Японцы даведаюцца, кім быў Браніслаў Тарашкевіч
10.11.2012
—
Новости Культуры
|
Японскі даследчык Беларусі Макота Хаясака ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку. Не часта ў жыцці з’яўляецца мажлівасць пачуць, як жыхар Японіі размаўляе па-беларуску. Між іншым, цікавасць да нашай краіны існуе і на Далёкім Усходзе. Навуковец Макота Хаясака пацвердзіў гэта сваёй дзейнасцю.Японскі даследчык ужо шмат гадоў вывучае гісторыю і культуру Беларусі. Пры гэтым ён выкладае ў Такійскім тэхналагічным інстытуце. У прафесійнай дзейнасці Макота Хаясака даследуе гісторыю інфарматыкі. Аб сваёй зацікаўленасці Беларуссю японскі навуковец расказаў у інтэрв’ю “РГ”. – Адлегласць паміж Мінскам і Токіа – больш за восем тысяч кіламетраў. Што ж ведае пра Беларусь звычайны японец? – У маёй краіне не так шмат ведаюць пра Беларусь. Звычайны японец раскажа хіба толькі пра Чарнобыльскую трагедыю, а таксама назаве імя вашага прэзідэнта. У нас таксама ведаюць пра беларускую палітычную сістэму. – Калі з’явілася ў вас цікавасць да Беларусі? – Я ўжо даўно пачаў займацца гісторыяй Беларусі, больш за дзясятак гадоў таму, але ў межах гісторыі Рэчы Паспалітай. За гэты час я выдаў тры манаграфіі, прысвечаныя гэтай тэматыцы. Таксама пераклаў з рускай і польскай моў дзве кнігі аб гісторыі Рэчы Паспалітай. – Адна з вашых навуковых прац прысвечаная дзейнасці Браніслава Тарашкевіча. Чым ён прыцягнуў вашу ўвагу? – Тарашкевічам я зацікавіўся не так даўно, гады тры таму. Тады я вывучаў дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Гэты перыяд беларускай гісторыі мяне вельмі ўразіў. Мне падалося, што дзейнасць “грамадоўцаў” на чале з Тарашкевічам можна параўнаць з гісторыяй японскага левага крыла ў 1920-30 гадах. Грамада таксама нагадвае аб станаўленні мясцовай інтэлігенцыі таго часу. Вядома, прамой сувязі беларускага і японскага рухаў няма. Але яны вельмі падобныя паміж сабой. – Вывучаючы Беларусь, вам даводзіцца працаваць з беларускімі кнігамі. Ці не ўзнікае цяжкасцей з мовай? – Я валодаю рускай, польскай, украінскай, англійскай і французскай мовамі. Яны дапамагаюць паступова засвойваць беларускую. Цяпер я магу без праблем чытаць беларускія тэксты. – Ці наведвалі вы краіну, якой прысвяцілі некалькі даследаванняў? – Летась я падарожнічаў па Беларусі. Быў у Віцебску, Гродне, Нясвіжы. Больш за ўсё мяне ўразіў Полацк. Я лічу гэты старажытны горад калыскай усёй Беларусі. Параўнаць яго можна са старажытнай японскай сталіцай Нарай. – З якімі цяжкасцямі сутыкаецца чалавек з Усходу, вывучаючы славянскую культуру і гісторыю? – Я не згодны з думкай пра тое, што культуры Захаду і Усходу прынцыпова адрозніваюцца. Так могуць казаць толькі тыя, хто не займаўся грунтоўна гэтай тэмай. Я бачу, што цяпер ідзе мадэрнізацыя ўсяго свету, культуры пераплятаюцца і ўздзейнічаюць адна на адну. – Цяпер вы рыхтуеце да друку новую кнігу пра Беларусь. Аб чым яна будзе? – Гэта будзе гісторыяграфічны нарыс з часоў Полацкага княства да сённяшніх дзён. У ім я спрабую прасачыць за развіццём гістарычнай і палітычнай самасвядомасці беларусаў. Шмат увагі надаю не толькі Тарашкевічу, але і кнігавыдавецкай дзейнасці