Аналаг сучасных этыкетак здаўна рабілі давыд-гарадоцкія майстры на дошчачках з фанеры. 21.by

Аналаг сучасных этыкетак здаўна рабілі давыд-гарадоцкія майстры на дошчачках з фанеры

09.09.2016 10:14 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Давыд-гарадоцкія цікеткі - даўні аналаг сучасных этыкетак. Зараз іх можна ўбачыць на выставах, у прыватных калекцыя ці ў фондах музеяў.


Самі цікеткі ўяўляюць сабой распісныя дошчачкі з выявамі садовых і агароднінных культур. Калі прадавец таргаваў насеннем, выстаўляў у мяшэчках цікеткі, каб прывабіць да сябе пакупніка і запэўніць таго, што вырасце з набываемага ім насення.

Справа ў тым, што гарадчукі здаўна прадавалі насенне кветак і агародніны. Такім бізнесам займаліся амаль усе, хто мог. Насенне вазілі прадаваць не толькі за многія дзясяткі і сотні кіламетраў, а нават і за тысячы кіламетраў. Іх можна было ўбачыць на самых розных базарах усяго Савецкага Саюза. Смаленск, Урал, Новасібірск — далёка не поўны пералік гарадоў, якія з’явіліся пастаянным месцам збыту насення і з якіх гарадчукі вярталіся дамоў з добрымі заробкамі. У Давыд-Гарадку кажуць: «Паеду на вясну». Гэта значыць, што чалавек рыхтуецца да працяглай па часе паездкі для продажу насення. Гаспадары не проста збіралі насенне кветак, што выраслі, напрыклад, у палісадніку для ўпрыгажэння двара, а спецыяльна сеялі кветкі пэўных гатункаў і куплялі ў тых, хто не ездзіў, каб нарыхтаваць насення для продажу.


Зараз цікеткі не выстаўляюць у час прадажы насення, іх можна ўбачыць у музеі горада Давыд-Гарадка і ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі, сярод прац мясцовых мастакоў, на спецыялізаваных выставах, на выставах мясцовых школ мастацтва і творчых гурткоў, у прыватных калекцыях ці проста сярод рэчаў на гарышчы.

Юрый Шульжык са Століна расказвае, што неяк праводзіў «генеральную ўборку» ў адной з гаспадарчых пабудоў у сваім двары і знайшоў цікеткі.


—  Гэта цікеткі маёй жонкі Марыі Міхайлаўны. Гадоў так 20−25 назад яны прымяняліся па назначэнні ў час продажу насення. Цяпер у іх для нас няма патрэбы, — кажа ўладальнік не аднаго дзясятка распісных дошчачак Юрый Шульжык. — Неяк убачыў іх мой сябра і папрасіў для патрэб сацыяльнай майстэрні. Мы іх і аддалі.

Для жыхаркі Давыд-Гарадка Валянціны Ціхан цікеткі прадстаўляюць асаблівую мастацкую каштоўнасць. Жанчына не толькі сама размалёўвала цікеткі, але і доўгі час вучыла гэтаму мастацтву дзяцей у мясцовым доме творчасці.


— Ёсць у мяне пэўная колькасць дошчачак. У дзяцінстве спрабавала распісваць цікеткі, але вельмі мала. Многае з гэтага забылася, — расказвае жанчына. — Калі ўжо працавала, узнікла жаданне заняцца цікеткамі. Вось і стала іх распісваць, а пасля і дзяцей вучыла гэтаму. І выставы ў нас былі ў такім вось своеасаблівым стылі давыд-гарадоцкага жывапісу. Цікавы від роспісу, шкада што да яго цяпер інтарэс не такі, як раней.


