ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Зміцер Вішнёў. Паветра Берліна і сядло
13.08.2012 21:28
—
Новости Культуры
|
Пісьменнік, мастак і выдавец Зміцер Вішнёў жыве ў свеце афрыканскіх статуэтак, кніг, карцінаў з вусякамі і пад ліхтарамі творчых сафітаў. У ягонай кватэры, якая адначасова і майстэрня, і часовы офіс выдавецтва “Галіяфы”, распісана ўсё, што толькі можна: сцены, зэдлікі, шклянкі, шпалеры… Мастацтва напаўняе, стварае творчую атмасферу вядомага правакатара. Праўда, Зміцер неўзабаве збіраецца арэндаваць майстэрню. “Вядома, мне патрэбная майстэрня! Колькі ж можна жыць як на вакзале…” — кажа ён.
У мяне ёсць два ноўтбукі, але набыў сабе яшчэ і нэтбук, бо з ім вельмі зручна. Яго можна лёгка ўзяць з сабой у дарогу. А падарожнічаю я даволі часта па розных краінах. Падчас вандровак занатоўваю думкі і вершы. Сёлета быў у Латвіі, дзе распачаў працу над новым раманам. Стараюся штораніцы працаваць над прозай. Выдаць кнігу — не праблема, але галоўнае, каб яна была таго вартая. Падстаўку-слана для тэлефона мне некалі падарылі сябры. Да такіх дробязяў я сур’ёзна не стаўлюся. Ну падарылі і падарылі. Гэта, як з вядомага дзіцячага “купі слана”. Карыстаюся двума мабільнымі тэлефонамі. А ў трэцім, старым, — нататнік з кантактамі. Усе падзарадкі вось — у купцы — на падлозе. Якая мне патрэбная, тую і выцягваю ды падсілкоўваю тэлефон (смяецца).
На маім стале — заўжды Новы год. Навошта прыбіраць? Прыгожа ж! (смяецца).
Той жа Уладзімір Акулаў зрабіў нязвыклы партрэт Вішнёва. Гэта была своеасаблівая правакацыя (загадкава пасміхаецца). Партрэт, між іншым, быў выкарыстаны ў кнізе “Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў”, якая даўно разышлася… Вось, бачыш, напісана “Двоякий портрет Волкова”?.. Гэта прозвішча маёй бабулі — Волкава. Так што я нібыта Вішнёў, але насамрэч — схаваны Волкаў (робіць страшныя вочы). Даведнікі і Бёль у арыгінале Я цяпер менш карыстаюся даведнікамі ды энцыклапедыямі, што стаяць на паліцы, бо інфармацыі шмат у інтэрнэце. Досыць актыўна працую з нямецка-рускімі слоўнікамі, бо чарговым разам спрабую адолець нямецкую мову. Чаму менавіта нямецкую? Падабаецца ейнае гучанне. Хацеў бы прачытаць у арыгінале Франца Кафку і Генрыха Бёля. Да таго ж сёлета мусіць выйсці мой раман “Замак пабудаваны з крапівы” у Нямеччыне ў перакладзе Марціны Якабсан. Цяпер са слоўнікам чытаю ў арыгінале “Ірландскі дзённік” Бёля — пакуль ад гэтай працэдуры атрымліваю кайф.
З жывых кветак — у мяне толькі кактусы. Іх утрымліваю таму, што можна не паліваць (смяецца). Я часта з’язджаю. Магу знікнуць на некалькі месяцаў, а яны спакойна абыходзяцца без вады… Вунь, адзін кактус як разросся!
Вось над паліцай цямнее карціна — гэта старыя эксперыменты Вішнёва. Кухню ўпрыгожваюць працы, якія выстаўляліся ў менскіх галерэях. Дарэчы, у кватэры жыве многа палотнаў, напісаных другімі мастакамі. Вось некаторыя імёны: Леанід Лысенка, Захар Кудзін, Адам Глобус, Сяргей Саламацін, Алесь Родзін, Уладзімір Акулаў, Эдуард Падбярэзскі, Алесь Шатэрнік, Кахабер Гагохія…
Цікавая гісторыя з вокладкай маёй першай кнігі “Штабкавы тамтам”. Нават не ведаю, ці маю асобнік таго зборніка: усе парасцягалі. Але затое ў мяне засталася арыгінальная графіка, падрыхтаваная для таго праекта. Напачатку тут — на кракадзілах — мастак Ігар Клімаў намаляваў аголеную дзяўчыну з піўным куфлем. Але на мой погляд (гэта супадала з поглядам мастацкага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”), выглядала як нейкі кіч. Трэшам патыхала. Таму Ігар віртуозна заклеіў дзяўчыну і заштрыхаваў.
Вось друкарская машынка, на ёй былі падрыхтаваныя першыя творы. Тады яшчэ не было камп’ютараў. Калі адрамантаваць карэтку, дык друкарка зноўку будзе здатная да творчага бою.
А гэта не штампоўка — мастацкая рэч. Скульптуру мне падарыў культуролаг Юрась Барысевіч. Называецца —— “Зямля Фараонаў”. Зрабіў яе мастак Сяргей Каваль.
Што з самага свежанькага я б рэкамендаваў? Ну, натуральна, зборнік прозы Алены Брава “Рай даўно перанаселены”. У галерэі “Падземка”, дарэчы, зараз адбываецца акцыя: першым дваццаці пакупнікам новай кнігі Алены Брава будзе прэзентаваная першая кніга аўтаркі “Каменданцкі час для ластавак” — з аўтографам!
Што за налепкі на шафе? Вось — прапаганда нямецкага дома творчасці Тахелес, з якога банк хоча высяліць мастакоў. Гэтая — “Castor blockieren!”— пад Гамбургам я браў удзел у акцыях супраць ядзерных адкідаў. Вось проста пазітыўная: “Усё будзе добра. Дзень прыйдзе новы”. Гэтая — з мульціка.
Альгерд Бахарэвіч падарыў мне глыток берлінскага паветра. Так што паветра аднаго з маіх любімых гарадоў заўжды ў аптэчцы каля валідола і ёда.
Некалькі гадоў таму набыў амерыканскі ровар “Тrek”. Цяпер часта катаюся з сябрамі. Любяць гэтую справу мастакі і літаратары.
Вось з гэтай карцінай звязаная незвыклая гісторыя. Хаця, магчыма, для Беларусі — штодзённасць. Гэтае палатно я знайшоў на сметніцы. Толькі, крый божа, не падумайце, што там я нешта шукаў! Гэта была выпадковасць. Я выкідаў смецце, а тут каля бака стаіць карціна. Ужо два разы знаёмыя мне прапаноўвалі за гэтую працу грошы. Але не хачу прадаваць — шкада. Выява карціны ўжо выкарыстоўвалася на вокладцы кнігі Юры Станкевіча “Мільярд удараў”. Ася ПАПЛАЎСКАЯ, фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ягонай кватэры распісана ўсё, што толькі можна: сцены, зэдлікі, шклянкі, шпалеры…
|
|