Францішка Скарыны, статутам Льва Сапегі, дзейнасці Кастуся Каліноўскага падчас паўстання, заходнерусізму Міхаіла Каяловіча. Кніга выйдзе вясной наступнага года на японскай мове. Беларусь і Японія – ці шмат у нас агульнага? На другім Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў сёлета ў Коўне, Макота Хаясака выступаў з дакладам на тэму “Палітычная дзейнасць Браніслава Тарашкевіча ў кантэксце Далёкага Усходу”. У сваёй працы ён звяртае ўвагу на падобныя ўмовы, у якіх развіваўся нацыянальны рух Беларусі і Японіі ў 20-м стагоддзі. І там, і там ён існаваў ва ўмовах міжнароднага камуністычнага руху. Камуністычная Расія распаўсюджвала свае парадкі як на заходнія, так і на ўсходнія краіны-суседкі. 20-е стагоддзе ў Заходняй Беларусі Пасля Рыжскага міру, заключанага ў 1921 годзе, Заходняя Беларусь апынулася пад уладай Польшчы. Захаваць беларускую культуру падчас актыўнай паланізацыі было нялёгкай справай. У складаных умовах дзейнічаў Браніслаў Тарашкевіч, які ў той час быў абраны ў польскі парламент. Тарашкевіч склаў першую граматыку беларускай мовы, працаваў дырэктарам беларускай гімназіі ў Вільні, заснаваў Таварыства беларускай школы. Яго “Грамада” аб’яднала вакол сябе рабочых і сялян. Але хутка яе дзейнасць савецкая ўлада назвала “нацдэмаўшчынай”, супраць удзельнікаў пачаліся рэпрэсіі. Гэта быў адзін з першых крокаў па фізічным вынішчэнні беларускай інтэлігенцыі. У тыя ж гады ў Японіі Падобныя падзеі можна прасачыць і ў японскай гісторыі. Пасля руска-японскай вайны мясцовае насельніцтва Японіі знаходзілася пад уплывам дзвюх партый – сацыялістычнай і камуністычнай. Асноўнымі ўдзельнікамі сацыялістычнай, як і ў выпадку “Грамады”, былі рабочыя і сяляне. Часам іх дзейнасць не адпавядала поглядам камуністаў. Таму супраць сацыялістаў пачаліся рэпрэсіі – іх высылалі ў Маньчжурыю і Карэю. Адбывалася гэта ў той жа час, што і ў Беларусі, у канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў. На новай тэрыторыі японцы пачыналі распаўсюджваць сваю культуру – адчынялі свае школы, вучылі дзяцей японскай мове, часам нават змянялі прозвішчы мясцовых карэйцаў на японскі лад. Даследчык Макота Хаясака звяртае ўвагу на тое, што змаганне за ўласную культуру і адукацыю на роднай мове засталося ў гістарычнай памяці як беларусаў, так і японцаў. Змаганне праходзіла ў розных умовах, але адстойваць нацыянальныя дасягненні даводзілася і першым, і другім. Да таго ж абодва народы пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій. Адбылося гэта ўжо пасля другой сусветнай. Японцы, якія засталіся на тэрыторыі Савецкага Саюза пасля вайны, не вярнуліся дадому. Іх пакінулі на прымусовай працы ў Расіі. Там гэтыя людзі і засталіся. Японскі навуковец параўноўвае і пасляваеннае жыццё нашых народаў. Да сённяшніх дзён маскоўскія архівы камуністычнага руху закрытыя нават для міжнародных даследчыкаў. Макота Хаясака спадзяецца, што яшчэ пабачыць іх. Аляксандра ПАРАХНЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не часта ў жыцці з’яўляецца мажлівасць пачуць, як жыхар Японіі размаўляе па-беларуску. Між іншым, цікавасць да нашай краіны існуе і на Далёкім Усходзе. Навуковец...
|
|