Зямляк Валянціны Ціхан, паэт і празаік Леанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся і вырас у горадзе на беразе Гарыні, у кнізе «Акропаль» так распавядае пра цікеткі:

«Я збіраюся ў Парыж і бяру з сабою цікеткі. Маляўнічым веерам яны ляжаць на маім пісьмовым стале. Петунія, коўрыкі, настуркі, сальвія, карона, кларкія, аквілегія… На маім пісьмовым стале — мініяцюрны сад, густы гаспадарчы жывапіс, свядомая спрошчанасць фактуры, рытмічныя контуры, дэкарацыйна-плоскаснае пісьмо, заўсёдная святочнасць і супакаенне. На кожнай цікетцы — кветка, некалькі кветак або цэлае суквецце.

Не стульваючы вуснаў, вымаўляю тры сінічныя склады ці-кет-ка, і па языку струменіць гальская прахалода.

Цікетка — французскае etiquette ў давыд-гарадоцкім вымаўленні.

У дзяцінстве цікеткі былі маімі цацкамі. З іх я будаваў фінскія домікі, кітайскія пагады, нават варажыў на іх — гэта значыць глядзеў на цікеткі ўважліва, па-дзіцячы сур’ёзна, а белыя пялёсткі абрываў з кветак, папярэдне выразаных з блакнотнага лістка.

У Маскве, у Доме Герцэна, цікеткі замянялі мне ігральныя карты. Я старанна ператасоўваў іх і раскладваў пасьянс, вельмі спадзеючыся, што выпадзе шчаслівая кветка. Мне была патрэбна шчаслівая кветка, асабліва тады, калі па-вар'яцку прыгнятаў сябе самазабойчай эстэтыкай Малармэ і зусім заставаўся без слоў; калі не хапала сіл бог ведае ў які ўжо раз (соты! тысячны!) ісці на Валхонку, каб зноў і зноў апынуцца ў еўрапейскім раі пушкінскага музея…

Васнянікі - гандляры насеннем кветак — у польскія часы выстаўлялі на базарах над сваімі доўгімі сталамі плакаты з надпісам: Nasiona ogrodnicze. Пасля здагадаліся расквеціць насенныя сталы маляванай фанерай. Так і з’явіліся цікеткі - мініяцюрны наіўны жывапіс, старанны рэкламны служка вечна капрызнай Флоры.

Ні ў альбомы, ні ў музеі цікеткі пакуль што не трапілі. Яны ўсё яшчэ на базарах — кожная ў сваёй торбе, у сваім насенні. Каб упэўніцца, што гэта так, варта схадзіць на тую ж мінскую Камароўку ці на які іншы рынак.

Стыль цікеткі народжаны давыд-гарадоцкім клопатам; стыль не прыдуманы, а таленавіта ўгаданы, навеяны прысутнасцю блізкай Еўропы, таму цікетка — інтуітыўны працяг фавістычнага і прымітывісцкага жывапісу, мацісаўска-русаісцкае каляровае водгулле, а таксама — лагодны павеў рускага авангарда. Бубновавалетавец Ілья Машкоў цікетачна намаляваў сваю «Бягонію», Павел Кузняцоў - «Чырвоныя кветкі», а Марцірос Сар’ян адзін з нацюрмортаў 1913 года…

Сыса, Тукін, Цубер — прозвішчы давыд-гарадоцкіх мастакоў, але гэтыя прозвішчы не прачытаеш на цікетках, бо на цікетках пішуцца толькі назвы кветак".


Працы майстра па роспісе з Давыд-Гарадка Івана Цубера і другіх майстроў можна ўбачыць на выставе ў Столінскім раённым краязнаўчым музеі.

Дырэктар музея Святлана Вярэніч у размове з карэспандэнтам Медиа-Полесья адзначыла, што ў фондах раённага музея калекцыя цікетак на сённяшні час налічвае 144 штукі. Акрамя цікетак, на выставе прадстаўлены мяшэчкі, у якіх прадавалі насенне і мерныя стаканчыкі, што выкарыстоўвалі прадаўцы для перасыпвання насення пакупніку.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самі цікеткі ўяўляюць сабой распісныя дошчачкі з выявамі садовых і агароднінных культур.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика