Своеасаблівы мастацка-дакументальны летапіс нясвіжскага краявіду. 21.by

Своеасаблівы мастацка-дакументальны летапіс нясвіжскага краявіду

01.03.2020 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

27 лютага споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння нясвіжскага мастака, выдатнага беларускага майстра жывапісу і графікі, Міхала Сеўрука.

Парк Альба і яго блізкія ваколіцы былі месцам не толькі ўлюбёных праходак падчас адпачынку, але і сталай творчай майстэрняй Сеўрука-пейзажыста. Невыпадкова на адным з лепшых сваіх фотаздымкаў Міхал Канстанцінавіч менавіта там, пад пракаветнымі шатамі. У асеннім паліто і звыкла тыповым багемным барэце, пільным вокам узіраецца ў толькі яму бачныя лініі і колеры. Вобразна і кампазіцыйна асэнсаваныя, яны знаходзілі пасля сваё выяўленне ў жывапісных ці графічных творах. Многія з іх вядомыя аматарам па шматлікіх выставах, сталі хрэстаматыйнымі і пазнавальнымі.


 “Вербы” (60-я гады. З прыватнай калекцыі)

Часцей гэта былі ліпы, што ўздоўж цэнтральнай алеі, з дужымі камялямі ў адвечнай кары, прыспушчанымі долу галінамі. Часам міжволі падумаеш, што мастаку, які наведаўся сюды, не трэба было шмат часу, каб  выбраць зялёных натуршчыц — яны, здавалася, самі выходзілі насустрач, выстраіўшыся пры дарозе адна перад адной, быццам на подыуме. Некаторых можна пазнаць і сёння, хоць і памажнелі, і пацямнелі ў кары, і задуплаваліся, высока разгарнуўшыся ў кронах. Іншыя ўжо адышлі, скарыліся законам прыроды. Але — о цуд! — імі вы і сёння можаце любавацца і захапляцца. Другое (і вечнае!) жыццё дало ім мастацтва. Мы маем шчаслівую магчымасць бачыць іх неў-міручыя вобразы на жывапісных ці графічных работах нясвіжскага класіка.

Аддаючы перавагу альбянскім алеям ды ўрочышчам, не абмінаў мастак і знакаміты прызамкавы парк. Прыгадваю пачутае ад жыхара Нясвіжа Аркадзя Язэпчыка, якому надарылася бачыць мастака за працай менавіта там, у Старым парку. “Непадалёку, — сведчыў Аркадзь Аляксандравіч, — прагульвалася Раіса Сямёнаўна, а сам Міхал Канстанцінавіч маляваў, трымаючы ў адной руцэ палітру з фарбамі, а ў другой пэндзлік”.

Запомнілася мне з таго аповеду паважліва асцярожнае здзіўленне далёкага ад мастацтва чалавека: маўляў, выбраў мастак для натуры зусім някідкі, цёмны закутак, зарослы травой ды закіданы абламаным голлем… Што там маляваць? А ён — малюе!

“Паводка ў Альбе” (1927 г. З прыватнай калекцыі)

Адказ на здзіўленне, бадай, відавочны і зразумелы: мастак выбіраў натуральнае, жывое ў сваёй вобразнай праўдзе. Не пасыпаныя пяском дарожкі, не падрэзаныя пад адзін шнур кусцікі, не ідылічна-люстраную гладзь вады, як тое выбера аматар-фатограф, а жывыя праявы прыроды — дрэва з абламанымі галінамі, бярозы пад парывістым ветрам, узлесак, дзе… “пахне зайцам”, як гэтаму вучыў сам Фердынанд Рушчыц. Вядомая гісторыя, калі яшчэ маладым студэнтам паказваў Сеўрук намаляванае за час летніх вакацый. Рушчыц, мастак і настаўнік, паглядзеў на яго пейзажы, пахваліў, ды пасля дадаў: “…Але зайцам не пахне”. Заўвага была пра гранічную натуральнасць, майстэрства дасягаць (хай адным штрыхом) паху самога паветра, натуральнага выяўлення прыроды.


“Дарога ў Альбу” (50-я гады. З прыватнай калекцыі)

Да гэтай — гранічнай — натуральнасці заўсёды імкнуўся Міхал Канстанцінавіч, калі браў у рукі аловак ці пэндзаль. Вельмі часта і на яго гарадскіх пейзажах дамінуе гэткі ж подых прыроднага космасу — разліў паводкі, дружны гурт таполяў, рух аблокаў у небе.

Думаецца, пройдзе яшчэ колькі часу — і нясвіжска-альбянскія пейзажы Міхала Сеўрука набудуць, дый набылі ўжо, апроч мастацкай ды эстэтычнай, яшчэ і навукова-края-знаўчую каштоўнасць. Бо мастак, маючы спрактыкаванае вока і талент, як бы пазначае, маркіруе найбольш адметныя рысачкі асяроддзя: сілуэты, станы прыроды, лініі рэльефу. Тым самым трэніруе наш густ, наша вока, выхоўвае і падказвае.

Галерэя нясвіжскага мастака адметнай еўрапейскай традыцыі мае неацэннае значэнне. Яго “маркеры”-знакі могуць стацца асабліва надзённымі і запатрабаванымі падчас забудовы і абнаўлення горада, ваколічных краявідаў. Пейзажная старонка ў спадчыне Міхала Сеўрука — своеасаблівы мастацка-дакументальны летапіс нясвіжскага краявіду, ваколіц горада, чароўных альбянскіх мясцін.

Сёння ва ўлюбёнай сеўруковай Альбе, як і заўсёды, як штодня, сваё жыццё: зялёныя завушніцы развесіў алешнік, раней часу намерваецца зацвісці ранневясновы пятроў крыж… Паваленыя праз канаву дрэвы ўтварылі паэтычныя кладачкі… Маладзенькія сястрычкі-алешыны дружна выбеглі пад самую дарогу. Яны чакаюць свайго Сеўрука.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
27 лютага споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння нясвіжскага мастака, выдатнага беларускага майстра жывапісу і графікі, Міхала Сеўрука. Парк Альба
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика