Як ідэалогія змяняла кніжную ілюстрацыю XX стагоддзя
14.08.2017 09:18
—
Новости Культуры
|
Што такое кніга? Канцэнтрацыя мудрасці? Праўда. Твор мастацтва? Таксама адпавядае рэчаіснасці. Гэтыя выказванні з лёгкасцю падцвердзіць кнігадрукаванне савецкага перыяду. TUT.BY пры падтрымцы *** Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, піша даследчыца Вольга Церашчатава, вялізную папулярнасць набываюць плакаты і карыкатуры. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Нават калі глядзець на пытанне «непрафесійнымі» вачыма: рэсурсаў на іх выраб патрабавалася няшмат, а эфект ад прамога і зразумелага пасылу атрымоўваўся вялікі. Пасля стварэння ў Беларусі Дзяржаўнага выдавецтва (1921 год) кнігадрукарская справа рэзка пайшла ўгору. Як вынік, на змену маленькім кнігам з мяккімі вокладкамі прыйшлі больш прафесійна зробленыя выданні. У той жа час напачатку XX стагоддзя Беларусь нароўні з іншымі краінамі Еўропы імкнецца выпрацаваць такія мастацкія мадэлі, якія б захавалі прысутнасць мастацтва ў паўсядзённым жыцці. У тагачаснай кніжнай ілюстрацыі не было пампезнасці, як гэта любілі рабіць у XIX стагоддзі. Наадварот, авангардная плынь імкнулася да пэўнай сціпласці, густоўнасці і насычанасці сэнсам, за што на яе сыпалася нямала крытыкі. У 1918-1922 гадах мастацкі густ кнігі вызначаецца ў тым ліку дзякуючы віцебскай школе. Супрэматычныя вокладкі, як трапна адзначае даследчык Міхаіл Баразна, ззяюць эпатажным полымем. Хаця самі кнігі ўяўлялі сабой брашуры, надрукаваныя на таннай паперы. Тым не менш, гэта не перашкаджала эксперыментаваць з тэхнікамі: калажом, фатаграфіяй. Дарэчы, Марк Шагал пасля таксама будзе займацца кніжным мастацтвам — зробіць ілюстрацыі да «Мёртвых душ» Гогаля і «Казак» Лафантэна. Аднак непасрэдна ў Віцебску ён ім не цікавіцца: бальшавісцкія тэорыі пралетарскага мастацтва не супадаюць з яго эстэтычнымі прынцыпамі. Але ўсё ж некаторыя ад гэтых прынцыпаў пасля адступалі. Мастак Міхась Філіповіч спачатку захапляўся футурызмам, пасля кубізмам, але, як піша Церашчатава, «гэтыя „ізмы“, як дзіцячая хвароба, хутка адышлі, не пакінуўшы прыкметнага следа ў яго творчасці». Пакінуўшы авангардную плынь, мастак перайшоў да стылістыкі, якая ў ранні савецкі перыяд была больш запатрабаванай. Па навуковым меркаванні Церашчатавай, свой шлях Філіповіч шукаў у «адчуванні еднасці, непарыўнай сувязі з мастацкай спадчынай народа, добрым веданні яго вуснай паэтычнай творчасці, матэрыяльнай культуры, штодзённага побыту і любові да роднай прыроды». Што пад гэтым шырокім вызначэннем маецца на ўвазе, можна прасачыць па ілюстрацыях да кнігі Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы». На адной выяве арол у царскай кароне б’е селяніна, які гне спіну над плугам. На другой можна назіраць карціну з саманазвай «Панскі рогат». Селянін, згорбіўшыся, сядзіць ля сваёй хаты, а пан задаволена складае рукі на жываце. Гузікі на ім, падкрэслівае мастак, ледзь зашпільваюцца. Трэцяя ілюстрацыя перадае сапраўды ваяўнічы настрой. Тут Філіповіч заганяе пана ў вугал. Насядае на яго раз’юшаны натоўп сялян з моцнымі кулакамі (кулакі тут — частка рукі). Цікавая дэталь: пад цэнтральнай фігурай ляжыць зрынуты каталіцкі крыж. Церашчатава суміруе: «Ва ўсіх дзесяці пастаронкавых ілюстрацыях, зробленых у тэхніцы пяра, мастак раскрывае ідэйны сэнс паэмы і праз малюнак выказвае сваё стаўленне да яе. <…> Сэнс малюнка з вокладкі абагульнены: разгром памешчыкаў і белагвардзейцаў. Кампазіцыя пераклікаецца са словамі паэмы: …Дзень новы, новыя ночы, Век новы: агню, дыму, попелу… Будзе шмат каму горача, Нам толькі цёпла, Дармо, што мы босыя. *** Пакуль кніжную ілюстрацыю яшчэ не захапілі каноны сацрэалізму, у 1924-1934 гадах актыўна развіваецца творчасць «маладнякоўцаў». «Маладняковец», піша даследчык мастацтва беларускай кнігі Міхаіл Баразна, стаў сінонімам усяго новага, перадавога, што выраблялася на ніве творчасці. Яна, гэтая ніва, узбагачаецца дагэтуль не ўжывальнымі ў мастацкай практыцы сімваламі: бярозавы гай, разгалісты дуб, зоркі і промні, маторы, самалёты, электрычныя лямпачкі. Аднак у другой палове 1930-х гадоў пад ціскам ідэалогіі, скіраванай супраць авангарду, «адбываецца змена эстэтычных прынцыпаў, і большасць мастакоў-канструктывістаў пачынае спавядаць фігуратыўную пластыку». Тым не менш, «маладнякоўцы» паспелі пакінуць пасля сябе багатую спадчыну. Яе можна ўбачыць на вокладцы паэмы Алеся Дудара «Шанхайскі шоўк». Аздобіў яе Анатоль Тычына. Падобныя прыродныя матывы ёсць і на яго ілюстрацыях да кнігі «Барвенок» Алеся Гурло, «Дні вясны», а таксама ў працах Алі Ахола-Вало (Паўлюк Трус «Ветры буйныя»), Валяр’яна Дваракоўскага (Тарас Гушча «Выбраныя апавяданні»). Дарэчы, у гэты ж перыяд актуалізуецца тэма барацьбы з п’янствам. Якімі адлюстроўваліся аматары моцнага алкаголю, можна паглядзець на выявах «маладнякоўца» Валяр’яна Дваракоўскага (Страгун «Гарэлка — атрута беднаты»), Анатоля Тычыны (Уладзіслаў Галубок «Пісаравы імяніны»). *** «Напачатку 1930-х гадоў канструктывісцкі стыль усё яшчэ захоўвае свае пазіцыі ў кніжным мастацтве, але ўсё менш гарманіруе са зместам новых літаратурных твораў», — са шкадаваннем адзначае даследчык Баразна. Так фарміруецца новая мастацкая плынь — сацыяльны рэалізм. У кніжных ілюстрацыях гэтага перыяду для звычайнага савецкага чалавека ўсё мусіць быць проста і зразумела. Яны адназначна даюць адказы на пытанні, развагаў і пошукаў тут не трэба. Вось, да прыкладу, выява з кнігі Міхася Лынькова «Міколка-паравоз». Вось Міколка, а вось — паравоз. Вось польскія легіянеры, а тут — шэрыя сцены дамоў. І дзед Талаш на наступных старонках (Якуб Колас «Дрыгва»). Таксама кніга бярэ на сябе ролю медыя. Яна расказвае чытачу пра вялікія сацыялістычныя змаганні, дасягненні і паказвае прасякнутыя патасам малюнкі — фарміруе вобраз нармальнага савецкага жыцця. З гэтай пары знікаюць любыя адхіленні ад генеральнай лініі, асабліва калі выдавецкімі цэнтрамі становяцца Масква і Ленінград (1930-1932 гг.). Як след, мясцовыя мастакі пачынаюць імкнуцца да пераасэнсавання нацыянальных традыцый. Гэта, па словах Баразны, мела спрошчаны характар, а часам і нігілістычнае стаўленне да нацыянальнай мастацкай спадчыны. У такой атмасферы кнігадрукаванне Беларусі, а дакладней Беларускай ССР, развівалася да 1950-х гадоў. У пасляваенны час не адбываецца нічога новага і прагрэсіўнага. Мастацтва кнігі па-ранейшаму развіваецца на пераасэнсаванні расійскага мастацтва другой паловы XIX стагоддзя. Дызайн фантануе пампезнасцю, аддае перавагу рукапісным шрыфтам і класічным формам. Дарэчы, нягледзячы на нядаўнюю перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ваенная тэма з’яўляецца на кніжных старонках нашмат пазней. Увекавечваць яе пачнуць толькі ў 1970-х. Пасля таго як на беларускай мастацкай традыцыі паставілі крыж і замянілі яе савецкім «навадзелам», у часы «адлігі» пачынае фарміравацца новая нацыянальная школа. Адбывалася гэта ў тым ліку дзякуючы стварэнню вышэйшых навучальных устаноў мастацкага профілю. З іх выходзіць шмат графікаў, якія пасля будуць аздабляць сваімі працамі кнігі — знітоўваць змест і афармленне. У 1960-х пачынаецца ўздым нацыянальнай праблематыкі. Мастакі пачалі пераасэнсоўваць традыцыі беларускай народнай культуры. Найперш такія пераасэнсаванні з’явіліся ў кнігах з народнымі і аўтарскімі казкамі. «Трэба сказаць, што беларускія мастакі імкнуліся не проста апісаць этнаграфічную карціну, а выявіць пазітыўныя псіхалагічныя рысы характару беларусаў, стваральную жыццесцвярджальную сілу народа, якая праз стагоддзі аптымізавалася ў казках, прымаўках, прыказках, абрадах і песнях», — піша Баразна. Вось такімі ўяўляліся і выяўляліся беларусы. Затое з вышыванкай (глядзіце ніжэй). 1980-я — сярэдзіна 1990-х гадоў лічыцца перыядам найвышэйшага росквіту кніжнай графікі. Асаблівых вышыняў дасягнула афармленне выданняў для дзяцей. Дзякуючы выдавецтву «Юнацтва» штогод друкавалася больш за 150 кніг, наклад якіх складаў 10 мільёнаў асобнікаў. А гэта, між іншым, чвэрць усіх выдадзеных кніг у БССР. Згодна з Міхаілам Баразной, часта аўтар кніжнага афармлення мастацкай літаратуры для дзяцей станавіўся больш вядомым, чым аўтар тэксту. І не дзіўна: ёсць верагоднасць, што, прагледзеўшы гэтыя малюнкі, у сэрцы знаёма і прыемна зашчыміць дзіцячымі ўспамінамі.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
*Партнерский материал |
|