Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд “Вяртанне” абвяшчаюць новую літаратурную прэмію — Прэмію Цёткі ciotka.by за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. Прэмія будзе ўпершыню ўручаная ўвесну 2016 года, да конкурсу прымаюцца кнігі, што выйшлі ў 2015 годзе па-беларуску.
Прэмія Цёткі будзе ўручацца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія — аўтару арыгінальнай беларускай кнігі) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару).
У кожнай намінацыі будзе вызначацца адзін пераможца, які атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000 долараў паводле курсу Нацыянальнага банка.
Заяўляць кнігі на конкурс могуць выдавецтвы, аргкамітэт прэміі, члены журы, а таксама сам аўтар або мастак і наогул любы зацікаўлены чытач.
Апякункай прэміі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў абраная Алаіза Пашкевіч (Цётка), аўтарка “Першага чытання для дзетак беларусаў”, стваральніца першай беларускай школы ў Вільні, што запачаткавала масавую беларускамоўную адукацыю, рэдактарка часопіса для дзяцей і моладзі “Лучынка”.
У 2016 годзе — годзе ўручэння першай Прэміі Цёткі — беларусы будуць ушаноўваць 140-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, а таксама 110 гадоў з выхаду “Першага чытання для дзетак беларусаў”.