, спалохаўшыся масавых пакланенняў, схавалі ў пакой-сейф абкама партыі. Адтуль Крыж і знік патаемным чынам у ліпені 1941 года. Хто толькі не займаўся пошукамі беларускай святыні! Гісторыкі, вучоныя, журналісты, камісія “Вяртанне”. Нават у Інтэрпол звярталіся. Што ў выніку? Толькі яшчэ большая колькасць здагадак і версій.

Якія з іх найбольш праўдападобныя? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да прафесара Адама МАЛЬДЗІСА, які больш за 20 гадоў займаецца пошукам страчанай рэліквіі.

У чым вінаваты Ракфелер?

— Доўгі час я слепа верыў, што Крыж Еўфрасінні Полацкай пры пасрэдніцтве таямнічага нямецкага афіцэра патрапіў у ЗША, у рукі Моргана (некаторымі аўтарамі называўся яшчэ Ракфелер), — гаворыць Адам Восіпавіч, маючы на ўвазе вялікага амерыканскага калекцыянера Пірпонта Моргана. Такую версію беларускім даследчыкам прапанавалі супрацоўнікі пецярбургскага Эрмітажа. Яны ўпэўнівалі, ссылаючыся на артыкул аднаго са сваіх супрацоўнікаў, які быў апублікаваны ў амерыканскім часопісе, што крыж Еўфрасінні закуплены ў калекцыю Морганаў на аўкцыёне ў Заходняй Еўропе адразу пасля вайны. Мальдзіс, дазнаўшы, што ў Морганаўскім фондзе ў аддзеле славянскіх рукапісаў і рэдкіх кніг працуе вучаніца яго польскага сябра прафесара Здзіслава Нядзелі Яўгенія Зазоўская, адшукаў яе і папрасіў стаць сваім экскурсаводам. Ён у гэты час якраз быў у Нью-Ёрку па справах ААН. Сярод паказаных ёю рукапісаў і кніг былі буквар вучня Сімяона Полацкага Карыёна Істоміна, раскошны альбом “Белавежская пушча”, іншыя рарытэты. У музеі прафесар убачыў Біблію Гутэнберга, нямала крыжоў і рэліквій (чэшскіх, нямецкіх) часоў Еўфрасінні Полацкай, набытых Пірпонтам Морганам падчас вучобы ў Еўропе.

 “Значыць, у прынцыпе наша рэліквія магла зацікавіць спадчыннікаў амерыканскага міліянера, які асабліва захапляўся шклянымі вырабамі эпохі Сярэднявечча”, — падумаў Мальдзіс.

Аднак пошукі Крыжа ў экспазіцыі аказаліся дарэмнымі. А трапіць у запаснікі аказалася нерэальным. Было вырашана напісаць у Морганаўскі фонд ліст.

— Прыкладна праз два месяцы, калі мяне ўжо не было ў Нью-Ёрку, прадстаўніцтва Беларусі пры ААН атрымала ліст з Фонду Пірпонта Моргана, дзе паведамлялася, што ў зборах гэтага магната і мецэната Крыжа няма, а за калекцыі іншых Морганаў савет дырэктараў не ручаецца. Аднак у міфічнасці “заходняга” следу Мальдзіса пераканала не гэта, а адсутнасць якіх-небудзь звестак пра Крыж у артыкуле, на які так спасылаліся супрацоўнікі Эрмітажа пры адказе беларускім вучоным. Масква ці Полацк? У другую версію, “усходнюю”, застаўляюць паверыць успаміны магіляўчаніна Кавалёва, які ўпэўніваў, што асабіста ведаў чалавека, які ў 1941 годзе эвакуіраваў маёмасць з пакоя-сейфа абкама партыі, ды шафёра-чырвонаармейца Пятра Паддубскага, якому камендант Ваяводзін прыказаў вывезці нейкі каштоўны груз.

— 13 ліпеня 1941 года ён падагнаў да будынка абкама машыну, — расказвае Мальдзіс. — Людзі ў цывільным пачалі загружаць у кузаў пакункі і мяшкі. Пятру Харытонавічу, які стаяў непадалёк ад машыны, добра запомнілася фраза аднаго з іх: “Які крыж прыгожы!” Паводле расказаў Паддубскага, да яго машыны далучыліся дзве паўтаратонкі з банкаўскімі каштоўнасцямі. А ў яго кабіну сеў Панцеляймон Панамарэнка, першы сакратар ЦК КП(б)Б, пасля чаго калона рушыла ў шлях.

Маршрут да Масквы быў вельмі складаным: часта бамбілі варожыя самалёты. Але груз праз два дні даставілі ў расійскую сталіцу ў кіраванне Чырвонай Арміі. Ёсць і яшчэ адна, на думку прафесара Мальдзіса, досыць праўдападобная версія, дзе варта шукаць Крыж.

— У Магілёве мог знаходзіцца не арыгінал, а... копія Крыжа. На гэтую думку наводзіць апісанне рэліквіі, зробленае Вацлавам Ластоўскім і апублікаванае ў “Запiсах”. Як дасведчаны гісторык, збіральнік музейных экспанатаў, ён павінен быў ведаць, што Крыж, яго аснова зроблена з кіпарыса. У акце ж прыёму-перадачы фігуруе дубовае дрэва. Акрамя таго, навуковец фіксуе факт замены некаторых каштоўных камянёў шкельцамі. Ці не сігналізаваў Ластоўскі тым самым дасведчаным нашчадкам, што ў яго руках апынуўся не арыгінал, а падробка, што рэліквія (з яго маўклівай ухвалы) засталася там, дзе яе вырабілі?

Полацкае духавенства, адчуваючы пагрозу, і сапраўды магло вырабіць копію Крыжа, тым больш, як сведчыць эмігранцкі друк, адна ўжо мелася ў храме на тэрыторыі Латвіі. Так ці інакш прыходзіцца спадзявацца на шчаслівы выпадак ці добрую волю тых, у каго зараз знаходзіцца Крыж. І маліцца... Перад заступніцай Еўфрасінняй ды перад тым Крыжам, які стварыў накшталт Крыжа Еўфрасінні Полацкай у 1993 годзе брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навукоўцы лічаць, што ён знік яшчэ некалькі стагоддзяў таму, а не пад час Вялікай Айчыннай Вайны.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика