Хто разбазарыў калекцыю зброі Радзівілаў?
25.05.2017 12:40
—
Новости Культуры
|
Радзівілаўскі арсенал у Нясвіжы быў адным з найлепшых збораў старадаўняй зброі ў Еўропе на пачатку ХХ ст. Цяпер 99% з яго, на жаль, за мяжой. У «Цэху жывой гісторыі» прайшла чарговая лекцыя на тэму «Даспехі нясвіжскіх Радзівілаў». Дзяжурным па цэху выступіў Сяргей Егарэйчанка, намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Тут жа адмысловец прэзентаваў сваю кнігу: унікальны каталог зброі з радзівілаўскага арсеналу. На жаль, сёння мы маем толькі выявы большасці прадметаў з той калекцыі. У найлепшым выпадку нешта можна вычапіць для часовай экспазіцыі, з іншых прадметаў - зрабіць якасныя копіі альбо хаця б фота для далейшага вывучэння. Як так выйшла? Сіротка любіў ствараць правілы і сам жа іх парушаўКалекцыю зброі Радзівілы збіралі некалькі стагоддзяў. Пачынальнікам лічыцца Мікалай Радзівіл Сіротка, які любіў ствараць правілы і сам жа іх парушаў. Так было, напрыклад, са створанай ім крыптай для пахаванняў, дзе меліся ляжаць выключна нашчадкі роду. Але першым жа пахаваным там аказаўся… слуга Сіроткі. Падобна выйшла і са зброяй. Збіраючы калекцыю, Мікалай Радзівіл чамусьці вырашыў падарыць тры найбольш каштоўныя камплекты даспехаў - Радзівілаў Чорнага, Рудога і свае асабістыя — эрцгерцагу Фердынанду. Шырокі жэст, так бы мовіць, які назаўжды вывеў рэліквіі з Беларусі. Зброі было так шмат, што «Рыцарскай залы» не хапалаЗ чаго складалася калекцыя? Асартымент быў вельмі стракаты: ад шэдэўральных даспехаў саміх уласнікаў Нясвіжа да шараговых элементаў зброі і даспехаў, якімі карысталася тая ж міліцыя Радзівілаў альбо прыватнае войска магнатаў. Найбольш рэдкія — турнірныя даспехі, штучны выраб пад канкрэтнага замоўцу, якія балансавалі паміж рыштункам і творам мастацтва і заўжды каштавалі шалёных грошай. Большасць зброі была вырабленая ў Еўропе — у Аўгсбургу, Нюрнбергу, Францыі, Італіі і г. д. Былі пры гэтым і экзатычныя прадметы, скажам, кітайскія сёдлы, зробленыя для тыбецкага рынку. Не абышлося і без мясцовых вырабаў беларускіх цэхавых майстроў, якія маглі як каваць, так і рамантаваць мячы ды панцыры, запатрабаваныя за часамі бясконцых войнаў з Масковіяй. Зброі і рыштунку ў Нясвіжы ўрэшце сабралася так багата, што для экспанавання не хапала «Рыцарскай залы»: шаломы і рукавы даспехаў упісваліся ў інтэр'еры побач з партрэтамі, алебарды стаялі ў капліцы і г. д. Нясвіжская калекцыя зброі цярпела неаднаразова: нешта вывезлі шведы падчас Паўночнай вайны, нешта — расійцы ў пазнейшы час, нешта — саветы ды марадзёры ў 1939-м, калі замак паўгода не ахоўваўся… Пры гэтым фатальнымі для калекцыі сталі 1925 і 1926 гады. Чаму? Авантура Альбрэхта РадзівілаНа той час ардынатам палаца лічыўся Альбрэхт Антоні Радзівіл, які прыняў лёсавызначальнае для збору рашэнне: каб паправіць фінансавы стан гаспадаркі магнатаў, трэба прадаваць калекцыі, найперш — зброі. Іншыя прадстаўнікі роду былі супраць, таму Альбрэхт рабіў усё таемна. З музея «Метраполітэн» у Нью-Ёрку ён запрасіў Стывена Грансцау — эмісара, які ездзіў па свеце, закупаючы для сваёй установы рэдкую зброю. Нагода была нібыта цалкам нявіннай: адмыслоўца выклікалі для атрыбуцыі і апрацоўкі прадметаў, бо Радзівілы нават не ведалі, што ёсць што ў калекцыі іхных продкаў. Насамрэч Стывен указаў на найбольш вартыя прадметы ды пракансультаваў Альбрэхта адносна цаны. У хуткім часе польская прэса падняла вэрхал, маўляў, Альбрэхт падарыў амерыканцу пяць поўных радзівілаўскіх даспехаў, а той вывез іх за мяжу па фальшывых дакументах. Гэта ўжо злачынства: парушэнне мытных правілаў, закону аб ардынацыі, падробка папераў… Але Альбрэхт выйшаў сухім з вады — справа не набыла абаротаў. Насамрэч ніякіх пяці вывезеных даспехаў не было. Гансал адмовіўся ад грошай за працу, папрасіўшы пару элементаў даспеху для музея. Гаспадар пайшоў насустрач: дакладна вядома пра перадачу пласцінкі ад шалома Генрыха Валуа ды кітайскага сядла XVIII ст., якія дагэтуль захоўваюцца ў «Метраполітэне». «Cherchez la femme…»Планы ў Альбрэхта былі маштабныя. Таму ў 1925-м ён вывозіць прадметы спачатку ў Варшаву, а ў 1926-м перапраўляе ў Лондан, дзе зброя і даспехі два гады будуць прадавацца з аўкцыёну «Крысці». Гаворка, безумоўна, ідзе пра сотні экспанатаў. Парадаксальна, але на бацькаўшчыне так ніхто не дазнаўся пра аферу. Прадбачлівы Альбрэхт прыняў для гэтага пэўныя меры, скажам, аўкцыённыя каталогі друкаваліся пад назвай «Выбітныя даспехі і зброя, вывезеныя з замка рускага князя, дзе яны захоўваліся з XVI стагоддзя па нашы дні». То бок пра Радзівілаў ні слова не было. Апошнія 80 лотаў былі прададзеныя ў 1927 годзе на Крысці, а ў 1928 годзе прадалі сем лотаў на аўкцыёне амерыканскай асацыацыі мастацтваў — гэта быў фінальны ўдар па колішняй калекцыі… Сёння аўкцыённыя каталогі - неацэнная крыніца для вывучэння нясвіжскай калекцыі. Там можна знайсці не толькі апісанні, але і фотаздымкі рарытэтаў, а часам — нават прозвішчы дылераў, якія выкупалі прадметы. Праз іх можна было далей разблытваць клубок і выходзіць на прыватных асобаў ды музеі, у якіх апынуліся даспехі, кальчугі і шаломы з арсеналу. Ці дорага каштавалі нясвіжскія скарбы? Прыкладам можа быць даспех вядомага еўрапейскага майстра, зроблены на замову Радзівілаў, цана якога склала 17 000 даляраў. На сённяшнія грошы гэта прыкладна 900 000, амаль мільён. Даспех невядомага майстра мог каштаваць 5000 даляраў і г. д. Цікавы штрых да гэтай дэтэктыўнай гісторыі: ужо пасля хвалі плётак ды выезду Гансала Альбрэхт Радзівіл проста… падарыў «Метраполітэну» шэраг прадметаў: стрэльбы, рапіры, кальчугі, паляўнічыя нажы і г. д. Чаму? Ніхто не ведае. Адна з версіяў схіляе да таго, што сантымент да ЗША Альбрэхт меў праз сваю былую жонку-амерыканку. Таму cherchez la femme… Лондан, Філадэльфія, Дрэздэн, Лідс, Парыж…Далейшыя дарогі рарытэтаў з Нясвіжу заблытаныя. Напрыклад, музей Фіцвільма ў Кембрыджы аказаўся адкрытым для супрацы з сучаснымі беларускімі даследчыкамі, дапамагаючы і даючы доступ да сваіх фондаў. А вось расійскія музеі, той жа Эрмітаж, куды даспехі траплялі пачынаючы з ХІХ ст., зазвычай хавае свае скарбы, даючы інфармацыю неахвотна. Дзе ж цяпер шукаць зброю і даспехі з Нясвіжа? Апроч музея Фіцвільма вядома што радзівілаўскія рэліквіі захоўваюцца ў музеі Вустэра, які знаходзіцца ў штаце Масачусэтс (адзінаццаць прадметаў, сярод якіх той самы турнірны даспех, прададзены за 17 000, альбо 900 000 даляраў на сённяшнія грошы). Тры прадметы — конскі шафран, кіраса, шалом — захоўваюцца ў Філадэльфіі. Калі казаць пра Еўропу, то чатыры элементы максіміліянаўскага даспеху ёсць у Брытанскім музеі. У Вене захоўваюцца тры паўдаспехі, падораныя яшчэ Сіроткам, сярод якіх адзін з найпрыгажэйшых у свеце, што належаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму. У Дрэздэне — шыкоўны паўдаспех з выявай крыжа, які насіў апошні вялікі магістр Тэўтонскага ордэна. У «Музеі Арміі» ў Парыжы — пярэдняя частка даспеху Юрыя Радзівіла Геркулеса… Тое-сёе — у Лідсы і Кембрыджы. Рэстытуцыя? Дык ўсё ж легальна!У якасці пасляслоўя можна прывесці цікавую байку пра міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанку. Калі той разам з Генадзем Бураўкіным знаходзіўся ў ЗША ў працоўнай камандзіроўцы і трапіў у мастацкі музей Філадэльфіі, яму, канечне, паказалі скарбы з Нясвіжа. Краўчанка быў уражаны і завёў размову пра рэстытуцыю, маўляў, трэба ж вяртаць скарбы на радзіму! У адказ амерыканцы ўсміхнуліся: усё набыта цалкам легальна праз аўкцыёны, як і большасць радзівілаўскіх прадметаў у іншых музеях. Так і атрымліваецца: камяні заўжды прасцей раскідваць, чым збіраць, асабліва калі займаюцца гэтым не чужынцы, а свае ж, землякі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Радзівілаўскі арсенал у Нясвіжы быў адным з найлепшых збораў старадаўняй зброі ў Еўропе на пачатку ХХ ст. Цяпер 99 % з яго, на жаль, за мяжой.
|
|