Нягледзячы на папулярнасць гурта сярод берасцейскіх слухачоў, якая пацвердзілася папярэднімі выступамі калектыву, і заяўленых у пабліку "УКантакце" амаль 800 магчымых удзельнікаў, у суботу 26 красавіка да начнога клуба "Сфера", дзе праходзіў канцэрт, людзей дабралася няшмат. Што паўплывала на такую малаактыўнасць, сказаць складана, але спачатку закралася думка, што канцэрт будзе правальным.
Публіка вяла тапталася ў чаканні, якое зацягнулася аж на паўгадзіны. У выніку а 18.30 (замест заяўленых 18.00) на сцэну выйшаў берасцейскі калектыў WeArtists, які трохі разагрэў слухачоў і нават падараваў барабанныя палачкі асобным шчасліўчыкам.
І вось, нарэшце, з"явіліся яны - вакаліст і гітарыст Станіслаў Мытнік, бас-гітарыст Раман Жыгараў і бубнач Павел Філатаў. Настрой на танцполе змяніўся ў лічаныя секунды. Вішчалі дзяўчыны, скакалі хлопцы, кожны другі старанна фіксаваў тое, што адбывалася, на тэлефон.
Стала зразумела, што на канцэрт прыйшлі не выпадковыя людзі, а сапраўдныя прыхільнікі гурта. Яны ўжо паспелі вывучыць словы кожнай песні з новага альбома, які выйшаў літаральна некалькі тыдняў таму, і спявалі разам з вакалістам цалкам куплеты. Музыкі парадавалі і старымі кампазіцыямі, напрыклад, знакамітым "Адзіноцтвам".
Здавалася, нікога не бянтэжылі нават траскатня ў калонках і актыўнае задымленне залы, якое неўзабаве прывяло да ўключэння пажарнай сігналізацыі. Але чаго не вытрымаеш дзеля харызмы музыкаў і сапраўды дзіўнага голасу Станіслава Мытніка (дарэчы, новы альбом Reaĺnaść i sny, куды ўвайшлі 11 кампазіцый, насупраць, адрозніваецца вельмі якасным гучаннем).
Тое, што адбывалася суботнім вечарам, можна назваць сапраўдным магічным дзеяннем. Напэўна, не кожны канцэрт, які праходзіць на перапоўненай пляцоўцы, можа пахваліцца такой утульнай атмасферай. Гэта пачуццё пацвердзілі і музыкі, што са сцэны назвалі канцэрт неверагодным, якім ён на самой справе і быў.