Хлопец з Лiды вырабіў на кроснах 200 ручнікоў, 20 дываноў i "метраў 120 палатна"
01.06.2012 10:30
—
Новости Культуры
|
Хлопец з Лiды вырабіў на кроснах 200 ручнікоў, 20 дываноў i "метраў 120 палатна" Яўген Маркевіч з Лiды - студэнт 3-га курса Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта (на здымку). Высокі, стыльна апрануты, сучасны малады чалавек. Ну як тут дасі веры, што гэты самы хлопец захапляецца ткацтвам? А ён жа не проста захапляецца, а займаецца ім на прафесіянальным узроўні!
Аб тым, з чаго ўсё пачалося, Яўген распавядае з неверагодным запалам у вачах: - Ткацтвам я пачаў займацца ў 9-м класе. Было мне тады 15 гадоў. Залез на гарышча, знайшоў станок, стала цікава. Пачаў бабулю сваю даймаць пытаннямі. Яна мала чаго мне тады расказала і адправіла да дзедавай сястры, бо тая старэйшая і ў свой час ткала вельмі шмат. А інтарэс з’явіўся неяк сам па сабе. Я проста доўга не мог уцяміць, як усе гэтыя ніткі рухаюцца і сплятаюцца паміж сабой. Распытваў усіх, каго мог, бабулі мае нешта блыталіся, успаміналі, казалі, што не памятаюць нічога, бо гадоў трыццаць ужо не ткалі. - І як удалося асвоіць ткацкую грамату? Гэтаму ж у нас цяпер ніхто не вучыць? - Сапраўды, было складана. Бабуля паказала мне, як лён апрацоўваць, як нітку на верацяне і калаўроце спрасці. Спачатку нічога не атрымоўвалася. Я тры месяцы вучыўся, каб хаця нітка роўнай выйшла! Ну вось неяк з горам папалам напраў іх, частку ў магазіне купіў… І вырашыў кросны ставіць. Тут нічога не заставалася, як кніжак у бібліятэцы набраць. Але ў іх так заблытана ўсё аказалася, што прыйшлося проста хадзіць па суседзях і збіраць, хто што памятае. Урэшце рэшт, на вясновых канікулах пачаў снаваць аснову на два ручнікi (5 метраў). Аснаваў, навіў, заправіў у ніты, закінуў у бёрды, прывязаў понажы, нацягнуў ніткі і пачаў ткаць. Усё сам, ніхто не дапамагаў! За два дні выткаў свой першы ручнік. Бабуля дзіву далася! - Што пра тваё новае захапленне сказалі бацькі, сябры? - Бабуля адгаворвала, казала, што цяжка. Бацькі спалохаліся, бо думалі, што гэта будзе перашкаджаць маёй вучобе. А сябры… дык ніхто не ведаў нічога! Я ж не афішыраваў! - Вось ты такі малады сучасны чалавек, студэнт, будучы медык. Няўжо ніколі не ўзнікала думка, што гэты занятак не модны і не маладзёжны? - Старамодным я яго ніколі не лічыў. Ім цяпер, увогуле, адзінкі займаюцца, і тым гадоў па 80… Шкада, што гэтае рамяство паціху вымірае. Але ж з гэтым нічога не зробіш. Грамадства развіваецца, і ткацтва ўжо ніколі не зойме тое месца, што мела раней у жыцці беларускага селяніна. - Але ўсё ж такі гэта больш жаночая справа… - Я ніколі так не лічыў. Усё наадварот: не жаночы гэта занятак. Сучасныя дзяўчаты занадта далікатныя, каб ткаць. Гэтая справа патрабуе фізічнай напругі. Пасля некалькіх гадзін за станком вельмі баліць спіна. Я зрок свой сапсаваў, бо цяжка запраўляць і перабіраць узоры, а калі тчэш складаную тканіну, то ногі пухнуць ад болю, бо панажы пастаянна б’юць па костачках ступні… - Скажы, калі ласка, колькі гатовых работ на тваім рахунку? І дзе яны захоўваюцца? - У мяне цяпер работ… ой, нават сказаць складана! Зрабіў я вельмі шмат усяго: дзесьці каля 200 ручнікоў, 20 дываноў, метраў 50 палатна выткаў, яшчэ метраў 70 на нацыянальныя касцюмы… Дарэчы, з маёй тканіны ўжо 8 народных строяў пашыта. Усе яны прадстаўляюць розныя раёны Гродзенскай вобласці. А работы мае шмат дзе. Некаторыя падараваў, частку прадаў, адзін ручнік нават Папу Рымскаму адправіў… Астатнія ў хаце ляжаць. - Сучасны чалавек шукае чагосьці новага і часта забывае, што яно - добра забытае старое. Ты даказаў гэта на ўласным прыкладзе. Што патрэбна, каб такіх людзей было як мага больш? - Я лічу, каб культура беларусаў не знікла, абавязкова павінны быць людзі, якія захоўваюць веды аб традыцыях і рамёствах. Не трэба гэтага саромецца. Усё вельмі проста: неабходна любіць справу, якой займаешся, і ўсе праблемы адступяць самі. У мяне ёсць адна вучаніца. Яна старэйшая за мяне на пяць гадоў. Займаемся з ёй ужо больш як год. Яшчэ крышачку - і яна зможа ткаць усё, як і я. Трэба цікавіцца тым, чым жылі нашыя продкі. Гэта наша гісторыя, яе трэба ведаць. Дарэчы, у маёй сям’і ткалі і прадзед, і прабаба, і бабулі мае. Выраблялi на заказ складаныя абрусы, ручнікі яшчэ пры Польшчы. Гэтым на жыццё і зараблялі… Таму, з якiм iнтарэсам Яўген ставіцца да свайго сур’ёзнага і цяжкага занятку, можна толькі пазайздросціць. Нягледзячы на мноства абавязкаў, ён заўсёды знаходзіць час для любімай справы і цалкам аддаецца ёй. Можа, у гэтым і крыецца сапраўднае шчасце, якога заўсёды не хапае?.. Фота: Павел Лапко, Яна Шостак Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Я тры месяцы вучыўся, каб хаця нітка роўнай выйшла! Ну вось неяк з горам папалам напраў іх, частку ў магазіне купіў… І вырашыў кросны ставіць. Тут нічога не...
|
|