Беларуска ў англійскім балеце
02.10.2012 20:50
—
Новости Культуры
|
Беларуска ў англійскім балеце Пот, сцёртыя ў кроў ногі, жорсткая дыета і ніякага прыватнага жыцця – прыкладна гэтак уяўляе сабе балет жыхар краіны, якая цэлае пакаленне цэнтралізавана глядзела "Лебядзінае возера" па ТБ. Аднак балет – гэта не суцэльная ахвяра дзеля мастацтва, нягледзячы на тое, што экшну ў гэтай прафесіі вышэй за неба. Беларуска Ксенія Аўсянік, якая ўжо 5 гадоў танцуе на сцэне аднаго з галоўных балетных тэатраў Брытаніі, развейвае нашыя стэрэатыпы і распавядае, што такое "балет па-брытанску".
Падчас чакання Ксеніі на рагу каля cвежапафарбаванага Купалаўскага мы з фатографам сутарагава ўспамінаем усё, што нам вядома пра балерын. Перад унутраным зрокам паўстаюць вобразы амаль незямных асобаў з ідэальнай паставаю, валасамі, сабранымі ў тугі пучок, і вечным істэрычным недахопам увагі. Тым больш неверагодна было прызнаць у сціплай дзяўчыне ў джынсах адну з зорак брытанскага балету. Далей – болей, мой свет ніколі не будзе ранейшы: балероны і балерыны паляць, ядуць салодкае, успрымаюць балет як прафесію, дый увогуле падаюцца хлопцамі і дзяўчатамі без выразных дэфектаў. Раз-пораз губляючы рускія словы, наступныя гадзіны Ксенія будзе праводзіць нам экскурс у азы балетнага жыцця, пакуль мы будзем цягаць яе па закутках Менска. Ксеніі 23 гады. З 15 гадоў яна жыве ў Лондане, апошнія 4 гады танцуе ў трупе English National Ballet, аднаго з чатырох галоўных тэатраў балета ў Брытаніі. У Беларусі Ксеня займалася ў ансамблі "Ровесник", потым паступіла ў харэаграфічны каледж і хутка трапіла на конкурс у Швейцарыю, пасля якога яе запрасілі працягваць адукацыю ў школе Англійскага нацыянальнага балета. Гэта было восенню 2005 года. "Першыя цяжкасці былі, вядома, з мовай, – успамінае Ксеня. – Я разумела ў найлепшым выпадку кожнае другое слова і таму камунікавала мала. Затое гэта давала мне магчымасць канцэнтравацца на балеце". Аднак асяроддзе спрыяла вывучэнню мовы – Ксенія была адзінай рускамоўнай ва ўсёй школе, затое там было шмат бразільцаў ды італьянцаў. Уласна англічан недзе 30%. Балет – для фанатыкаў. Гэта першая праўда, якую мы разумеем недзе на падыходах да праспекта. Паслухайце распарадак дня: заняткі пачынаюцца а 8:00, заканчваюцца а 18:30, пункцірам па паўтары-дзве гадзіны – і так шэсць дзён на тыдзень. Класічны, сучасны, характэрны, джазавы, рок-дуэтны танцы. Аднак брытанская сістэма больш... мяккая. "Мой самы першы шок – стаўленне да балета як такога. Тут яно звышсур'ёзнае, а на Захадзе, як падавалася, – больш расслабленае. Тут усе сочаць за фігурай, адпрацоўваюць кожны абед – а там былі паўнаватыя і не вельмі гнуткія танцоры. Рэч у тым, што ніхто нікога не прымушае – табе трэба, ты і працуй. Ёсць жаданне – скінеш вагу, пацягнешся, навучышся, без бізуна і перніка", – прамаўляе Ксеня.
Гледзячы на падлеткаў, што весела рагочуць каля ўніверсама "Цэнтральны", які мы праходзім, пытаю, ці не было жадання паслаць усё да д’ябла і ўдарыцца ва ўсе грахі юнацтва. "Не, не было. Хаця, шчыра кажучы, за гады навучання ў школе Лондана я асабліва не бачыла", – прызнаецца Ксеня. Вучоба ў балетнай школе цягнецца тры гады, апошні курс – стажыроўка ў тэатры. Калі ты падабаешся трупе і галоўнаму харэографу – цябе бяруць у асноўны склад. У год, калі выпускалася Ксеня, з 20 чалавек групы ўзялі чатырох, апошнія гады не бралі нікога. Цяпер Ксеня працуе ў трупе з 65 чалавек. На яе рахунку галоўныя ролі ў балетах "Жар-птушка" і "Жызэль", сольныя партыі ў "Рамэа і Джульеце", "Шчаўкунчыку", "Лебядзіным возеры" і шэрагу іншых. На пытанне, ці можна назваць яе прыма-балерынай, Ксеня на хвілінку падвісае і пачынае тлумачыць здалёк. Высвятляецца, што балет – штука вельмі іерархічная. Кардэбалет павінен танцаваць толькі агульныя танцы, салісты – сольныя, principals – галоўныя ролі. Адпаведна, заробкі ранжыруюцца ў залежнасці ад рангу ў тэатры. Часам табе даюць шанец, калі ты яго выкарыстоўваеш – цябе чакае прамоўшн. Аднак Ксеня дагэтуль на ступені "кардэбалет". "Брытанская бюракратыя?" – з цікавасцю пытаем мы. "Не, эканамічны крызіс! – смяецца Ксеня. – За апошнія некалькі гадоў нікога не павышалі, аднак цяпер новы дырэктар, будзем спадзявацца, што сістэма наладзіцца". Дарэчы, ніякіх асаблівых псіхалагічных цяжкасцяў на працы не назіраецца: мандраж на звычайным узроўні, ніякіх забабонаў, а самая цяжкае для Ксені – танцаваць павольна, бо пачынаеш думаць не пра дзею, а пра рух. Свеціць сонейка, чуваць званы, немцы ідуць у Tapas, італьянцы – у Grippo, а мы тым часам размаўляем пра сістэму брытанскага балета. Яна значна адрозніваецца ад нашай. У Брытаніі балет рэпетуюць некалькі тыдняў і потым некалькі тыдняў яго танцуюць – звычайна атрымоўваецца 7–8 спектакляў на тыдзень. Такім чынам, за адзін сезон, што цягнецца са жніўня да ліпеня, паспявае прайсці 6–7 балетаў. Наступныя некалькі хвілін мы гуляем з Ксеніяй у MythBusters. Стэрэатып №1: "Шкло ў пуантах". Па ўласных адчуваннях Ксені, у брытанскім балеце нашмат менш інтрыг. Ніхто нікому падкопы не капае. Калі ў кагосьці справы ідуць добра – яго падтрымліваюць, жадаюць поспеху; калі складаная роля – за цябе трымаюць кулакі. Стэрэатып №2: "Усе балероны – геі". Ксеня ажыўляецца: "У нас у тэатры – 50 на 50. Але ў Лондане ў любой прафесіі гэта 50 на 50". Недзе на Рэвалюцыйнай, намагаючыся не трапіць пад аўто, Ксеня тлумачыць, што паміж партнёрамі геямі і не-геямі ёсць вялікая розніца. Часам з геямі прасцей выказваць эмоцыі – бо позірк у вочы не мае сексуальнага падтэксту. Аднак гетэрасексуалы лепш адчуваюць жаночае цела, выконваюць падтрымкі і "ставяць на баланс". Стэрэатып №3, галоўны: "Нельга есці!". "Я вельмі люблю салодкае, шакалад і булачкі, – пасміхаецца Ксеня. – Шчыра кажучы, я нават не ведаю сваёй вагі". Ніякіх асаблівых правілаў няма. Тры разы на дзень здаровая ежа – мяса, салаты, менш гарніру. І ніякіх перакусаў. Запамінайце, аматаркі Вконтакт-суполкі "40 кг". Стэрэатып №4, нечаканы: "Секс, наркотыкі, рок-н-рол". Гледзячы на мае спробы знайсці запальнічку, Ксеня раптам выдае – падчас перапынкаў амаль палова трупы бегае паліць. "Наркотыкі? Яны памагаюць толькі на пэўны час, аднак больш забіраюць", – з сур’ёзным выглядам тлумачыць мне Ксеня. Гэта тыповая сітуацыя: перш як адказаць нават на самае ідыёцкае пытанне, Ксеня абавязкова некалькі секунд думае. З іншых забавак застаюцца любоўныя інтрыгі і алкаголь. З першым усё зразумела, а вось другое – п’юць шмат. Гэта нармальная практыка – махнуць ад куфля да некалькіх бутэлечак чырвоненькага пасля спектакля. Асабліва на гастролях, а гастралюе тэатр Ксені дахалеры. Англійскі нацыянальны балет – гэта штосьці кшталту тэлеканала "Бі-бі-сі" ў танцах, ён быў заснаваны, каб несці культуру ў брытанскія пралетарскія масы. Асабліва шмат ездзяць па краінах Азіі ды па ўсёй Брытаніі. Што ўражвае, амаль ва ўсіх гарадках ёсць прыдатныя сцэны і заўсёды поўныя залы. Хаця ў краіне і існуе асаблівы піетэт да балета, мясцовая тэатральная публіка вельмі кансерватыўная, таму кожны год абавязкова танцуюць "Лебядзінае возера". Падыходзячы да нашага Тэатра оперы і балета, кранаем балючае пытанне. На просьбу вызначыць месца нашых артыстаў у сусветнай сістэме Ксеня адказвае з непрабівальнай брытанскай ветлівасцю, што "гэта пытанне густу". Высвятляецца, што існуе некалькі балетных школ: руская, брытанская, французская і амерыканская. Розніца пераважна ў тэхніцы – у пазіцыях ног, рук; менавіта таму адзін і той жа класічны балет выглядае паўсюль па-рознаму. Да таго ж, у Англіі балет – гэта больш тэатр, там вельмі важная акторская гульня. З іншых адрозненняў – кветкі нясуць не на сцэну, а ў грымёрку, на паклон выходзяць не пасля кожнага акта, а толькі ў самым канцы спектакля. Стаўленне да танцораў балета як да паўбагоў – тое, што я спрабавала знайсці ў Ксені ўсю размову, – гэта таксама разынка рускай сістэмы. "Адмовіцца ад жыцця, каб ствараць мастацтва, ах! Мяне цікавіць свет і па-за сцэнай, калі я выходжу з тэатра – я пераключаюся на нешта іншае", – прысядаючы ля каменных балерын, забівае ідалаў тэатра Ксеня. Увогуле, здаецца, Оскар Ўайлд пісаў сваю п’есу "Як важна быць сур’ёзным" менавіта пра рускі балет. У балетнай школе да Ксеніі не ведалі, як падступіцца – балерына з "Расіі"! Як размаўляць? "Мой харэограф звычайна пачынаў так: “Ты вельмі, вельмі файна танцуеш. Ты, напэўна, не паверыш, але можна я скажу табе заўвагу?” Што за лухта, не можна, а трэба!" – узбуджана ўспамінае Ксеня. Такое ж здаровае стаўленне ў яе і да ўласнага жыцця. Пенсійны ўзрост у балеце наступае звычайна каля 40 гадоў, аднак дзяўчына ўжо пачынае думаць, што рабіць пасля балетнай кар’еры. Цяпер яна вывучае бізнес і права ў Open University. Мабыць, трохі пазней яна адкрые свой бізнес, задумаецца пра дзяцей, але цяпер гэта немагчыма – балет займае занадта шмат часу.
Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуска Ксенія Аўсянік, якая ўжо 5 гадоў танцуе на сцэне аднаго з галоўных балетных тэатраў Брытаніі, развейвае нашыя стэрэатыпы і распавядае, што такое "балет... |
|