Беларускай музыцы патрэбная новая класіка. Да яе стварэння можа спрычыніцца кожны, хто мае музычныя здольнасці. На працягу красавіка ў маладых музыкаў ёсць магчымасць гучна заявіць пра сябе, стварыўшы песню на верш сучаснага беларускага паэта. Музычны партал Tuzin.fm сумесна з дабрачынным фондам «Вяртанне» абвясцілі конкурс «Заспявай BY: усё для старту!». Галоўны прыз — аранжыроўка, запіс у мінскай студыі і звядзенне песні гукарэжысёрам гурта «Океан Ельзи» і саўндпрадзюсарам «Ляпіса Трубяцкога» Уладам Яруном.
Найлепшыя кампазіцыі абяруць Vinsent і Алег Хаменка
Узяць удзел у музычна-паэтычным спаборніцтве запрашаюцца музыкі ва ўзросце ад 15 да 25 гадоў. Музыкі самі выбіраюць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і спяваюць яго ва ўласнай стылістыцы. Арганізатары падкрэсліваюць, што “музыка павінна быць аўтарская. Спевы на чужую музыку і кавер-версіі не прымаюцца”.
Ва ўмовах конкурса гаворыцца, што песню трэба запісаць ужывую ў рок-стылістыцы ў яе шырокім разуменні (поп-рок, брыт-поп, бард-рок, інды-рок, арт-рок, джаз-рок). Ацэньвацца будзе сама песня, а не якасць запісу, таму можна запісаць кампазіцыю на тэлефон ці на планшэт. Галоўнае, каб было зразумела, аб чым песня, можна было разабраць словы.
Кампазіцыі разгледзіць журы з маладых творцаў, а таксама аўтарытэтных паэтаў і музыкаў. Ацэньваць канкурсантаў будуць спявачка Паліна Рэспубліка, лідар гурта Rostany Віктар Рудэнка, музыка і акцёр Vinsent, вакаліст гуртоў BosaeSonca, Fridance Алесь Кот-Зайцаў, паэт, вакаліст гурта Tonqixod Уладзь Лянкевіч, паэт Віталь Рыжкоў, прадстаўнік гурта Re1ikt Алесь Дземідзенка, прадстаўнік гурта Akute Рома Жыгараў. Узначаляць журы Алег Хаменка і Улад Ярун.
Як аформіць заяўку на конкурс, можна даведацца па спасылцы.
Пераможца конкурса будзе названы 14 мая. Ён атрымае «Стартавы пакет», які уключае запіс песні, яе інтэрнэт-прэм’еру, рассылку па беларускіх радыёстанцыях, а таксама магчымасць праспяваць яе ўжывую падчас аднаго з канцэртаў у Мінску.
Цікавыя канкурсанты не застануцца без падтрымкі
Кіраўнік праекта Tuzin.fmСяргей Будкін у каментары Naviny.by адзначыў, што мэта конкурса — “даць магчымасць выявіць сябе таленавітым музыкантам і паспрыяць іх годнаму, яркаму старту. Мы хочам, каб моладзь натхнялася добрай беларускай паэзіяй, каб музыкі адкрылі для сябе беларускі космас ды падзяліліся сваім адкрыцьцём з усімі астатнімі”.
Распавядаючы, як нарадзілася ідэя конкурса, Будкін адзначыў, што яна належыць бізнэсмэну Паўлу Бераговічу, вядомаму мецэнату беларускай культуры: “Павел падтрымлівае літаратурную прэмію імя Максіма Багдановіча “Дэбют”, спрыяе выданню кніг Уладзіміра Арлова. І ён падумаў, чаму б праз музыку не ангажаваць у беларускую культуру людзей, якія яшчэ яе для сябе не адкрылі?..”
Паводле Сяргея Будкіна, арганізатары конкурса доўга вагаліся, вызначаючы ўзроставыя межы канкурсантаў, але ўрэшце спыніліся на 15-25 гадах: “Мы вырашылі адштурхоўвацца ад 15-гадовых падлеткаў, бо гэта ўжо досыць самастойныя людзі, якія яшчэ фарміруюцца, шукаюць і адкрываюць нешта новае, але могуць рабіць выбар самастойна, без падтрымкі бацькоў. А 25-гадовыя людзі — гэта былыя студэнты, якія яшчэ не завяршылі пошук сябе, таму змогуць нам прапанаваць цікавыя ідэя. Да таго ж, менавіта гэта ўзроставая аўдыторыя з’яўляецца мэтавай — мы думаем, што слухачы таксама будуць у гэтых узроставых межах”.
Гаворачы пра журы, Будкін адзначыў, што запрашаліся досыць маладыя людзі, бо яны як ніхто іншы адчуваюць сваё пакаленне і змогуць адабраць цікавыя сучаснай моладзі кампазіцыі.
“Што тычыцца паняцця “сучасны беларускі паэт”, на вершы якіх мы хочам бачыць песні, то гэта вельмі цікавае і адкрытае пытанне, — працягвае Сяргей Будкін. — На сучасную паэзю могуць быць (і ёсць) розныя погляды. Для кагосьці сучасны паэт той, які жыве зараз, а для некага і Багдановіч ці Купала сучасны. Мы нікога не абмяжоўваем у выбары вершаў, таму і не прапісвалі ва ўмовах конкурса, што мы разумеем пад сучаснай паэзіяй. Таму калі нам дашлюць песню на тэкст Багдановіча, і яна будзе зробленая ў актуальнай манеры, а верш будзе сапраўды актуальным для творцы, мы яго прымем. Сучаснасць для самога аўтара адчуваецца праз спеў. Тут не падманеш.
Па заяўках я бачу, што многія маладыя людзі лічаць сучаснымі паэтамі саміх сябе і дасылаюць кампазіцыі на свае веры. Хай будзе так. Чаму не?”.
Сяргей Будкін паабяцаў звярнуць увагу на ўсе цікавыя кампазіцыі: “Калі мы атрымаем сапраўды вартыя ўвагі песні, то, канечне, мы не будзем абмяжоўвацца прамоцыяй толькі песні пераможцы. У нас шмат канцэртаў і праектаў, таму мы абавязкова знойдзем, якім чынам прадставіць цікавыя песні. Ды і я сам зацікаўлены ў з’яўленні новых творцаў, з якімі можна працавць надалей”.
Сёння пабачыў свет прома-ролік конкурса “Заспявай.BY”. Героямі відэа, якое атрымала назву “Верш — гэта песня”, сталі паэты Віталь Рыжкоў, Вольга Гапеева, Андрэй Адамовіч, Уладзь Лянкевіч, Вера Бурлак і Віктар Жыбуль з сынам Кастусём.
Арганізатары конкурса абяцаюць, што працягам роліка цягам бліжэйшых тыдняў стане шэраг відэакаментароў ад паэтаў з разважаннямі пра сучасую паэзію.