Ільготнае крэдытаванне ў гарадах-спадарожніках можа захавацца. 21.by

Ільготнае крэдытаванне ў гарадах-спадарожніках можа захавацца

08.09.2011 11:46 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ільготнае крэдытаванне ў гарадах-спадарожніках можа захавацца


Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" паведаміў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.

— Апошнім часам з'явілася інфармацыя аб пэўным адставанні па ўводзе жылля ў эксплуатацыю. Нашых чытачоў цікавіць тэндэнцыя ў сістэме будаўніцтва жылля, што ўзводзіцца менавіта для асоб з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў...

— За 7 месяцаў сёлета пабудавана 2 млн 836 тысяч квадратных метраў жылля, што адпавядае толькі 38 працэнтам да максімальнага гадавога задання. Разам з тым, за гэты час для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудавана 1 млн 826 тысяч м кв. жылля, што ад агульнага аб'ёма ўзведзенага жылля складае 64,5 працэнта. Больш за тое, у шматкватэрных жылых дамах 89 працэнтаў жылых плошчаў пабудавана менавіта для чаргавікоў.

— Па якіх сегментах жыллёвага будаўніцтва цяпер назіраецца відавочнае адставанне ад запланаваных графікаў?

— Пэўныя цяжкасці маюць усе будаўнічыя структуры. І па лініі жыллёва-будаўнічых кааператываў, а таксама ў долевым і індывідуальным будаўніцтве існуюць адмоўныя тэндэнцыі. Адно можна сказаць дакладна: для чаргавікоў сёлета запланаваны аб'ём жылля ў памеры 3,1 млн квадратных метраў будзе пабудаваны.

— Усіх сёння турбуе галоўнае пытанне — аб кошце будаўніцтва. Кіраўніцтвам краіны вырашана, што па дагаворах, якія былі заключаны да 15 мая, цэны на будаўніцтва істотна павялічвацца не будуць. Аднак якіх цэн спажыўцам трэба чакаць па кватэрах, будаўніцтва якіх пачалося летам ці пачнецца толькі цяпер?

— Калі разглядаць рэальную карціну ў будаўніцтве жылля, то заўважу, што па дагаворах, што былі заключаны да 15 мая, стрымліваецца індэкс кошту будаўніча-мантажных работ, які цяпер з пачатку года складае недзе каля 10 працэнтаў.

Аднак асноўныя траты пры ўзвядзенні жылля прыпадаюць на сабекошт будаўнічых матэрыялаў. Тут існуе пытанне, бо на прадпрыемствах, што належаць менавіта Мінбудархітэктуры, вырабляецца толькі каля 40 працэнтаў аб'ёмаў і найменняў з усіх будаўнічых матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца ў жыллёвым сектары. На прадпрыемствах міністэрства ўведзены абмежаванні па рэнтабельнасці і выкарыстоўваюцца іншыя мерапрыемствы па стрымліванні цэн на будматэрыялы, аднак... Каля 60 працэнтаў будматэрыялаў вырабляецца на прадпрыемствах іншых ведамстваў, у тым ліку на мясцовых вытворчасцях камунальнай уласнасці. Там кошт на будматэрыялы ўжо павялічыўся даволі істотна. Менавіта таму непасрэдна на будпляцоўцы цэны павялічваюцца больш, чым прагназавалася. Што тычыцца жыллёвых аб'ектаў, на якіх заключаны дагаворы да 15 мая, то па іх дзейнічае адпаведная пастанова Мінбудархітэктуры, дзе вызначаны гранічныя ўзроўні цэнаўтварэння.

Па аб'ектах, на якіх будаўніцтва пачалося пазней, кошт павялічваецца ўжо з большай дынамікай. Казаць аб канкрэтных цэнах, якія будуць існаваць у жыллёвым будаўніцтве заўтра, вельмі праблематычна.

Спецыялісты падлічылі, што ў першым паўгоддзі кошт будаўніцтва квадратнага метра жылля з дзяржаўнай падтрымкай для чаргавікоў складаў 2 млн 100 тысяч рублёў. Сёння жыллёвы квадрат для чаргавікоў каштуе ўжо больш за 3 млн рублёў. Зразумела, што ў цяперашняй сітуацыі, услед за іншымі таварамі і паслугамі даражэць далей будзе і будаўніцтва. Цудаў не бывае. Запэўню толькі, што ў дзяржаўным сектары жыллёвага будаўніцтва павелічэнне цэн будзе адбывацца ў эканамічна-абгрунтаваных межах.

На свабодным рынку будаўніцтва жылля цяпер сустракаюцца нават завоблачныя цэны, калі жыллёвы квадрат прапануецца спажыўцам часам за 9—10 мільёнаў рублёў і нават больш.

— На якой стадыі зараз рэалізацыя праекта па будаўніцтве гарадоў-спадарожнікаў вакол Мінска? Часовыя фінансавыя складанасці краіны не замарозяць гэтыя планы?

— Гарады-спадарожнікі сталіцы будуць пабудаваны. Цяпер завяршаецца праектаванне гэтых жыллёвых аб'ектаў. Гарвыканкам сёлета плануе пачаць будаўніцтва жылля ў першую чаргу ў Смалявічах.

— Ці існуе дастатковая колькасць жыхароў Мінска з уліку чаргавікоў, хто згодны змяніць мінскую "прапіску" на іншую — "спадарожнікавую"?

— Мінгарвыканкам актыўна інфармуе насельніцтва, тлумачыць спрэчныя пытанні. Ёсць ахвотныя на такое жыллё, набор працягваецца. Аднак трэба разумець, што канчаткова кліенты па такім новым жыллі вызначацца тады, калі будуць мець дакладную інфармацыю. Трэба мець канкрэтны адрас шматпавярховага дома, яго канструктыўныя характарыстыкі. І галоўнае — колькі кватэры там будуць каштаваць.

— На ваш погляд, квадратны метр жылля ў гарадах-спадарожніках будзе каштаваць столькі ж, як і ў Мінску, ці крыху даражэй?

— Пры падліку сабекошту будаўніцтва жылля ў гарадах-спадарожніках існуе некалькі нюансаў. Цяпер разглядаецца пытанне крыніц фінансавання будаўніцтва інфраструктуры, якая павінна адпавядаць узроўню сталічнай. Па-другое, толькі за кошт дадатковых транспартных выдаткаў прывезці дом буйнапанэльных серый у Смалявічы будзе даражэй, чым пабудаваць падобнае жыллё ў Мінску.

Аднак для новых жыхароў будучых "спадарожнікаў" існуюць і плюсы. Гаворка ідзе аб захаванні льготнага крэдытавання ў памеры 3 працэнтаў гадавых у гарадах-спадарожніках з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек. Магчыма, што ў гэтым выпадку для мінчан-чаргавікоў будзе дзейнічаць крыху іншая сістэма ўліку жылой плошчы, якая нарміруецца для льготнага крэдытавання.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" паведаміў начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль. —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика