У энергетычнай пятлі. 21.by

У энергетычнай пятлі

06.01.2010 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Братэрская інтэграцыя» без скандалаў не можа. Цяперашняя нафтавая спрэчка лішні раз гэта пацвярджае.Лукашэнкавы крытыкі ўжо мільён разоў казалі: няма чаго было лезці ў пятлю саюзнай дзяржавы, даўно б жылі як людзі. Але скептыкі тут жа зразаюць: ну і далёка адышлі вашы прыбалты, напрыклад? Таксама ж у яме.

Пардон, але яма яме не роўная.

«Па малых адкрытых эканоміках крызіс б’е больш балюча, — адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук. — Аднак давайце паглядзім, хто з якога ўзроўню падае».

Эксперт прыводзіць лічбы.

У 1989 годзе мы былі амаль удвая багацейшыя за літоўцаў, калі браць ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупной здольнасці: 6 667 долараў супраць 3 603. А вось у 2007-м прапорцыя выглядала ўжо як 10 841 супраць 17 575 не на карысць Беларусі.

Амаль у паўтара разы ($15 987) абагналі нас у гэтым плане і палякі, якія калісьці, памятаеце, скуплялі ў Беларусі ўсё запар, бо ў іх наогул быў голы васэр.

У Латвію, якую крызіс дзеўбануў асабліва балюча, цяпер укідаюць велізарныя грошы Еўразвяз ды МВФ. «Санацыя эканомікі там ідзе праз Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, скандынаўскія банкі. Гэта ўжо і іх праблемы», — адзначае Яраслаў Раманчук. Іначай кажучы, краіны Балтыі паспелі ўбудавацца ў Еўропу дастаткова для таго, каб не згінуць па адной. У вялікай кампаніі заўсёды знойдзецца ратавальны план Б.

А вось аўтаркія гордай сінявокай рэспублікі вядзе да таго, што Расія метадычна намагаецца прыперці да сценкі.

Пасткі былі расстаўленыя яшчэ на мяжы 2006–2007 гадоў. Тады пасля нервовага высвятлення адносінаў Масква навязала Мінску два пагадненні — па газу і нафце.

Нафтавае пагадненне, разлічанае на тры гады, было варыянтам плаўнага закрыцця беларускага афшору: Масква распланавала паступовае скарачэнне мытнай зніжкі на чорнае золата. Цяпер прыйшоў час разлічвацца па поўнай праграме, але Мінск ўсё яшчэ не верыць, што банкет скончаны.

Аднак тая акалічнасць, што разбірацца з братэрскай Беларуссю ў нафтавым пытанні даручана віцэ-прэм’еру Сечыну, старому паплечніку Пуціна і па жыцці суроваму чалавеку, лішні раз паказвае: жарты прэч, беларускую нафтанку ужо «замовілі»!

Газавае пагадненне, заключанае з Мілерам «пад елачкай» за дзве хвіліны да наступлення 2007 года, — таксама не што іншае, як паэтапнае ўразанне гранту. Прадугледжаны паступовы выхад на еўрапейскія цэны да 2011 года.

Так, перыядычна робяцца нейкія палітычныя зніжкі, але сутнасці справы гэта не мяняе. Развязка і ў газавым пытанні непазбежная. Праз год у беларускага начальства будуць, мабыць, такія ж круглыя вочы: няўжо поза страуса зноў не спрацавала?

Як бачым, Расія метадычна рэалізуе свой план — дэталёва распісаную да 2011 года стратэгію эканамічнага націску на Беларусь. А тутэйшае начальства ўсё грувасціць саўковыя пяцігодкі росту ВУП ды спадзяецца на ўдачу.

Чарговай авантурай стала ўваходжанне ў мутны Мытны звяз. Цяпер аказалася, што надзеі на танныя энергарэсурсы пад новай шыльдай не пракочваюць.

І потым, гэта вялікая ілюзія, што вось, маўляў, скончыцца крызіс — і айчынныя тавары зноў шырокай плынню хлынуць на расійскі рынак. Расія стварыла шмат паралельных нашым вытворчасцяў. Прычым часта перакупляючы нашых жа яйкагаловых, як грубавата-любоўна называе іх беларускі афіцыйны лідэр. Карацей, наш тавар страчвае канкурэнтаздольнасць.

Але ж у Еўропу з гэнакім асартыментам тым болей не сунешся! Зачараванае кола. Як ні круці, а мы ж гандлявалі з буржуямі найперш прадуктамі перапрацоўкі таннай расійскай нафты. Крэмль ведае, у якое месца біць!

Чым яшчэ ратавацца? Разважанні галоўнага беларускага начальніка, што вось, маўляў, паўтара мільярда галадаючых у свеце ёсць гарантыяй попыту на прадукцыю нашага аграпраму, мякка кажучы, не вытрымліваюць крытыкі. У гэтых небарак няма грошай на магілёўскую тушонку. Каб трэці свет быў болей платаздольным — яго ўжо завалілі б харчамі заходнія фермеры.

Карацей, мы ў глыбокай яме. Ці была яна фатальнай?

«Масква найболей засцерагалася, што Беларусь пачне мадэрнізацыю, пакуль ідзе вялікі энергетычны грант, — гаворыць Раманчук. — Але «попрыгунья-стрекоза лето красное пропела».

Цяпер расійскае кіраўніцтва, на думку эксперта, разлічвае на тры рэчы: 1) Лукашэнка не асмеліцца выйсці з Мытнага звязу; 2) не рызыкне пачаць сістэмныя рынкавыя рэформы; 3) не адважыцца на сапраўднае збліжэнне з Еўропай.

Разважанні афіцыйнага лідэра на пераднавагодняй прэс-канферэнцыі (Мытны звяз улучна з новымі мытамі на аўто нам жудасна выгадны, рэформаў не хоча паспаліты люд, а Еўропе няма чаго гуляць у кошкі-мышкі) павінны былі ў гэтай сувязі парадаваць маскоўскіх стратэгаў. У сэнсе: куды ён дзенецца з падводнай лодкі!

Між тым

краіна апынулася ў энергетычнай пятлі. І будаўніцтва АЭС пры дапамозе Расіі можа толькі тужэй зацягнуць гэтую пятлю. Усе ж іранска-венесуэльскія альтэрнатывы пакуль што несур’ёзныя. А па балта-чорнаморскай восі сапраўдную энергетычную гульню Мінск, лічы, і не пачынаў.

Ці ацвярэзіў тутэйшае начальства навагодні бліцкрыг Сечына? Бо энергетычная міні-вайна ўсё ж выбухнула, пакуль народ піў шампанскае ды жаваў аліўе. Нягледзячы на нязграбна-бадзёрыя заявы беларускіх нафтачыноўнікаў, што ўсё ціп-топ, — факт тое, што 1 і 2 студзеня сыравіны нашым НПЗ Расія не давала. Першы званочак.

Што цяпер думае афіцыйны лідэр на актуальную тэму — як жыць далей, пакуль не вядома. Прэзідэнт Беларусі па добрай каляднай традыцыі спаборнічае ў хакей за прыз прэзідэнта Беларусі. ДзяржСМІ маўчаць або прадукуюць дзіцячы лепет: адмашкі мачыць імперыю пакуль не атрымлівалі.

На думку Раманчука, наверсе ўсе ў элементарнай разгубленасці: «Плана Б ні ў каго не было».

Па вялікім рахунку, вось ужо 15 гадоў краіна так і боўтаецца без плана Б, разлічваючы толькі на шанцаванне. Дакладней, план Б палягае ў тым, каб у выпадку чаго ўчыніць скандал («Я патрабую прадаўжэння банкета!») і тое-сёе ўсё ж выдзерці. Але гэта слабы план.

На прэс-канферэнцыі 30 снежня, разважаючы над урокамі 2009 года, Лукашэнка прызнаў: «Мадэрнізавацца трэба было хутчэй».

Ну хай бы сабе такую рэпліку кідала адсунутая у далёкі кут ад вагароў улады апазіцыя. А хто перашкаджаў хутчэй гэта рабіць высокаму начальству ў цалкам кіраванай, як з гонарам зазначаецца, краіне? Тут ужо ўсе магчымыя і немагчымыя паўнамоцтвы ў адных руках сабраныя.

Можа, якраз у гэтым і загваздка?
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика