Год малой радзімы: На футбол у Цераблічы ездзілі на трактары. 21.by

Год малой радзімы: На футбол у Цераблічы ездзілі на трактары

20.04.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

DSCF5590Сустрэча з ураджэнцам Дубая Іванам Уладзіміравічам Бурдой адбылася на Радаўніцу. Разам са сваім бацькам, якому ўжо 93 гады, ён прыехаў на сваю малую радзіму па штогадовай традыцыі – ушанаваць памяць блізкіх людзей, якіх ужо няма побач.

Ды разам з гэтай місіяй у Івана Уладзіміравіча быў яшчэ запланаваны візіт у мясцовае сельгаспрадпрыемства. Але пра ўсё па парадку…

Іван Уладзіміравіч Бурда нарадзіўся ў 1949 годзе ў Дубаі. Сярод яскравых успамінаў падлеткавых гадоў – спаборніцтвы па футболе. Гэта быў надта папулярны занятак у вясковай моладзі. У 1966 годзе дубайская каманда заваявала нават кубак раёна.

Залатым годам называе Іван Уладзіміравіч час атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі. Тады ў Дубаі было аж пяць выпускных класаў. Гэта прыкладна 125 чалавек. І з іх у вёсцы засталося дзесьці сем выпускнікоў. Астатнія маладыя людзі альбо паступілі вучыцца далей, альбо пайшлі працаваць на заводы ў вялікіх гарадах. У тыя часы праз пяць-шэсць гадоў работы на буйных прадпрыемствах людзі атрымлівалі жыллё. Гэта быў адзін са стымулаў.

— Трэба вучыцца, — казаў Івану і яго двум братам бацька. – Інакш будзеце, як мы, камароў карміць у дубайскіх балотах.

— Тады менш чым 20 тон сена бацька не нарыхтоўваў. Таму што трэба было ў калгас аддаваць частку. Лішнюю сотку зямлі таксама нельга было пасадзіць – усё калгаснае, — узгадвае Іван Уладзіміравіч.

На той момант дзядзька Івана паступіў вучыцца ў Пермскі сельскагаспадарчы інстытут. Ён застаўся на Урале пасля службы ў арміі. У адзін з візітаў у Дубай прапанаваў і пляменніку ехаць з ім. Так і апынуўся выпускнік у Пярмі і стаў вучыцца на агранома.

Там жа сустрэў хлопец і сваю каханую, якая стала яго жонкай. Адслужыў Іван у армейскіх радах марской пяхоты на Дальнім Усходзе, і разам з сям’ёй вярнуўся на малую радзіму.

У чэрвені 1972 года малады аграном накіраваўся на сваё першае працоўнае месца ў калгас “Чырвоны сцяг”, што ў Вялікім Малешаве. Іван Уладзіміравіч шчыраваў там на працягу шасці гадоў. Дарэчы, яго калегай быў цяперашні старшыня КСУП “Відзіборскі” Сяргей Фядосавіч Лахадынаў.

— Мы дабіваліся нядрэнных вынікаў, — кажа Іван Уладзіміравіч. – Напрыклад, у 1976 годзе ўраджайнасць па гаспадарцы была каля 44 цэнтнераў збіралі з гектара. Гэта пры тым, што тэхнікі амаль не было. Старэнькія сеялкі, культыватары. Землі ж урадлівыя – кукуруза расла мах. А ўбіраць толкам і няма чым. Праўда, у работніках дэфіцыту не было.

Маладыя спецыялісты паспявалі не толькі ў працы, ды і пра любімы футбол не забывалі.

— Гулялі тады за каманду Вялікага Малешава, — узгадвае Іван Уладзіміравіч. – Калі старшыня машыну не выдзяляў ехаць на спаборніцтвы, бралі гусенічны трактар і – на Цераблічы!

Ды напрыканцы сямідзесятых давялося Івану Бурдзе змяніць і месца работы, і месца жыхарства. А “паспрыяла” гэтаму спрэчка з першым сакратаром райкама партыі. Не зышліся яны ў поглядах на час уборкі збожжа.

Так Іван Уладзіміравіч разам з сям’ёй, у якой гадавалася ўжо двое дзетак, пераехаў у Брэсцкі раён. Стаў працаваць аграномам у калгасе “Савецкая армія”, потым назапашваў каштоўны вопыт СВК “Астрамечава” пад кіраўніцтвам выдатнага прафесіянала, старшыні Аляксея Скакуна.

Калі ў працэсе рэарганізацыі калгасаў “Іскра” і “Савецкая армія” ствараецца адна гаспадарка – цяперашняе ААТ “Чарнаўчыцы” (Брэсцкі раён), кіраўніком туды прызначаюць Івана Уладзіміравіча Бурду. І па цяперашні час ён нязменны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства.

Тэма сельскай гаспадаркі – галоўны канёк у гутарцы з Іванам Уладзіміравічам. Ён ведае пра зямлю ўсё да дробязяў.

— Асноўны від дзейнасці нашай гаспадаркі – развядзенне буйной рагатай жывёлы малочнага кірунку, — гаворыць кіраўнік “Чарнаўчыц”. – Зараз усё пагалоўе каля 5000 галоў. Надой ад адной каровы за суткі 21,5 літра.

Пачыналі з будаўніцтва   фермы на 350 галоў за ўласныя сродкі. Другую ферму будаваць дапамагала дзяржава. Мінулым летам зрабілі рэканструкцыю малочна-таварнага блока на 450 галоў. Амаль 12 гадоў жывёла знаходзіцца на стойлавым утрыманні. Па меркаванню Івана Уладзіміравіча, выганяць кароў на пашу – нерацыянальна выкарыстоўваць зямлю. Неабходна мець добры запас кармоў, чым і кіруецца ў сваёй дзейнасці гаспадарка.

Ёсць у “Чарнаўчыцах” сад, што займае больш за 200 гектараў. Пабудавана адно з лепшых у вобласці сховішча для яблыкаў.

На сённяшні дзень у гаспадарцы каля 260 працаўнікоў. Сярэдняя зарплата каля 820 рублёў. І за апошнія 15 гадоў не было ні разу затрымкі з яе выплатай. Нягледзячы на блізкасць абласнога цэнтра – каля 20 кіламетраў, з кадрамі праблем няма – ніхто не пераязджае ў горад. Магчыма, таксама з-за правільнай палітыкі кіраўніцтва. Хто з працаўнікоў стварае сем’і – атрымліваюць жыллё. Раней гаспадарка яго будавала, цяпер жа купляе. Наогул, дырэктар перакананы ў тым, што поспех у рабоце любой гаспадаркі – стабільнасць кадраў. Спецыялістаў бяруць нават на перспектыву. І з гэтым не паспрачаешся.

Сучасны машына-трактарны парк таксама гонар “Чарнаўчыц”. Ёсць і сваё кафэ.

Відавочна, што менавіта дзякуючы вопыту кіраўніка, “Чарнаўчыцы” займаюць лідзіруючыя пазіцыі. Так, па выніках работы за 2016 год ААТ “Чарнаўчыцы” занесена на Галерэю славы Брэсцкага раёна ў намінацыі “Лепшае сельскагаспадарчае прадпрыемства”. Дырэктар удастоены ганаровага звання “Чалавек года Брэстчыны”. Годам раней за значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і за шматгадовую добрасумленную працу Іван Бурда ўзнагароджаны ордэнам Айчыны 3-й ступені.

Як адзначае Іван Уладзіміравіч, ён і па цяперашні час адной з самых важных у рабоце сельгаспрадпрыемства лічыць агранамічную службу. І цяпер у яго працоўным дні як мінімум двухразовы аб’езд палёў.

— Аграном – гэта чалавек, які як з вышыні птушынага палёту бачыць усе палеткі. Трэба быць стратэгам і ўмела выкарыстоўваць і ўгнаенні, і тэхніку. Усё павінна рухацца, як на полі бою!

Таму падчас нядаўняга візіту ў Дубай Іван Уладзіміравіч заўважыў, што хоча праехаць па мясцовых палях. Маўляў, у мінулыя гады адзначаў, што доб-рыя землі запушчаны, а сеюць на буграх.

Пра сваю малую радзіму сапраўдны гаспадар не забывае і дапамагае па меры магчымасці. Вось, напрыклад, перадалі КСУП “Дубайскі” шэраг тэхнікі. Яна, канешне, не новая, але значна лепшая за тую, што ёсць тут на ўзбраенні.

Ёсць намеры аднавіць купалы царквы. Затрымка за афармленнем неабходных дакументаў, бо Дубайскі храм – гісторыка-культурная каштоўнасць.

Землякам Іван Уладзіміравіч жадае поспехаў. І не жыць, як у закрытай прасторы толькі ў сваім коле.

Алена КЛІМУШКА

Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  Сустрэча з ураджэнцам Дубая Іванам Уладзіміравічам Бурдой адбылася на Радаўніцу. Разам са сваім бацькам, якому ўжо 93 гады, ён
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика