"Чароўныя кроплі", якія захапляюць дзяцей...
15.05.2018
—
Новости Культуры
|
![]() Калі нараджаецца талент? Як зразумець, што некалі са звычайнага хлопчыка ці дзяўчынкі вырасце майстар, які здзівіць асаблівымі здольнасцямі і створыць сапраўдны шэдэўр? Адказы на гэтыя пытанні, напэўна, ведае педагог ДУА “Любішчыцкая СШ” Алена Аляксандраўна Лукашэвіч. Аб’яднанне па інтарэсах з экзатычнай назвай “Батык”, якім яна кіруе, карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод вучняў школы, а сама Алена Аляксандраўна стала для іх прыкладам, на які хочацца раўняцца. Магічныя пералівы адценняў Батык – гэта мастацтва роспісу тканіны разнастайнымі фарбамі. Лічыцца, што радзіма батыку – Інданэзія, а само паняцце з інданезійскага перакладаецца як “кропля воску” і вельмі дакладна апісвае тэхналогію: на тканіну – шоўк, бавоўну, шэрсць, сінтэтыку – наносіцца адпаведная тыпу тканіны фарба. А воск грае ролю замацавальніка, бар’ера, які не дазваляе адной фарбе злівацца з іншай. “Рэзервамі”, як называюць іх мастакі, могуць служыць парафін, гумовы клей, розныя смолы і лакі. Алена Аляксандраўна захапілася батыкам яшчэ ў канцы 90-ых гадоў, да гэтага яна працавала ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але менавіта батык яе захапіў пералівістым багаццем найскладанейшых колераў і адценняў. Яна ўпэўнена: карціны, створаныя ў тэхніцы батыку, быццам дыхаюць, струменяцца, нібы шоўк на лёгкім ветрыку. Калі працавала ў Цэнтры творчасці ў Глуску, разам са сваімі выхаванцамі ўдзельнічала ў конкурсах і выстаўках рознага ўзроўню – гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных. Самым запамінальным з іх быў Міжнародны конкурс стылізаванай моды “Славянскі стыль”, які прынёс перамогу – Гран-пры. Да яго Алена Аляксандраўна рыхтавала народныя строі з выкарыстаннем розных тэхнік батыку. Зараз карціны, якія створаны рукамі Алены Лукашэвіч, упрыгожваюць не толькі яе ўласны дом, а разляцеліся ў розныя куточкі свету – у Англію, Ізраіль, Польшчу. Лёс склаўся так, што Алена Аляксандраўна апынулася ў Івацэвіцкім раёне, але свайго захаплення не пакінула, а яшчэ перадала любоў да мастацтва сваім вучням. Адміністрацыя Цэнтра дзіцячай творчасці г. Івацэвічы і адміністрацыя ДУА “Любішчыцкая СШ” пайшлі насустрач у стварэнні аб’яднання па інтарэсах, якое працуе на базе Любішчыцкай школы. Цяпер у аб’яднанні займаюцца больш за 20 чалавек, у асноўным гэта вучні 5-8 класаў. Некаторыя з іх тут з пачатку існавання аб’яднання і ўжо робяць вялікія поспехі – іх работы не першы год перамагаюць у конкурсах абласнога і рэспубліканскага маштабу. Так, вучаніцы Дзіяна Адамовіч, Анастасія Ваўчок, Алена Навумчык, Марыя Снітко, Валерыя Галушка, Мілена Шчытова, Дар’я Мінчук, Паліна Самуйлік, Вікторыя Мананнікава сталі дыпламанткамі рэспубліканскага этапа выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка”, а год таму яны былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і атрымалі запрашэнне ў Брэст, дзе ад імя дзяцей вобласці ўручалі навагодні падарунак – сваю калектыўную творчую работу – старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолію Лісу. Вучаніца Дзіяна Раманюк у 47-ай абласной выстаўцы дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп” атрымала дыплом I ступені УА «Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці» ў намінацыі «Мастацкі роспіс», а шматгадовыя дасягненні ў творчых конкурсах Аліны Мацко і Марыі Кіршун адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама. У бягучым навучальным годзе аб’яднанне па інтарэсах “Батык” адзначана дыпломам I ступені на раённым этапе XXI Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” і дыпломам І ступені на раённым этапе абласнога конкурсу-выстаўкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Вясёлкавы калейдаскоп”. Галоўнае – падтрымаць Алена Аляксандраўна дэманструе работы сваіх падапечных: на карцінах ажываюць беларускія казкі, зімовыя пейзажы, падводныя глыбіні, чароўныя нацюрморты. Здзіўляешся, што яны створаны дзіцячымі рукамі. – Тканіну набываем у звычайных магазінах, фарбы – у інтэрнэт-магазінах, на шчасце, зараз спецыялізаваных магазінаў з таварамі для хобі шмат, – расказала Алена Аляксандраўна. – Часам, калі “рэзерваў” у магазіне няма, варым іх разам з дзецьмі самастойна. Чулі б, якія пахі тады тут стаяць! Дзеці заўсёды з задавальненнем прыходзяць на заняткі і вельмі ганарацца, калі забіраюць гатовую работу дадому. Трэба адзначыць, што бацькі не шкадуюць сродкаў на захапленні дзяцей. Батык – не самае дарагое хобі, але пэўныя затраты ўсё ж такі ёсць. Прыемна, што бацькі падтрымліваюць творчыя пачынанні дзяцей. Хто ведае, можа для кагосьці з іх гэтае захапленне ператворыцца ў справу жыцця. Назіраючы, з якой засяроджанасцю дзяўчынкі вучацца распісваць тканіну, стала зразумела: батык – вельмі карпатлівая праца. Ён патрабуе вялікай аддачы. Але педагог упэўнена: навучыцца мастацтву батыка можа кожны вучань, было б жаданне. Але, канешне, лягчэй будзе дзецям, якія адчуваюць кампазіцыю, спалучэнні колераў, гульню святла і ценю. Алена Аляксандраўна сцвярджае, што ўсё гэта можна развіць, бо задача прафесійнага педагога падобна да задачы клапатлівага кветкавода. Галоўнае – даць магчымасць вучням раскрыцца. У кожнага свой погляд на мастацтва, свой любімы колер, тэма, тэхніка. І задача педагога – падтрымаць творчыя памкненні дзяцей, дапамагчы выбраць правільны шлях і, канешне ж, шчыра радавацца перамогам вучняў. І тады будуць раскрывацца адзін за адным дзіцячыя таленты, як вясновыя кветкі. Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра поспехі навучэнцаў аб'яднання па інтарэсах "Батык" ДУА "Любішчыцкая СШ"...
|
|