Глупства несусветнае. Гурту Amaroka афіцыйна забаранілі выступаць у Мінску. 21.by

Глупства несусветнае. Гурту Amaroka афіцыйна забаранілі выступаць у Мінску

30.05.2014 20:36 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Мінскі панк-гурт Amaroka стаў фактычна першым калектывам, забарона на канцэрт якога грунтуецца на афіцыйным дакуменце. Раней айчынным музыкам адмаўлялі ў пляцоўках, непублічна ціснучы на адміністрацыі клубаў і канцэртных залаў. Цяпер улада не саромеецца абгрунтоўваць адмовы патрабаваннямі заканадаўства. Нават калі выглядает гэта як шаленства.

Amaroka


Гурт Amaroka рыхтаваў прэзэнтацыю свайго новага альбому Virus. Канцэрт планавалі правесці 5 чэрвеня ў клубе Re:Public. У адпаведнасці з заканадаўствам музыкі падалі запыт у Менгарвыканкам на атрыманне гастрольнага пасведчання, але ім адмовілі.

Начальніца ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава ў адказе адзначае, што змест рэпертуара гурта Amaroka падпадае пад дзеянне пункта 5 главы 2 Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Гэты пункт значыць, што чыноўнікі знайшлі у песнях гурта прапаганду вайны, экстрымізму, альбо “пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадзкаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян”.




Як адзначыў у каментары для Naviny.by лідэр гурта Зміцер Афанасенка, забарона канцэрта для музыкаў была зусім нечаканая і спачатку нават выклікала смех:

“Калі вы знаёмыя з нашай творчасцю, то ведаеце, што там сапраўды няма ніякай крамолы, няма заклікаў да гвалту ці фашызму, як яны пішуць, спасылаючыся на гэты артыкул. І было смешна, але потым прыйшло разуменне, што гэта значыць нам нельга выступаць, нельга прэзентаваць, нельга сустракацца са слухачамі. То бок няма патрэбнага фідбэку, які заўжды атрымлівае гурт ад сваёй творчасці. А мы павінны яго атрымліваць, каб рухацца далей”.

Зараз у музыкаў ужо ёсць план далейшых дзеянняў. “Цяпер у нас на руках ёсць дакумент, і з ім ужо можна ісці далей. Бо ніякіх тлумачэнняў ніхто нам не даў дадаткова. З гэтым дакументам можна ісці нават у суд, але па-першае мы бы хацелі схадзіць на прыём да Рудзікавай. І няхай яна патлумачыць усю гэтую сітуацыю”, — мяркуе Афанасенка.

Гурт нават збіраецца прынесці Віталіне Рудзікавай дыск з новым альбомам на той выпадак, калі яна насамрэч не добра ведае творчасць музыкаў.

“Добра будзе, калі яна пазнаёміцца з рэпертуарам. Я вось паглядзеў, што журналісты пашукалі пра Рудзікаву інфармацыю, яна сапраўды адукаваны чалавек. Мы лічам, што яна, магчыма, проста не знаёмая з нашай творчасцю. Можа, гэта не яе рашэнне, бо ёсць людзі і вышэй за яе, якія гэтым усім займаюцца”, — лічыць лідэр гурта.

Праз пэўны час, калі абурэнне забаронай крыху сышло, музыкі пачалі філасоўскі разважаць пра сваё цяперашняе становішча. “У любы час былі гурты, якіх забаранялі. Забаранялі ў Маскве “Машину времени”, і ў нас не маглі выступаць самыя папулярныя і класныя гурты. І ў Еўропе ёсць такія прэцэдэнты. Заўжды забараняюць тых, хто хоча нешта сказаць, данесці, робіць нешта цікавае. Можа, яны хочуць зрабіць нам дадатковы піар, не спытаўшы ў нас”, — разважае Афанасенка.

Ён пагадзіўся, што піар, канешне файны, бо цяпер увесь байнэт кіпіць гэтай навіной: “Мы ўчора ж прэзентавалі сінгл. Ён хутка разыйшоўся, і людзі пішуць увесь вечар, раніцу і нават ноччу пісалі. Вельмі прыемна”.



У інтэрнет-прэзентацыі гурт пра свой сінгл напісаў так

“Гэтым сынглам Pa vienaсh слухачоў мы запускаем наш музычны Virus. Можна ўжо пабачыць і вокладку будучага альбому, на якой чатырма сымбалямі мы перадаем з чаго складаецца Virus Amaroka:

нотка — кампанэнт «творчасьць»,
сэрца — кампанэнт «каханьне»,
Беларусь — кампанэнт «патрыятызм»,
вусны — кампанэнт «пяшчота».

Вось галоўныя кампанэнты ў творчасьці Amaroka, і мы хочам, каб слухаючы нашыя песні, вы падхапілі гэты вірус!”.


Зараз гурт працуе ў штатным рэжыме. А вось канцэрт у падтрымку новага альбому, магчыма, прыйдзецца адкласці на наступны год. Падвіс і планаваны невялікі тур па-за Мінскам.

“Справа ў тым, што яны нам не першы раз забараняюць. Re:Public два разы падавалі, яны спачатку адмовілі клубу. Але гэта была адмова на словах. А калі мы падалі запыт на выступленне ад сябе, то атрымалі вось гэты дакумент”, — патлумачыў лідэр гурта.

Узяць каментар у начальніцы упраўлення культуры, мякка кажучы, не проста. За цэлы дзень Віталіна Рудзікава так і не знайшла час адказаць нам, якую такую пагрозу яна знайшла ў тэкстах гурта Amaroka і ці згодна яна сустрэцца з музыкамі для размовы.

Зміцер ПадбярэзскіМузычны крытык Зміцер Падбярэзскі лічыць, што такія забароны — перажыткі савецкага часу.

“Гэта яшчэ адно сведчанне, што мы з савецкіх часоў не вярнуліся. Бо калі ідэалогія пачынае ўмешвацца ў мастацтва, якое б яно не было, гэта прыкмета таталітарызму. Нейкія людзі, чыноўнікі, могуць дазволіць або не дазволіць людзям мастацтва дэманстраваць тое, што яны ўмеюць. Гэта проста глупства несусветнае. Так яны могуць пачаць дыктаваць паэтам, што пісаць, мастакам — што можна маляваць, што не. Дзіцячы сад!” — абураецца ён.

Падбярэзскі выказаў думку, что канцэрт мінскіх панкаў забаранілі за тое, што тыя выступалі на Майдане: “Я больш, чым упэўнены, што тыя людзі, якія рыхтавалі дакумент і якія яго падпісвалі, яны проста не ў курсе таго, што адбываецца ў рок-музыцы наогул і ў прыватнасці што робіць гэты калектыў”.

Крытык лічыць, што сустрэча гурта з Рудзікавай можа мець нейкі сэнс толькі ў выпадку, калі яна не самастойна рабіла дакумент.

“Калі гэты чалавек разумны, але аўтаматычна падпісваў паперу, якую яму падрыхтавалі, магчыма яна прыслухаецца. Калі гэта чалавек, які робіць кар’еру, то пачне даказваць, што праўда на яго баку”, — падкрэсліў Падбярэзскі.



Марыя ГРЫЦ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мінскі панк-гурт Amaroka стаў фактычна першым калектывам, забарона на канцэрт якога грунтуецца на афіцыйным дакуменце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика